КІ́ПЕЛЬ (Яўхім Яўсеевіч) (7.1.1896, в. Байлюкі Глускага р-на Магілёўскай вобл. — 27.7.1969),
бел. грамадска-паліт. дзеяч. Скончыў БДУ (1926). З 1915 у рас. арміі, з 1918 у Чырв. Арміі; у 1919—20 удзельнік баёў на сав.-польскім фронце. З 1921 у Мінску, чл.Навук.-тэрміналагічнай камісіі пры Наркамасветы БССР. З 1926 сакратар аддзела прыроды і нар. гаспадаркі Ін-та бел. культуры. У кастр. 1929 выключаны з аспірантуры БДУ, у чэрв. 1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», у крас. 1931 высланы на 5 гадоў у Вяцкую вобл.; паўторна арыштаваны ў снеж. 1935 і зняволены на 5 гадоў. Пасля вызвалення настаўнічаў у г. Саратаў. У пач. 1942 мабілізаваны ў дзеючую Чырв. Армію. адкуль дэзерціраваў. З чэрв. 1942 у Мінску. супрацоўнічаў з ням.-фаш. ўладамі: чл. Інспектарыята бел. школ пры ген камісарыяце Беларусі, чл. Мінскай акр. рады Бел.нар. самапомачы (БНС), з 1943 у аддзеле культуры БНС, адзін з рэдактараў газ.«Голас вёскі», з 1944 кіраўнік навук. аддзела Беларускай цэнтральнай рады, на Другім Усебеларускім кангрэсе 1944 выбраны яго старшынёй. З сярэдзіны 1944 у Германіі. З 1950 у ЗША, з 1951 уваходзіў у Беларускі кангрэсавы камітэт Амерыкі. Успаміны К. захоўваюцца ў архіве Беларускага інстытута навукі і мастацтва ў Нью-Йорку. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАРНЕ́Т [франц. clarinette ад лац. clarus ясны (гук)],
драўляны духавы язычковы муз. інструмент. Складаецца з дзюбападобнага муштука з прымацаваным да яго трысняговым ці бамбукавым язычком, кароткай пашыранай часткі, верхняга і ніжняга кален з пальцавымі адтулінамі (7) і клапанамі (каля 20) і раструба. Сярод рэгістравых разнавіднасцей найб. пашыраны К. малы (пікала), сапранавыя, альт (басетгорн), бас-кларнет.
Прафес. К. створаны ў Германіі каля 1700 на аснове франц.нар. інструмента шалюмо (тыпу бел.жалейкі). Выкарыстоўваецца як сольны, ансамблевы і аркестравы інструмент.
На Беларусі паявіўся спачатку ў прафес. практыцы (Нясвіж, Гродна, Шклоў і інш.), з 2-й пал. 19 ст. таксама і ў народнай. У нар.інстр. ансамблях К. актыўна замяняе жалейку ў спалучэнні са скрыпкай і цымбаламі або з гармонікам, скрыпкай і барабанам. Найб. характэрны для Палесся і цэнтр. раёнаў Беларусі. Творы розных жанраў для К. і камерных ансамбляў з К. у складзе стварылі бел. кампазітары Л.Абеліёвіч, М.Аладаў, Г.Вагнер, В.Войцік, Г.Гарэлава, Я.Глебаў, Я.Дзягцярык, Дз.Камінскі, П.Падкавыраў, Р.Сурус, Л.Шлег і інш. Класы ігры на К. існуюць у муз.навуч. установах рознага ўзроўню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛЫ́ШКА (Анатоль Канстанцінавіч) (н. 16.4.1935, в. Данейкі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік, крытык, перакладчык, педагог. Брат М.К.Клышкі, Засл. работнік культ.Беларусі (1994). Скончыў БДУ (1958). Працаваў у газ. «Літаратура і мастацтва», у час. «Полымя», з 1971 у НДІ педагогікі Мін-ва асветы Беларусі. Друкуецца з 1950. Даследуе праблемы развіцця бел. паэзіі (творчасць М.Багдановіча, М.Танка, П.Панчанкі, А.Вялюгіна, Р.Барадуліна і інш), вершазнаўства, методыкі навучання і выкладання л-ры ў школе. Аўтар маст. кніг для дзяцей «У лясах Белавежы» (1975), «Самая лепшая хатка» (1976), «Вярэнька загадак» (1982), «Францыск Скарына, альбо Як да нас прыйшла кніга» (1983) і інш., адметных арыгінальнасцю думкі і формы, дакладнасцю ацэнак, яркасцю стылю, а таксама «Буквара» (1-е выд. 1969; шматразова перавыдаваўся), зб. для дадатковага чытання «Верасок» (3-е выд. 1986), чытанкі «Чабарок» (1989, 1991), пропісаў (7-е выд. 1992). Аўтар «Беларуска-польскага размоўніка» (1992). Пераклаў на бел. мову «Новы запавет» (1980), раман стараж.-грэч. пісьменніка Лонга «Пастушыная гісторыя пра Дафніса і Хлою» (1991). Перакладае з польск., ням., лац., укр. і інш. моў.
