агратэхнічны прыём догляду пасеваў; абгортванне рыхлай глебай асновы сцяблоў раслін. Забяспечвае добрае праграванне і аэрацыю глебы, зніжае яе залішняе ўвільгатненне, садзейнічае назапашванню пажыўных рэчываў. Выкарыстоўваюць для аховы раслін ад зімовых маразоў (спаржа, артышок), веснавых замаразкаў (бульба, памідоры, вінаград, ружа), для барацьбы са шкоднікамі і хваробамі раслін, стымуляцыі ўтварэння дадатковых каранёў і бакавых парасткаў (напр., у бульбы), што можа павялічваць ураджайнасць да 15%. Колькасць акучвання і тэрмін правядзення залежаць ад біял. асаблівасцяў раслін і глебава-кліматычных умоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖГО́Н (Trachyspermum ammi),
аяван духмяны, індыйскі кмен, аднагадовая травяністая расліна сям. парасонавых; эфіраалейная культура. Пашырана ў Міжземнамор’і, Азіі, Паўд. Амерыцы.
Сцябло цыліндрычнае, баразнаватае, галінастае, выш. да 70—120 см. Лісце чаргаванае, да ўтварэння сцябла ў разетцы. Кветкі двухполыя, дробныя, белыя або фіялетавыя. Плады — двухсямянкі, маюць 2,5—10% эфірнага алею з тымолам (35—40%), які выкарыстоўваецца ў медыцыне, парфумернай і харч. прам-сці. Святло- і вільгацелюбівая расліна. Лепшыя глебы — чарназёмы і шэразёмы цёмнага колеру. Размнажаюць насеннем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫПА́ЛЬВАННЕрасліннасці,
падпальванне сухой расліннасці з мэтай больш хуткага рунення сенажаці ці пашы або выпуджвання паляўніча-прамысловых жывёл на паляванні. Паступова вядзе да дэградацыі расліннасці і глеб — адначасова знішчае надглебавую і глебавую фауну і біяцэноз увогуле. Пры падсечна-агнявой сістэме земляробства ў некаторых краінах трапічнага пояса праводзіцца выпальванне лесу (перыядычна). На Беларусі ў старажытнасці выпальваннем рыхтавалі лясныя глебы пад пасевы с.-г. культур. Сучасным прыродаахоўным заканадаўствам выпальванне забаронена (стварае пагрозу лясных пажараў, супярэчыць інтарэсам аховы прыроды).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРШЭ́ВА ГАРА́,
вышэйшы пункт Віцебскага ўзвышша і Беларускага Паазер’я. У Лёзненскім р-не Віцебскай вобл., за 15 км на Пн ад г.п. Лёзна, каля в. Гаршэва. Выш. 296 м. Складзена з марэны, перакрыта лёсападобнымі суглінкамі апошняга паазерскага зледзянення. Мае спадзістапукатую форму, выцягнута з ПнУ на ПдЗ. Паўд. і ўсх. схілы спадзістыя (да 5°), паўд. і зах. стромкія (да 20°), эрадзіраваныя. Глебы дзярнова-падзолістыя на лёсападобных суглінках. Большая ч. Гаршэвай гары разарана, на стромкіх участках паласа лесу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕРМСІ́Р, Дэштэстан,
паласа прыбярэжных пустынных раўнін уздоўж берагоў Аманскага заліва і Армузскага праліва, у Іране і Пакістане. Агульная даўж. больш за 1000 км, шыр. да 80 км. У рэльефе — нахіленая раўніна з пясчанымі ўзвышшамі, якая пераходзіць у прыморскую нізіну, месцамі забалочаную. Клімат трапічны. Сярэдняя т-растудз. (г. Джаск) 19,4 °C, ліп. 32,5 °C, ападкаў каля 120 мм за год. Пераважаюць глебы пустынь, месцамі — саланчакі. Пустынная хмызнякова-эфемерная расліннасць, месцамі каля берагоў — мангравыя зараснікі. Пашавая жывёлагадоўля.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЛЮ́ВІЙ (ад лац. deluo змываю),
