БІ́РЖА (ням. Börse ад грэч. byrsa кашалёк),

форма рэгулярна дзеючага аптовага рынку заменных тавараў, каштоўных папер і замежнай валюты. Адпаведна бываюць таварныя біржы, фондавыя біржы і валютныя біржы. Сама біржа не выступае ў якасці аднаго з бакоў у гандл. аперацыях, а толькі забяспечвае найб. спрыяльныя ўмовы для гэтых аперацый: устанаўлівае для ўсіх удзельнікаў агульныя прынцыпы заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння здзелак, распрацоўвае адзіныя правілы і нормы для заключэння кантрактаў і прадастаўляе месца для іх заключэння ў пэўны час. Членамі біржы могуць быць толькі пэўныя асобы, у т. л. давераныя прадстаўнікі кампаній. Кіруе біржай савет дырэктараў, якому падначалены розныя камітэты (фін., арбітражны і інш.). Пасрэднікам паміж пакупнікамі і прадаўцамі выступаюць брокеры — пэўныя асобы ці фірмы (брокерскія канторы). Біржавыя органы ажыццяўляюць біржавую каціроўку — рэгіструюць курс валют і каштоўных папер, цэнаў на тавары, што стыхійна склаліся на біржы. Кожная біржа вядзе ўлік і сістэматызацыю такіх каціровак і публікуе іх у спец. бюлетэнях. Біржавая каціроўка — адзін з паказчыкаў біржавай кан’юнктуры, індыкатар дзелавой актыўнасці ў розных сектарах эканомікі.

Зачаткі таварнай і вэксальнай (валютнай) біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у гарадах Італіі (Венецыя, Генуя, Фларэнцыя). Важнымі этапамі ў развіцці біржавага гандлю стала заснаванне Антверпенскай (1531) і Амстэрдамскай (1608) біржаў. У Расіі першая біржа засн. ў 1705 у Санкт-Пецярбургу. Росквіт біржавай дзейнасці прыпадае на 2-ю пал. 19 ст. і звязаны з развіццём капіталіст. вытв-сці, транспарту, сувязі, гандлю і акц. т-ваў. На сучасным этапе пераважная частка біржавага абароту сканцэнтравана ў вядучых гандл. і фін. цэнтрах ЗША, Вялікабрытаніі і Японіі (больш за 90% аб’ёму біржавых здзелак з таварамі ў вартасным выражэнні, з іх больш за 80% прыпадае на ЗША, дзе знаходзіцца гіганцкая фондавая біржа ў Нью-Йорку).

На Беларусі ў пач. 20 ст. існавалі 2 біржы, якія спынілі дзейнасць у 1-ю сусв. вайну. У 1920-я г. біржавы гандаль аднавіўся, але ў 1927 ліквідаваны. Аднаўленне біржы як адной з найважнейшых структур рыначнай эканомікі пачалося ў 1991.

т. 3, с. 155

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРМО́НІЯ ў музыцы,

1) сістэмна арганізаваныя сродкі муз. выразнасці, якія грунтуюцца на заканамерным аб’яднанні тонаў у сугуччы і заканамернай сувязі сугуччаў. Пад сугуччам у сучаснай тэорыі музыкі разумеюць лагічна дыферэнцыраваныя гукавыя спалучэнні, якія маюць у муз. кантэксце пэўную маст. выразнасць. У паслядоўнасці сугуччаў і іх суадносінах выяўляецца значэнне кожнага з іх у ладзе (ладавая функцыя), абумоўленае заканамернасцямі пэўнай ладава-гарманічнай сістэмы. Кожнае сугучча ў залежнасці ад яго інтэрвальнага (гл. Інтэрвал) складу, падваення тонаў, іх размяшчэння, рэгістра, дынамікі і інш. мае спецыфічны характар гучання — фанізм. Асн. тып сугучча — акорд. У падзеле акордаў на кансанансы і дысанансы, устойлівыя і няўстойлівыя адлюстраваны 2 бакі адной з’явы — акустычны і ладавы. Паміж кансанантнасцю і ўстойлівасцю, дысанантнасцю і няўстойлівасцю ў класічнай гармоніі існуе прынцыповая сувязь, якая абумоўлівае існаванне лада і функцыянальнасць акордаў. Гармонія ахоплівае таксама суадносіны танальнасцей і ладоў. Рух галасоў (голасавядзенне) падпарадкаваны пэўным правілам, выпрацаваным у шматгалосай музыцы гамафоннага і поліфанічнага складу. Функцыянальна і каларыстычна асэнсаваная паслядоўнасць акордаў, танальнасцей, ладоў, рытм іх змены (адхіленні, мадуляцыі, кадэнцыі, секвенцыі, гарманічнае вар’іраванне і інш.) — адна з неабходных умоў формаўтварэння ў музыцы (гл. Форма музычная). Вобразна-маст. значэнне гармоніі раскрываецца ва ўзаемадзеянні з мелодыяй, метрарытмам і інш. кампанентамі муз. мовы, з якімі гармонія ўтварае пэўны муз. стыль (эпохі, кірунку, кампазітара, асобнага твора і інш.). На гармонію ўплывае таксама інтанацыйны склад пэўнай нац. музыкі, вызначаючы яе нац. характэрнасць. Сутнасць і ўспрыняцце гармоніі эвалюцыяніруе ў працэсе творчай практыкі.

