бяссцёкавае салёнае возера на мяжы Ізраіля і Іарданіі. Займае самую нізкую ч. самай глыбокай на сушы тэктанічнай катлавіны Гхор, узровень вады на 400 м ніжэй узроўню акіяна. Складаецца з 2 катлавін — больш глыбокай паўн. і мелкай паўд., якая падзелена дамбамі на басейны для выпарэння вады і наступнай здабычы мінеральных солей. Пл. 940 км², даўж. 80 км, найб.шыр. 15 км. Найб. глыбіня 394 м. Становішча урэзу вады непастаяннае і вагаецца ў межах некалькіх метраў у залежнасці ад колькасці атм. ападкаў і адбору вады на арашэнне і водазабеспячэнне ў бас.р. Іардан — адзінай ракі, якая ўпадае ў М.м. Больш значныя ваганні ўзроўню назіраліся ў геал. мінулым: 23 тыс. гадоў назад узровень быў на 200 м вышэй, пазней апускаўся на 300 м ніжэй сучаснай адзнакі. Катлавіна возера тэктанічнага паходжання, утварылася 1,5—2 млн. гадоў назад. Т-ра вады да глыб. 40 м зменьваецца па сезонах і складае 16 °C зімой і 36 °C летам, ніжэй пастаянная — 21 °C. Кліматычныя ўмовы (сухі пустынны клімат, т-ры паветра ад 14 °C у студз. да 30 °C і больш у ліп.) спрыяюць вял. выпарэнню і выклікаюць высокую салёнасць вады — 322 %°(у кожным літры вады М.м. 322 г солей). Элементны склад солей у 1 л вады: хлору — 212 г, магнію — 41 г, натрыю — 39 г, кальцыю — 17 г, калію — 7 г, брому — 5 г, інш. элементаў — 1 г. У водах М.м. растворана 44 млрд.т солей. Высокая мінералізацыя вады М.м. з’явілася прычынай адсутнасці ў возеры арган. жыцця (за выключэннем некаторых відаў анаэробных бактэрый). Берагі М.м. пустынныя, з рэдкімі аазісамі. На ўзбярэжжы бальнеалагічныя курорты. У паўд.ч. — здабыча мінер. солей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУШЫ́НСКІ (Міхась) (Міхаіл Іосіфавіч; н. 24.1.1931, в. Мокрае Быхаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел.літ.-знавец, тэкстолаг, крытык. Чл.-кар Нац.АН Беларусі (1991), д-рфілал.н. (1978). Скончыў БДУ (1955). З 1956 у Ін-це л-ры імя Я.Купалы Нац.АН Беларусі (з 1979 заг.аддз. выданняў і тэксталогіі). Друкуецца з 1955. Даследуе гісторыю бел. крытыкі і літ.-знаўства, творчасць Я.Коласа, М.Гарэцкага, М.Зарэцкага, К.Чорнага, М.Лынькова і інш. Аўтар прац «Ад задумы да здзяйснення: Творчая гісторыя «Новай зямлі» і «Сымона-музыкі» (1965), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 20—30-я гг.» (1975), «Якуб Колас: Летапіс жыцця і творчасці» (1982), «Беларуская крытыка і літаратуразнаўства, 40-я — першая палавіна 60-х гг.» (1985), «Каардынаты пошуку: Беларуская крытыка: набыткі, перспектывы» (1988), «І нічога, апроч праўды: Якой быць «Гісторыі беларускай літаратуры» (1990) і інш. Адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай дакастрычніцкай літаратуры» (т. 2, 1969), «Нарысаў па гісторыі беларуска-рускіх літаратурных сувязей» (кн. 2—4, 1994—95), манаграфій «Беларуская савецкая проза: Раман і аповесць» (1971), «Шляхі развіцця беларускай савецкай прозы» (1972), «Інстытут беларускай культуры» (1993). Кіраваў падрыхтоўкай і выданнем навукова-каменціраваных збораў тв.. І.Мележа ў 10, П.Броўкі ў 9, М Лынькова ў 8, П.Пестрака ў 5, З.Бядулі ў 5, М.Гарэцкага ў 4, М.Зарэцкага ў 4, Поўных збораў тв. М.Багдановіча ў 3, Я.Купалы ў 9 тамах. Дзярж. прэмія Беларусі 1980 за ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове).
