вяжучае рэчыва, якое атрымліваюць абпальваннем вапняку, мелу і інш. вапнава-магнезіяльных горных парод. Адрозніваюць вапну паветраную (цвярдзее толькі на паветры) і гідраўлічную (цвярдзее і ў вадзе). Паветраная вапна мае ў асн. аксіды кальцыю і магнію, гідраўлічная — дадаткова сілікаты, алюмінаты і фераты кальцыю. Паветраную вапну падзяляюць на нягашаную (кіпелку, гл.Кальцыю аксід) і гашаную (пушонку, гл.Кальцыю гідраксід). Выкарыстоўваецца ў буд-ве, вытв-сці сілікатнай цэглы, для ачысткі цукровабурачнага соку, вапнавання глебы і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАТМЕ́ТР,
прылада для вымярэння актыўнай магутнасці электрычнага току. Бывае эл.-дынамічны, ферадынамічны, індукцыйны, эл.-статычны, тэрмаэл. і тэрмарэзістыўны. Мае 2 эл. ланцугі: току (уключаецца паслядоўна з нагрузкай) і напружання (паралельна нагрузцы). Пашырэнне межаў вымярэння дасягаецца з дапамогай дадатковых рэзістараў, шунтоў і вымяральных трансфарматараў току і напружання.
Схема ўключэння ватметра W у ланцуг: а — непасрэдна; 1 — ланцуг току; 2 — ланцуг напружання; 3 — нагрузка; 4 — дадатковы рэзістар; б — праз трансфарматары току (5) і напружання (6).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАДЗІ́М ((Vadim) Ражэ) (сапр.Плямяннікаў Ражэ Вадзім; н. 26.1.1928, Парыж),
французскі сцэнарыст і кінарэжысёр. Па паходжанні рускі. Адзін з пачынальнікаў франц. «новай хвалі». Фільмы Вадзіма адкрыта эпатажныя сваім «вызваленым эратызмам» («І бог стварыў жанчыну», «Небяспечныя сувязі», «Барбарэла»). Адкрыў для кінематографа Б.Бардо, якая пазней выконвала гал. ролі ў шэрагу яго фільмаў, і многіх інш. кіназорак. Здымае фільмы ў ЗША («Верная жонка»). Аўтар аўтабіягр. кніг «Д’ябальскія мемуары» і «Тры мае жонкі. Бардо, Дэнёў, Фонда».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БА́ЕР»
(Bayer A.G.),
хімічны канцэрн у Германіі. Засн. ў 1863, наз. «Фрыдрых Баер энд компані», з 1972 — сучасная назва. Адыграў значную ролю ў стварэнні лекавых прэпаратаў (аспірын, люмінал і інш.) і вытв-сці сінт. каўчуку. Мае каля 120 прадпрыемстваў у 40 краінах (ЗША, Нідэрланды, Італія, Іспанія, Японія і інш.), яму належаць найб.хім. комплексы Германіі і Бельгіі. Асн. прадукцыя: хімікаты, сінт. каўчук, штучныя матэрыялы, поліурэтан, фарбы, хім. валакно, лекавыя прэпараты і сродкі аховы раслін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫПРАТО́Н ( або ),
антычасціца, якая мае спін і масу, роўную спіну і масе пратона і адрозніваецца ад яго знакамі эл. зараду, барыённага зараду і магнітнага моманту. Адкрыты ў 1955 амер. вучонымі. Паводле закону захавання ліку барыёнаў, антыпратон можа нарадзіцца толькі ў пары з пратонамі (ці нейтронам, калі дазваляе закон захавання эл. зараду) і пры яго сутыкненні з пратонамі і нейтронамі (нуклонамі) ядраў рэчыва адбываецца анігіляцыя і ўтвараюцца 4—5 пі-мезонаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫЁННЫ ЗАРА́Д, барыённы лік,
унутраная характарыстыка барыёнаў, звязаная з асаблівасцямі іх распаду і абумоўленая ўстойлівасцю пратона. Абазначаецца B. Для барыёнаў B = +1, для іх антычасціц B = −1, для кваркаў B = 1/3, для ўсіх астатніх часціц B = 0. Пры розных узаемадзеяннях элементарных часціц мае месца закон захавання барыённага зараду: алгебраічная сума барыённага зараду сістэмы часціц застаецца пастаяннай. Мяркуецца, што ў некаторых працэсах барыённы зарад можа і не захоўвацца, аднак іх імавернасць мізэрна малая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАСЕ́ЙНу геалогіі,
адмоўная замкнёная тэктанічная структура, у якой намнажаюцца або залягаюць асадкавыя горныя пароды, нярэдка з карыснымі выкапнямі. Мае будову сінкліналі або прагіну. Адрозніваюць басейны: гідрагеалагічны, або падземных водаў (артэзіянскі, сцёку трэшчынна-грунтавых водаў і інш.), карысных выкапняў (нафтагазаносны, вугляносны, саляносны, сланцавы, рудны і інш.), седыментацыі (азёрныя, марскія, акіянскія, балотныя і інш.), дзе адбываецца намнажэнне асадкаў. Гл. таксама Аршанскі гідрагеалагічны басейн, Брэсцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі гідрагеалагічны басейн, Прыпяцкі нафтагазаносны басейн, Прыпяцкі саляносны басейн.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЯ ЭКАЛАГІ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ (БЭП),
палітычная партыя сацыяльна-экалагічнага кірунку. Створана ў снеж. 1993. Кіруючы орган паміж з’ездамі — цэнтр. рада. Асн. мэты — стварэнне ў Рэспубліцы Беларусь грамадства, у якім будзе рэальна забяспечана права грамадзян на здароўе і паўнацэннае жыццё ў сацыяльна і экалагічна здаровым асяроддзі, абарона грамадзянскіх, паліт., экалагічных, сац. і культ. правоў і свабод грамадзян, фарміраванне ў іх сучаснага экалагічнага светапогляду і экалагічнай культуры. Мае пярвічныя арг-цыі ва ўсіх абласцях Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЫНЁЎСКАЕ РАДО́ВІШЧА БУ́РАГА ВУ́ГАЛЮ,
у Беларусі, у Петрыкаўскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Брынёў. Выяўлена ў 1973 у адкладах верхняга алігацэну і міяцэну. Мае адзін паклад. Сярэдняя магутнасць вугальнага пласта 5,8 м (макс. 19,9 м). Сярэдняя глыб. залягання 65 м (макс. 83 м). Вугалі гумусавыя, маркі I Б. Цеплыня згарання 7,1—21,5 МДж/кг. Сярэдняя попельнасць 26,6%. Разведана папярэдне. На пл. 7,1 км² запасы вугалю 38,6 млн.т. Радовішча не эксплуатуецца (1996).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,
помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.А.Траццякова.
Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. ін-та.