ЛАПЯНКО́Ў (Іван Адамавіч) (15.1.1912, в. Яськаўшчына Шклоўскага р-на Магілёўскай вобл. — 6.12.1972),

Герой Сав. Саюза (1944). Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Зах., Калінінскім, Варонежскім, 1-м Укр., 1-м Бел. франтах. Вызначыўся ў 1944 пры фарсіраванні Віслы. З групай аўтаматчыкаў разведаў месца для фарсіравання, захапіў 2 лодкі, пераправіўся і замацаваўся на левым беразе; 6 гадзін група адбівала контратакі ворага, стварыўшы ўмовы для фарсіравання ракі.

І.А.Лапянкоў.

т. 9, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРКО́Ў (Віктар Макаравіч) (н. 5.5.1936, в. Равячына Горацкага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне гідратэхнікі. Д-р тэхн. н., праф. (1998). Скончыў БСГА (1962), дзе і працаваў (у 1992—98 заг. кафедры). Навук. працы па гідраўліцы, гідратэхн. збудаваннях (у т. л. рэсурсазберагальных канструкцыях), выкарыстанні і ахове водных рэсурсаў, рыбагаспадарчай гідратэхніцы.

Тв.:

Водопропускные сооружения низконапорных гидроузлов. Мн., 1990;

Облегченные конструкции водопропускных сооружений. Мн., 1997;

Актуальные проблемы гидроэнергетики. Мн., 1998 (разам з Ф.​Ф.​Бацюком).

т. 9, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛА́РЧАНКА (Барыс Міхайлавіч) (18.4. 1941, Мінск — 17.12.1994),

бел. архітэктар. Сын М.Ларчанкі. Засл. архітэктар Беларусі (1984). Скончыў БПІ (1964). З 1965 працаваў у ін-це «Мінскпраект» (з 1989 гал. архітэктар). Найб. значныя работы ў Мінску: комплекс будынкаў праектных ін-таў па вул. Варвашэні («Белдзіправадгас», «Сельгастэхпраект», 1970—84), станцыя метро «Плошча Перамогі» і рэканструкцыя пл. Перамогі (1984), кінатэатр «Аўрора» (1987) у комплексе з гасцініцай, аэравакзальны комплекс аэрапорта «Мінск-2» (гл. Мінскія аэрапорты; усе ў сааўт.) і інш.

т. 9, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕПЯШЫ́НСКІ (Мікалай Андрэевіч) (н. 30.1.1938, г.п. Коханава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. матэматык. Канд. фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1988). Скончыў БДУ (1960). З 1963 у Ін-це матэматыкі АН Беларусі, у 1973—95 у БДУ. Навук. працы па матэм. кібернетыцы і выкарыстанні матэм. метадаў у АСК. Распрацаваў метады і алгарытмы аналізу структуры складаных сістэм рознага прызначэння.

Тв.:

Автоматизированные системы управления. Мн., 1977 (разам з А.​І.​Змітровічам).

П.​М.​Бараноўскі.

т. 9, с. 210

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСІ́ЦЫН (Пётр Сцяпанавіч) (н. 9.3. 1927, г. Полацк Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік. Скончыў Латвійскі ун-т (1955). Працаваў у Рызе. З 1968 у Гродне, у 1978—85 упаўнаважаны Усесаюзнага агенцтва па аўтарскіх правах па Гродзенскай вобл. Друкуецца з 1962. Піша на рус. мове. Аўтар кніг Прозы «Лютаўскі шарпак» (1978), «Росныя травы» (1981), «Трое розных» (1985), у якіх адлюстроўвае партыз. барацьбу ў Вял. Айч. вайну, паказваючы складаны ўнутр. свет герояў у драм. сітуацыях.

т. 9, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ШЧАНКА (Фёдар Ігнатавіч) (4.2.1903, г.п. Самбек Растоўскай вобл., Расія — 22.7.1980),

бел. вучоны ў галіне раслінаводства. Д-р с.-г. н., праф. (1969). З 1954 у БСГА (з 1967 заг. кафедры). Навук. працы па сортавыпрабаванні, сортараянаванні і агратэхніцы с.-г. культур. Распрацаваў прыёмы стварэння і рацыянальнага выкарыстання сенажацей і пашы, сістэму травасумесей шматгадовых траў.

Тв.:

Система травосмесей многолетних трав для животноводческих комплексов и хозяйств с крупными фермами КРС // Вопросы мирового кормопроизводства. Горки, 1975. Вып. 2.

т. 9, с. 330

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУКО́ЎНІКАЎ (Вадзім Іванавіч) (н. 6.9. 1941, г.п. Шылава Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны ў галіне электратэхнікі. Д-р тэхн. н. (1981), праф. (1983). Скончыў Ленінградскі ін-т авіяц. прыладабудавання (1964). З 1981 у Гомельскім політэхн. ін-це. Навук. працы па эл. машынах, электрапрыводзе, аўтам. кіраванні.

Тв.:

Электропривод колебательного движения. М., 1984;

Динамические режимы работы асинхронного электропривода. М., 1990 (разам з У.​П.​Серадой);

Безредукторный электромашинный привод периодического движения. Мн., 1991 (разам з С.​А.​Грачовым).

т. 9, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУК’Я́НАЎ (Мікола) (Мікалай Піліпавіч; н. 20.7.1924, в. Лешчанка Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік сац. забеспячэння Беларусі (1981). У 1944 на фронце быў паранены і страціў зрок. У 1948—68 настаўнік у Бабруйску, у 1969—89 старшыня Магілёўскага абл. праўлення т-ва сляпых. Друкуецца з 1963. У аповесцях «І цемра адступіла» (1987), «Яго боль» (1992), «Цяжкія дарогі» (1993) пранікненне ў свет чалавечых пачуццяў.

Тв.:

Спакуса. Магілёў, 1998;

І цемра адступіла... Мн., 1999.

т. 9, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯПЁШКІН (Уладзімір Ігнатавіч) (н. 8.1.1.1928, в. Церабель Пухавіцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. паэт. Засл. настаўнік Беларусі (1976). Скончыў Мінскі пед. ін-т (1951). Настаўнічаў. У 1970—79 дырэктар выд-ва «Народная асвета», у 1979—87 — СШ № 23 у Мінску. Друкуецца з 1949. Аўтар зб-каў вершаў пра выхаванне маладога пакалення, жыццё і працу, гіст. памяць народа «Ранішнія росы» (1961), «Рупнасць» (1966), «Роднае» (1970), «Вусце» (1973), «Перадлецце» (1978). Для дзяцей зб. «Званкі-званочкі» (1972).

т. 9, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯХО́ВІЧ (Леў Сцяпанавіч) (15.12.1919, г. Перм, Расія — 19.1.1990),

бел. вучоны ў галіне металазнаўства. Д-р тэхн. н. (1970), праф. (1971). Скончыў Маскоўскі авіяц. тэхнал. ін-т (1948). З 1959 у БПІ (у 1962—75 прарэктар). Навук. працы па тэхналогіі тэрмічнай апрацоўкі пракату, азатаванні і барыраванні сталі, сіліцыраванні металаў і сплаваў, хіміка-тэрмічнай апрацоўцы металаў.

Тв.:

Повышение стойкости штампового инструмента методами химико-термической обработки. Мн., 1971 (разам з Л.​Р.​Варашніным, Дз.​П.​Карпенкам).

т. 9, с. 437

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)