2) Навуковая і навуч. дысцыпліна, якая вывучае гісторыю вучэнняў пра гармонію, класічныя і сучасныя яе сістэмы, прадугледжвае практычнае авалоданне тэхнікай гарманізацыі і інш. сродкамі выразнасці, уласцівымі гармоніі.

Літ.:

Шевалье Л. История учений о гармонии: Пер. с фр. М., 1931;

Тюлин Ю.Н. Учение о гармонии. 3 изд. М., 1966;

Скребков С.С. Гармония в современной музыке: Очерки. М., 1965;

Холопов Ю.Н. Очерки современной гармонии: Исслед. М., 1974;

Яго ж. Гармония: Теорет. курс. М., 1988;

Гуляницкая Н.С. Введение в современную гармонию. М., 1984.

Т.​А.​Дубкова.

т. 5, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАГРА́ФІЯ ГІСТАРЫ́ЧНАЯ,

галіна ведаў, якая вывучае геаграфію гіст. мінулага асобных краін або тэрыторый. Мае непасрэдныя сувязі з гісторыяй, археалогіяй, тапанімікай, з’яўляецца навук. базай картаграфіі гістарычнай. У фізічнай геаграфіі вывучае прыродныя ўмовы, іх змены і ўплыў на гіст. працэс; у эканамічнай — асваенне чалавекам розных тэрыторый, станаўленне і развіццё гаспадаркі, гандлю, шляхоў зносін; у палітычнай — фарміраванне тэрыторыі дзяржаў, адм.-тэр. падзелу, месцазнаходжанне стараж. населеных пунктаў, месцы гіст. падзей, маршруты ваен. паходаў і інш.; у раздзеле насельніцтва — міграцыі, размяшчэнне народаў, колькасны і нац. склад.

Метад спалучэння геаграфіі з гісторыяй вядомы з далёкай старажытнасці (Герадот, Страбон, Пталамей), пазней — у араб. географаў і гісторыкаў, у стараж. летапісах і хроніках Усх. Еўропы. У Расіі геаграфія гістарычная звязана з імем В. М.Тацішчава. У 19 — пач. 20 ст. ў гэтай галіне працавалі М.​П.​Барсаў, Я.​Я.​Замыслоўскі, М.К.Любаўскі (для гісторыі Беларусі) і інш. Пра бел. землі ў сярэдневякоўі пісалі С.​Старавольскі і М.​Цойлер, у эпоху асветніцтва — Т.​Вага і А.​Бюшынг. Спец. працы з сістэматызаваным падыходам да пытанняў геаграфіі гістарычнай ВКЛ і Рэчы Паспалітай стваралі ў 19 ст. М.Балінскі, Я.Тышкевіч, І.Лялевель, З.Глогер. Гэты перыяд завяршыў фундаментальны шматтомны «Геаграфічны слоўнік Каралеўства Польскага і іншых славянскіх краін» (1880—90). У СССР гал. кірункі паліт. геаграфіі распрацоўваў В.К.Яцунскі. Яго ідэі развівалі Л.​Р.​Бяскроўны, Л.​А.​Гольдэнберг, Ф.​А.​Шыбанаў, І.​П.​Шастольскі, В.​С.​Жэкулін. Асобныя моманты геаграфіі гістарычнай Беларусі раскрыты ў працах Я.Ф.Карскага, У.І.Пічэты, У.М.Ігнатоўскага і інш. Бел. вучоныя распрацоўваюць таксама пытанні этнічнай гісторыі насельніцтва Беларусі, гіст.-геагр. метады даследавання ў археалогіі і тапаніміцы (В.​В.​Сядоў, В.​А.​Жучкевіч). Курс геаграфіі гістарычнай выкладаюць на гіст. факультэтах ун-таў і пед. ін-таў; пры аддзеле спец. гіст. навук Ін-та гісторыі АН Беларусі ў 1992 створана група па геаграфіі гістарычнай і картаграфіі.