Тв.:
Беларускае савецкае літаратуразнаўства. Мн., 1979;
Нескароны талент: Праўдзівая гісторыя жыцця і творчасці Міхася Зарэцкага. Мн., 1991.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІ́ГЕР (Niger; ад берберскага рака),
рака ў Зах. Афрыцы (у Гвінеі, Малі, Нігеры, Беніне, Нігерыі). Даўж. 4160 км, пл. басейна 2092 тыс.км². Па даўжыні і пл. басейна займае 3-е месца ў Афрыцы пасля рэк Ніл і Конга. Пачынаецца пад назвай Джаліба са схілаў Леона-Ліберыйскага ўзв., цячэ ў вузкай даліне, потым выходзіць на раўніны прыроднай вобласці Судан. Паміж гарадамі Ке-Масіна і Тамбукту падзяляецца на шматлікія рукавы і цячэ ў моцна забалочанай даліне з мноствам праток, старыц і азёр, утварае ўнутр. дэльту (раней рака ўпадала ў вял. бяссцёкавае возера). У раёне г. Тамбукту рукавы злучаюцца ў адно рэчышча. Ніжэй г. Елва перасякае Паўн.-Гвінейскае ўзв. ў парожыстым рэчышчы. Далей да вусця (каля 750 км) рака цячэ ў шырокай даліне, пасля ўпадзення р. Бенуэ рэчышча дасягае шыр. да 3 км. За 180 км ад акіяна, каля г. Аба, пачынаецца дэльта Н. (пл. 24 тыс.км²), у якой вылучаецца мноства рукавоў, найб. Нун і Фаркадос (суднаходны). Гал. прытокі: Міло, Бані (справа), Сакота, Кадуна, Бенуэ (злева). Паводкі ў чэрв.-вер., у ніжнім цячэнні другі паводак у лютым. Сярэдні расход вады 9,3 тыс.м³/с (макс. да 35 тыс.м³/с). Гадавы сцёк каля 300 км³. Цвёрды сцёк 67 млн.т. У дэльце марскія прылівы. Выкарыстоўваецца для арашэння; пабудаваны плаціны Эгрэт (каля г. Бамако) і Сансандынг (каля аднайм. паселішча). Буйная ГЭС і вадасх. Каінджы, ніжэй — ГЭС Джэба. Рыбалоўства. Суднаходная на асобных участках: ад Курусы да Бамако, ад вадаспада Сатуба (ніжэй унутр. дэльты) да Ансонга, ад г. Ніямей да вусця. Важнейшыя гарады: Куруса (Гвінея), Бамако, Тамбукту (Малі), Ніямей (Нігер), Джэба, Лакоджа, Аніча (Нігерыя). У дэльце Н. марскі порт — Порт-Харкарт (Нігерыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛІТЫ́ЧНЫЯ ПРАЦЭ́СЫў Заходняй Беларусі,
адна з найб. распаўсюджаных форм судова-паліцэйскіх распраў польскіх улад з удзельнікамі рэв.-вызв. руху ў 1920—30-я г. Адзін з першых П.п. адбыўся ў ліп. 1923 у Вільні. На ім у антыдзярж. дзейнасці быў абвінавачаны актыў выбарчай арг-цыі кампартыі ў сейм — «Саюза пралетарыяту горада і вёскі». Найб. водгук грамадскасці атрымалі працэс 45-і (май 1923), працэс 35-і (крас. 1929) і працэс 133-х (крас.—май 1928) у Беластоку, працэс 72-х (крас. 1925) і працэс 75-і (чэрв. 1928) у Гродне, працэс 56-і (лют.—май 1928) і працэс 10-і (студз. 1931) у Вільні. У ходзе П.п. судовыя ўлады імкнуліся абвінаваціць падсудных у антыдзярж., тэрарыст. дзейнасці, даказаць іх прыналежнасць да нелегальнай Камуністычнай партыі Заходняй Беларусі, якая кваліфікавалася як змоўніцкая, тэрарыст.арг-цыя. Таму большасць арыштаваных праходзілі па артыкуле 102, ч. II Крымінальнага кодэкса гал. чынам на аснове паказанняў канфідэнтаў паліцыі. На найб. важных П.п. палітзняволеных абаранялі вядомыя адвакаты Т.Урублеўскі, Т.Ч.Дурач, К.А.Петрусевіч, Е.Смяроўскі, В.Шуманскі і інш. У выніку ў 1926 апраўдана больш за 76% падсудных, у 1927—34%, у 1928 — каля 25%. З узмацненнем аўтарытарных тэндэнцый у Польшчы ў 2-й пал. 1930-х г. П.