СКІ́ДЗЕЛЬСКАЕ КАМСАМО́ЛЬСКА-МАЛАДЗЁЖНАЕ ПАДПО́ЛЛЕ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў вер. 1941—ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та (з ліст. 1942), падп. райкомаў ЛКСМБ (з вер. 1943) і КП(б)Б (з ліст. 1943), у цесным кантакце са Скідзельскай раённай антыфашысцкай арганізацыяй. Складалася з падп. арг-цый і груп у г. Скідзель, вёсках Бандары, Кашублінцы, Княжаводцы, Крушнікі, Лаўна, Хвайняны, Чарлёны (кіраўнікі М.​С.​Дзелянкоўскі, А.​І.​Зелянкоўскі, У.​С.​Кізевіч, Ф.​І.​Макарчук, А.​К.​Ролік, І.​А.​Сеўрук, І.​М.​Сініца, І.​А.​Шчасны і інш.). Падпольшчыкі распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, збіралі для партызан зброю, боепрыпасы, харч. прадукты, адзенне, медыкаменты, разведданыя пра фаш. гарнізоны і апорныя пункты, рух варожых падраздзяленняў па чыг. і шашэйных дарогах, удзельнічалі ў дыверсійных аперацыях партызан. У барацьбе з акупантамі загінула 13 падпольшчыкаў. У г. Скідзель у гонар падполля помнік.

Л.​В.​Аржаева.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКІ́ДЗЕЛЬСКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫСЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала ў ліст. 1942 — ліп. 1944 у г. Скідзель і раёне Беластоцкай (цяпер у Гродзенскай) вобл. пад кіраўніцтвам скідзельскіх раённых антыфаш. к-та, падп. райкома КП(б)Б (з ліст. 1943) і Беластоцкага абл. антыфаш. к-та, у цесным кантакце са Скідзельскім камсамольска-маладзёжным падполлем і групамі Баранавіцкай акруговай антыфашысцкай арганізацыі. Складалася з падп. груп (каля 90 чал., кіраўнікі М.​М.​Бедыс, А.​Я.​Мажэйка, А.​Ф.​Манкевіч, А.​А.​Патапаў, У.​А.​Сыты, С.​І.​Таранка і інш.). Дзейнасць арг-цыі ўзначальваў к-т (Бедыс, І.​С.​Быль, Манкевіч). Падпольшчыкі вялі сярод насельніцтва паліт. агітацыю, хавалі і лячылі сав. воінаў, што трапілі ў акружэнне, перапраўлялі іх у партыз. атрады, збіралі і перадавалі партызанам зброю, боепрыпасы, медыкаменты, разведданыя пра перамяшчэнні акупантаў, праводзілі дыверсіі на чыгунцы, парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь праціўніка, удзельнічалі ў аперацыях партызан. У барацьбе супраць фаш. захопнікаў загінула 20 падпольшчыкаў.

Л.​В.​Аржаева.

т. 14, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЛО́НІМСКАЯ БАЛЕ́ТНАЯ ШКО́ЛА Дзейнічала ў 2-й пал. 18 ст. ў г. Слонім Гродзенскай вобл. пры Слонімскім тэатры Агінскага. З 1777 існаваў невял. балетны ансамбль

(8 чал.),

падрыхтаваны балетмайстрам Ноакам. У 1781 пад яго кіраўніцтвам укамплектавана школа (у 1785—18 вучняў, пасля 1790 больш). Спачатку сярод вучняў пераважалі дзеці прыдворных музыкантаў, пазней — прыгонных сялян. Вучні атрымлівалі і некат. агульную адукацыю. Росквіт школы і падрыхтаванай ёю трупы звязаны з дзейнасцю балетмайстра і кампазітара Ф.​Марыні (каля 1781—88) і польскага характарнага танцоўшчыка, саліста, балетмайстра і педагога слонімскага балета Ф.​Шлянцоўскага (прыехаў паміж 1785—88, працаваў да 1792). У 1788 4 выхаванцы выступалі ў Варшаве ў балеце «Рыбакі», у сезон 1790—91 група (прыблізна 20 чал.) паказала 4 спектаклі на гастролях у г. Дубна (цяпер Украіна). Слонімскі балет паспяхова канкурыраваў з каралеўскім балетам у Варшаве. З 1792 школа і балетная трупа пераведзены ў мяст. Целяханы (цяпер Івацэвіцкі р-н Брэсцкай вобл.), дакладная дата іх роспуску невядома.

