по́вад 1, ‑а, М ‑дзе; мн. павады, ‑оў; м.
Прывязаная да аброці вяроўка або рэмень, на якіх водзяць каня, радзей — цяля, карову. [Кандрат] сярдзіта крыкнуў: «Тпру!» — і, схапіўшы коней за павады, вывеў іх з баразны. Лобан. За хлопцам, на повадзе, таксама звесіўшы галаву, неахвотна плёўся конь. Мележ. За санкамі валачэцца прывязаная повадам карова. Бядуля.
по́вад 2, ‑у; мн. повады, ‑аў; м.
Тое, што можа паслужыць асновай, зачэпкай для чаго‑н. Але Вінцусь Шавель не прыняў .. [суседавых] слоў за ўцеху, а выкарыстаў як повад да лаянкі. Гартны. Увесь дзень на полі, робяць, шчыруюць, ну і пажартуюць хвілінай, калі знойдзецца повад. Ракітны.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
по́зна,
1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.
2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.
3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.
4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
празява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што і без дап.
Разм. Не заўважыць, прапусціць, прагледзець. Алесь выцягваў шыю, каб за чужымі галовамі не празяваць, калі паявіцца Ніна. Шыцік. Пакуль дазваніўся, урэшце, ды растлумачыў, у чым справа, празяваў апошні аўтобус у Сяльцо. Быкаў. // Не выкарыстаць, упусціць зручны момант. Уборачная непакоіла Мароза. Ну, што ж, законна, летні дзень год корміць. Празяваеш яго — зімою месяцам не навярстаеш. Лобан. // Аслабіўшы ўвагу да каго‑, чаго‑н., прагледзець, недагледзець за кім‑, чым‑н. — Празяваў я хлопца, — быццам скардзіўся бацька старой. — Вырас ён тут без мяне. Цяжка цяпер у рукі ўзяць. Ох, цяжка. Вялікі ўжо. Сяркоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
пралі́ць, ‑лью, ‑льеш, ‑лье; ‑льём, ‑льяце і ‑лію, ‑ліеш, ‑ліе; ‑ліём, ‑ліяце; зак., што.
Разліць. — Каб у бацюшкі ў засеках поўна было, — прыгаворваў Габрусь, калі бацюшка нагінаўся сербануць з чаркі, каб не праліць «жывой вадзіцы»... Чарот. — Не забудзь жа, хлопча, тры карабкі з паловай, — затыкаючы анучкай каністру, заклапочана гаварыла бабка Ганна. — Ды глядзі ж не пралі па дарозе. Аляхновіч. // перан. Выпраменьваць, пашыраць навокал (святло, гукі і пад.).
•••
Праліць кроў чыю — параніць, забіць каго‑н.
Праліць пот — папрацаваць.
Праліць (сваю) кроў за каго-што — ахвяраваць жыццё або быць параненым, змагаючыся за каго‑, што‑н.
Праліць святло на што — растлумачыць што‑н., зрабіць ясным, зразумелым.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
праяві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.
1. Выявіць якую‑н. якасць, уласцівасць. Праявіць смеласць. Праявіць ініцыятыву. □ Усе гэтыя дні Сузан хадзіў вясёлы і ўзрушаны. Ён праявіў нават пэўную энергію і заклапочанасць. Лынькоў. Вася нават не чакаў, што строгі, суровы на выгляд капітан праявіць такую ўвагу да яго. Краўчанка.
2. Спец. Пры дапамозе праявіцелю ператварыць нябачны адбітак на плёнцы, пласцінцы ў бачны. Калі плёнку праявілі і разгледзелі фатаграфію, то аказалася, што на ёй.. бачны таксама і белы гіпсавы дыск. Матрунёнак.
•••
Праявіць сябе — выявіць свае вартасці ці недахопы, зарэкамендаваць сябе пэўным чынам. Раман і Аляксей думалі, што нарэшце яны змогуць праявіць сябе як героі. Кавалёў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прывы́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Засвоеная на працягу часу схільнасць, манера паводзін, дзеянняў, якая стала звычайнай, пастаяннай. Пракоп сеў, зняў шапку і павесіў яе на заціснуты між каленяў кій. Гэтую прывычку набыў ён за час свайго вандроўніцтва. Колас. [Тапурыя:] — Ты пакінь сваю дрэнную прывычку лезці ў размову, калі гаворыць старэйшы за цябе. Самуйлёнак. // Уменне, набытае вопытам, практыкай. Бач, паэму напісаць Цяжкавата без прывычкі... Крапіва. [Васіль:] — Давай руку, бо тут без прывычкі ногі паламаць можна. Шамякін. // Звычай; звычайны спосаб дзеянняў. Бацька і маці звычайна спакойна выслухоўвалі дзеда — яго заўсёдашняя пахвальба была ім у прывычку. Лынькоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прызна́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. прызнаваць — прызнаць (у 3, 4 і 5 знач.) і прызнавацца — прызнацца (у 1 знач.).