п. сталі амаль пастаяннай з’явай паліт. рэчаіснасці Зах. Беларусі. На лаве падсудных усё часцей з’яўляліся ўдзельнікі нац.-вызв. руху, у т. л. польскай нацыянальнасці. Напр., працэсы 11-і (студз. 1936, Вільня), 16-і (сак. 1936) неафіцыйна названы працэсамі «другой грамады». Паводле справаздачы грамадска-паліт. ўпраўлення Палескага ваяв., у 1936 адбыўся 21 працэс, на якіх абвінавачваліся 349 чал., з іх 306 былі асуджаны на тэрмін ад 1 да 10 гадоў зняволення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛАЦКІ СШЫ́ТАК»,
рукапісны зборнік старадаўняй бел. музыкі 16—17 ст.; яркі ўзор бел. свецкай кантавай культуры. Выклеены з вокладкі уніяцкага служэбніка, набытага ў 1956 б-кай Ягелонскага ун-та ў Кракаве (Польшча). Папера зборніка выраблена паміж 1633—50 (паводле вадзяных знакаў), пераплецены служэбнік да 1680. Напачатку кніга належала уніяцкай царкве ў в. Астрамечава (Брэсцкі р-н). Апісаў зборнік польскі даследчык Е.Голас. «П.с.» уключае больш за 60 вак. і інстр.муз. твораў з выразнымі стылявымі рысамі барока. Сярод іх шматгалосыя канты і псальмы, фрагменты царк. музыкі з лічбаваным басам (для выканання на аргане). Мясцовыя напаўфалькл. традыцыі спалучаюцца ў музыцы з італьян. і франц. ўплывамі. Інтанацыйны строй мелодый грунтуецца на слав. нар.-песенным меласе і тыповых кантавых, часам стэрэатыпізаваных, папеўках і кадэнцыйных зваротах. Сустракаюцца формульныя напевы, якія выконваліся на розныя паэт. тэксты. Стылістыка песенных і танц. твораў блізкая да стылістыкі кантаў і псальмоў. Тэксты рукапісу напісаны на лац., стараслав., старабел. мовах. Для запісу музыкі выкарыстаны 2 натацыі — круглая заходнееўрап. (т.зв. італьянская) для літургічных твораў, круглая італьян. і квадратная «кіеўская» для свецкіх. На аснове зборніка ў Польшчы выдадзена грампласцінка «Песні, танцы і паваны», на супервокладцы якой падкрэслена бел. паходжанне муз. твораў. Некат. творы «П.с.» ўключыў у свой рэпертуар ансамбль старадаўняй музыкі Бел.дзярж. філармоніі «Кантабіле» (які і даў зборніку назву), некалькі кантаў з рэстаўрыраваным бел. тэкстам выконвае маск. камерны хор «Віват». Музыка «П.с.» неаднаразова выконвалася паБел. тэлебачанні і радыё.
Літ.:
Герасимова-Персидская Н.А. Партесный концерт в истории музыкальной культуры. М., 1983. С.35;
Gołos J. // Nowe spojrzenie na rękopis 10002 BJ. // Muzyka. 1973. № 3;
Касьцюкавец Л. «Полацкі сшытак» // Полацак. 1991. № 8.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРА́ЖСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1945,
завяршальная наступальная аперацыя Вял.Айч. вайны 1941—45. Праведзена 6—11.5.1945 сав. войскамі 1-га (каманд. Маршал Сав. Саюза І.С.Конеў), 4-га (каманд.ген. арміі А.І.Яроменка), 2-га (каманд. Маршал Сав. Саюза Р.Я.Маліноўскі (укр. франтоў па знішчэнні ням.-фаш. групоўкі на тэр. Чэхіі і Славакіі. У П.а. ўдзельнічалі 2-я армія Войска Польскага, 1-я і 2-я румынскія арміі і 1-ы Чэхаславацкі армейскі корпус. У выніку Берлінскай аперацыі 1945сав. войскі ахапілі з Пн, ПнУ і Пд левы і правы флангі ням.-фаш. войск у Чэхаславакіі, дзе абараняліся групы армій «Цэнтр» (каманд. ген.-фельдмаршал Ф.Шорнер) і ч. сіл групы армій «Аўстрыя» (каманд.ген.-палк. Л.Рэндуліч). Рашэнне аб П.