А.​А.​Саламаха.

т. 15, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУДАКО́Ў Ілья Якаўлевіч (1.8.1890, Масква — 1.9.1969),

расійскі рэжысёр, педагог. Нар. арт. Расіі (1938). З 1916 акцёр і рэжысёр 2-й Студыі Маскоўскага Маст. т-ра, з 1924 і ў 1946—48 — Маскоўскага Маст. акад. т-ра, у 1933—37 узначальваў Маскоўскі трам, у 1937—44 гал. рэжысёр і маст. кіраўнік Малога т-ра, з 1944 у Т-ры-студыі кінаакцёра і інш. маскоўскіх т-рах. У 1952—53 гал. рэжысёр Бел. т-ра імя Я.​Купалы. У 1930—56 праф. Дзярж. ін-та тэатр. мастацтва. Сярод пастановак: «Дні Турбіных» М.​Булгакава (1926), «Браняпоезд 14—69» У.​Іванава (1927, з Н.​Літоўцавай; абодва пад маст. кіраўніцтвам К.​Станіслаўскага), «Страх» А.​Афінагенава (1931), «Платон Крэчат» А.​Карнейчука (1935), «Урыэль Акоста» К.​Гуцкава (1940), «Варвары» М.​Горкага (1941, з К.​Зубавым), «Нашэсце» Л.​Лявонава (1943). На бел. сцэне паставіў «Шчасце паэта» В.​Віткі (з П.​Сушко), «Залп Аўроры» («Кастрычнік») М.​Бальшынцова і М.​Чыяўрэлі (абодва 1952). Здымаўся ў кіно. Дзярж. прэміі СССР 1942, 1951.

т. 15, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАТЛЕ́БЕН Эдуард Іванавіч (20.5.1818, г. Елгава, Латвія — 1.7.1884),

расійскі ваен. і дзярж. дзеяч. Ген.-ад’ютант (1855), інж.-ген. (1869), граф (1879). Скончыў Гал. інж. вучылішча ў Пецярбургу (1836). У Крымскую вайну 1853—56 кіраваў інж. работамі ў час Севастопальскай абароны 1854—55. З 1859 дырэктар інж. дэпартамента, у 1863—77 фактычна кіраваў інж. ведамствам. У 1873 чл. Асобай нарады па рэарганізацыі арміі. У рус.-турэцкую вайну 1877—78 нач. атрада аблогі крэпасці Плеўна, якая скончылася капітуляцыяй тур. гарнізона; у крас. 1878 — студз. 1879 галоўнакамандуючы рас. арміяй. У 1879—80 адэскі ген.-губернатар (часовы) і камандуючы войскамі Адэскай ваен. акругі. З 30.5.1880 віленскі, ковенскі і гродзенскі ген.-губернатар і камандуючы войскамі Віленскай ваен. акругі. У вер. 1880 кіраваў ваен. манеўрамі ў раёне Новых Трокаў. Аўтар дапаможнікаў па падрыхтоўцы сапёрных часцей і па міннай справе. Пад яго кіраўніцтвам выдадзена «Апісанне абароны г. Севастопаля» (т. 1—2, 1863—72).

А.​М.​Лукашэвіч.

