КАРДО́ЎСКІ ХАЛІФА́Т,
мусульманская дзяржава на Пірэнейскім п-ве ў 929—1031. Засн. апошнім эмірам Кардоўскага эмірата Абдарахманам III з дынастыі Амеядаў, які значна пашырыў і ўмацаваў тэр. дзяржавы і абвясціў сябе халіфам (929). Сталіца — г. Кордава. Быў цэнтралізаванай дэспатыяй, у якой панавалі араба-берберская і частка мясц. ісламізаванай знаці; аснову эканомікі складала буйное землеўладанне. Найб. росквіту дасягнуў у 2-й пал. 10 ст. (развіццё рамёстваў, сельскай гаспадаркі, суднабудавання і знешняга гандлю, рост гарадоў). Меў значныя армію і флот, якія атрымалі шэраг перамог над каралеўствам Леон і інш. хрысц. дзяржавамі на Пн паўвострава. Міжусобныя войны ў пач. 11 ст., што суправаджаліся спусташэннямі і разбурэннем многіх гарадоў, і спыненне ў 1031 дынастыі Амеядаў прывялі да распаду К.х.
т. 8, с. 66
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРТЛІ́ЙСКАЕ ЦА́РСТВА,
дзяржава ва Усх. Грузіі на тэрыторыі гіст. вобласці Картлі ў 2-й пал. 15—18 ст. Узнікла ў выніку распаду адзінага Груз. царства. Сталіца — г. Тбілісі. Аснова эканомікі — натуральная гаспадарка. Падзялялася на паўсамаст. адзінкі — сатавада. У канцы 17 — пач. 18 ст. перажывала пэўны эканам. і культ. ўздым. У 16—18 ст. К.ц. пад кіраўніцтвам Луарсаба I, Георгія Саакадзе, Вахтанга VI і інш. супраціўлялася ірана-тур. агрэсіі. У 1723 К.ц. авалодалі туркі, у 1735 — іранцы. У 1744 аднавіла незалежнасць. Існавала да 1762, калі пад уладай кахецінскага цара Іраклія II было аб’яднана з Кахеты ў адзінае Картлійска-Кахецінскае царства са сталіцай у Тбілісі, якое ў 1801 далучана да Расіі.
т. 8, с. 105
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
спо́нсар
(англ. sponsor)
1) асоба (арганізацыя, прадпрыемства), якая фінансуе якое-н. мерапрыемства, арганізацыю;
2) фірма, якая заказвае радыё- або тэлепраграму ў рэкламных мэтах;
3) ініцыятар, арганізатар;
4) дзяржава або палітычны дзеяч, якія прапанавалі праект рэзалюцыі па міжнародным пытанні.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
пазы́ка, ‑і, ДМ ‑зыцы, ж.
1. Грашовая аперацыя, якая заключаецца ў тым, што некаторая сума грошай бярэцца ў доўг на пэўных умовах звароту. Дзяржаўная ўнутраная пазыка. Узяць пазыку. Выплаціць пазыку.
2. Выдача ў доўг на пэўных умовах грошай, рэчаў і інш., а таксама грошы, рэчы і інш., узятыя ў доўг. Сярэднія сяляне і вясковая бедната, атрымліваючы пазыку ад банка і не маючы магчымасці расплаціцца, часта трацілі зямлю і маёмасць. «Весці». А што калі б Ладуцька для пачатку паспрабаваў узяць у дзяржавы грашовую пазыку? Краўчанка. Дзяржава дала насенную пазыку. Шамякін.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
шыр, ‑ы, ж.
1. Шырыня, вялікія памеры ў шырыню. Крок у шыр, два крокі ўдоўж — усяе хады. Дзяргай. За лясамі, за іх палякамі — Ветраны, на ўсю шыр, прагон. Камейша.
2. Шырокая прастора. Не абняць, не змерыць вокам Шыр палёў і неба сінь. Хведаровіч. Прылад нямала змайстравана, Якімі вымеран сусвет: Зямная шыр, глыб акіяна, Шляхі да зор і да планет. Непачаловіч. Слава ж табе, маладая дзяржава, Слава на ўсю неабдымную шыр. Глебка.
3. Тое, што і шырыня (у 3 знач.). Разгарні ты, люд рабочы, Сілу, волю ва ўсю шыр. Колас.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ЛІВО́НСКІ О́РДЭН,
каталіцкая і ваен.-паліт. арг-цыя ням. рыцараў-крыжакоў на тэр. сучасных Латвіі і Эстоніі (гіст. Лівоніі) у 1237—1562, а таксама ўтвораная ордэнам феад. дзяржава. Створаны з рэшткаў разгромленага князямі ВКЛ у бітве пры Шаўляі (1236) ордэна мечаносцаў, які ў 1-й трэці 13 ст. падначаліў і прымусова хрысціянізаваў большасць лат. і эст. плямён; існаваў як частка Тэўтонскага ордэна. Ленная залежнасць рыцараў Л.о. ад мясц. біскупаў спынілася каля 1360. З 2-й пал. 15 ст. ў выніку аслаблення Тэўтонскага ордэна Л.о., якому належала каля 2/3 лат. і эст. зямель, стаў фактычна незалежнай феад. дзяржавай. Ордэн складаўся з паўнапраўных членаў — братоў (400—500 чал. да 16 ст., 120—150 у сярэдзіне 16 ст.), святароў і паўбратоў (рамеснікаў і служачых). На чале яго стаяў пажыццёва выбраны магістр з рэзідэнцыяй у Рызе ці Вендэне (цяпер Цэсіс, Латвія). З канца 14 ст. пры магістру існаваў савет з 5—6 вышэйшых чыноўнікаў, які вызначаў усю палітыку ордэна. Мясц. кіраванне ў абласцях, на якія быў падзелены Л.о., належала комтурам (военачальнікам) і фогтам (чыноўнікам пераважна з суд. функцыямі). Войска (каля 4 тыс. чал. у пач. 15 ст.) складалася з братоў з іх узбр. слугамі — кнехтамі і васалаў, а з канца 14 ст. таксама і з наёмнікаў. Л.о. у 13—15 ст. вёў войны супраць Полацкага княства, ВКЛ, Ноўгарада і Пскова, умешваўся ў іх паліт. справы. Ён удзельнічаў у войнах Маск. дзяржавы з ВКЛ 1500—03 (на баку ВКЛ) і 1512—22 (на баку Масквы).
