трах, выкл.

1. Ужываецца як гукаперайманне для абазначэння моцнага адрывістага гуку, трэску. Узмахнула гадзюка Даўжэзным хвастом, Зачапіла палац, Грук і стук, грах і трах. Бядуля.

2. у знач. вык. Разм. Ужываецца паводле знач. дзеясл. трахаць — трахнуць і трахацца — трахнуцца. Прыйшлі яны ў лес, князь і кажа хлопцу: «Лезь на дрэва і паглядзі, ці не відаць адсюль твая хата». Залез той на хвою і крычыць: «Не, не відаць, ясны пане!» — «Ну і не пабачыць табе яе больш», — прамовіў князь і трах са стрэльбы. Хлопец зваліўся на зямлю. С. Александровіч. Двое салдат залазілі на бервяно і пачыналі біць адзін аднаго падушкамі .. Трах, бах падушкай, яшчэ ўдар, і бацька зляцеў з бервяна. Хомчанка.

3. у знач. вык. Разм. Ужываецца для абазначэння якога‑н. нечаканага дзеяння, учынку. Разаля ж — трах! — за капітана Раптоўна выйшла месяцы праз два. Корбан. [Дубель:] — За тое, што зайца забіў, дык ледзь са свету не зжыў [Палын]. Вымову без усяго ўсякага трах з занясеннем у асабовую справу. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

чарго́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе, наступае, выходзіць і пад. непасрэдна за папярэднім; бліжэйшы па чарзе. Чарговая электрычка. Чарговы загад. □ Аднак, калі хлапчук мінуў ужо некалькі пільных вачэй, чарговы патруль яго аклікнуў: — Пачакай, малы! Якімовіч. [Лётчык:] — Мы ляцелі за чарговай партыяй раненых. Мележ. Раптам, схамянуўшыся, Максім устае: над галавой чутна тупаніна. Значыць, параход пад’язджае да чарговага прыпынку. Каршукоў. // Які выконвае ў парадку чарговасці якія‑н. абавязкі. Чарговы днявальны.

2. Які адбываецца, праводзіцца рэгулярна, у пэўнай паслядоўнасці. Чарговы адпачынак. Чарговы з’езд Камуністычнай партыі Савецкага Саюза. □ У адзін з дажджлівых асенніх вечароў сюды на, чарговую нараду прыйшлі кіраўнікі асобных баявых груп. Пятніцкі.

3. Першы па неабходнасці, важнасці. [Старшыня:] — Калектывізацыя сельскай гаспадаркі — наша чарговая, баявая задача, і мы павінны выканаць яе на сто працэнтаў. Колас.

4. Які ўзнікае, паўтараецца, аднаўляецца час ад часу. Сілівон сядзеў у хаце Рады выдумцы чарговай. Лужанін. З таго прыезду паміж .. [Паходнем] і Марынкай завязалася перапіска, а кожны чарговы прыезд Паходні ў Мінск быў для яе радаснай падзеяй. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Капы́л 1 ’кавалак дрэва ў форме ступні, на якім шавец робіць абутак’ (ТСБМ, Яруш., Касп., Бяльк., Грыг., Гарэц., Некр. і Байк.; КЭС, лаг.). «Не мерай усіх на свой капыл» (Янк. БП), ’дэталь саней’, ’дубовы брусок, што ўстаўляецца ў полаз, а за яго закручваецца вяз для злучэння палазоў’ (Сцяшк., Сержп. Грам.), укр. копил ’тс’, рус. копыл ’тс’. Адпаведна да вядомай версіі звязана генетычна з балг. копеле ’незаконнанароджаны’, серб.-харв. ко̏пил ’тс’ (Бернекер, 564; Фасмер, 2, 320; Трубачоў, Эт. сл., 11, 32–34). Семантычна гэта тлумачыцца як пераход тыпу рус. пасынок ’пасынак’ і ’падпорка, лішняя галіна, больш тонкі з двух ствалоў, якія выраслі з аднаго кораня’. Але гэта тлумачэнне не пераконвае, хаця ўкр. копил мае таксама значэнне ’незаконнанароджаны’ і можна меркаваць аб праславянскім характары лексемы, якая застаецца этымалагічна непразрыстай. Да таго ж першае значэнне застаецца за межамі семантычнага пераходу. Ці не звязана капыл ’кавалак дрэва ў форме ступні’ з прасл. kopyto (адпаведна з фармантамі: рэгулярным ‑ylъ (SP, 1, 112) і нерэгулярным ‑yto (гл. капыта).