а. прынята ў ходзе бітвы за Берлін (планавалася на 7 мая). Неабходнасць падтрымаць Пражскае паўстанне 1945 паскорыла наступленне сав. войск. 6 мая войскі 1-га Укр. фронту выйшлі на рубеж Рудных гор, занялі г. Дрэздэн і ўступілі на тэр. Чэхаславакіі. 6-я танк. армія 2-га Укр. фронту пераадолела рубеж Рудных гор і з Пд прасоўвалася да Прагі. Войскі 4-га Укр. фронту наступалі з У і вызвалілі г. Оламаўц. Кульмінацыяй аперацыі стала 8 мая, калі быў разгромлены штаб групы армій «Цэнтр» і парушана кіраўніцтва ням. войскамі. У ноч на 9 мая 3-я і 4-я танк. арміі 1-га Укр. фронту зрабілі 80-кіламетровы кідок і ўвайшлі ў Прагу, куды ў той жа дзень падышлі часці 2-га і 4-га Укр. франтоў. 10—11 мая праціўнік спыніў супраціўленне; у палон здаліся 860 тыс. салдат і афіцэраў, у т. л. 60 генералаў. 11 мая 1945 сав. войскі сустрэліся з часцямі 3-й амер. арміі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ АНСА́МБЛЬ,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18 — пач. 19 ст. ў в. Свяцк Гродзенскага р-на. Размешчаны ў б. маёнтку Валовічаў (у пач. 20 ст. належаў Ю.Гурскаму). Пабудаваны паводле праекта італьян.арх. Дж.Сака для гродзенскага маршалка Ю.Валовіча і яго сына Антонія. Уключаў палац, капліцу. гасп. пабудовы, парк. Фарміраваўся ў 2 этапы: у 1779 — буд-ва і афармленне інтэр’ера палаца ў раннекласіцыстычным стылі, у пач. 19 ст. — дапаўненне агульнай кампазіцыі бакавымі флігелямі з галерэямі-каланадамі. Рэканструяваны ў 1930-я г. (арх. А.Сасноўскі). Цэнтр. корпус палаца — 2-павярховы мураваны будынак з цокальным паверхам, накрыты высокім ламаным мансардавым дахам. Гал. фасад расчлянёны 3 рызалітамі (цэнтральны — 4-калонны з трохвугольным, бакавыя — з лучковымі франтонамі). Дваровы фасад з 5-гранным эркерам, дэкарыраваны пілястрамі і завершаны гранёным шатровым дахам. У дэкоры будынка выкарыстаны дробныя пілястры, парталы ўваходаў, вузкія рызаліты.
Інтэр’еры аздоблены размалёўкамі (маст. Т.Манькоўскі, Ф.Смуглевіч; не захаваліся), мелася зала ў пампейскім стылі. Элементы інтэр’ера (панэлі, каміны, люстры, вазоны, мэбля і інш.) былі зроблены па эскізах і пад кіраўніцтвам Сака. Флігелі пастаўлены перпендыкулярна да асн. корпуса, накрыты вальмавымі дахамі, аздоблены руставанымі лапаткамі; адзін выкарыстоўваўся пад жыллё, у другім — манеж. З асн. корпусам злучаны паўцыркульнымі галерэямі ў выглядзе аркад. Насупраць палаца ў 19 ст. ў рэтраспектыўна-гатычным стылі пабудавана капліца. Парк пейзажнага тыпу (пл. 12 га) закладзены ў канцы 18 — пач. 19 ст. Размешчаны на 2 пагорках, у лагчыне — сістэма вадаёмаў на розных узроўнях, за імі лясны масіў. У 1985 парк адноўлены паводле спец. праекта.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕ́НЕ́КА (Луцый Аней) (Lucius Annaeus Seneca; каля 4 да н.э., г. Кордава, Іспанія — 65 н.э.),
старажытнарымскі філосаф, пісьменнік і дзярж. дзеяч. У 49—54 выхоўваў Нерона, пасля ўзыходу якога на прастол у 54 аказваў уплыў на праўленне імперыяй. Абвінавачаны Неронам у змове супраць імператара і па яго загадзе скончыў жыццё самагубствам. Філасофія С. эклектычная: заснавана на сінтэзе стаіцызму і вучэнняў Эпікура, кінікаў і інш. У асн.