Разгромлены маск. войскамі ў 1560 у час Лівонскай вайны 1558—83, яго тэрыторыя падзелена паміж ВКЛ (большая частка), Даніяй і Швецыяй. Як ордэн і дзяржава скасаваны 5.3.1562.
т. 9, с. 246
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
аліга́рхія
(гр. oligarchia = улада нямногіх)
1) гіст. дзяржава, заснаваная на панаванні арыстакратычных вярхоў;
2) палітычнае і эканамічнае панаванне ў краіне невялікай групы прадстаўнікоў буйнога манапалістычнага капіталу; сама гэта група (напр. фінансавая а.).
Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)
АНА́РХА-СІНДЫКАЛІ́ЗМ,
плынь у рабочым руху, сфарміраваная пад уплывам анархізму. Узнік у канцы 19 ст. ў Францыі, Італіі, Іспаніі, Швейцарыі, краінах Лац. Амерыкі. Найб. росквіту дасягнуў на пач. 20 ст. Яго прыхільнікі адмаўляюць паліт. арг-цыю рабочых; вышэйшай формай арг-цыі лічаць рабочыя сіндыкаты (прафсаюзы), якія падрыхтуюць і ажыццявяць сац. пераварот, і тады будуць ліквідаваны паліт. ўлада і дзяржава. У выніку асн. сродкі вытв-сці, кіраванне вытв-сцю і размеркаванне пяройдуць да Федэрацыі сіндыкатаў, якая павінна стаць на чале новага грамадства. Анарха-сіндыкалізм і зараз робіць уплыў на частку рабочых і дробнай буржуазіі. Сучасныя яго прыхільнікі канцэнтруюць увагу на праблемах свабоды асобы і насіллі як адзінай форме барацьбы за пераход да свабоднага грамадства. Ідэі анарха-сіндыкалізму выкарыстоўваюць розныя леваэкстрэмісцкія плыні.
М.В.Навучыцель.
т. 1, с. 339
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕО́ТЫЯ (Boiōtia),
старажытная вобласць у Сярэдняй Грэцыі. Першыя дзярж. ўтварэнні на яе тэр. адносяцца да 3—2-га тыс. да н.э. З 6 ст. да н.э. тут існавала федэратыўная дзяржава (у яе аснове саюз беатыйскіх гарадоў) на чале з Фівамі. У 4 ст. пры Пелапідзе і Эпамінондзе (лідэры фіванскай дэмакратыі) беатыйскі саюз — найб. паліт. сіла ў Грэцыі. Войны са Спартай (378—362 да н.э.) прывялі да аслаблення саюза і страты яго значэння. У 338 да н.э. саюз гарадоў Беотыі распаўся, у 3—2 ст. да н.э. зноў адноўлены. Пасля рымскага заваявання Грэцыі (2 ст. да н.э. — 4 ст. н.э.) гарады Беотыі прыйшлі ў заняпад і іх саюз распаўся канчаткова. У сучаснай Грэцыі тэр. Беотыі — ном (адм. адзінка) з той жа назвай (цэнтр Левадыя).
т. 3, с. 102
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАДЗЯ́ЦКІ ДАГАВО́Р 1658,
пагадненне, якое вызначала ўзаемаадносіны Украіны і Польшчы. Падпісана 16.9.1658 у г. Гадзяч (Украіна) гетманам Запарожскага войска І.Выгоўскім і прадстаўнікамі польск. ўрада ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Паводле Гадзяцкага дагавора з Кіеўскага, Брацлаўскага і Чарнігаўскага ваяв. ўтваралася асобная дзяржава, што аб’ядноўвалася з Польшчай, як і ВКЛ, на прынцыпах федэрацыі. Колькасць Запарожскага войска скарачалася да 30 тыс. чал., з кожнага палка 100 казакоў атрымлівалі шляхецтва. У Кіеве і ВКЛ ствараліся 2 акадэміі з прафесарамі правасл. і каталіцкага веравызнанняў, але скасоўваліся езуіцкія школы і забараняліся ерэтычныя секты. Гадзяцкі дагавор быў зацверджаны сеймам Рэчы Паспалітай, але не набыў сілы, бо ў выніку нар. паўстання 1659 гетман Выгоўскі скінуты і ўцёк.
Г.М.Сагановіч.
т. 4, с. 422
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)