КВАДРА́ТНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
алгебраічнае ўраўненне 2-й ступені. Агульны выгляд К.ў.: ax2 + bx + c = 0 пры a ≠ 0. Былі вядомыя стараж.-грэч. матэматыкам; Эўклід рашаў іх у геам. форме.
Мае 2 корані, якія вылічваюцца паводле формул
, дзе
— дыскрымінант ураўнення. Калі a, b, c — сапраўдныя і D ≠ 0, то карані розныя і сапраўдныя, пры D = 0 — сапраўдныя аднолькавыя, пры D < 0 — камплексна спалучаныя.
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАДРУПО́ЛЬНАЕ ЎЗАЕМАДЗЕ́ЯННЕ,
узаемадзеянне сістэм зараджаных часціц, абумоўленае квадрупольным момантам гэтых сістэм (гл. Квадруполь). Істотнае для сістэм, кожная з якіх мае поўны эл. зарад і дыпольны момант, роўныя нулю, напр. для двухатамных малекул, што складаюцца з аднолькавых атамаў. Квадрупольны момант (вылічваецца метадамі квантавай механікі) маюць таксама многія атамныя ядры, у эл. зарадзе якіх адсутнічае сферычная сіметрыя. У ядз. фізіцы К.ў. ўлічваецца пры ўзбуджэнні ядраў (з нулявым дыпольным момантам) кулонаўскім полем часціц, якія налятаюць на іх.
т. 8, с. 205
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЕ́ЛЬВІНА ШКАЛА́,
пашыраная назва тэрмадынамічнай тэмпературнай шкалы. Назва ад імя У.Томсана (лорда Кельвіна), які ў 1848 прапанаваў прынцып пабудовы гэтай шкалы.
К.ш. — абс. шкала т-р, якая не залежыць ад уласцівасцей тэрмаметрычнага рэчыва. Пачаткам адліку мае абсалютны нуль. Пабудавана на аснове другога закону тэрмадынамікі, у прыватнасці на незалежнасці ккдз Карно цыкла ад прыроды рабочага цела. Адзінка т-ры — кельвін (К), вызначаецца як 1/273,16 частка тэрмадынамічнай т-ры трайнога пункта вады. Гл. таксама Абсалютная тэмпература.
т. 8, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ДРАВАЯ А́РМІЯ,
1) пастаянная рэгулярная армія (узбр. сілы), якая ўтрымліваецца дзяржавамі ў мірны час у скарочаным складзе для вырашэння першачарговых задач з пачаткам вайны, а таксама для падрыхтоўкі ваенна-абучаных рэзерваў, ажыццяўлення мабілізацыйнага разгортвання ўзбр. сіл. Забяспечвае спалучэнне патрабаванняў ваен. буд-ва і эканомнага выкарыстання людскіх і матэрыяльных магчымасцей дзяржавы.
2) У некат. літ. крыніцах назва арміі, якая мае арганізацыю, тэхн. аснашчэнне, падрыхтоўку і баявы вопыт, што адпавядаюць патрабаванням вядзення сучаснай вайны.
т. 7, с. 406
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНА́Л СУ́ВЯЗІ, канал перадачы,
сукупнасць тэхн. прылад і фіз. асяроддзяў для перадачы інфармацыі (сігналаў) ад крыніцы да прыёмніка. Мае перадатчыкі, прыёмнікі, узмацняльнікі сігналаў, кадавальныя і дэкадавальныя прылады, камутатары, фільтры і інш. Паводле відаў інфармацыі, якая перадаецца, адрозніваюць тэлегр., тэлеф., тэле- і радыёвяшчальныя, тэлемех. факсімільныя і інш., паводле тыпу ліній сувязі (ліній перадачы) — правадныя (паветраныя лініі. сіметрычныя і кааксіяльныя кабелі, хваляводы), радыё (радыёрэлейныя, спадарожнікавыя наземнага вяшчання), аптычныя (на адкрытай прасторы і валаконна-аптычныя).
