ГАЦЬЕ́ ((Gautier) Тэафіль) (30.8.1811, г. Тарб, Францыя — 23.10.1872),
французскі пісьменнік і крытык. Адзін з буйнейшых прадстаўнікоў рамантызму. Удзельнік парыжскіх літ.-маст. гурткоў, натхняльнік літ. групы «Парнас». У прадмовах да паэмы «Альбертус» (1832) і рамана «Мадэмуазель дэ Мапэн» (1835—36) выступіў супраць утылітарызму ў мастацтве, даў абгрунтаванне тэорыі «мастацтва дзеля мастацтва». Аўтар паэт. зб-каў «Вершы» (1830), «Камедыя смерці» (1838), «Іспанія» (1845), «Эмалі і камеі» (1852), раманаў «Кароль Кандоль» (1844), «Жан і Жанета» (1850), «Раман муміі» (1858), фантаст. аповесцей і апавяданняў («Ноч, падараваная Клеапатрай», 1845; «Мілітона», 1847, і інш.), падарожных нататкаў, у т. л. «Падарожжа ў Расію» (1867). Для яго твораў характэрна сувязь з мастацтвам (з жывапісам і пластыкай у паэзіі, з т-рам у рамане «Капітан Фракас», т. 1—2, 1861—63), выкарыстанне фантастыкі для стварэння «звышнатуральнага» свету і асяроддзя, да якога імкнецца герой, пастаўлены ў рэальныя ўмовы зямнога існавання. Крытычныя працы — «Гратэскі» (1844; пра франц. паэтаў 15—17 ст.), «Гісторыя рамантызму» (выд. 1874). Нарыс пра жыццё і творчасць Ш.Бадлера.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБО́РАЎ (Барыс Абрамавіч) (н. 16.10.1935, Мінск),
бел. мастак. Скончыў Мінскае маст. вучылішча (1954), Маскоўскі маст.ін-т імя В.Сурыкава (1961). Працуе ў станковым жывапісе, графіцы, скульптуры, тэатр.-дэкарацыйным мастацтве. У 1962—80 працаваў у Мінску. Сярод работ: ілюстрацыі да твораў У.Шэкспіра, А.Пушкіна, Ф.Дастаеўскага (залаты медаль у Дрэздэне 1971), А.Уайльда, Р.Барадуліна; жывапісныя творы «Сазопальскія рыбакі», серыя «Стары Талін» (усе 1965), «Палескія музыкі» (1966); дэкарацыі і касцюмы да спектакляў «Тысяча франкаў узнагароды» (1962) В.Гюго, «Мой няшчасны Марат» (1965) А.Арбузава, «Навальніца» (1976) А.Астроўскага — усе для Нац.акад.т-ра імя Я.Купалы. З 1980 у Парыжы. Творчай манеры ўласцівы інтэрпрэтацыя старой фатаграфіі як вобраза мінулага свету, складаная вобразная сістэма, настальгічнасць, выкарыстанне тэхнікі жывапісу па ляўкасе: «Пейзаж з лодкай» (1983), «Вясковая хата» (1986), «Нацюрморт з вазай» (1988), «Дыялог» і «Аголеная ў садзе» (абедзве 1989), «Дзяўчынка і манекены» (1992). Аўтар касцюмаў да спектакляў «Маскарад» (1922) (1992) М.Лермантава, «Лукрэцыя Борджыа» (1994) В.Гюго, «Месяц у вёсцы» (1966) (1996) І.Тургенева — усе для тэатра «Камеды Франсэз» (Парыж).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛАЧЭ́ННЕ,
пакрыццё вырабаў, асобных частак прылад, канструкцый, збудаванняў тонкім слоем золата з дэкаратыўнымі, ахоўнымі і ахоўна-дэкаратыўнымі мэтамі. Выкарыстоўваецца ў ювелірнай і гадзіннікавай вытв-сці, паўправадніковай тэхніцы, ужытковым мастацтве і інш.