т. 15, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭ́РЫ (Terry) Элен Аліс (27.2.1847, г. Ковентры, Вялікабрытанія — 21.7.1928),

англійская актрыса. Дэбютавала ў 1856. З 1867 у т-ры «Ліцэум» пад кіраўніцтвам Г.Ірвінга (яе пастаянны партнёр да 1898), у 1902—03 кіраўнік т-ра «Імперыял». Створаныя ёй вобразы вылучаліся эмацыянальнасцю і задушэўнасцю: Афелія, Порцыя, Віёла, Беатрычэ («Гамлет», «Венецыянскі купец», «Дванаццатая ноч», «Многа шуму з нічога» У.​Шэкспіра), Маргарыта («Фауст» І.​Гётэ), Алівія («Алівія» У.​Уілса паводле О.​Голдсміта). Паставіла (з сынам Э.Г.Крэгам) «Ваеўнікі ў Хельгеландзе» Г.​Ібсена (выканала ролю Іордыс) і «Многа шуму з нічога» (1903). Сярод інш. роляў: лэдзі Сесілія («Вяртанне капітана Брэсбаўнда» Б.​Шоу, роля напісана спецыяльна для яе), Эліс Грэй («Эліс-сядзі-каляагню» Дж.​Бары) і інш. Здымалася ў кіно. Апублікавала аўтабіяграфію «Гісторыя майго жыцця» (1908), у 1931 выдадзены цыкл яе лекцый пра Шэкспіра і перапіска з Шоу. Акцёрамі былі і яе сёстры — Кейт Т. (1844—1924), Флорэнс Т. (1854—96), Марыён Т. (1856—1930), брат Фрэд Т. (1863—1933).

т. 16, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

УКРАІ́НСКАЯ НАРО́ДНАЯ РЭСПУ́БЛІКА (УНР). Абвешчана 7(20).11.1917 у Кіеве Укр. цэнтр. радай

(УЦР) як укр. нац. дзяржава ў складзе федэратыўнай Расіі, з 9(22).1.1918 — незалежная дзяржава. 29.4.1918 ген. П.П.Скарападскі пры падтрымцы герм. акупац. войск скінуў УЦР і ліквідаваў УНР, замест якой абвешчана Укр. дзяржава (Гетманшчына). У снеж. 1918 УНР адноўлена Укр. дырэкторыяй. У 1918—20 УНР знаходзілася ў стане процістаяння з РСФСР, Укр. Сацыяліст. Сав. Рэспублікай (УССР) і белагвардз. урадам ген. А.І.Дзянікіна, была ў саюзе з краінамі аўстра-герм. ваен. блоку і Польшчай. У студз.—ліст. 1919 існавала Саборная Украіна — аб’яднанне УНР і Заходнеўкр. Нар. Рэспублікі (створана ў ліст. 1918 у Галіцыі). Паводле Рыжскага мірнага дагавора 1921 амаль усе ўкр. этнічныя землі ўвайшлі ў склад УССР і Польшчы. Урад УНР да 1965 існаваў у эміграцыі пад кіраўніцтвам С.В.Пятлюры (да 1926),

потым А.​Лявіцкага і С.​Вятвіцкага. Больш падрабязна пра УНР гл. ў арт. Цэнтральная рада, Украінскай дырэкторыі ўрад і ў раздзеле Гісторыя арт. Украіна.

т. 16, с. 207

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕАФА́Н ГРЭК (1330—50-я г., Візантыя — паміж 1405—15),

іканапісец, мініяцюрыст, майстар манум. размалёвак. Працаваў у Візантыі і Стараж. Русі. Размалёўваў цэрквы ў Канстанцінопалі, Галаце, Халкедоне, Кафе (Феадосія); на Русі — царкву Спаса на Ільіне ў Ноўгарадзе (1378), у Маскоўскім Крамлі царкву Нараджэння Маці Божай (1395, з Сімяонам Чорным), Архангельскі (1399) і Благавешчанскі (1405; з А.Рублёвым і Прохарам з Гарадца) саборы. Працаваў таксама ў Серпухаве, Ніжнім Ноўгарадзе, магчыма, у Каломне і Пераслаўлі-Залескім. Яму прыпісваюць абразы дэісуснага чына Благавешчанскага сабора ў Маскоўскім Крамлі: «Спас», «Маці Божая Данская», «Іаан Прадцеча» (пры ўдзеле і пад яго кіраўніцтвам выкананы інш. абразы гэтага і святочнага чыноў). Адкрыў у Маскве майстэрню, якая стварала абразы і мініяцюры. Творчасць адметная драматычна-эмацыянальнай трактоўкай вобразаў, дынамічнай кампазіцыяй, стрыманым каларытам, пластычнасцю выяў, падкрэслена смелым і дакладным накладаннем светлавых блікаў.

