ПАНТЫ́ЙСКІЯ ГО́РЫ (ад грэч. Pontos Чорнае мора),

паўночныя ўскраінныя горы ў складзе Малаазіяцкага нагор’я ў Турцыі. Даўж. каля 1000 км (уздоўж узбярэжжа Чорнага мора). Выш. да 3937 м (г. Качкар). Падзяляюцца на Зах. П.г. (сярэдневышынныя з выраўнаванымі вяршынямі, паступова паніжаюцца пры набліжэнні да прал. Басфор), горы Джанік і Усх. П.г. (маюць альпійскія формы рэльефу), падзеленыя глыбокімі далінамі і міжгорнымі катлавінамі. Сфарміраваны ў альпійскую складкаватасць, складзены з парод меза-кайназою, месцамі перарваных гранітнымі інтрузіямі. На З складзены пераважна з пясчанікаў, вапнякоў, на У — з гранітаў, гнейсаў, крышт. сланцаў, вулканічных парод. Моцная сейсмічнасць. Прарэзаны скразнымі далінамі рэк Кызыл-Ірмак, Ешыль-Ірмак і інш. Паўн. схілы П.г. укрыты шыракалістымі лясамі з бука, граба, каштана, ліпы з вечназялёным падлескам на горных чырваназёмах і жаўтазёмах. На выш. 600—700 м мяшаныя і хваёвыя лясы на горных буразёмах, вышэй субальпійскія хмызнякі і горныя лугі. На паўд. схілах — стэпы, паўпустыні, хмызнякі. Вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, тытунь, цукр. буракі, вінаград і садовыя культуры. Нац. паркі.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 12, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПСАМАФІ́ЛЫ [ад грэч. psammos пясок + ...філ(ы)], псамабіёнты,

экалагічная група жывёл, прыстасаваных да жыцця пераважна ў сыпучых рухомых пясках. Да П. адносяць таксама арганізмы, якія жывуць у паверхневым слоі вільготнага пяску па берагах вадаёмаў вышэй узроўню вады (інфузорыі, калаўроткі, чэрві, лічынкі камароў, крабы і інш.). П. называюць экалагічную групу рыб, якія адкладваюць ікру на пясчанае дно, у вадаёмах трымаюцца месц з пясчаным грунтам.

Асаблівасці П.: здольнасць хутка перамяшчацца (бег, скачкі, палёт) як прыстасаванне да здабычы корму, абароны ад ворагаў і інш.; здольнасць хутка паглыбляцца ў пясок (круглагалоўка, удаўчык пясчаны і інш.); наяўнасць прыстасаванняў для перамяшчэння па рыхлым грунце (рагавыя грабяні на пальцах у круглагалоўкі, аваласенне і рагавыя вырасты на пальцах у танкапальцага сусліка і грэбеняпальцага тушканчыка) або ў яго тоўшчы (членікавыя лапкі тараканаў пясчаных). Сухапутныя П. — ксерафілы з надзвычай эканомным водным абменам і невысокім узроўнем метабалізму. Многія П. зімой і летам упадаюць у спячку або назапашваюць кармы ці робяць сезонныя міграцыі; многія вядуць начны спосаб жыцця.

С.​Л.​Максімава.

т. 13, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМА́РЫЙ (лац. Samarium),

Sm, хімічны элемент III групы перыяд. сістэмы, ат. н. 62, ат. м. 150,36; адносіцца да лантаноідаў. Прыродны складаецца з 6 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 144, 148—150, 152, 154 і радыеактыўнага ​147Sm (перыяд паўраспаду 1,3∙10​11 гадоў). У зямной кары 710​−4% па масе. Адкрыты франц. хімікам П.​Э.​Лекокам дэ Буабадранам у 1879; вылучаны ў выглядзе аксіду з мінералу самарскіту (адсюль назва).

Серабрыста-жоўты метал, tпл 1072 °C; ніжэй за 917 °C існуе α-Sm (шчыльн. 7536 кг/м³), вышэй — β-Sm (шчыльн. 7400 кг/м³). У паветры ўстойлівы, пры пакаёвай т-ры ўзаемадзейнічае з вадой, галагенамі, мінер. к-тамі. Ступень акіслення ў злучэннях пераважна +3; злучэнні Sm(II) — моцныя аднаўляльнікі. Асн. метад атрымання метал. С. — металатэрмічнае аднаўленне сесквіаксіду Sm2O3 лантанам ці мішметалам. Выкарыстоўваюць як кампанент магн. сплаваў з кобальтам (гл. Магнітацвёрдыя матэрыялы), пракат (стужка) як электроды для стартэраў лямпаў дзённага асвятлення, а таксама ў вытв-сці люмінафораў, спец. шкла, каталізатараў, пігментаў і інш.