2. Расказ, словы, у якіх хто‑н. прызнаецца ў чым‑н. Маёр Ладуцька слухаў прызнанні Філістовіча і не перапыняў яго нават тады, калі той паўтараў ужо вядомае. Паслядовіч. [Следчыя] чакалі ад Саўкі пачуць пра самае важнае для іх і такім прызнаннем не задаволіліся. Колас. Хлапец з дзяўчынаю сваёй Тут месца выбралі спатканняў І чула яблынька вясной Іх пацалункі і прызнанні. Танк.
3. Станоўчая ацэнка, адабрэнне. Атрымаць прызнанне ў чытача. □ [Гаворка:] Дзякую за такое высокае прызнанне майго таленту. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прымайстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Разм.
1. Прымацаваць да чаго‑н., злучыць з чым‑н. [Джвучка] прымайстраваў сам у кузні да перадка бочку і праклаў ад кароўніка ля плота дарогу да моста. Пташнікаў. Нешта, відаць, перашкодзіла Даміру прымайстраваць партрэт да сцяны! Асіпенка.
2. Размясціць, палажыць, паставіць дзе‑н. Я на выпадак бою ямчэй прымайстраваў за плячамі рацыю. Няхай. Звязаўшы ўсё гэта [адзежу], прымайстраваў за плечы і асцярожна ўвайшоў у ваду. Скрыпка.
3. Прыладзіць, прыстасаваць якім‑н. чынам. Мне здаецца, калі б прымайстраваць нашы калёсы на гэткія гладкія рэйкі, яны б каціліся. Баранавых. [Сабяга] ніяк не мог прымайстраваць, каб толькі да сябе.. [дзверы] адчыняць. Шахавец.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыручы́ць, ‑ручу, ‑ручыш, ‑ручыць; зак., каго-што.
1. Зрабіць ручным, прымусіць прывыкнуць да каго‑, чаго‑н. (жывёлу, птушку і пад.). А выведуцца маладыя арляняты, возьме [Гошка] адно з гнязда і прыручыць: няхай у іх будзе ручны арол. Даніленка. Выходзіць, калі добра даглядаць, абыходзіцца з ім як след, дык і ваўка можна прыручыць. Пальчэўскі.
2. перан. Разм. Зрабіць каго‑н. больш даверлівым, паслухмяным; прывучыць да сваіх парадкаў. «Малады яшчэ, толькі з інстытута, — цікуючы спадылба на Антона Антонавіча, разважаў Маслабаеў. — Яго няцяжка прыручыць, пад свой, так сказаць, уплыў узяць». Каршукоў. «Ну і мядзведзь, — думаў Сярмяжка, пазіраючы, як павольна клыпае гэты здаравяка. — Нічога, мы цябе прыручым». Дадзіёмаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
прыту́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
Стукнуць, ударыць нагой аб падлогу, зямлю. Мірон Якімавіч прытупнуў пару разоў, абтрасаючы валёнкі. Хадкевіч. Духавы аркестр урэзаў «Кракавяка», і Тхорык з імпэтам узмахнуў вольна рукою, прытупнуў ботамі. Кулакоўскі. // Станцаваць. Здаецца, паехаў бы дадому ды так прытупнуў на чыім-небудзь вяселлі, каб аж падэшвы ў ботах паадставалі. Дайліда. // Тупнуць нагой, выказваючы свой гнеў, абурэнне. — Няпраўда. Н-няпраўда! — аж прытупнула нагой дзяўчынка. Савіцкі. Дырэктар быў не такі. Ён і накрычыць, калі трэба, і нагой прытупне. Але варта таму ж Апанасу ці каму-небудзь іншаму папасціся яму на вочы праз некалькі хвілін, як ён на ўсё забываў. Нядзведскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)