ПАЯ́ЛЬНІК,

інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.

Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).

т. 12, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕКАЛІ́НСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Смалявіцкім р-не Мінскай вобл. Створаны ў 2000 з мэтай захавання ў натуральным стане лясных фармацый з рэдкімі і знікаючымі відамі раслін і жывёл. Пл. 2129 га. Рэльеф дробнаўзгорысты, градава-марэнны, узвышаны, з камамі. Хваёвыя (78%), яловыя (8,5%) і бярозавыя (13%) лясы. У флоры 583 віды сасудзістых раслін, у т. л. купальнік горны, баранец звычайны, гайнік цёмна-чырвоны, гарлянка пірамідальная, змеегалоўнік Руйша, ядрушка даўгарогая, лілея кучаравая, шпажнік чарапіцавы занесены ў Чырв. кнігу Беларусі. У фауне 20 відаў млекакормячых, 7 амфібій, 4 паўзуноў, 85 птушак, 164 насякомых (каршачок, жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая і інш. занесены ў Чырв. кнігу Беларусі).

П.​І.​Лабанок.

т. 12, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАКШАПАДО́БНЫЯ (Coraciiformes),

атрад птушак. 10 сям., 49 родаў, 194 віды (існуюць інш. класіфікацыі). Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, ва ўмераных шыротах пералётныя. Жывуць у разрэджаных лясах, некат. — у саваннах, стэпах, пустынях. Актыўныя днём. Гняздуюцца ў дуплах, расколінах скал, норах; некат. віды ўтвараюць калоніі. На Беларусі трапляюцца зімародак звычайны (занесены ў Чырв. кнігу), сіваграк, удод, шчурка залацістая.

Даўж. да 165 см, маса да 4 кг. Апярэнне шчыльнае, яркаафарбаванае, з метал. адлівам. Дзюбы разнастайныя, пераважна доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, зімародак — рыбай. Манагамы. Птушанятныя птушкі. Адкладваюць да 10 (звычайна 2—6) яец.

А.​М.​Петрыкаў.

Ракшападобныя: 1 — шчурка залацістая; 2 — шыракарот усходні; 3 — воран паўночны рагаты; 4 — насарог вялікі індыйскі.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТА́РЫЦА,

ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл. Засн. ў 1997 для аховы спецыфічных поймавых ландшафтаў у даліне р. Дняпро. Пл. 2033 га. Прадстаўлены элементы значна пераўтворанай даліны — стромныя і пакатыя схілы, фрагменты тэрас, эолавых пагоркаў і град, старыцавых азёр, меандрыруючыя рэчышчы. Заказнік уключае 27′ азёр серпападобнай формы і воз. Старыца. У флоры 308 відаў сасудзістых раслін, у т. л. ў Чырв. кнізе вадзяны арэх плывучы. Растуць па-за межамі сваіх арэалаў вольха шэрая, вяз коркавы, уман звычайны. Шмат гаспадарча карысных відаў. У фауне вял. доля антрапаталерантных відаў, многа відаў птушак. У Чырв. кнізе варакушка, з насякомых — жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая.

П.​І.​Лабанок.

Схема ўтварэння старыцы.

т. 15, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРУГА́ЛЬНЫ СТАНО́К,

1) у металаапрацоўцы — металарэзны станок для апрацоўкі (стругання) разцамі плоскіх і фасонных лінейчастых паверхняў.

Адрозніваюць падоўжна-стругальныя [гал. рух робіць выраб (загатоўка), прывод стала звычайны ад рэверсіўнага рухавіка] і папярочна-стругальныя (гал. рух робіць разец разам з супартам і паўзуном, прывод мех. ці гідраўл.). На базе падоўжна-стругальных вырабляюцца камбінаваныя станкі, у якіх струганне спалучаецца з фрэзераваннем і шліфаваннем.

На Беларусі папярочна-стругальныя станкі выпускаў Гомельскі станкабуд. з-д імя Кірава, падоўжна-стругальныя вырабляе Мінскі станкабуд. з-д імя Кастр. рэвалюцыі.

2) У дрэваапрацоўцы — дрэварэзальны станок для фарміравання гладкай плоскай паверхні дэталі (цыклявальны станок) ці для атрымання паўфабрыкату, напр., стругальнай шпоны (шпона-стругальны, стружкавы станок і інш.).

т. 15, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТУШКА́НЧЫКІ, тушканчыкавыя (Dipodidae),

сямейства млекакормячых жывёл атр. грызуноў. Вядомы з алігацэну (каля 35 млн. г. назад). 10—15 родаў, каля 30 відаў. Пашыраны ў стэпах, паўпустынях і пустынях Еўразіі, Паўн. і Паўн.-Усх. Афрыкі, Паўн. Амерыкі. Жывуць у норах. Перамяшчаюцца скачкамі. Зімой упадаюць у спячку.