Ліставое З. — наклейванне на падрыхтаваную паверхню вырабаў або збудаванняў тонкіх (0,1—0,3 мкм) лістоў золата. Вядома з 3-га тыс. да н.э. (Егіпет), у Кіеўскай Русі пашырылася з 10—11 ст. Ужывалася для аддзелкі палацаў і храмаў. У паліграфіі выкарыстоўваецца для спец. мастацкага друкавання і ціснення пераплётаў. Парашковае З. — нанясенне на выраб, пакрыты клейкім лакам, тонкага слоя залатога парашку. Агнявое З. — пакрыццё метал., звычайна медных, лістоў амальгамай (сплаў золата і ртуці) з наступнай адгонкай ртуці нагрэвам. Другі яго спосаб — нанясенне лаку, у якім ёсць золата, на фарфора-фаянсавыя вырабы. Пры абпальванні лак выгарае, а залатое покрыва застаецца. З. плакіроўкай — гарачая пракатка лістоў золата з лістамі інш. металу або валачэнне метал. пруткоў, абкручаных лістамі золата. Гэтым спосабам вырабляюць біметал для карпусоў гадзіннікаў і інш.Гальванічнае З. (выкарыстоўваецца з сярэдзіны 19 ст.) робіцца пераважна ў цыяністых залатых электралітах метадам электралітычнага асаджэння. З. катодным распыленнем пашырана пры вытв-сці фотаэлементаў і інш. З. наз. таксама пакрыццё прадметаў рэчывамі залацістага колеру.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛАРЫ́Т (італьян. colorito ад лац. color колер, афарбоўка) у выяўленчым мастацтве (пераважна ў жывапісе), сістэма колеравых спалучэнняў, якая ўтварае візуальнае адзінства твора і з’яўляецца эстэт. ператварэннем колеравай разнастайнасці рэчаіснасці; важны кампанент маст. вобраза і сродак эстэт. і эмацыянальнай выразнасці. Характар К. залежыць ад віду мастацтва, матэрыялу і функцыі твора, звязаны з яго зместам, эпохай, стылем, індывідуальнасцю майстра. Гістарычна склаліся 2 каларыстычныя тэндэнцыі. Адна заснавана на выкарыстанні спалучэнняў лакальных колераў, часта звязана з сімвалічным значэннем колеру (напр., у іканапісе); другой характэрна імкненне да найб. поўнай перадачы колеравага багацця рэчаіснасці, выкарыстанне тону, валёру і рэфлексу.
Паводле характару колеравых спалучэнняў адрозніваюць К. халодны (пераважаюць сінія, зялёныя, фіялетавыя тоны), цёплы (больш чырвоных, жоўтых, аранжавых тонаў), спакойны, напружаны; паводле насычанасці і сілы колеру — яркі, стрыманы, бляклы і інш. У залежнасці ад насычанасці святлом К. можа быць светлым або цёмным: раўнамерная асветленасць характэрна для К. італьян. майстроў Ранняга Адраджэння, агульнае зацяненне — для жывапісу Тыцыяна і Рэмбранта, пранізанасць адлюстравання святлом — для твораў імпрэсіяністаў (гл.Імпрэсіянізм) і г.д. Сярод бел. мастакоў-каларыстаў: В.Бялыніцкі-Біруля, М.Тарасікаў, В.Цвірка, І.Ахрэмчык і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІНАГРАВЮ́РА, лінарыт,
пукатая гравюра на лінолеуме або падобных да яго палімерна-пластычных матэрыялах; адна з тэхнік эстампа. Паводле тэхнікі і маст. сродкаў блізкая да тарцовага дрэварыту. Узнікла ў пач. 20 ст. Спецыфічныя якасці Л. (лаканізм маст. мовы, рэзкія кантрасты чорнага і белага, сакавіты і маляўнічы штрых, які атрымліваецца дзякуючы мяккасці матэрыялу, магчымасць выкарыстоўваць вял. памер аркуша і каляровы друк, высокая тыражнасць) і параўнаўчая прастата выканання абумовілі яе вял. пашырэнне. У тэхніцы Л. працавалі А.Матыс, П.Пікасо (Францыя), Ф.Мазерэль (Бельгія), П.