ВІ́ЦЕБСКАГА ДУХО́ЎНАГА ВУЧЫ́ЛІШЧА БУДЫ́НАК,

помнік архітэктуры неакласіцызму. Пабудаваны ў Віцебску ў 1890 (арх. А.​Кляменцьеў). Мураваны 3-павярховы Г-падобны ў плане будынак. Гал. і бакавыя фасады вылучаны 3 рызалітамі з трохвугольнымі франтонамі ў завяршэнні; іх паверхні багата дэкарыраваны рустыкай, паўцыркульнымі нішамі, канелюраванымі калонкамі і інш. Цяпер у будынку маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ун-та і інш. ўстановы.

Т.​І.​Чарняўская.

Віцебскага духоўнага вучылішча будынак.

т. 4, с. 213

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІАРДА́Н (Jordanes, Jordanis),

остгоцкі гісторык 6 ст. Служыў у аланскага военачальніка, пазней, як мяркуюць, стаў епіскапам. Гал. праца І. «Пра паходжанне і дзеянні гетаў» (даведзена да 551) — важная крыніца па гісторыі готаў, Паўн. Прычарнамор’я і перыяду Вялікага перасялення народаў. Пераказаў падзеі, апісаныя гоцкім гісторыкам Касіядорам, выкарыстаў таксама эпас готаў, асабістыя назіранні. Праца мае каштоўныя звесткі з гісторыі інш. народаў і плямён, у т. л. стараж. славян.

т. 7, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КА́НТАР (ад лац. cantor спявак),

першапачаткова пеўчы ў касцёле, пазней — спявак у прыдворнай капэле, настаўнік музыкі ў каталіцкіх і пратэстанцкіх духоўных навуч. установах, гар. школах. У пратэстантаў К. ствараў таксама музыку для царк. службаў і гар. урачыстасцей і кіраваў муз. выкананнем. Часам К. узначальваў усё муз. жыццё горада (да канца 18 ст.; напр., І.​С.​Бах). У яўр. сінагозе — гал. спявак хору (наз. таксама хазан).

т. 7, с. 603

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІР’Я́НАЎ (Барыс Іванавіч) (н. 21.7.1947, г. Гомель),

бел. харавы дырыжор. Засл. арт. Беларусі (1988). Скончыў Бел. кансерваторыю (1972). З 1972 хормайстар, з 1995 гал. хормайстар Ансамбля песні і танца Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь. Аўтар харавых аранжыровак арыг. песень бел. і рас. кампазітараў (у т. л. «Маша-Маруся», «Наш медсанбат» І.​Лучанка, «Армія мая», «Шчыт айчыны агнявы» Э.​Ханка, «Страявая паходная» А.​Чыркуна), бел. і рус. нар. песень.

т. 8, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАНЕТАРЫ́ЗМ,

эканамічная тэорыя і практычная канцэпцыя эканам. кіравання дзяржавай, паводле якой вызначальную ролю ў эканам. працэсах адыгрывае колькасць грошай у абарачэнні і сувязь паміж грашовай і таварнай масамі. Прыхільнікі М. разглядаюць у якасці гал. спосабаў уздзеяння на эканоміку рэгуляванне эмісіі, валютны курс нац. грашовай адзінкі, крэдытны працэнт, падатковыя стаўкі, мытныя тарыфы. Узнікненне М. звычайна звязваецца з імем М.Фрыдмана і заснаванай ім Чыкагскай школай у палітэканоміі.

т. 10, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́РАЎЧЫК ((Moravcsik) Дзьюла) (29.1. 1892, Будапешт — 10.12.1972),

венгерскі філолаг і гісторык-візанціназнавец. Акад. Венг. АН (1945), чл.-кар. Аўстр., Баварскай, Балг. і Ням. (ГДР) АН. Праф. Будапешцкага ун-та, ганаровы д-р Афінскага ун-та. Даследаваў пераважна візант.-венг. адносіны. Гал. працы: «Візантынацюркіка» (т. 1—2, 1942—43), «Візантыя і Венгрыя» (1953). Апублікаваў твор Канстанціна VII (Парфірароднага) «Аб кіраванні імперыяй» (1949) і інш. візант. тэксты.

