АРО́ЧКА (Мікола) (Мікалай Мікалаевіч; н. 10.12.1930, в. Вецявічы Слонімскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэт, літ.-знавец, крытык, празаік, перакладчык. Д-рфілал.н. (1981). Скончыў БДУ (1956). З 1966 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Друкуецца з 1949. Першы зб. паэзіі «Не ўсе лугі пакошаны...» (1958). У паэзіі Арочкі спалучаюцца лірызм, задушэўнасць інтанацый, роздум пра мінулае Бацькаўшчыны, трагізм вайны, што апаліла маленства паэта, складаныя праблемы сучаснасці (зб. «Ветраломная паласа», 1962; «Крылатае семя», 1967; «Кветкі бяссмертніка», 1972; «Матчына жыта», 1978; «Падземныя замкі», 1986). Адрадзіў ў сучаснайбел. л-ры жанр драм. паэмы («Курганне», 1980; «Крэва», 1982; «Шляхі і краты», 1984; «Судны дзень Скарыны», 1991). Аўтар аповесці «Хай расце маладая таполя» (1963), зб. вершаў для дзяцей «У птушынай вёсцы» (1964). Даследуе сучасную бел. паэзію, жанр паэмы, літ. ўзаемасувязі (кн. «Валянцін Таўлай», 1969; «Сучасная беларуская паэзія», 1976; «Беларуская савецкая паэма», 1979; «Максім Танк», 1984; «Пад высокай зоркай: Паэзія М.Ю.Лермантава ў творчым лёсе Аркадзя Куляшова», 1990).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎКШТА́ЙЦІЯ,
гістарычная вобласць у ВКЛ. Упамінаецца ў хроніках Тэўтонскага і Лівонскага ордэнаў, у лацінамоўных дакументах ВКЛ з 14 ст. Адрознівалася ад інш.гіст. вобласці Літвы — Жамойці. Аўкштайцію (Аўкштоту) у 1420 упамінае вял.кн. Вітаўт у лісце да герм. імператара. Стараж.-рус. летапісы і дакументы ВКЛ на старабел. мове тэрмін Аўкштайція не ўжывалі, хоць звычайна адрознівалі Жамойць і Літ. зямлю. У Літве 19—20 ст. пад Аўкштайціяй разумелі цэнтр і ўсх. частку сучаснайЛіт. рэспублікі, заселеную адной з дзвюх асн.этнагр. груп літоўцаў — аўкштайтамі. Паходжанне назвы звязваюць з літ. словам aukštas (высокі), якое, напэўна, абазначала верхнюю (адносна цячэння Нёмана) усх. групу літ. плямёнаў. Археалагічна Аўкштайція, найб. верагодна, суадносіцца з культурай усходнеліт. курганоў. Частка археолагаў, пачынаючы з А.Таўтавічуса (1968), звязвае Аўкштайцію з групай грунтавых могільнікаў у сярэднім цячэнні Нёмана і вадазборы р. Нявежыс і лічыць аўкштайтаў племем, асобным і ад жамойтаў, і ад літоўцаў у вузкім сэнсе. Падставай для гэтага служыць паведамленне хронікі П.Дузбурга (каля 1294—1300) пра падуладную Літве зямлю Аўстэхія (Austechia), аднак яе атаясамліванне з Аўкштайціяй небясспрэчнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫЛІЧА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
інструментальны сродак (або сукупнасць сродкаў) для апрацоўкі інфармацыі, у т. л. вылічэнняў, кіравання, рашэння задач. Бываюць мех., эл., электронныя, гідраўл., пнеўматычныя, аптычныя і камбінаваныя; у залежнасці ад формы выяўлення інфармацыі адрозніваюць аналагавыя вылічальныя машыны, лічбавыя вылічальныя машыны і гібрыдныя вылічальныя сістэмы.