Літ.:

Алпатов М.В. Феофан Грек. М., 1979;

Вздорнов Г.И. Феофан Грек: Творч. наследие. М., 1983.

Феафан Грэк. Маці Божая Данская. 1390-я г.

т. 16, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЛЁРАЎ Георгій Мікалаевіч (2.3.1913, г. Растоў-на-Доне, Расія — 19.11.1990),

расійскі фізік, адзін са стваральнікаў ядз. энергетыкі. Акад. АН СССР (1968, чл.-кар. 1953). Герой Сац. Працы (1949). Скончыў Ленінградскі політэхн. ін-т (1938). У 1938—41 у Фізіка-тэхн. ін-це і ў 1943—60 у Ін-це атамнай энергіі АН СССР. З 1957 дырэктар Лабараторыі ядз. рэакцый Аб’яднанага ін-та ядз. даследаванняў (г. Дубна Маскоўскай вобл.). Навук. працы па атамнай і ядз. фізіцы, фізіцы касмічных прамянёў. Адкрыў спантаннае дзяленне цяжкіх ядзер (1940, з К.​А.​Петржакам). Распрацаваў метады і стварыў апаратуру для нейтроннага і гама-каратажу нафтавых пластоў. Даследаваў праблемы сінтэзу цяжкіх і звышцяжкіх ядзер, пад яго кіраўніцтвам сінтэзаваны і даследаваны ізатопы хім. элементаў з атамнымі нумарамі 102—107. Дзярж. прэміі СССР 1946, 1949, 1975, Ленінская прэмія 1967.

Тв.:

Синтез и поиск трансурановых элементов. М., 1972 (разам з У.​І.​Кузняцовым).

Літ.:

Г.​Н.​Флеров. Дубна, 1973.

Г.М.Флёраў.

т. 16, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХМЯЛЁЎ Мікалай Паўлавіч (10.8.1901, г. Ніжні Ноўгарад, Расія — 1.11.1945),

расійскі акцёр, рэжысёр. Нар. арт. СССР (1937). З 1919 у 2-й Студыі Маскоўскага Маст. т-ра, з 1924 у Маскоўскім Маст. акад. т-ры (у 1943—45 маст. кіраўнік). У 1932 арганізаваў Тэатр-студыю пад кіраўніцтвам М.​Хмялёва, якая ў 1937 увайшла ў склад Маскоўскага т-ра імя М.​Ярмолавай (у 1937—45 маст. кіраўнік). Яго акцёрскую манеру вылучалі стрыманасць і строгасць, імкненне да паглыбленага псіхал. аналізу, завершанасці сцэн. формы: Аляксей Турб ш («Дні Турбіных» М.​Булгакава), Карэнін («Ганна Карэніна» паводле Л.​Талстога), Тузенбах («Тры сястры» А.​Чэхава) і інш. Паставіў спектаклі «Не было ні гроша, ды раптам шастак» А.​Астроўскага (1934, з Л.​Целяшовай), «Як вам гэта спадабаецца» У.​Шэкспіра (1940), «Дзеці сонца» М.​Горкага (1944, абодва з М.​Кнебель). З 1920 здымаўся ў кіно: «Саламандра» (сав.-ням.), «Пакаленне пераможцаў», «Чалавек у футарале» і інш. Дзярж. прэміі СССР 1941, 1942, 1946.

Літ.:

Новицкий П.И. Хмелев. М., 1964.

т. 17, с. 35

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)