сукупнасць метадаў стварэння, захоўвання і апрацоўкі на ЭВМ (у т. л. ўвод/вывад) інфармацыі, якая мае форму відарысаў, графікаў і інш. Выкарыстоўваецца ў прамысл. сістэмах аўтаматызаванага праектавання для стварэння мадэляў новых вырабаў, у навук. і інж. даследаваннях, бізнесе, рэкламнай справе, індустрыі забаў, мастацтве.
Станаўленне М.г. як навук. кірунку адбылося ў сярэдзіне 1960-х г. М.г. звязана з выкарыстаннем сродкаў выліч. тэхнікі, якія інтэнсіўна развіваюцца, і з неабходнасцю апрацоўкі вельмі вял. аб’ёмаў інфармацыі за кароткічас. Выкарыстоўвае вынікі ў галіне структур даных, аперацыйных сістэм, моў праграмавання, геам. мадэліравання і інш.Асн.тэхн. сродкі: графічныя дысплеі, сканеры, графапабудавальнікі, прынтэры, дыгітайзеры. Праграмныя сродкі залежаць ад галіны іх выкарыстання.
На Беларусі работы ў галіне М.г. пачаты ў 1960-я г. ў Ін-це тэхн. кібернетыкі Нац.АН, дзе створаны першыя графапабудавальнікі і вектарныя дысплеі, распрацаваны пакеты праграм для фарміравання маш.-буд. чарцяжоў і рашэння графічных і геам. задач. Гл. таксама Лічбавая апрацоўка відарысаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛА́Ш (польскае pałasz ад венг. pallos),
ручная халодная зброя, прызначаная для нанясення колючага або сякучага ўдару. Меў даўжыню простага адналязовага клінка 85 см, на канцы завостранага з двух бакоў, і дзяржанне з ахоўнай гардай. З’явіўся ў Еўропе ў 16 ст. і разам з шабляй і шашкай прызначаўся для замены мяча. На Беларусі шырока выкарыстоўваўся ў 17—18 ст. (быў на ўзбраенні гусараў, драгунаў і інш.). У войску ВКЛ ім таксама ўзбройваліся паштовыя (радавыя кавалерыі нешляхецкага паходжання); афіцэры коннай гвардыі былі ўзброены гвардз. П. з гардай, багата аздобленай пазалотай. У Расіі быў на ўзбраенні з канца 17 да канца 19 ст.; на флоце П., як від абардажнай зброі, меў больш кароткі клінок. Да 1917 П. — частка форменнай амуніцыі гардэмарынаў. У 1940—58 П. насілі курсанты сав. вышэйшых ваен.-марскіх вучылішчаў. У ВМФ Расіі і некаторых інш. дзяржаў П. уваходзіць у склад форменнага рыштунку для асістэнтаў пры Баявым Сцягу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПУ́ЗІКАЎ (Віктар Мітрафанавіч) (н. 7.9.1928, в. Балотнікі Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. філосаф і культуролаг. Канд.філас.н. (1958), праф. (1978). Засл. работнік вышэйшай школы Беларусі (1975). Скончыў БДУ (1953). З 1957 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі (у 1960—72 і ў 1987—96 заг. кафедры, у 1968—79 прарэктар). У 1979—87 рэктар Мінскага ін-та культуры. З 1987 у Бел.эканам. ун-це (у 1987—96 заг. кафедры). Навук. працы па гісторыі філасофіі і сацыялогіі, асветы і культуры Беларусі.