Капы́л 2 ’матыка для апрацоўкі ляда’ (Малчанава, Мат. культ.; Маш., Шатал.), ад капаць («капылом капылім бульбу» — Шатал.). З фармантам ‑ylъ (SP, 1, 112).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

«БА́МБЕРГ»

(«Bamberg»),

кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. захопнікаў на Беларусі супраць партызанаў і цывільнага насельніцтва ў Вял. Айч. вайну ў Акцябрскім, Глускім, Любанскім, Петрыкаўскім, Бабруйскім р-нах. Праводзілася 20.3—4.4.1942 сіламі 3 пях. і 1 артыл. палкоў, 2 асобных паліцэйскіх батальёнаў, кав. эскадрона і авіяэскадрыллі. У ходзе аперацыі карнікі спалілі больш за 3600 жылых дамоў, расстралялі, павесілі і спалілі каля 5600 жыхароў, у т. л. старых, жанчын і дзяцей, захапілі больш за 3 тыс. галоў жывёлы, каля 200 т збожжа і фуражу. У час баёў з карнікамі партыз. атрады М.​П.​Бумажкова, У.​Ц.​Шантара, А.​Г.​Балахонава і некат. інш. прарваліся з блакады і перадыслацыраваліся ў інш. раёны. Атрады, якія засталіся ў раёне аперацыі і ўтрымлівалі свае пазіцыі, у маі 1942 аформіліся ў 123-ю Акцябрскую партыз. брыгаду.

т. 2, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРГУЗІ́НСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК,

у Бураціі, на паўн.-ўсх. узбярэжжы воз. Байкал і зах. схілах Баргузінскага хр. (выш. да 3000 м). Засн. ў 1916 у мэтах аховы прыроднага комплексу горнай байкальскай тайгі, захавання баргузінскага собаля. Пл. больш за 263 тыс. га (у т. л. 15 тыс. га займае трохкіламетровая паласа акваторыі воз. Байкал).

Добра выяўлены вышынныя паясы расліннасці. Пераважае цемнахвойная тайга (піхта, кедр, з дамешкамі лістоўніцы і хвоі). Усяго ў флоры запаведніка больш за 600 відаў раслін. У фауне 39 відаў млекакормячых, 243 — птушак, 4 — рэптылій і 2 — амфібій. Шматлікія баргузінскі собаль і эндэмічная байкальская нерпа; звычайныя вавёрка, буры мядзведзь, лось, таежны паўночны алень; трапляюцца выдра, каланок, расамаха, гарнастай; з птушак — каменны глушэц, рабчык, арлан-белахвост, трохпальцавы дзяцел, кедраўка, сойка, пеначкі, бурагаловая гаічка, попаўзень і інш.

т. 2, с. 305

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЦЁЛ,

роды ў кароў, буйваліц, аленіх. Наступаюць звычайна ў кароў на 283—285-я сут цельнасці, у буйваліц на 306—307-я, у аленіх на 225-я сут. За 7—10 сут да ацёлу цельных кароў пераводзяць у спец. стойла з добрым подсцілам. У апошнія дні цельнасці вонкавыя палавыя органы жывёлы і тканкі вакол іх ацякаюць, рэзка павялічваецца вымя. За 1—3 сут да ацёлу з похвы выдзяляецца слізь. Плод выганяецца ў выніку моцных скарачэнняў гладкай мускулатуры маткі (схваткі) і мышцаў брушнога прэса (патугі). Выгнанне плода доўжыцца 0,5—1 гадз (бывае да 5—6 гадз). Паследавая стадыя ў норме працягваецца да 6 гадз. Пупавіну, якая не абарвалася сама, абрываюць і змазваюць растворам ёду або апускаюць у раствор крэаліну ці лізолу. Народжанае цяля абціраюць, ачышчаюць ад слізі. Карове даюць цёплую, падсоленую ваду.

т. 2, с. 161

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКАЕ ТАВАРЫ́СТВА «КНІ́ГА»,

добраахвотная культ.-асв. грамадская арг-цыя. Створана ў 1974 як «Добраахвотнае т-ва аматараў кнігі». З 1991 сучасная назва. Асн. задачы: развіццё бел. нац. культуры ў сферы кнігі; садзейнічанне кнігавыданню, кнігазнаўству, кнігараспаўсюджванню, рабоце б-к; зберажэнне і памнажэнне духоўных скарбаў народа, бел. мовы і л-ры, прапаганда кніг і перыяд. выданняў, распаўсюджванне сярод членаў т-ва і насельніцтва л-ры. Т-ва займаецца выдавецкай дзейнасцю (выпускае серыю мініяцюрных выданняў «Скарбы бел. л-ры і фальклору», выдала альманах бібліяфілаў Беларусі «Свіцязь» і інш.); арганізоўвае сустрэчы з пісьменнікамі, навукоўцамі, бібліяфіламі, супрацоўнікамі выд-ваў, музеяў; праводзіць чытацкія канферэнцыі, вечары, выстаўкі, прэм’еры, святы кнігі, конкурсы, агляды. У складзе т-ва 6 абл., 82 гар. і раённыя праўленні, больш за 1200 пярвічных арг-цый; больш за 46 тыс. членаў (1995).