Тв.:
Права на верш. Мн., 1967;
Шыльдбюргеры: Па-нямецку пачуў, па-беларуску збаяў Анатоль Клышка. Мн., 1983.
Літ.:
Каваленка В.А. Пра паэзію і мужнасць духу // Прага духоўнасці. Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«КО́ЛОКОЛ»,
першая расійская рэв. газета. Выдавалася ў 1857—67 у Лондане і Жэневе (з 1865) А.І.Герцэнам і М.П.Агаровым на рус. і франц. мовах. Мела дадаткі «Под суд!» (1859—62) і «Общее вече» (1862—64). Выйшла 245 нумароў тыражом 2500 экз. Распаўсюджвалася нелегальна, мела карэспандэнтаў у Расіі, у т. л. на Беларусі.
Асвятляла сац.-паліт. становішча народаў, што ўваходзілі ў склад Рас. імперыі. Выступала супраць самадзяржаўя, прыгонніцтва, выкрывала злачынствы царскай бюракратыі, духавенства. Сярод публікацый 1859—64 артыкулы, нататкі, інфарм. паведамленні (усяго 49) пра Беларусь, бяспраўнае становішча бел. сялянства, дэспатызм памешчыкаў, бюракратызм у арміі. Выступала ў падтрымку паўстання 1863—64, асуджала паліцэйскія рэпрэсіі, крытыкавала дзейнасць віленскага віцэ-губернатара М.М.Мураўёва, прапагандавала рэв.-дэмакр. шлях вырашэння нац. пытання, адстойвала права бел. народа на самаст. вырашэнне свайго гіст. лёсу. Змясціла серыю дарожных нататкаў невядомага аўтара «Ад Віцебска да Коўны» (1862, № 128—130) з апісаннямі Віцебска, Оршы, Магілёва, Барысава, Мінска, а таксама звесткі пра сял. хваляванні на тэр.Беларусі.
Публ.:
«Колокол». Вып. 1—11 (факс. изд.). М., 1960—64.
Літ.:
Эйдельман Н.Я. Герценовский «Колокол». М., 1963;
Кісялёў Г. Па слядах аднаго пісьма М.П.Агарова і А.І.Герцэна // З думай пра Беларусь. Мн., 1966;
Яго ж. Героі і музы. Мн., 1982;
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎДА́НСКІ (Аляксандр Мікалаевіч) (10.9.1893, в. Юр’ева Смалявіцкага р-на Мінскай вобл. —27.8.1937),
бел. археолаг. Канд.гіст.н. (1934). Скончыў Смаленскае аддзяленне Маск. археал. ін-та (1922), вучыўся ў Смаленскім ун-це (1922—25). З 1927 у Інбелкульце, Ін-це гісторыі АНБССР, адначасова дацэнт БДУ. Арганізатар першых у БССРнавук.-археал. экспедыцый. Зрабіў класіфікацыю гарадзішчаў жал. веку, першы выказаў думку, што гарадзішчы штрыхаванай керамікі культуры ў Цэнтр.Беларусі належалі балцкім плямёнам. Даў першую і найб. поўную гіст. тапаграфію стараж. Полацка, вывучаў яго помнікі — Полацкі Сафійскі сабор, бельчыцкія храмы (гл.Бельчыцы). У 1937 па лжывым абвінавачанні арыштаваны і расстраляны ў Мінску. У 1958 рэабілітаваны.
Тв.:
Археалагічныя раскопкі ў м. Заслаўі Мінскай акругі // Зап.аддз.гуманіт. навук БАН. Мн., 1928. Кн. 5. Пр. кафедры археалогіі, т. 1;
Археалагічныя доследы ў Віцебскай акрузе // Там жа. Мн., 1930. Кн. 11. Пр.археал. камісіі, т. 2;
Археалагічныя доследы ў Полацкай акрузе // Там жа;
Археалагічныя доследы ў БССР пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі // Пр. секцыі археалогіі Ін-та гісторыі БАН. Мн., 1932. Т. 3.
Літ.:
Каробушкіна Т.М. Заснавальнік савецкай археалагічнай навукі ў Беларусі // Весці АНБССР. Сер. грамад. навук. 1983. №6;
Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР, 1919—1941 гг.Мн., 1992.
філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, прысвечаны жыццю і творчасці бел. мастака-пейзажыста В.Бялыніцкага-Бірулі. Адкрыты 24.12.1982 у Магілёве. Размешчаны ў 2-павярховым мураваным асабняку, помніку грамадзянскай архітэктуры 18 ст. Плошча выставачных залаў 350 м². У музеі прадстаўлена больш за 100 твораў Бялыніцкага-Бірулі, пачынаючы ад створанага ў вучылішчы пейзажа «Пахмурны дзень» (1892) да прац апошніх гадоў жыцця («Прыйшла вясна», 1951, і інш.). У іх адлюстраваны асноўныя творчыя этапы жыцця мастака: удзел у Т-ве перасоўных маст. выставак («Пачатак вясны», 1905; «Вясна ідзе», 1910, і інш.), перыяд 1920—30-х г. («Блакітныя цені вясны», «Возера» і інш.), работы, створаныя ў час знаходжання на Беларусі ў 1947 («Беларусь. Зноў зацвіла вясна», «Старая беларуская вёска» і інш). Сярод экспанатаў фотаздымкі сям’і Бялыніцкага-Бірулі, пісьмы І.Рэпіна, узнагароды, атрыманыя мастаком на выстаўках, дакументы, творы мастакоў яго кола, сяброў: партрэты Бялыніцкага-Бірулі (А.Мораваў, 1900-я г.) і маці мастака (М.Ульянаў, 1894), карціна «На паляванні» М.Багданава-Бельскага (1910-я г.) і інш., а таксама вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва, мэбля, створаная ў Абрамцаўскай майстэрні. У музеі перыядычна наладжваюцца маст. выстаўкі.
Літ.:
Карачун Ю.А. Музей В.К.Бялыніцкага-Бірулі: [Альбом]. Мн., 1988.
І.Л.Чэбан.
Будынак Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.Фрагмент экспазіцыі Магілёўскага мастацкага музея В.К.Бялыніцкага-Бірулі.
бел. дырыжор. Засл. дз. маст.Беларусі (1980). Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1965). У 1971—89 дырыжор Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго стыль вызначалі імкненне да духоўнай паглыбленасці і класічнай завершанасці, стылістычна дакладнага, дэталізаванага аднаўлення аўтарскага тэксту, знешняя стрыманасць, перавага інтэлектуальнага пачатку. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены творы бел. кампазітараў: оперы «Сівая легенда» Дз.Смольскага (1978), «Сцежкаю жыцця» Г.Вагнера (1980), балеты «Пасля балю» Г.Вагнера (1971), «Тыль Уленшпігель» Я.Глебава (2-я рэд., 1978), муз. класікі і сучасных аўтараў — оперы «Дон Жуан» (1973), «Вяселле Фігара» (1980) і «Чароўная флейта» (1987) В.А.Моцарта, «Лаэнгрын» Р.Вагнера (1977, з Т.Каламійцавай), «Снягурачка» М.Рымскага-Корсакава (1981), «Пікавая дама» П.Чайкоўскага (1983), балеты «Гарэзлівыя частушкі» на муз. Р.Шчадрына, «Трыстан і Ізольда» на муз. Р.Вагнера, «Балеро» на муз. М.Равеля (усе 1971), «Раймонда» А.Глазунова (1972), «Стварэнне свету» А.Пятрова (1976). Выступаў як сімф. дырыжор, у т. л. з С.Рыхтэрам. З 1989 ва ўстановах Бел. экзархата: у духоўным вучылішчы (у 1994—98 дырэктар), Епархіяльным упраўленні, час. «Минские епархиальные ведомости». З 1990 дыякан, з 1992 манах, з 1995 іераманах, з 1996 свяшчэннік Мінскай Свята-Аляксандра-Неўскай царквы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕТРАЛАГІ́ЧНАЯ СЛУ́ЖБА,
сетка арг-цый, на якія ўскладзена адказнасць за метралагічнае забеспячэнне, г.зн. за ўстанаўленне і выкарыстанне навук.-арганізац. асноў, тэхн. сродкаў, правіл і норм, неабходных для дасягнення адзінства і патрэбнай дакладнасці вымярэнняў. М.с. Беларусі ўключае дзярж. М.с. (у яе ўваходзяць Дзярж.к-т па стандартызацыі, метралогіі і сертыфікацыі — Дзяржстандарт, н.-д. ўстановы, рэгіянальныя органы Дзяржстандарту) і М.с. суб’ектаў гаспадарання (мін-ваў, ведамстваў, прадпрыемстваў, арг-цый, устаноў). Нарматыўнай асновай М.с. з’яўляюцца міжнар. і міждзярж. стандарты, стандарты Рэспублікі Беларусь, тэхн. ўмовы, стандарты прадпрыемстваў, метадычныя ўказанні, інструкцыі; тэхн. базай — эталоны, узорныя сродкі вымярэнняў, рабочыя сродкі вымярэнняў і інш.
