МЕТАТЭ́ЗА (ад грэч. metathesis перастаноўка),
узаемная перастаноўка гукаў або складоў у межах слова, адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Адрозніваюць М. па сумежнасці, калі адбываецца перастаноўка суседніх элементаў (рус. «мрамор» з лац. marmor) і па адлегласці (бел. дыялектнае «суворы» з рус. «суровый»), М. ўзнікае пры засваенні новых слоў (звязана з псіхал. асаблівасцю ўспрыняцця: колькасць і якасць элементаў, якія знаходзяцца адзін за адным, улоўліваюцца больш хутка і лёгка, чым іх узаемнае размяшчэнне), у дзіцячай мове, у запазычваннях (бел. «футляр» з ням. Futteral), у дыялектах (з грэч. krabbation утварылася рус. «кровать» і ў выніку М. бел. дыялектнае «карваць»), М. можа мець рэгулярны характар і быць прычынай з’яўлення ў мовах гукаспалучэнняў новага тыпу: М. плаўных у слав. мовах (напр., праслав. or, ol паміж зычнымі → польск. ro, lo krowa, bloto).
т. 10, с. 310
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПІРАЛО́ГІЯ,
дапаможная гісторыка-філал. дысцыпліна, адгалінаванне палеаграфіі. Займаецца прачытаннем, інтэрпрэтацыяй і выданнем тэкстаў грэч., лац., позніх (эліністычнага, рым. і візант. часу) дэматычных (гл. Дэматычнае пісьмо) і копцкіх папірусаў, а таксама надпісаў на гліняных чарапках і драўляных таблічках. Стараж.-егіпецкія, стараж.-яўр., арамейскія і інш. папірусы вывучаюць егіпталогія, семіталогія і інш. дысцыпліны. П. вывучае і класіфікуе папірусы паводле перыядаў, месца, зместу, асаблівасцей граматыкі, стылю мовы і г.д. Першыя грэч. тэксты на папірусах знойдзены ў 1752 у Геркулануме (Італія) і ў 1778 у Егіпце. Асабліва багатыя былі знаходкі папірусаў у 1877—78 у Фаюме (Егіпет), сярод іх шматлікія ўрыўкі з Алкея, Сапфо, Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда і інш. ант. аўтараў.
Літ.:
Борухович В.Г. В мире античных свитков. Саратов, 1976;
Фихман И.Ф. Введение в документальную папирологию. М., 1987.
т. 12, с. 63
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЛАДЗІМІРЭ́СКУ (Vladimirescu) Тудор (каля 1780, с. Уладзімір у Валахіі, цяпер Румынія — 27.5.1827),
кіраўнік паўстання 1821 у Дунайскіх княствах. У рус.-тур. вайну 1806—12 камандаваў атрадам рум. добраахвотнікаў на баку Расіі. У студз. 1821 узначаліў сял. паўстанне ў Валахіі (ахапіла і ч. Малдовы), якое напачатку было накіравана супраць панавання ў краіне тур. стаўленікаў грэкаў-фанарыётаў, але стыхійна набыло характар антыфеад. вайны. 21.3.1821 У. заняў Бухарэст і пачаў правіць Валахіяй, але быў вымушаны дзяліць уладу з кіраўніком грэч. паўстанцаў А.Іпсіланці. У маі 1821 У. без бою здаў Бухарэст пераўзыходзячым сілам туркаў. Іпсіланці беспадстаўна абвінаваціў У. ў здрадзе, ён быў схоплены грэч. паўстанцамі і забіты. Яго імя было прысвоена рум. добраахвотніцкай пях. дывізіі, якая ў 1944—45 змагалася супраць ням.-фаш. войск. у складзе Чырв. Арміі.
т. 16, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІПАТЫРЭО́З (ад гіпа... + грэч. thyreoides шчытападобны + ...оз),
хваравіты стан арганізма ад паніжэння функцыі шчытападобнай залозы. Прыкметы: стамляльнасць, фіз. і псіх. вяласць, санлівасць, замаруджанасць, зніжэнне памяці, зябкасць, азызласць твару, выпадзенне валасоў, запоры, паніжэнне асн. абмену і інш. Лячэнне — гармонатэрапія.
т. 5, с. 254
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІЯ́ДЫ (грэч. Hyades),
рассеянае зорнае скопішча ў сузор’і Цялец; сфераідальная група з прыкладна 100 фізічна звязаных паміж сабой зорак. Знаходзіцца каля яркай зоркі Альдэбаран (α Цяльца). Дыяметр каля 10 пк. Адлегласць ад Сонца 41 пк. Відаць простым вокам.
т. 5, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМАФО́Н (ад грэч. gramma запіс + ...фон),
механічны апарат для ўзнаўлення гуку з грамафоннай пласцінкі. Вынайдзены ў 1888 ням. інж. Э.Берлінерам (працаваў у ЗША). Партатыўны варыянт грамафона — патэфон. Папярэднік грамафона — фанограф. У 1940—50-я г. выцеснены электрафонамі.
т. 5, с. 402
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХІ́ЛАВА СУХАЖЫ́ЛЛЕ, пятачнае сухажылле,
адно з самых моцных і тоўстых сухажылляў цела чалавека. Забяспечвае перадачу мышачнага намагання трохгаловай мышцы галёнкі на бугор пятачнай косці і ўдзельнічае ў падэшвенным згінанні ступні ў галёнкаступнёвым суставе. Назва ад грэч. міфа пра Ахіла.
т. 2, с. 145
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАЗІФІ́ЛЬНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад грэч. basis аснова + phileō люблю),
арганізмы, якія нармальна развіваюцца на шчолачным субстраце. Напрыклад, урабактэрыі, з вышэйшых раслін — пераважна стэпавыя і пустынныя віды, а таксама белая акацыя, скумпія, лістоўніца еўрапейская, вятроўнік шасціпялёсткавы, ветраніца лясная і інш.
т. 2, с. 221
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛГО́ФА (грэч. Golgotha),
пагорак у наваколлі Іерусаліма, на якім адбываліся пакаранні і дзе, паводле хрысц. падання, быў распяты Ісус Хрыстос. Размяшчэнне Галгофы дакладна не ўстаноўлена. У пераносным сэнсе — месца пакарання, сімвал падзвіжніцтва і маральных пакут («узысці на Галгофу»).
т. 4, с. 456
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЎЛІФЛО́РЫЯ [грэч. kaulos сцябло, ствол + лац. flos (floris) кветка],
развіццё кветак і суквеццяў непасрэдна на ствале і буйных бязлістых галінах (са спячых пупышак). Характэрна для трапічных раслін (какава, фікусы, хурма, хлебнае дрэва), з раслін умеранага клімату — у воўчага лыка.
т. 8, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)