адклады, якія ўзніклі на схілах у выніку намнажэння змытых дажджавымі патокамі, расталымі снегавымі водамі рыхлых прадуктаў выветрывання. Вельмі пашыраны ў горных раёнах. Механічны склад Д. мяняецца ўніз па схіле ад друзу да глін. Утварае шлейф каля падножжа схілаў. Магутнасць да некалькіх дзесяткаў метраў. У Д. трапляюцца россыпы золата, волава, вальфраму і інш. металаў. Ва ўмовах Беларусі Д. прадстаўлены адкладамі, якія ўтварыліся ў выніку разбурэння глебы, пераносу і пераадкладу глебавых часцінак уніз па схіле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУЛЕ́Ш (Сямён Васілевіч) (н. 25.8.1937, в. Кажан-Гарадок Лунінецкага р-на Брэсцкай вобл.),
бел. вучоны ў галіне земляробства і глебазнаўства. Д-рс.-г. н (1991). Скончыў БСГА (1961). З 1965 у Бел.НДІ меліярацыі і лугаводства. Навук. працы па павышэнні ўрадлівасці цяжкіх дзярнова-падзолістых глеб на аснове біятэхналогій, выкарыстанні розных матэрыялаў — структураўтваральнікаў глебы.
Тв.:
Повышение продуктивности тяжелых почв. Мн., 1984;
Агротехника сельскохозяйственных культур на мелиорированных землях. 2 изд. Мн., 1985 (разам з М.Я.Коржычам, І.Э.Лявутам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАГЧЫ́НА,
лінейна выцягнутае эразійнае паніжэнне рэльефу са спадзістымі (15—45°) схіламі, якія плаўна пераходзяць да днішча і водападзелу. Утвараюцца пераважна ад размыву глебы і грунтоў снегавой вадою і ліўневымі дажджамі. Глыбіня Л. 3—15 м і больш, шыр. ад дзесяткаў да 150—200 метраў. Форма папярочнага сячэння Л. карытападобная, днішча плоскае ці слабаўвагнутае. Звычайна задзернаваныя, нахіленыя ў адным напрамку. Пры далейшым развіцці могуць ператварацца ў яр. На Беларусі Л. трапляюцца найчасцей у цэнтр. і паўн. раёнах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯЎКО́БРЫУМ (Leucobryum),
род лістасцябловых імхоў сям. ляўкобрыевых. Каля 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў трапічных абласцях Усх. паўшар’я. На Беларусі ў сырых хвойных і мяшаных лясах трапляецца Л. шызы (L. glaucum). Садзейнічае забалочванню глебы. Гумусаўтваральнік.
Л. шызы ўтварае шчыльныя, падушкападобныя дзярнінкі выш. да 20 см, у верхняй ч. шыза- або белавата-зялёныя. Сцёблы прамастойныя, вілавата-разгалінаваныя, густааблісцелыя. Лісце з яйцападобнай асновы звужана ў трубчастую верхавінку. Каробачка са спорамі падоўжаная, на ножцы. Ва ўмовах Беларусі размнажаецца вегетатыўна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САЛАНЦЫ́,
глебы засушлівых абласцей, якія на невял. глыб. (20—80 см) утрымліваюць значную колькасць соды і інш. лёгкарастваральных солей. Фарміруюцца ва ўмовах непрамыўнога воднага рэжыму або пры рассаленні саланчакоў, пераважна ў комплексе з інш. глебамі.
Характарызуюцца вязкасцю і набраканнем у вільготным стане, моцным ушчыльненнем і цвёрдасцю ў сухім, слупкаватай, прызматычнай ці глыбістай структурай ілювіяльнага гарызонту, высокай рухомасцю калоідаў, малой водапранікальнасцю, маюць 0,5—8% гумусу ў верхнім гарызонце. Пакрыты саланцовай расліннасцю. Малаўрадлівыя, патрабуюць прамыўкі, гіпсавання і ўнясення арган. угнаенняў.