т. 7, с. 567
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСТЫТУ́ЦЫЯ ЧАЛАВЕ́КА,
функцыянальныя і марфалагічныя асаблівасці арганізма, абумоўленыя спадчыннымі і набытымі ўласцівасцямі. Вызначае рэакцыю арганізма на ўздзеянне знешніх, у т. л. хваробатворных, фактараў навакольнага асяроддзя. Тыпы К.ч. вызначаюць: паводле складу цела (рост, маса, развіццё мышцаў, падскурнага слоя тлушчу) — астэнічны, нормастэнічны і гіперстэнічны; паводле тэмпераменту — халерык, сангвінік, флегматык, меланхолік; па суадносінах 1-й і 2-й сігнальных сістэм — мастацкі і мысліцельны; паводле стану ўсіх аддзелаў нерв. сістэмы, эндакрынных залоз і інш. Мае значэнне ў мед. практыцы.
т. 7, с. 600
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПІ́ТУЛ, капітула (ад лац. capitulum),
1) у каталіцкай і англіканскай цэрквах калегія канонікаў кафедральнага сабора, якая стварае пры епіскапе раду па кіраванні епархіяй. Складаецца з пробашча, дэкана, схаластыка, кантара, кусташа і інш. канонікаў. К. ствараецца таксама ў касцёле, які мае ганаровае званне калегіята і знаходзіцца на іерархічнай лесвіцы паміж кафедральным касцёлам і парафіяльным.
2) У каталіцкіх духоўна-рыцарскіх і манаскіх ордэнах (у т. л. ў грэка-каталіцкім ордэне базыльян) калегія кіруючых асоб ордэна.
т. 8, с. 26
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУКЛАЧО́Ў (Юрый Дзмітрыевіч) (н. 12.4.1949, Масква),
расійскі артыст цырка, клоун-дрэсіроўшчык. Нар. арт. Расіі (1983). Скончыў Дзярж. вучылішча цыркавога і эстр. мастацтва (1971) і Ін-т тэатр. мастацтва (1983) у Маскве. Працуе ў многіх жанрах. У 1972 першы ў Расіі пачаў выступаць з катамі, у 1989 адкрыў у Маскве т-р катоў. Праграмам К. ўласцівы пацяшальная лёгкасць, мяккі гумар. Аўтар кніг «Мае сябры — каты» (1981), «120 катоў Юрыя Куклачова» (1997) і інш.
т. 8, с. 568
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДУ́РБІН (Durbin) Дзіна [сапр. Ме
(Мае) Эдна; н. 4.12.1921, Нью-Йорк], амерыканская кінаактрыса. У кіно з 1936. Папулярная ў канцы 1930 — пач. 1940-х г. у ролях абаяльных гераінь у муз. камедыях: «Сто мужчын і адна дзяўчына», «Першае каханне» (у пракаце «Першы баль»),
«Гэта пачалося з Евы» (у пракаце «Шлюб паняволі»), «Сястра яго дварэцкага» і інш. Не здолеўшы пераадолець інерцыю аднатыпных персанажаў, актрыса губляла сваіх гледачоў. Пасля 1949 у кіно не здымалася.
т. 6, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСПРАПО́РЦЫІ ў эканоміцы,
незбалансаванасць у развіцці асобных галін, узаемазвязаных фаз вытв-сці, якая спараджае парушэнне норм ходу працэсу ўзнаўлення. Адрозніваюць асобныя Д., якія маюць лакальны і кароткатэрміновы характар, і агульныя Д., звязаныя з узрушэннем усёй эканомікі. Вял. значэнне для ўзнікнення і развіцця дыспрапарцыянальнасці мае стан спажывання ў дадзеным грамадстве, яго ўзгадненне з вытв-сцю і плацежаздольным попытам, што абумоўлена адносінамі ўласнасці. Д. паяўляюцца як парушэнне аб’ектыўна неабходнай сувязі паміж вытв-сцю і спажываннем.
т. 6, с. 296
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)