Тв.:
Очерки истории философской и социологической мысли Белоруссии (до 1917 г.). Мн., 1973 (у сааўт.);
Асвета і педагагічная думка ў Беларусі: Са старажытных часоў да 1917 г.Мн., 1985 (у сааўт.);
Гісторыя культуры Беларусі. Мн., 1993 (разам з У.У.Качаноўскім);
Кароткі філасофскі слоўнік. Мн., 1994 (у сааўт.);
Философия: Курс лекций. Мн., 1995 (у сааўт.);
Методологические и методические аспекты философской подготовки магистров. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭ́ШАЦЬ (Язэп) (28.7.1890, в. Рушчаны, Віленшчына — 15.2.1958),
бел.рэліг. і культ.-асв. дзеяч. Д-р філасофіі і тэалогіі. Скончыў Віленскую духоўную каталіцкую семінарыю (1913). Вучыўся ў Грыгарыянскім ун-це ў Рыме (1913—19), папскім Усх. ін-це (1919—21) і ў Collegium Germanicum. Пасвячоны ў святары ў 1917 у Рыме. Пасля вяртання на радзіму ў 1921 вікарый-кааператар у Гродне, потым праф. філасофіі і апалагетыкі Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў патрыстыку ў Віленскім ун-це імя С.Баторыя і Закон Божы ў Віленскай бел. гімназіі. Прымаў удзел у зах.-бел. нац.-рэліг. жыцці. У складзе бел. дэлегацыі ўдзельнічаў у працы 5-га Уніяцкага кангрэса ў Велеградзе (Чэхаславакія, 1927). Член рэдкалегіі час.«Хрысціянская думка». У 1938 выехаў у Паўн. Амерыку, дзе ўступіў у ордэн бенедыкцінцаў у абацтве св. Пракопа (каля Чыкага). Аўтар рэліг. і навук. кніг — «З хрысціянскай апалагетыкі», «Святыя», «Кароткі катэхізіс для беларусаў-католікаў».
Літ.:
Беларускія рэлігійныя дзеячы XX ст.: Жыццярысы, мартыралогія, успаміны Мн.;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКО́ВІЧ (Касьян) (свецкае імя Калікст; 1578?, в. Пацеліч Несцераўскага р-на Львоўскай вобл., Украіна — 1647),
украінскі пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Скончыў Кракаўскую і Замойскую акадэміі. У 1620—24 выкладчык, потым рэктар Кіеўскай брацкай школы. За рэдагаванне і выданне «Апалогіі...» М.Сматрыцкага (1628, на польскай мове) пракляты кіеўскім правасл. саборам. У 1641 перайшоў з уніяцтва ў каталіцызм, быў прапаведнікам у Кракаве. Пісаў на польскай, стараж.бел. і ўкр. мовах. Аўтар філас. трактата «Арыстоцелевы праблемы» і царк.-багаслоўскіх твораў, накіраваных супраць правасл. пісьменнікаў-палемістаў: «Трактат пра душу» (1625), «Кіеўскі сабор...», «Пра мытарствы», «Дыялог, або Размова Мацка з Дзянісам, папом схізматыцкім» (усе 1641), «Перспектывы» (1642). З паэт. спадчыны зберагліся «Вершы на жалобнае пахаванне... Пятра Канашэвіча Сагайдачнага, гетмана войска... запарожскага» (1622, на ўкр. мове), у якіх аўтар апявае яго гераічнае жыццё.
Літ.: Исаевич Я.Д. Преемники первопечатника. М, 1981; Wiszniewski M. Historya literatury polskiej. T. 8. Kraków, 1851; Siarczyński F. Obraz wieku panowania Zygmunla III... T. 2. Poznań, 1858.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕЎЦАПАДО́БНЫЯ (Charadriiformes),
атрад птушак, 3 падатр.: кулікі (14 сям., каля 180 відаў), чайкі (4 сям., каля 100 відаў), чысцікі (1 сям., 22 віды). Вядомы з позняга мелавога перыяду. Пашыраны ўсюды, акрамя Антарктыды. Жывуць пераважна на ўзбярэжжах і астравах вадаёмаў, балотах і сенажацях, трапляюцца на палях. На Беларусі 57 відаў. Найб. пашыраны чайка азёрная (Larus ridibundus), кнігаўка, слонка, бакас. 13 відаў у Чырв. кнізе Беларусі: аўдотка, гаршнэп, паручайнік, сявец залацісты, чорнаваллёвік, крачка малая (гл.Крачкі), кулік-сарока, кулоны, уліт вялікі (гл.Уліты), ціркушка стэпавая (гл.Ціркушкавыя), чайкі малая і серабрыстая. У Чырв. кнізе МСАП 14 відаў, 3 падвіды.
Маса птушак ад 20 г (кулік-верабей) да 1 кг і больш (кулон). Апярэнне шчыльнае, няяркае, зверху часцей цямнейшае. Ногі доўгія. Дзюба часцей доўгая, вострая, прамая або загнутая. Крылы вузкія, доўгія. Хвост кароткі. Вывадкавыя і паўвывадкавыя птушкі. У кладцы да 5 яец. Кормяцца беспазваночнымі, рыбай, дробнымі земнаводнымі і млекакормячымі. насеннем раслін. Асобныя — аб’екты палявання.