Літ.:

Яцунский В.К. Историческая география: История ее возникновения и развития в XIV—XVIII вв. М., 1955;

Жучкевич В.А. Дорога и водные пути Белоруссии: Ист.-геогр. очерки. Мн., 1977;

Ермаловіч М.І. Па слядах аднаго міфа. 2 выд. Мн., 1991;

Пилипенко М.Ф. Возникновение Белоруссии: Новая концепция. Мн., 1991.

Л.​Р.​Казлоў.

т. 5, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІНСТЫТУ́Т МОВАЗНА́ЎСТВА імя Я.​Коласа Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Засн. ў 1929 у Мінску на базе мовазнаўчых падраздзяленняў Інстытута беларускай культуры. У 1935 рэарганізаваны разам з інш. гуманіт. ін-тамі ў Ін-т л-ры, мастацтва і мовы, у 1952 створаны нанова, імя Я.​Коласа прысвоена ў 1956. Аддзелы (1998): сучаснай бел. мовы; лексікалогіі і лексікаграфіі; гісторыі бел. мовы; дыялекталогіі і лінгвагеаграфіі; слав. і тэарэт. мовазнаўства; бел.-рус. моўных сувязей. Аспірантура (з 1931), дактарантура (з 1986). Асн. кірункі навук. даследаванняў: праблемы гісторыі і тэорыі бел. мовы, параўнальна-гіст. і параўнальна-тыпалагічнае вывучэнне слав. моў.

Ін-т выдаў працы: «Беларуская граматыка, марфалогія» (1936), «Курс сучаснай беларускай мовы: Фанетыка, марфалогія, лексіка» (1940), «Руска-беларускі слоўнік» (1953), «Беларуска-рускі слоўнік» (1962), «Граматыка беларускай мовы» (т. 1—2, 1962—66), «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы», «Руска-беларускі слоўнік грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (абедзве 1970), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (т. 1—5, 1977—84), «Беларуская граматыка» (ч. 1—2, 1985—86), нарматыўны «Слоўнік беларускай мовы» (1987), «Беларуска-рускі слоўнік» (т. 1—2, 2-е выд. 1988—89), «Руска-беларускі слоўнік» (т. 1—3, 6-е выд. 1995), «Тлумачальны слоўнік беларускай мовы» (5-е выд. 1996) і інш. Працягваецца выданне «Этымалагічнага слоўніка беларускай мовы» (т. 1—8, з 1978), «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—16, з 1982), «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, з 1993). Дзярж. прэмія СССР 1971 за працы «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы» (1963), «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (ч. 1—2, 1968—69). З 1972 выдае штогоднік «Беларуская лінгвістыка».

Каардынуе даследчую работу мовазнаўчых кафедраў вышэйшых навуч. устаноў рэспублікі. У ін-це працавалі акадэмікі АН Беларусі М.В.Бірыла, П.Ф.Глебка, М.М.Дурнаво, К.Крапіва (К.​К.​Атраховіч), І.Ю.Лёсік, С.М.Некрашэвіч, чл.-кар. Ю.Ф.Мацкевіч, М.Р.Суднік; працуюць акадэмік Нац. АН Беларусі А.І.Падлужны (дырэктар з 1994), чл.-кар. А.М.Булыка, А.І.Жураўскі.

Літ.:

Жураўскі А.І., Крывіцкі А.А. Беларускае мовазнаўства ў Акадэміі навук БССР. Мн., 1979;

Акадэмія навук Беларускай ССР. Мн., 1979.