Першы праект універсальнай «аналітычнай машыны» (гіганцкага арыфмометра з праграмным кіраваннем, арыфм. і запамінальным блокам), які, аднак, не быў поўнасцю рэалізаваны, распрацаваў англ. вынаходца і матэматык Ч.Бэбідж у 1883. Асн. ідэі праекта закладзены ў аснову работы сучаснай вылічальнай машыны: праграма вылічэнняў захоўваецца ў памяці машыны і выконваецца аўтаматычна. Развіццё электратэхнікі і радыёэлектронікі прывяло да стварэння ў 1930-я г. спецыялізаваных аналагавых вылічальных машын. Першыя электронныя вылічальныя машыны, заснаваныя на выяўленні інфармацыі ў лічбавай двайковай форме, распрацаваны ў 1940-я г. на аснове развіцця эл. пераключальных схем у аўтам.тэлеф. сувязі, электроннай кантрольна-вымяральнай апаратуры, радыёлакацыі. Гл. таксама Вылічальная машына «Мінск», Вылічальная тэхніка, Вылічальны цэнтр, Вылічальная сістэма.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫЛЕ́МА (ад ды... + лема),
форма вываду, разнавіднасць сілагізму, пасылкамі (зыходнымі дапушчэннямі) якога з’яўляюцца 2 гіпатэтычныя (умоўныя) і 1 дыз’юнктыўнае (раздзяляльнае) суджэнні. Адрозніваюць Д. канструктыўную (сцвярджальную) і дэструктыўную (адмоўную). Будова канструктыўнай Д. ў традыц. логіцы выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць Д. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але A ёсць B і E ёсць F. Адсюль C ёсць D». Будова скарочанай дэструктыўнай Д. выражаецца формулай: «Калі A ёсць B, C ёсць D. Калі E ёсць F, C ёсць D. Але C не ёсць D. Значыць, A не ёсць B і E не ёсць F». Усе гэтыя формы Д. даказальныя (або з’яўляюцца аксіёмамі) у сучаснай фармальнай (матэм.) логіцы, а дэструктыўная Д. часта выкарыстоўваецца ў лагічных абвяржэннях. Розныя віды сувязі суджэнняў, якія ўтвараюць паняцце Д., былі ўстаноўлены стараж.-грэч. філосафамі (гл.Стаіцызм), яны шырока выкарыстоўваліся ў схаластычнай логіцы. У пераносным сэнсе (у звычайнай свядомасці) пад Д. разумеюць стан, у якім апынаецца чалавек, калі яму неабходна зрабіць выбар паміж двума супрацьлеглымі роўна непрымальнымі для яго магчымасцямі (рашэннямі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),
сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт.Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.
Літ.:
Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМІУ́РГ (ад грэч. demiurgos майстар, стваральнік),
у Стараж. Грэцыі ў гамераўскі перыяд — рамеснікі, майстры, урачы, паэты і інш., у класічны — толькі рамеснікі, у некат. гарадах-полісах — вышэйшыя службовыя асобы. У рэлігіі адно з вызначэнняў Бога. Упершыню тэрмін Д. выкарыстаны Філалаем з Кратона і сафістам Крытыем (5 ст. да н.э.). У ант. філасофіі (Платон) — паняцце, якое выяўляе творчую функцыю ідэальных сутнасцей (істот) у працэсе пераходу іх да матэрыяльнага космасу. У дыялогу Платона «Тымей» паняцце Д., што раскрывае дыялектыку космасу, з’яўляецца адным з ключавых. Д. прадстаўлены як тварэц і бацька космасу, ніжэйшых багоў, сусв. душы і да т.п. Зыходным матэрыялам для стваральнай дзейнасці Д. служыць матэрыя («пластычная маса»), вобразам — першавобраз-парадыгма Эйдас. У сярэдневякоўі паняцце Д. часцей за ўсё трактавалася як ідэальная першааснова, якая стварае свет. У філасофіі Г.Гегеля ў якасці Д. выступае анталагізаванае мысленне суб’екта — абсалютны дух; менавіта ён з’яўляецца стваральнікам свету. У сучаснайфілас. л-ры, калі ідзе гаворка аб паняцці Д., часцей за ўсё маецца на ўвазе гегелеўская трактоўка гэтага паняцця.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́РВЕЙ, Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук. працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.
Тв.:
Рус.пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.
нац.Л., 1948.