Л.​І.​Макаранка.

т. 2, с. 401

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕНГЕ́РСКАЯ МО́ВА,

адна з фіна-угорскіх моў (угорская галіна). Пашырана ў Венгрыі (афіцыйная мова), а таксама ў сумежных абласцях былой Югаславіі, Аўстрыі, Чэхіі і Славакіі, Румыніі, Украіны (Закарпацкая вобл.). Мае 8 дыялектаў (зах., паўн.-зах., задунайскі, альфёльдскі, дунайціскі, паўд.-ўсх., трансільванскі, сякейскі), якія нязначна адрозніваюцца адзін ад аднаго. Асн. фанетычныя рысы: супрацьпастаўленне доўгіх і кароткіх галосных і зычных, гармонія галосных, націск на першым складзе. Грамат. лад аглюцінатыўны: паказчыкі ліку, часу, ладу, ступені параўнання далучаюцца да асновы, за імі — афіксы асобы і склону. Назоўнікі скланяюцца (больш за 20 склонаў), грамат. роду няма. У словаўтварэнні шырока выкарыстоўваецца суфіксацыя і словаскладанне. Першыя пісьмовыя помнікі з’явіліся каля 1200. Літ. мова пачала фарміравацца ў 16 ст. (асабліва інтэнсіўнае развіццё з канца 18 ст.). Пісьменства на аснове лацініцы.

В.​У.​Мартынаў.

т. 4, с. 71

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРАЎ, выспа,

участак сушы, з усіх бакоў абкружаны водамі акіяна, мора, возера або ракі. Ад мацерыка адрозніваецца адносна невял. памерамі. Есць адзіночныя астравы і іх групы — архіпелагі. Займаюць каля 9,9 млн. км² (6,6%) сушы. У акіянах і морах падзяляюцца на мацерыковыя, якія аддзяліліся ад кантынентаў, але генетычна з імі звязаны (Грэнландыя, Новая Гвінея, Калімантан, Мадагаскар і інш.), пераходнай зоны ад мацерыка да акіяна (вулканічныя, гразевулканічныя, каралавыя) і акіянскія, пераважна вулканічныя астравы (Гавайскія, Ісландыя) або каралавыя (Маршалавы гл. Атол). Найбольшыя а-вы (пл. больш за 400 тыс. км²); Грэнландыя, Новая Гвінея, Мадагаскар, Калімантан, Бафінава Зямля, Суматра. Сярод астравоў рэк і азёр адрозніваюць акумулятыўныя (наносныя) і эразійныя. На Беларусі агульная плошча астравоў 53 км². Рачных больш за 300, азёрных каля 200, самы вялікі Манастырскі (каля 5 км²) на Асвейскім воз.

т. 4, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ (франц. halo ад грэч. halōs круг, дыск),

адна з аптычных з’яў у атмасферы. Узнікаюць гало ў перыстых, перыста-слаістых і перыста-кучавых воблаках (знаходзяцца на вышыні больш за 6 км) у выніку пераламлення святла ў ледзяных крышталях або адбіцця святла ад іх граней. Назіраюцца вакол Сонца і Месяца, маюць вуглавы радыус 22° і 46° і форму каляровых (як слабая вясёлка) ці белых кругоў, дугаў, слупоў, крыжоў, плям. Гало адрозніваюцца ад вянцоў, што ўтвараюцца пры дыфракцыі святла на дробных кроплях празрыстых, пераважна высокакучавых воблакаў і маюць меншы дыяметр. Ва ўмовах Беларусі (Мінск) гало назіраюцца каля 30 разоў за год.

Асноўныя формы гало: 1 — кругі з вуглавым радыусам 22° і 46°; 2 — слупы вышэй і ніжэй свяціла; 3 — несапраўдныя Сонцы ці Месяцы на гарызантальным крузе; 4 — датычныя дугі.

т. 4, с. 466

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)