А.​А.​Лукашанец.

т. 7, с. 270

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),

расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1826). З 1817 ген.-інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л. Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл. Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;

Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

Мікалай I.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІФАГАРЭІ́ЗМ,

філасофская плынь у ант. філасофіі 6—4 ст. да н.э., якая прызнавала лік як формаўтваральны прынцып усяго існага. Паўплывала на погляды Платона і неаплатанізм. Умоўна вылучаюць ранні П. (апошняя трэць 6—1-я пал. 5 ст. да н.э.), сярэдні П. (сярэдзіна — 2-я пал. 5 ст. да н.э.) і позні П. (1-я пал. 4 ст. да н.э.). Ранні П. звязваюць з арганізаваным Піфагорам у г. Кратоне піфагарэйскім «агульным таварыствам» (саюзам — навук,філас. згуртаваннем аднадумцаў (Парменікс, Перкопс, Алкмеон, Гіпас і інш.). Ранні П. зрабіў значны ўклад у распрацоўку прыродазнаўчанавуковых, матэматычных ведаў і пераадоленне міфалагічных поглядаў на Сусвет. У філас. плане ён зыходзіў з уяўлення аб ліку як «самым мудрым» і пануючым над усімі рэчамі. Быў выпрацаваны цэласны комплекс маральных норм, прынцыпаў узаемаадносін людзей у суполках. Піфагарэйцы распрацоўвалі тэорыю музыкі, праблемы матэматыкі і астраноміі, выводзілі сістэму ведаў пра свет як сукупнасць разгорнутых лікавых вызначэнняў (1 — абсалютнае, 2 — яго неаформленае, патэнцыяльнае раздзяленне, 3 — абстрактная і 4 — канкрэтная аформленасць абсалютнага і г.д.). У іерархіі каштоўнасцей на 1-е месца пастаўлена прыгожае і добрапрыстойнае; потым ішло выгаднае і карыснае, прыемнае. На рубяжы 6—5 ст. да н.э. адбыліся антыпіфагарэйскія паўстанні, а ў сярэдзіне 5 ст. да н.э. Італійскі цэнтр П. разгромлены, яго прыхільнікі перасяліліся ў Тарэнт, Фівы, Фліунт і інш. Сярэдні П. звязаны з імёнамі Філалая (ведаў геаметрыю, астраномію, музыку, пакінуў шмат вынаходстваў), Эўрыта, батаніка Менестара, матэматыка Феадора, касмолагаў Экфанта і Гікета, скульптараў Паліклета і Гіпадама з Мілета У познім П. навук. веды канчаткова аддзяляліся ад філасофіі. Найб. вядомы яго прадстаўнік Архіт Тарэнцкі, матэматык і механік. У 4 ст. да н.э. П. як самастойная філас. плынь перастаў існаваць, але яго ідэі працягвалі ўплываць на грамадскую думку і светапогляд многіх мысліцеляў. У 1—3 ст. н.э. ідэі П. адрадзіліся ў выглядзе неапіфагарэізму.

Літ.:

Лосев А.Ф. История античной эстетики (ранняя классика). М., 1963;

Фрагменты ранних греческих философов. Ч. 1. М., 1989;

Чанышев АН. Курс лекций по древней и средневековой философии. М., 1991.

Т.​Л.​Адула.

т. 12, с. 392

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПО́ЛЬСКАЯ МО́ВА,

адна з заходнеславянскай групы славянскіх моў, мова палякаў, дзярж. мова Польшчы. Мае 5 дыялектаў: велікапольскі, малапольскі, мазавецкі, шлёнскі, або сілезскі, кашубскі.