т. 14, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТАНАВО́Е НАГО́Р’Е,

горная сістэма ва Усх. Сібіры, пераважна на тэр. Бураціі, у Расіі. Працягваецца ад паўн. краю воз. Байкал да сярэдняга цячэння р. Алёкма. Даўж. каля 700 км, шыр. больш за 200 км. Горныя хрыбты (выш. да 2999 м) выцягнуты ва ўсх.-паўн. напрамку, чаргуюцца з міжгорнымі катлавінамі (на выш. 500—1000 м). Складзена ў асн. з крышт. і метамарфічных парод. Значная сейсмічнасць. Шматгадовая мерзлата. Карысныя выкапні: золата, медзь, флюарыт, каменны вугаль. Клімат рэзка кантынентальны. Лета ў катлавінах цёплае, доўжыцца 2—3 месяцы, у высакагор’і — халаднаватае і кароткае (месцамі менш за 1 месяц). Зіма вельмі халодная і працяглая. Ападкаў за год ад 300—400 мм у катлавінах, да 1000 мм у гарах. Невял. ледавікі. Рачная сетка густая, шмат азёр. На схілах — лістоўнічная тайга, вышэй за 1200 м — рэдкалессе і горная тундра. У катлавінах — забалочаныя поймавыя лугі, на схілах — хваёвыя і хваёва-лістоўнічныя лясы. Нагор’е перасякае Байкала-Амурская магістраль.

т. 15, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБАЛЬПІ́ЙСКІ ПО́ЯС,

вышынны прыродны пояс у гарах умераных і субтрапічных шырот з перавагай субальпійскай расліннасці. Размяшчаецца ніжэй альпійскага пояса і вышэй ляснога горнага (у вільготных раёнах) ці стэпавага горнага (у сухіх раёнах) паясоў. Яго вышыннае становішча вызначаецца геагр. шыратой, экспазіцыяй схілаў, ступенню кантынентальнасці клімату (напр., у Альпах і на З Каўказа С.п. размешчаны на выш. 1700—2300 м, на паўд. схілах Гімалаяў на выш. 3200—4000 м, у больш высокіх шыротах і абласцях, ахалоджаных марскімі цячэннямі, напр. на Курыльскіх а-вах, С.п. апускаецца да ўзроўню мора). Клімат халаднаваты, вільготны, снегавое покрыва 6—8 мес. Характэрны голыя скалы, восыпы, на пакатых схілах формы мярзлотнага рэльефу; субальпійскія лугі ў спалучэнні з хмызняковымі згуртаваннямі і крывалессем на горна-лугавых глебах; летнія пашы. У гарах Забайкалля, Сярэдняй і Усх. Сібіры месца С.п. займае падгальцовы пояс, дзе пераважаюць разрэджаныя прыгнечаныя лясы і рэдкалессі, зараснікі хмызняку, кедравага сланіку ў спалучэнні з невял. ўчасткамі лугоў, травастой якіх не дасягае шчыльнасці і відавога складу субальпійскіх лугоў.

А.​Я.​Яротаў.

т. 15, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УСУРЫ́ЙСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК імя акадэміка У.​Л.​Камарова.

Размешчаны ў Прыморскім краі (Расія), на паўд.-зах. адгор’ях Сіхатэ-Аліня. Пл. 40,4 тыс. га. Засн. ў 1932 для аховы прыродных комплексаў паўд. Прымор’я. У рэльефе стромкія схілы, шлейфападобныя падножжы гор, каньёнападобныя рачныя даліны, вадаспады. Лясы займаюць каля 99% тэрыторыі. Вылучаюць 2 вышынныя расл. паясы: да 600 м — хвойна-шыракалістыя лясы (кедр карэйскі, піхта суцэльналістая, граб сэрцалісты), вышэй — піхтава-яловыя (елка аянская, піхта белакорая, кедр карэйскі, дуб мангольскі). У далінах рэк лісцевыя лясы — вярбовыя, ільмавыя, ясянёвыя і інш. У флоры каля 850 відаў, шмат рэліктаў, у Чырв. кнізе 13 відаў, сярод іх хвоя густакветная, ціс востраканцовы, заманіха высокая, жэньшэнь сапраўдны і інш. У фауне — усурыйскі тыгр, ізюбр, плямісты алень, казуля, дзік, гімалайскі мядзведзь, леапард, рысь, харза, барсук, вавёрка, норка, каланок, бурундук, выдра, гіганцкая землярыйка, мандарынка, чорны бусел, японскі вуж, усурыйскі капцюрысты трытон, бязлёгачны трытон; з насякомых — рэліктавы лясны таракан, гіганцкі дрывасек, усурыйскі махаон, шаўкапрады, бражнікі, паўлінавочкі. Плантацыі жэньшэню.