Для забеспячэння адзінства вымярэнняў М.с. распрацоўвае эталоны, метады і сродкі перадачы адзінак фіз. велічынь ад эталонаў да рабочых сродкаў вымярэнняў, ажыццяўляе вымярэнні на вытв-сці і ў навук. даследаваннях, распрацоўвае дзярж. стандарты, праводзіць акрэдытацыю выпрабавальных лабараторый і цэнтраў. Прававой асновай М.с. Беларусі з’яўляюцца законы аб забеспячэнні адзінства вымярэнняў, аб сертыфікацыі прадукцыі, работ і паслуг, аб ахове правоў спажыўца і інш. Уведзены ў дзеянне нац. эталоны адзінак часу, частаты, шкалы часу, адзінкі тэмпературы, напружання пераменнага току. Створана лабараторыя дзярж. дазіметрычных эталонаў, зацверджаны і ўнесены ў Дзярж. рэестр сродкаў вымярэнняў Рэспублікі Беларусь дзярж. стандартныя ўзоры саставу раствораў іонаў металаў, арган. рэчываў і пестыцыдаў, водных раствораў неметалаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУКАМО́ЛЬНЫ МЛЫН,
машына (прыстасаванне, устаноўка, прадпрыемства) для перапрацоўкі зерня на муку.
Найб. старажытнымі прыладамі для размолу зерня былі зерняцёркі (вядомы з ранняга неаліту — каля 5-га тыс. да н.э.) і ступы. Пазней з’явіліся жорны, якія прыводзіліся ў рух уручную (жорны, што працуюць парна, пашырыліся ў 4—3 ст. да н.э.). Са старажытных часоў (у краінах Усходу, Грэцыі і Рыме) пачалі выкарыстоўвацца млыны вадзяныя, у якіх жорны прыводзіліся ў рух вадзянымі коламі. На Беларусі вадзяныя млыны з 1—2 (часам да 4) коламі функцыянавалі амаль ва ўсіх буйных дварах і гаспадарках. Былі і сезонныя млыны, што працавалі ў час паводак (млыны-вешнякі), а таксама М.м. з валовай ці конскай цягай. У 12—13 ст. у многіх краінах Еўропы пашырыліся ветраныя млыны — ветракі; на Беларусі іх будавалі з 15 ст. У пач. 19 ст. з’явіліся М.м. з паравым рухавіком, у 1880-я г. — з электрапрыводам.
Сучасны М.м. — прадпрыемства (з-дмукамольна-крупяной прамысловасці), якое складаецца з аддзяленняў: зернеачышчальнага (уключае сепаратары, трыеры, магн. апараты, абоечныя і мыйныя машыны), размольнага (мае вальцовыя станкі, прасейвальныя і сітавеяльныя машыны), выбойнага (прыстасаванні для аўтам. ўзважвання і засыпкі мукі ў мяхі). Абсталявана пнеўматычным транспартам для перамяшчэння зерня і прамежкавых прадуктаў, метал. і жалезабетоннымі ёмістасцямі для захоўвання мукі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВАГРУ́ДСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА,
1) адм.-тэр. адзінка ў ВКЛ у 1507—1795. Утворана ў студз. 1507 з цэнтрам у Навагрудку. Напачатку тэр. ваяводства фактычна адпавядала тэр.Навагрудскага павета. З 1565 складалася з паветаў: Ваўкавыскага, Навагрудскага, Слонімскага. Пл. 36 920 км², нас. ў сярэдзіне 17 ст. 375 тыс.чал. (62 400 дымоў). На тэр. ваяводства 9 гарадоў і мястэчак мелі магдэбургскае права: Ваўкавыск, Капыль, Любча, Мір, Навагрудак, Нясвіж, Ружаны, Слонім, Слуцк. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у Н.в. ўтвораны Сталовіцкі пав. з цэнтрам у мяст. Сталовічы, Ваўкавыскі пав. адышоў да Гродзенскага ваяв.Усх. частка Навагрудскага пав. ўвайшла ў Мінскую губ.Рас. імперыі. Паводле 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Н.в. далучана да Рас. імперыі і ўключана ў Слонімскую губ. 2) Адм.-тэр. адзінка ў Польшчы на тэр.Зах.Беларусі ў 1921—39. Утворана паводле закона (Палажэння) ад 4.2.1921. Пл. 22 966,2 км², нас. 822 106 чал. (1921), 1 057 200 чал. (1931). Падзялялася на 8 паветаў: Баранавіцкі, Валожынскі, Лідскі, Навагрудскі; Нясвіжскі, Слонімскі, Стаўбцоўскі, Шчучынскі (з 1929). У 1921 у Н.в. было палякаў 54%, беларусаў 37,8; праваслаўных 51,2, католікаў 39,4%. Пасля ўз’яднання Зах.Беларусі з БССР у снеж. 1939 у межах Н.в. створана Баранавіцкая вобл.