У фанетыцы: захаванне насавых [о], [э]; адсутнасць рэдукцыі галосных; чаргаванні ’e—’o, ’e—’a, ę—ą, ’er—’ar і інш.; палаталізаваныя зычныя p’, b’, m’, f’, v’; палатальныя n’, l’, j’, c’, dz’, s’, z’, k’, g’, ch’, якім (апрача j) адпавядаюць цвёрдыя; замена t’, d’, r’ на c’, dz’ rz’; наяўнасць альвеалярнага l (перад a, o, e, u і зычнымі) побач з цвёрдымі ł ([ł] або [u]) і мяккім l’ (у спалучэнні li); 8 шыпячых зычных; сталы націск на перадапошнім складзе. У марфалогіі: ужыванне асабовых паказчыкаў у 1-й і 2-й асобах адз. л. прошлага часу ў дзеясловах miałem — «я меў», miałeś — «ты меў», miał — «ён меў»; наяўнасць энклітык і праклітык; ужыванне дзеяслоўнай звязкі być («быць») у цяперашнім часе. П.м. флектыўная, мае 7 склонаў (з клічным), 2 лікі, 3 роды (у мн. л. — 2 з-за катэгорыі адушаўлёнасці-неадушаўлёнасці мужчынскай асобы); 3 скланенні з 5 маюць мяккую і цвёрдую разнавіднасці; дзеясловам уласцівы катэгорыі трывання, часу, стану, ладу, асобы, ліку, дзеяслоўным формам і дзеепрыметнікам на ł — катэгорыі роду і асобы-неасобы. У сінтаксісе — асаблівы парадак слоў: група дзейніка стаіць перад групай выказніка, дапасаванае азначэнне ва ўстойлівых зваротах знаходзіцца пасля азначаемага слова і інш. Узбагачэнне лексікі адбывалася за кошт запазычанняў з лац., ням., італьян., франц., рус. (асабліва пасля 2-й сусв. вайны), а таксама бел. моў (duha — «дуга», boćwina — «бацвінне», borowik — «баравік» і інш.). У бел. лексіку трапіла шмат запазычаннях з П.м. (гл. Паланізм).

Літ. мова склалася на аснове велікапольскіх, малапольскіх і, пазней, мазавецкіх гаворак. Найб. прынятая перыядызацыя літ. мовы: старапольскі (сярэдзіна 12 — пач. 16 ст.), сярэдняпольскі (пач. 16 — сярэдзіна 18 ст.), навапольскі (з сярэдзіны 18 ст. — 1945), сучасны польскі перыяды. Пісьменства з 13 ст.: рэліг. песня «Багародзіца», Свентакшыскія казанні, Фларыянскі псалтыр (14 ст.) на аснове лацінскага алфавіта.

Літ.:

Тихомирова Т.С. Курс польского языка. М., 1988;

Кіклевіч А.К., Кожынава А.А., Кур’ян І.У. Польская мова. Мн., 2000.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 12, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РОД І ВІД у логіцы,

паняцці, якія служаць для выражэння адносін падпарадкавання. Усякае лагічнае паняцце можа быць адначасова відам (у адносінах да больш агульнага паняцця) і родам (у адносінах да паняцця менш агульнага). Напр., паняцце «службовае злачынства» — род у адносінах да паняцця «службовы падлог» і ў той жа час від у адносінах да паняцця «злачынства»; паняцце «дзяржава» — відавое паняцце ў адносінах да паняцця «палітычная арганізацыя грамадства», якое з’яўляецца родавым у адносінах да паняцця «дзяржава». Родавых паняццяў не існуе толькі для гранічна шырокіх класаў — катэгорый, якія ўжо не ўваходзяць у склад больш шырокага класа. Калі ў адносінах падпарадкавання знаходзяцца агульнае і адзінкавае (індывідуальнае) паняцці, то агульнае паняцце (тое, што падпарадкоўвае) з’яўляецца відам, а адзінкавае (падпарадкаванае) — індывідам. У такіх адносінах, напр., знаходзяцца паняцці «гісторык-славіст» і «У.​І.​Пічэта». Такім чынам, паняцце А з’яўляецца родам у адносінах да паняцця Б, калі А можа быць утворана ў выніку абагульнення Б; паняцце Б. з’яўляецца відам паняцця А, калі Б можа быць утворана ў выніку абмежавання А і вылучэння агульных прыкмет у індывід. паняццях і само мае агульныя прыкметы з інш. відавымі паняццямі. У розных навуках шырока выкарыстоўваецца лагічная аперацыя вызначэння паняццяў праз род і відавое адрозненне. Так, у тэорыі дзяржавы і права даецца вызначэнне паняцця «рэспубліка»: рэспубліка — форма праўлення (род), пры якой вышэйшая дзярж. ўлада належыць выбраным на пэўны тэрмін прадстаўнічым органам (відавое адрозненне). Узаемасувязь відавых і родавых паняццяў адлюстроўвае ў свядомасці аб’ектыўную ўзаемасувязь Р. і в. ў прыродзе і грамадстве. Устаноўленыя ў логіцы прынцыпы ўзаемадзеяння Р. і в. выкарыстоўваюцца ў шэрагу тэорый. Напр., у сістэматызацыі раслін і жывёл, дзе паняцце «род» ахоплівае групу роднасных відаў, а паняцце «від» характарызуе агульнасць роднасных паміж сабой індывідаў, пэўныя прыкметы якіх, застаючыся адносна нязменнымі, супадаюць (гл. Від, Сістэматыка).