Даўж. цела да 26 см, хваста да 30 см. Галава і вочы вял., вушы доўгія, круглаватыя. Пярэднія лапкі маленькія, скакальныя заднія ў 3—4 разы даўжэйшыя, моцныя. Хвост звычайна з кутасікам на канцы, выконвае ролю балансіра пры скачках. Кормяцца пераважна насеннем, цыбулінамі і зялёнымі ч. раслін, насякомымі. Нараджаюць да 8 дзіцянят 1—2 разы за год.

Э.​Р.​Самусенка.

Тушканчыкі: 1 — вялікі; 2 — зайчык земляны; 3 — емуранчык звычайны.

т. 16, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УЛЬТРАМІКРАСКО́П (ад ультра... + мікраскоп),

аптычная прылада для выяўлення часцінак памерамі да 2∙10′​9 м, якія нельга назіраць пры дапамозе звычайнага мікраскопа. Вынайдзены ў 1903 аўстр. вучонымі Р.А.Зігмандзі і Г.​Зідэнтопфам.

Дзеянне У. заснавана на знаходжанні часцінак па дыфракцыі святла на іх. Асн. частка У. — звычайны мікраскоп са спец. асвятляльнай сістэмай (надзвычай моцныя крыніцы святла) для назірання паводле метаду цёмнага поля (даследуемы аб’ект асвятляецца так, што ў аб’ектыў мікраскопа трапляюць толькі рассеяныя ім прамяні, якія ўтвараюць дыфракцыйныя плямы). У. не дае аптычнага відарыса даследуемых аб’ектаў (сапраўдныя памеры і форму па дыфракцыйных плямах вызначыць немагчыма), але дазваляе вызначыць іх канцэнтрацыю і сярэдні памер. Выкарыстоўваецца пры даследаванні дысперсных сістэм, для кантролю чысціні паветра, вады і інш.

т. 16, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАЗА́НАВЫЯ (Phasianidae),

сямейства птушак атр. курападобных. 4 падсям.: курапаткі, курапаткі зубчастадзюбыя (Odontophorinae, 10 родаў), фазаны (Phasianinae, 16 родаў) і цацаркі (Numidinae, 5 родаў). Каля 180 відаў. Пашыраны на ўсіх мацерыках. Жывуць у разнастайных ландшафтах. Аселыя (акрамя перапёлак). У Чырв. кнізе МСАП 21 від і 2 падвіды.

Даўж. да 235 см, маса да 5 кг. У самцоў многіх відаў на неаперанай цэўцы рагавая шпора. Пераважна расліннаедныя. Манагамы і палігамы. Для многіх відаў характэрны перыяд такавання. Банкіўскія куры (гл. Банкіўскі певень) — родапачынальнік свойскіх парод курэй; паўліны і фазаны паўпрыручаныя. Многія Ф. — аб’екты палявання і развядзення.

Да арт. Фазанавыя. Фазаны: 1 — звычайны; 2 — залаты; 3 — дыямантавы; 4 — серабрысты; 5 — манал гімалайскі.

т. 16, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Ю́ХНАЎСКІ біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Засн. ў 2001 у мэтах аховы ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый з комплексам рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 221 га. Рэльеф сярэднеўзгорысты з хваёвымі лясамі на дзярнова-слабападзолістых глебах, ёсць марэнныя ўзгоркі з бярозавымі лясамі. У флоры 315 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. 6 відаў ахоўных: купальнік чорны, пылкагалоўнік даўгалісты, баранец звычайны, лілея кучаравая, чына горная, пярэсна еўрапейская. У фауне 5 відаў амфібій, 5 — рэптылій, 78 — птушак (у т. л. каршачок і касманогі сыч), 14 — млекакормячых (у т. л. казуля, дзік, лясны тхор, янотападобны сабака, лясная куніца, гарнастай і інш.).

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Васіле́ц ’журавель звычайны’ (КЭС). Параўн. таксама веселе́ц, вэсэ́лык ’журавель шэры, Grus grus L.’ (КЭС). Укр. весе́лик ’назва жураўля, якую трэба ўжываць, калі яны прылятаюць вясной, замест жураве́ль, іначай будзеш жури́тися ўвесь год’ (Грынч.). Такім чынам, васіле́ц < веселе́ц; усё да вясёлы (слав. *veselъ). Назва табуістычная па паходжанню.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)