т. 16, с. 272

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЭЛЕКТРО́Н»,

серыя сав. навукова-даследчых ШСЗ для адначасовага працяглага вывучэння знешняй і ўнутр. зон радыяцыйнага пояса Зямлі і звязаных з імі фіз. з’яў. Маса 350—445 кг. Запускаліся парамі (адзін па траекторыі ніжэй, а другі — вышэй радыяцыйных паясоў) пры дапамозе адной ракеты-носьбіта «Саюз»: «Э.-1» і «Э.-2» — 30.1.1964, «Э.-З» і «Э.-4» — 11.7.1964. Вынікі даследаванняў (рэгістрацыя электронаў і пратонаў, вывучэнне карпускулярнага выпрамянення Сонца, іоннага саставу атмасферы Зямлі і інш.) далі магчымасць атрымаць важныя звесткі аб радыяцыйным поясе і магн. полі Зямлі, неабходныя для стварэння бяспечных умоў для палётаў касм. караблёў, адкрыць шэраг новых фіз. з’яў у каляземнай касм. прасторы.

У.​С.​Ларыёнаў.

Да арт. «Электрон». ШСЗ «Электрон-1»: 1 — герметычны корпус; 2 — жалюзі сістэмы тэрмарэгулявання; 3 — панэлі сонечных батарэй; 4 — антэна; 5 — мас-спектрометр; 6 — прылада для рэгістрацыі карпускулярнага выпрамянення; 7 — дэтэктары мікраметэораў; 8 — дэтэктары пратонаў; 9 — прылада для даследавання энергетычнага спектра электронаў радыяцыйнага пояса.

т. 18, кн. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭФІО́ПСКАЕ НАГО́Р’Е.

На ПнУ Афрыкі, пераважна ў Эфіопіі. Пераважаюць выш. 2000—3000 м. Найб. выш. 4623 м (г. Рас-Дашэн). Стромка абрываецца да раўнін на У і прыступкамі апускаецца на 3. Складаецца з дакембрыйскага крышт. фундаменту, перакрытага магутнымі тоўшчамі пясчанікаў і вапнякоў, базальтавымі лавамі. Ападкі на зах. і паўд.-зах. схілах да 1500 мм, на ўсх. да 500 мм за год. З Э.н. бяруць пачатак рэкі Блакітны Ніл, Атбара, Собат (бас. Ніла), Вебі-Шэбелі, Джуба (бас. Індыйскага ак.).

Характэрна вышынная пояснасць ландшафтаў. Да 1700 м — пояс кола (сярэднегадавыя т-ры 20 °C); на наветраных схілах трапічныя лясы, кафейныя плантацыі, на падветраных — саванны. Да 2400 м — пояс война-дэга (сярэднегадавыя т-ры 17 °C); пераважаюць саванны. Да 4000 м — пояс дэга (сярэднегадавыя т-ры 14 °C); хвойныя лясы, вышэй якіх — высакагорная стэпавая расліннасць. Нац. паркі — Сымен, Аваш, Гамбела і інш. Э.н. — адзін са стараж. раёнаў земляробства, радзіма многіх збожжавых культур, у т. л. цвёрдай пшаніцы, жыта, ячменю.

т. 18, кн. 1, с. 193

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮНЬНА́НЬ,

правінцыя на ПдЗ Кітая, каля граніцы з Індыяй, М’янмай, Лаосам і В’етнамам. Пл. 394 тыс. км². Нас. 42,87 млн. чал. (2001). Адм. і гал. эканам. цэнтр — г. Куньмін. Размешчана пераважна ў межах Юньнаньскага нагор’я. Клімат у асн. субтрапічны мусонны, на Пд — трапічны. Сярэдняя т-ра студз. ў далінах і катлавінах 8—16 °C, ліп. 20—28 °C. Ападкаў у далінах і катлавінах 1000—2000 мм, у гарах да 3000 мм за год. Лясы (каля 20% тэр.) да выш. 1,5 тыс. м вечназялёныя, вышэй — шыракалістыя і хвойныя. Аснова эканомікі — сельская гаспадарка і горназдабыўная прам-сць. Гал. збожжавыя культуры: рыс, кукуруза, пшаніца. Вырошчваюць рапс, арахіс, чай, бавоўнік, цукр. трыснёг. Плантацыі каўчуканосаў, кафейнага і хіннага дрэў. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, свіней. Шаўкаводства. Лесанарыхтоўкі. Здабыча волава, медных, свінцова-цынкавых, жал. руд, кам. вугалю, солі, мармуру і інш.

Чорная і каляровая (​3/4 выплаўкі волава Кітая) металургія, машынабудаванне (горнае, аўтамаб., электроннае), хім., лясная, харч. прам-сць. Саматужныя промыслы.

т. 18, кн. 1, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сві́та

(фр. suite)

1) асобы, якія суправаджаюць важную, высокапастаўленую асобу, напр. манарха;

2) перан. асобы, якія пастаянна акружаюць каго-н., суправаджаюць яго;

3) сукупнасць пластоў горных парод, якія аб’ядноўваюцца падобным саставам і ў пэўнай ступені адрозніваюцца ад пластоў, што залягаюць вышэй і ніжэй.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)