Літ.:
Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;
История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЛАВА (Галіна Канстанцінаўна) (н. 5.3.1951, Мінск),
бел. кампазітар. Скончыла Бел. кансерваторыю (1977, клас Дз.Смольскага), з 1980 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі (дацэнт з 1987). Адзін з яркіх прадстаўнікоў неарамантызму ў сучаснайбел. музыцы. Значны яе ўклад у жанры кантаты, камерна-вак. музыкі, інстр. канцэрта. Развівае традыцыі класікі 20 ст., стварыла індывід. стыль, адметны паэтычнасцю, лірычнай экспрэсіяй, адухоўленасцю муз. вобразаў, нац. характэрнасцю муз. мовы. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «У год сусветнага пажару» (1989), «Тысяча гадоў надзеі» (1990); сімф. паэма «Бандароўна» (1986); канцэрты для скрыпкі, габоя, балалайкі, трубы, гітары, трамбона з аркестрам (1979—96); санаты для скрыпкі, кантрабаса «Al fresco», фп. (1987—95); вак. цыклы на вершы П.Беранжэ, Э.Верхарна, Г.Ахматавай, «Дзявочыя песні» на вершы М.Багдановіча, «Чатыры песні над калыскай» на вершы Л.Геніюш, Е.Лось, Н.Тулупавай. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1986. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Літ.:
Юденич Н. Доброго пути! // Сов. музыка. 1983. № 8;
Сергиенко Р.И. Штрихи к творческому портрету Галины Гореловой // Вопросы культуры и искусства Белоруссии Мн., 1991. Вып. 10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІ́СЕНСКАЯ НІЗІ́НА,
частка Полацкай нізіны на ПнЗ Віцебскай вобл. Мяжуе на Пн з Браслаўскай, на Пд са Свянцянскімі градамі. Абс.выш. 135—145 м, найб. нізкая адзнака 130 м (ніжняе цячэнне р. Дзісна). Складзена з азёрных ледавіковых, пераважна стужачных, пясчана-гліністых адкладаў. Фарміраванне нізіны звязана з утварэннем Дзісенска-Полацкага прыледавіковага вадаёма ў браслаўскую стадыю паазерскага зледзянення. Паверхня сучаснай Дз.н. плоска-ўвагнутая, парэзаная далінамі рэк, часта трапляюцца забалочаныя катлавіны з астаткавымі азёрамі. Рачныя даліны слабаўрэзаныя, нявыпрацаваныя, у нізоўях глыбіня ўрэзу да 10 м і больш. У рэльефе вылучаюцца ўчасткі марэнных узвышшаў — былыя астравы Дзісенска-Полацкага вадаёма. Карысныя выкапні: торф, легкаплаўкія гліны. Асн. рака Дзісна з прытокамі Дрысвята, Янка (злева), Бірвета (з Мядзелкай), Галбіца, Бярозаўка, Мнюта, Авута (справа). Азёры: Ельня, Чорнае, Асвята, часткова Богінскае. Сярэдняя т-растудз. -7 °C, ліп. 17,8 °C, ападкаў 560 мм за год. Пераважаюць дзярнова-падзолістыя слабаглеяватыя, глеяватыя гліністыя і цяжкасугліністыя глебы. На У і З нізіны вял. лясныя масівы з хвоі, драбналістых парод і елкі, трапляецца алешнік. Балоты пераходныя і вярховыя. На тэр. Дз.н. гідралагічны заказнік Ельня.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУМАНІСТЫ́ЧНАЯ ПСІХАЛО́ГІЯ,
кірунак у сучаснайзах. (пераважна амер.) псіхалогіі. Узнік у 1960-я г. як альтэрнатыва біхевіярызму і псіхааналізу. Заснавальнікі А.Маслаў, Р.Мэй, К.Роджэрс, В.Франкль і інш. Ідэйна-філас. погляды прадстаўнікоў гуманістычнай псіхалогіі грунтуюцца на філасофіі экзістэнцыялізму і фенаменалагічнай школы (гл.Фенаменалогія). Прадметам вывучэння з’яўляецца чалавек у яго цэласнасці, унікальнасці, самаактуалізацыі, адкрытасці да развіцця. Гуманістычная псіхалогія разглядае чалавека не як кіруемую машыну (біхевіярызм) і не як цалкам залежнага ад несвядомых матываў (фрэйдызм), а як асобу, якая пастаянна стварае сябе, усведамляе сваё прызначэнне ў жыцці, рэгулюе межы суб’ектыўнасці і свабоды; праводзіць у жыццё новы погляд на чалавека як на суб’ектыўна незалежнага, ствараючага сваё «Я» і адказнага за яго. Галіной практычнага дастасавання гуманістычнай псіхалогіі з’яўляюцца псіхатэрапія, логатэрапія, педагогіка, якія выкарыстоўваюць эфект усведамлення значнасці чалавечага існавання.
Літ.:
Франкл В. Человек в поисках смысла: Пер. с англ.М., 1990;