філас. працах «Маральныя лісты да Луцылія», «Аб дабрадзействах», «Аб міласэрнасці» прапанаваў праграму маральнага самаўдасканалення асобы, дасягнення стану незалежнасці ад знешніх абставін. Лічыў, што для дасягнення асабістага шчасця неабходна валодаць маральнай мудрасцю і такімі якасцямі, як пагарда да смерці і ўстрыманне. Прызнаваў наяўнасць дабратворнай божай волі і лічыў пакуты чалавека пры жыцці выпрабаваннямі Бога. Адстойваў ідэю роўнасці ўсіх людзей, у т. л. і рабоў. Верыў у бязмежны прагрэс чалавечых ведаў. У аснове натурфілас. поглядаў С. вучэнні стоікаў пра цялеснасць усяго існага і сусв. пажар як пакаранне за зямное зло. Яго светапогляд адлюстраваны ў 9 трагедыях («Медэя», «Эдып», «Фіест», «Федра», «Геркулес Вар’яцкі», «Агамемнан», «Траянкі», «Фінікіянкі», «Геркулес Этэйскі») на міфалагічныя сюжэты, дзе праводзіў думкі аб згубнасці моцных пачуццяў, вар’яцкім свавольстве дэспатыі, смерці як сродку выратавання ад зямнога зла. Трагедыі С. паўплывалі на далейшае развіццё драматургіі (У.Шэкспір, франц. класіцызм). На Беларусі ідэі С. развівалі Ф.Скарына, М.Гусоўскі, С.Будны, Сімяон Полацкі і інш. Сугучныя С. ідэі выказвалі Г.Каніскі, які прызнаваў магчымасць дасягнення шчаслівага жыцця на зямлі, М.К.Сарбеўскі, С.Лаўксмін, Т.Брылевіч, якія гал. задачу філасофіі бачылі ў фарміраванні высокамаральнай асобы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІКІ́М,
штат Індыі, ва ўсх. Гімалаях. Мяжуе з Непалам, Кітаем, Бутанам. Пл. 7,3 тыс.км². Нас. каля 500 тыс.чал. (2001) — народы тыбецкага паходжання, выхадцы з Непала і Бенгаліі. Адм. ц. — г. Гангтак. С. — горная краіна. Горы выш. 6—8 тыс.м на Пн (г. Канчэнджанга, выш. 8585 м), каля 2 тыс.м на Пд. Клімат мусонны, у далінах умераны, у гарах халодны. У далінах сярэднія т-ры паветра ў студз. каля -4 °C, у ліп. каля 16—18 °C. Ападкаў каля 3000 ммза год. Лістападныя і хвойныя лясы займаюць каля 50% тэрыторыі. Развіта пераважна сельская гаспадарка. У далінах рэк вырошчваюць рыс, кукурузу, батат, сою. С. — гал. пастаўшчык кардамону на сусв. рынак. Гадуюць буйн. раг. жывёлу і авечак. Лесанарыхтоўкі. Здабыча і перапрацоўка поліметал. руды. Невял. прадпрыемствы харч. і тэкст. прам-сці. Саматужныя промыслы (рэчы хатняга ўжытку, разьба па дрэве, вырабы з серабра, дываны). Транспарт аўтамабільны і ўючны. Турызм.
Стараж. насельніцтва С. — племя лепча. З 13 ст. тут з’явіліся выхадцы з Тыбета — бхотыя. З 16 ст. на тэр. С. пашырыўся будызм у форме ламаізму. У пач. 17 ст. склалася самаст. княства С. на чале з правіцелямі (чаг’яламі) тыбецкага паходжання, якое было ў васальнай залежнасці ад Тыбета. У пач. 19 ст. падпарадкаваны Вялікабрытаніяй. З 1861 С. — брыт. пратэктарат (афіцыйна пацверджана англа-кіт. канвенцыяй 1890), а пасля заваявання Індыяй незалежнасці (1949) — інд. пратэктарат. Шматлікія паўстанні супраць дэспатычнай улады чаг’ялаў прымусілі Індыю ў 1974 увесці ў С. свае войскі. Была абрана Нац. асамблея С. У крас. 1975 на рэферэндуме большасць яго насельніцтва ўхваліла далучэнне С. да Індыі. З мая 1975 С. — 22-гі штат Індыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАМІ́БІЯ (Namibia),
Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 ммза год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыяза вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн. значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.