Нільсен (Данія), Э.Пакард, Б.Рэндал (ЗША), Л.Мендэс (Мексіка), Дз.Мітрохін, У.Фаворскі (Расія) і інш. У бел.мастацтве развіваецца з 1920-х г. (А.Астаповіч, І.Гембіцкі, Г.Змудзінскі, М.Тарасікаў, А.Тычына, С.Юдовін, мастакі Зах. Беларусі Я.Горыд, Я.Драздовіч, П.Сергіевіч, М.Сеўрук). Сярод бел. майстроў 1950—90-х г. Л.Асецкі, М.Басалыга, Я.Бусел, П.Герасімовіч, С.Герус, М.Гуціеў, А.Ільіноў, А.Кашкурэвіч, Я.Кулік, М.Купава, Ю.Кухараў, Г.Лойка, А.Лось, М.Макаранка, Р.Маліноўскі, В.Мікіта, А.Паслядовіч, С.Раманаў, У.Садзін, В.Ткачук, Ю.Тышкевіч, У.Хмызнякоў, В.Шаранговіч і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МСЦІ́ЖСКАЕ ЕВА́НГЕЛЛЕ,
рукапісны помнік 13—14 ст. Напісаны царк.-слав. мовай уставам у 2 слупкі, па 24 радкі ў слупку, на 187 пергаментных аркушах. Уключае пачаткі тэкстаў евангелляў ад Іаана, Матфея, Лукі, чытанні ад Марка, Лукі і Іаана (уперамежку), саборнік (паказальнік евангельскіх чытанняў па святах). На палях зроблены надпісы 16 ст.: зачыны асобных евангелляў і інш. У М.е. змешчаны 1 застаўка і каля 350 ініцыялаў, выкананых пераважна ў тэраталагічным стылі. Асобныя ініцыялы маюць жанравы характар. На адным з іх (літара «В») адлюстраваны селянін з рыдлёўкай — адна з першых у бел.мастацтве выяў працы. Аздобы выкананы 4 колерамі: сінім, чырвоным, зялёным, жоўтым. На сярэбраных пласцінках скуранога пераплёту выгравіраваны выявы евангелістаў і Хрыста на крыжы. На 1-й і апошняй старонках у 16 ст. зроблены запісы пра тое, што мінскі бурмістр Васіль Лах ахвяраваў гэты экзэмпляр царкве св. Юр’я ў Мсціжы (Барысаўскі р-н Мінскай вобл.). Зберагаецца ў б-цы АН Літвы.
Літ.:
Добрянский Ф. Описание рукописей Виленской публичной библиотеки, церковнославянских и русских. Вильна, 1882;
Соболевский А.И. История русского литературного языка. Л., 1980;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
жанр
(фр. genre)
1) гістарычна выпрацаванае ўнутранае падраздзяленне ва ўсіх відах мастацтва з уласцівымі яму мастацкімі асаблівасцямі, напр. у літаратуры — раман, паэма, камедыя і інш., у музыцы — сімфонія, кантата, песня і інш., у выяўленчым мастацтве — партрэт, пейзаж, нацюрморт і інш.;
2) жывапіс на бытавыя сюжэты.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
франта́льны
(фр. frontal, ад лац. frontalis)
1) накіраваны ў бок фронту, лабавы (напр. ф-ая атака, ф. удар);
2) размешчаны ў пярэдняй частцы чаго-н. (напр. ф-ая сцяна);
3) звернуты тварам да гледача (у выяўленчым, тэатральным мастацтве);
3) перан. агульны, адначасовы для ўсіх.
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
франта́льны
(фр. frontal, ад лац. frontalis)
1) накіраваны ў бок фронту праціўніка (гл.фронт 2); лабавы (напр. ф. удар);
2) размешчаны ў пярэдняй частцы чаго-н. (напр. ф-ая сцяна);
3) звернуты тварам да гледача (у выяўленчым, тэатральным мастацтве);
4) перан. агульны, адначасовы для ўсіх (напр. фае апытванне).
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
АЎТАПАРТРЭ́Т (ад аўта... + партрэт),
выява (вобраз) мастака, выкананая ім самім; разнавіднасць партрэта. Выконваецца звычайна з дапамогай люстэрка, фотаздымка, па ўяўленні. Адлюстроўвае не толькі вонкавае падабенства, але і раскрывае ўнутраны свет мастака, яго схільнасці, погляды.
