МЕДУНІ́ЦА, шчамяліца (Pulmonaria),

род кветкавых раслін сям. бурачнікавых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 3 віды М.: вузкалістая (P. angustifolia), мяканькая (P. mollissima), няясная, або цёмная (P. obscura). Трапляюцца пераважна ў лісцевых і мяшаных лясах, хмызняках.

Шматгадовыя травы з паўзучым карэнішчам. Сцёблы апушаныя простымі і залозістымі валаскамі. Кветкі 5-членныя, бэзавыя, ружовыя, сінія, фіялетавыя, у верхавінкавым суквецці завіток. Плод — арэшак. Трава М. мае дубільныя рэчывы. Лек., меданосныя, дэкар. расліны.

Медуніца.

т. 10, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́НСКІ ХАРЧО́ВЫ КАМБІНА́Т.

Засн. ў 1956 у Мінску як вучэбная база для сістэмы Бел. рэсп. саюза спажывецкіх т-ваў і быў вызначаны базавым прадпрыемствам у харч. прам-сці Белспажыўсаюза па перапрацоўцы садавіны і агародніны. Мае цэхі: сокавы, кансервавы і канцэнтраванага яблычнага соку. У 1999 асартымент прадукцыі складае каля 60 назваў: пладова-ягадныя сокі, варэнні і кампоты, марынаваныя агуркі і памідоры, абедзенныя і закусачныя кансервы з агародніны, канцэнтраваны яблычны сок, моцныя спіртаваныя напіткі і інш.

т. 10, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЛЕ́ЧНЫ СОК,

вадкасць, што змяшчаецца ў млечніках раслін. Звычайна малочнага колеру (адсюль назва), але бывае і інш. афарбоўкі (напр., у чыстацелу — аранжавы). З’яўляецца эмульсіяй, якая мае ў сабе клетачны сок, змешаны з тэрпеноідамі, алкалоідамі, танінамі, бялкамі, інш. рэчывамі, і знаходзіцца ў вакуолях. Можа мець амілапласты. У каўчуканосаў М.с. наз. латэксам натуральным (багаты на каўчук натуральны і гуту). У мякаці пладовых цел некат. грыбоў ёсць таўстасценныя гіфы (аналаг млечнікаў) з М.с. рознага колеру.

т. 10, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОНАПЛАКАФО́РЫ (Monoplacophora),

клас прымітыўных марскіх малюскаў. Вядомы з палеазою (каля 500 млн. г. назад). 3 атр. (2 вымерлыя), каля 60 відаў (14 сучасных, аб’яднаны ў 4 роды). Пашыраны ва ўсіх акіянах. Жывуць на дне да глыб. 6,5 км.

Даўж. сучасных М. да 37 мм. Цела ўкрыта каўпачкападобнай або плоскаспіральнай (у вымерлых) ракавінай, мае галаву, нагу, мантыю і поласцевы мяшок. У мантыйнай баразне, паміж мантыяй і нагой 5—6 пар перыстых шчэлепаў. Кормяцца дэтрытам, фільтратары. Раздзельнаполыя.

т. 10, с. 517

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОТАБЛО́К,

цягавая прылада для розных малагабарытных трансп. і с.-г. машын і механізмаў. Прызначана для механізацыі работ на прысядзібных участках, напр., ворыва, баранавання, апрацоўкі міжрадкоўяў бульбы і буракоў, кашэння травы, транспартавання грузаў, выканання работ з навяснымі механізмамі, у т. л. з прыводам ад вала адбору магутнасці. Зманціравана на 1-восевым шасі, мае аўтаномны рухавік. На Беларусі выпускаецца М. МТЗ-0,5 «Беларусь» з камплектам адпаведных механізмаў.

Мотаблок МТЗ-0,5 «Беларусь» з камплектам абсталявання.

т. 10, с. 527

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МУРАВА́НЫ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1996). За 500 м на Пн ад в. Селішча Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. Валун цёмна-шэрага гнейсу з жылкамі шаравата-белага кварцу, уключэннямі мускавіту. Даўж. 5,7 м, шыр. 3,2 м, выш. бачнай часткі 1,7 м, у абводзе 14,7 м, аб’ём 31 м³, маса каля 82 т. Мае выцягнутую прасападобную форму і трэшчынаватую паверхню. Прынесены ледавіком каля 150 тыс. гадоў назад са Скандынавіі.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 11, с. 27

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«НАДЕ́ЖДА»,

літаратурна-мастацкі і інфармацыйна-публіцыстычны веснік. Выходзіць з 10.7.1989 у Мінску на бел. і рус. мовах 4 разы на год. Друкуе вершы і прозу чытачоў-інвалідаў, інтэрв’ю з цікавымі людзьмі, мед. і юрыд. кансультацыі, парады садаводам-агароднікам і інш. Мае рубрыкі: «Паэзія нашых сэрцаў», «Мая думка», «І боль, і слёзы, і надзеі...», «Спроба пяра», «Шукаю сябра», «Літаратурная вучоба» і інш. Пры рэдакцыі створаны дзіцячы клуб «Надзейка», літстудыя для пачынаючых літаратараў.

В.​Г.​Янчанка.

т. 11, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАХІЛЕ́ННЕ МАГНІ́ТНАЕ,

вугал паміж вектарам напружанасці магнітнага поля Зямлі і плоскасцю гарызонту ў пункце назірання зямной паверхні; адзін з элементаў зямнога магнетызму. Адпавядае вуглу нахілу магн. стрэлкі, якая мае гарызантальную вось вярчэння і знаходзіцца ў плоскасці мерыдыяна магнітнага. Н.м. лічыцца паўночным (дадатным), калі паўн. канец магн. стрэлкі накіраваны ўніз, і паўднёвым (адмоўным), калі накіраваны ўверх. На магн. экватары Н.м. роўнае 0°, на магнітных полюсах ± 90°. На тэр. Беларусі Н.м. дадатнае на Пн каля 70°.

т. 11, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕ́СЛІЯ (Neslia),

род кветкавых раслін сям. крыжакветных. 2 віды. Пашыраны ў Еўропе, Паўн. Афрыцы, Амерыцы. На Беларусі 1 від — Н. мяцёлчатая (N. paniculata). Трапляецца каля дарог, на ўзгорках, у пасевах збожжавых культур.

Аднагадовыя травяністыя расліны выш. да 50 см. Сцёблы прамастойныя, уверсе галінастыя, густаапушаныя. Лісце ланцэтападобнае, сцябловае — са стрэлападобнай асновай, прыкаранёвае — чаранковае, тупое. Кветкі залаціста-жоўтыя ў гронках. Плод — стручочак. Насенне мае алей, лісце — сіні фарбавальнік. Пустазелле.

В.​В.​Маўрышчаў.

Неслія мяцёлчатая.

т. 11, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІТРАЦЭМЕНТА́ЦЫЯ,

насычэнне (дыфузіяй) паверхні стальных або чыгунных вырабаў адначасова азотам і вугляродам з газавага асяроддзя. Павышае цвёрдасць, зносаўстойлівасць, вынослівасць, часам каразійную трываласць матэрыялаў.

Робіцца пераважна ў шахтавых ці муфельных (гл. Муфель) печах. у асяроддзі прыроднага газу і аміяку. Бывае нізкатэмпературная (адбываецца пры т-ры 500—700 °C) і высокатэмпературная (пры 840—930 °C). Дыфузійны слой, утвораны пры Н., мае таўшчыню 0,25—1,5 мм, па будове і ўласцівасцях ён падобны на слой, атрыманы пры цыянаванні.

т. 11, с. 352

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)