т. 10, с. 520

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДА́НЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Gdańskie),

у паўночнай частцы Польшчы. Пл. 7394 км², нас. 1438,9 тыс. чал. (1992). У гарадах 70% насельніцтва. Адм. ц.г. Гданьск. Ваяводства размешчана на беразе Гданьскага зал. Балтыйскага мора. Рэльеф пераважна нізінны ў межах Жулаваў Вісляных (левабярэжная дэльта Віслы, частка якой ніжэй за ўзровень мора) і Кашубскага ўзбярэжжа. На раўнінах Кашубскага і Старогардскага паазер’яў трапляецца канцовамарэнны рэльеф (найвышэйшы пункт 329 м, г. Вяжыца). Клімат умераны, пераходны да марскога. Сярэдняя т-ра студз. ад -1 °C на ўзбярэжжы да -3 °C на ўзвышшы, ліп. 16—17,5 °C, ападкаў ад 500 да 700 мм за год. Гал. рака — Вісла з левымі прытокамі Вда і Вяжыца, найб. азёры Вдзыдзе і Радуньскае. Гаспадарка прамысл.-агр., у т. л. значная марская (парты Гданьск і Гдыня). Прам-сць: маш.-буд. (гал. чынам суднабудаванне), электронная, харч., фармацэўтычная, хімічная. Прамысл. цэнтры: Гданьск, Гдыня, Сопат, Тчэў, Старогард-Гданьскі, Вейгерова, Румя і Касьцяжына. Вырошчваюць жыта, кармавыя травы, бульбу, пшаніцу і цукр. буракі. Гадуюць свіней, буйн. раг. жывёлу, авечак. Важны раён турызму і адпачынку (Сопат, Ястшэмбе-Гура, Уладыславова, Ястарня, Гэль).

т. 5, с. 108

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАДЫ́ГІНА (Вольга Барысаўна) (н. 23.12.1922, Масква),

бел. архітэктар. Засл. архітэктар Беларусі (1969). Дачка Б.І.Ладыгіна. Скончыла Маскоўскі арх. ін-т (1949). Працуе ў ін-це «Белдзяржпраект» (у 1969—75 гал. архітэктар). Асн. работы: у Мінску — Водна-спартыўны камбінат, забудова раёна і праекты жылых і грамадскіх будынкаў па вуліцы Харужай (1964—90), жылы дом з гастраномам «Сталічны» (1962), жылыя дамы, грамадскія і навуч. ўстановы па вуліцах Варвашэні, Казлова, М.​Багдановіча, Кульман, гал. корпус Бел. тэхнал. ун-та (1956, у сааўт.), корпус Ін-та гісторыі (1964) і рэканструкцыя корпуса (1982; у сааўт.) Прэзідыума Нац. АН Беларусі, адм.-грамадскі комплекс на праспекце Машэрава (1977, у сааўт.), гандл.-грамадскі цэнтр па вул. Куйбышава (1997, у сааўт.), а таксама вадаскідныя збудаванні і ГЭС на Заслаўскім вадасховішчы (1955); у Магілёве — мост цераз Дняпро (1955) і Палац культуры хімікаў (1980, у сааўт.); у Віцебску — мост цераз Зах. Дзвіну (1955); комплекс абл. клінічнай бальніцы і НДІ анкалогіі і мед. радыялогіі ў пас. Лясны Мінскага р-на (1960—67).

Літ.:

Потапов Ю.Ф. Признание // Стр-во и архитектура Белоруссии 1983. № 1.

С.​А.​Сергачоў.

т. 9, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІМУНАХІ́МІЯ,

раздзел імуналогіі, які вывучае хім. асновы імунітэту — структуру імунаглабулінаў (антыцел), антыгенаў і ўзаемадзеянне паміж гэтымі гал. кампанентамі імунных рэакцый арганізма. Даследуе таксама структуру імунакампетэнтных малекул (інтэрлейкінаў), паверхневых мембран імунакампетэнтных клетак, фактары ўзаемадзеяння гэтых клетак у імунным адказе паслядоўнасці і механізмы рэакцый, якія прыводзяць да спецыялізацыі абс размнажэння лімфацытаў. Метадамі І. шырока карыстаюцца ў біялогіі, медыцыне і сельскай гаспадарцы, пры выдзяленні і ачыстцы актыўных рэчываў вакцын і сываратак.

т. 7, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІБДЭ́НАВЫЯ РУ́ДЫ,

прыродныя мінер. ўтварэнні, якія выкарыстоўваюць для прамысл. здабычы малібдэну і яго злучэнняў. Змяшчаюць 0,06—1% і больш малібдэну, у комплексных рудах 0,001—0,01%. Абагачаюцца метадам флатацыі (у канцэнтраце да 89 % малібдэну). Гал. мінерал — малібдэніт, выкарыстоўваюць таксама вульфеніт, павяліт і ферымалібдыт. Сярод М.р. вылучаюць малібдэнавыя, медна-малібдэнавыя і вальфраммалібдэнавыя прамысл. тыпы. Радовішчы пераважна эндагенныя: гідратэрмальныя, скарнавыя і грэйзенавыя. Радовішчы ў Расіі, ЗША, Канадзе, Чылі, Кітаі, Мексіцы, Аўстраліі і інш.

т. 10, с. 31

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)