Вядомы з антычнасці (Фідый) і сярэднявечча. Пашыраны ў творчасці мастакоў Адраджэння (Рафаэль, А.Дзюрэр). Аўтапартрэт маньерызму (16 ст.) характарызуецца ўскладненасцю вобразнай структуры. Аўтапартрэт 17 ст. мае спавядальны характар, у ім раскрываецца сац. аблічча мастака (Н.Пусэн, П.П.Рубенс, Рэмбрант). У аўтапартрэце 18 ст. падкрэсліваліся і рысы прыватнага жыцця мастака (Ж.Б.Шардэн, Дж.Рэйналдс). Істотнае месца займаў аўтапартрэт у мастацтве рамантызму, прадстаўнікі якога сцвярджалі каштоўнасць творчай асобы і яе багатага духоўнага жыцця. На мяжы 19—20 ст. жанр аўтапартрэта часта выбіраецца для адлюстравання ўласнага светаўспрымання і жывапіснай канцэпцыі мастака (П.Сезан, В. ван Гог, М.Урубель). У 20 ст. вобразна-кампазіцыйны кірунак аўтапартрэта значна ўскладніўся.
У бел.выяўл.мастацтве першыя спробы аўтапартрэта, верагодна, звязаны з Ф.Скарынам і яго малюнкамі для гравюр у шэрагу выданняў. Жывапісныя аўтапартрэты з’явіліся ў 2-й пал. 18 ст. У 19 ст. выдатныя аўтапартрэты стварылі К.Альхімовіч, В.Ваньковіч, Я.Дамель, Я.Кругер, Ю.Пешка, А.Ромер, К. і Б.Русецкія, Н.Сілівановіч, Ф.Смуглевіч, Я.Сухадольскі; на пач. 20 ст. — Ю.Пэн, Ф.Рушчыц, М.Шагал. Аўтапартрэты 1920—30-х г. адметныя імкненнем спасцігнуць самога сябе (П.Гаўрыленка, П.Сергіевіч, М.Тарасікаў). У 1940—60-я г. ствараліся традыцыйныя аўтапартрэты, у якіх асн. ўвага аддавалася вонкаваму абліччу (І.Ахрэмчык, В.Грамыка, Н.Воранаў, Р.Кудрэвіч, Л.Лейтман, М.Манасзон, Ф.Мадораў, П.Раманоўскі, М.Тарасікаў, У.Кухараў). У 1970-я г. да аўтапартрэта звярталіся Г.Вашчанка, В.Варламаў, Н.Варвановіч, В.Грамыка, Л.Дударанка, Г.Лойка і інш. У 1980-я г. ў жанры аўтапартрэта з’яўляюцца творы са складаным прадметна-прасторавым асяроддзем, інтэлектуальныя, «маскарадныя», калі мастак выступае ў пэўным амплуа (Ф.Янушкевіч, Г.Ціхановіч). Часам тэматычнай асновай аўтапартрэтаў становяцца ўспаміны мастака, роздум над жыццём, уласныя думкі і ідэі (М.Савіцкі «Вязень № 32815», Г.Вашчанка «Роздум», В.Сумараў «Мой свет», М.Селяшчук «Датычнасць») або аўтапартрэт уводзіцца ў сюжэтныя кампазіцыі, тэматычныя ці групавыя партрэты (Л.Шчамялёў «Нядзеля», Э.Белагураў «Сямейны партрэт», І.Бархаткоў «Бацька і сын»). Сучасны перыяд развіцця аўтапартрэта адметны імкненнем да шматмернасці вобраза, узмацнення псіхал. асновы, філас. падтэксту.
Літ.:
Зингер Л.С. Автопортрет в системе жанров // Зингер Л.С. Очерки теории и истории портрета. М., 1986;
Яго ж. Автопортрет в советской живописи. М., 1986.
М.І.Цыбульскі.
Да арт.Аўтапартрэт. А.Дзюрэр. 1500.Да арт.Аўтапартрэт. Г.Серабракова. За туалетам. 1909.Да арт.Аўтапартрэт. В.Ваньковіч. 1880-я г.Да арт.Аўтапартрэт. Л Дударанка. 1982.