Літ.:

Ковальски Р. Логика в решении проблем: Пер. с англ. М., 1990;

Арно А., Николь П. Логика, или Искусство мыслить: Пер. с фр. М., 1991;

Брюшинкин В.Н. Практический курс логики для гуманитариев.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 13, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ле́гчы сов., в разн. знач. лечь; (умереть; покрыть собой что-л. — ещё) пасть;

л. на кана́пу — лечь на дива́н;

снег лёг на зямлю́ — снег лёг на зе́млю;

учо́ра я лёг по́зна — вчера́ я лёг по́здно;

л. ў пасце́ль — лечь в посте́ль;

на бало́та лёг тума́н — на боло́то пал тума́н;

снара́ды ляглі́ па той бок ракі́ — снаря́ды легли́ по ту сто́рону реки́;

кло́пат лёг на яго́ — забо́та легла́ на него́;

самалёт лёг на курс — самолёт лёг на курс;

ён лёг у апо́шнім баі́ — он лёг (пал) в после́днем бою́;

○ л. ў дрэ́йф — лечь в дрейф;

◊ л. касцьмі́ — лечь костьми́;

л. на душу́ — лечь на́ душу;

л. на сэ́рца — лечь на се́рдце;

л. ў асно́ву — лечь в осно́ву;

л. ў зямлю́ (у магі́лу) — лечь в зе́млю (в моги́лу);

л. пад нож — лечь на опера́цию;

ка́менем л. — ка́мнем лечь

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

Асі́лак ’міфалагічная істота, волат; чалавек вялікай фізічнай сілы’. Рус. сіб. осилок ’сілач’, польск. osiłek ’тс’ (паводле Карловіча «з Літвы»). Пра міфалагічных асілкаў гл. Л. Бараг, Беларуская казка, Мн., 1969, 71–91. Можна лічыць слушным аднясенне слова асілак да ўласнабеларускай лексікі (Курс суч., 147). Этымалагічна няясна. Сувязь з дзеясловам асіліць (параўн. ст.-польск. usilca ’гвалціцель, грабіцель’) няпэўная насуперак «відавочнасці» па прычыне няяснасці ў гэтым выпадку словаўтваральнага тыпу (словы на ‑ак з ‑ъкъ ці ‑окъ, якія ўтвораны ад дзеясловаў, не абазначаюць звычайна жывыя істоты, хаця параўн. некаторыя агентыўныя словы ст.-рус. съвѣдъкъ, рус. подпи́лок, напилок; ездо́к, едо́к, седо́к маюць іншы націск, а парабак, падробак — іншае словаўтварэнне). Іванаў–Тапароў (Бел. лекс., 59) звязваюць асілак з асла ’камень’ і ўсёй індаеўрапейскай групай слоў тыпу ст.-ісл. hamarr ’молат’, ст.-іранск. asman ’неба’, ст.-інд. aśman ’камень’, што патрабуе ўдакладненняў. Мартынаў–Міхневіч («Маладосць», 1970, 7, 149) высоўваюць гіпотэзу пра сувязь слова асілак з балг. осил ’асцюк’, гоцк. ahs ’колас’, лічачы такое семантычнае развіццё паралельным бел. волат і валотка, ням. Riese ’волат’ і Reis ’парастак’, што выклікае пярэчанні, бо ў гэтым выпадку недастаткова тлумачыцца частка ‑іл‑, а памяншальная семантыка ‑ъкъ ці ‑окъ таксама патрабуе тлумачэнняў у сувязі з семантыкай ’волат’. Застаецца няясным пры гэтым, як тлумачыць выпадзенне элемента ‑t‑ (параўн. ‑ц‑ у асцюк).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)