МЛАДАЧЭ́ХІ (афіц. назва Narodní strana svobodomyslná Нац. свабодамысная партыя),
неафіцыйная назва чэш. партыі ліберальна-дэмакр. кірунку ў 1863—1918. Сфарміраваліся як плынь у межах Нац. партыі (гл.Старачэхі), з 1874 самаст. партыя. Арыентаваліся пераважна на гар. дробную буржуазію і заможнае сялянства, дамагаліся ліквідацыі феад. перажыткаў на вёсцы і пашырэння кампетэнцыі абшчыннага самакіравання. Пасля ўтварэння Аўстра-Венгрыі (1867) выступалі за яе пераўтварэнне ў аўстра-венг.-чэш. манархію з аўтаноміяй для чэш. зямель у яе складзе, забеспячэнне чэш. мове роўных правоў з нямецкай у адм. і суд. органах і сістэме нар. адукацыі, увядзенне ўсеагульнага і роўнага выбарчага права, забеспячэнне свабоды слова, сходаў і друку, стымуляванне дзейнасці чэш. прадпрымальнікаў і гандляроў, падтрымку сялян і інш. У 1891 перамаглі старачэхаў на выбарах у рэйхсрат. З 1894 перайшлі ад апазіцыі да кампрамісу з аўстр. ўладамі. У пач. 20 ст. М. — вядучая чэш. партыя. Лідэры — браты Э. і Ю. Грэгры, К.Сладкоўскі, у пач. 20 ст. К.Крамарж. Цэнтр. друкаваны орган — газ. «Narodni listy» («Народныя лісты»). У 1918 разам з інш.чэш. партыямі аб’ядналіся ў партыю Чэш.дзярж.-прававой дэмакратыі (з 1919 Чэхаславацкая нац.-дэмакр. партыя).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУЖЫЛО́ЎСКІ (Андрэй) (1580-я г. — 1640-я г.),
бел. і ўкр. пісьменнік-палеміст, рэліг. дзеяч. Прэсвітэр, з канца 1620-х г. слуцкі пратапоп. У 1631 пастрыгся ў манахі пад імем Анатолій і стаў іераманахам Кіева-Пячэрскага манастыра. Выступаў супраць Брэсцкай уніі 1596. У «Водпісе на ліст уніятаў віленскіх» (на старабел. мове, 1616) пад уплывам «Трэнаса» М.Сматрыцкага асудзіў учынкі «сына»-уніята, які здрадзіў інтарэсам правасл. народаў Беларусі і Украіны, даў знішчальную характарыстыку слугам рымска-каталіцкай царквы. У «Антыдотуме» (на польск. мове, 1629), скіраваным супраць «Апалогіі» Сматрыцкага, М. падкрэсліваў значэнне антыуніяцкіх твораў Сматрыцкага, але асуджаў яго за тое, што ён, на думку М., перайшоў ва уніяцтва не па ідэйных меркаваннях, а спакушаны прывабнымі абяцанкамі рымска-каталіцкай царквы. Адзін з першых спрабаваў аддзяліць царк.-багаслоўскую л-ру ад свецкай, указваў на гіст. характар творчасці Хрыстафора Філалета, Клірыка Астрожскага. На «Антыдотум» Сматрыцкі адказаў з’едлівым творам «Экзэтэзіс» (1629). Адзін з прэтэндэнтаў на Кіеўскую правасл. мітраполію пасля смерці мітрапаліта Іова Барэцкага. У 1631 прымаў актыўны ўдзел у адабранні ў уніятаў Сафійскага сабора ў Кіеве на карысць правасл. мітраполіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯ́ДЗЕЛЬСКІ СТАНІСЛА́ВАЎСКІ КАСЦЁЛ КАРМЕЛІ́ТАЎ,
помнік архітэктуры позняга барока ў г. Мядзел Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1752—54 А.Кошчыцам разам з заснаваным ім кляштарам босых кармелітаў. Кляштар зачынены ў 1840, касцёл у 1866 перароблены пад царкву, пры гэтым забелены размалёўкі. У 1920 вернуты католікам, зачынены пасляВял.Айч. вайны, з 1989 аддадзены вернікам. Мураваны храм мае цэнтрычную кампазіцыю. Ніжні кубічны аб’ём завершаны масіўным 8-гранным барабанам, накрытым пластычным гранёным купалам з 4 люкарнамі і ажурным ліхтаром у цэнтры. У аздобе фасадаў выкарыстаны прафіляваныя карнізы, раскрапоўкі, разарваныя франтоны, калоны, валюты, каваныя агароджы балкончыкаў. Аконныя праёмы з паўцыркульнымі і лучковымі арачнымі завяршэннямі. Дэкар. афармленне інтэр’ера мае элементы ракако. Па ўсім перыметры сцен здвоеныя пілястры з капітэлямі, аб’яднаныя прафіляваным карнізам. У інтэр’еры захаваліся фрагменты фрэсак. Касцёл — рэдкі для бел. барока помнік цэнтрычнай кампазіцыі, не мае аналагаў сярод кармеліцкіх храмаў. Кампазіцыйнае вырашэнне будынка несіметрычнае. Паверхня сцен мае строгую і лаканічную арх. апрацоўку. Побач з касцёлам мураваная 2-павярховая плябанія і званіца.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯТЛА́ (Пётр Васілевіч) (1890, в. Кухцінцы Міёрскага р-на Віцебскай вобл. — 12.8.1936),
дзеяч нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі. Скончыў пед. курсы ў Коўне (1912), працаваў настаўнікам. У 1914—17 у арміі. У 1917—21 настаўнічаў на радзіме. З 1921 заг. аддзела Віленскага саюза кааперацыі. Удзельнічаў у стварэнні нац.-вызв. арг-цый, бел. школ у Зах. Беларусі. У 1922 выбраны дэп. польскага сейма, уваходзіў у Беларускі пасольскі клуб. Адзін са стваральнікаў і чл.ЦКБеларускай сялянска-работніцкай грамады (БСРГ). З 1926 чл.КПЗБ. Пасля разгрому БСРГ 16.1.1927 арыштаваны і асуджаны на 12 гадоў турэмнага зняволення. У выніку абмену паліт. вязнямі з 1930 жыў у БССР. Працаваў нам.нач. планавання, нач. сектара кадраў ВСНГБССР, потым у камісіі па вывучэнні Зах. Беларусі пры АНБССР. Аўтар прац па гісторыі нац.-вызв. руху ў Зах. Беларусі, у т. л. «Аб таварыстве беларускай школы і яго барацьбе» (1932). У 1933 арыштаваны па справе т.зв.«Беларускага нацыянальнага цэнтра», прыгавораны да вышэйшай меры пакарання (заменена на 10 гадоў папраўча-прац. лагераў). Памёр у лагеры на буд-ве Беламорска-Балт. канала. У 1956 рэабілітаваны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НА БАГАМЕ́РЗКУЮ, НА ПАГА́НУЮ ЛАЦІ́НУ...»,
«На богомерзкую, на поганую латину, которые папежи хто что в них вымыслили в их поганой вере, сказанне о том», бел. ананімны палемічны твор 16 ст. Напісаны на старабел. мове ў Супрасльскім манастыры (цяпер Польшча). Захаваўся ў некалькіх спісах. Два з іх змешчаны ў зборніках Кіева-Міхайлаўскага Залатаверхага манастыра. Упамінанне пра ўвядзенне папам Грыгорыем XIII у 1582 новага календара сведчыць пра тое, што твор напісаны пасля гэтай падзеі. Аўтар палемізуе з кнігай П.Скаргі «Пра еднасць касцёла божага» (1577). Ён пералічвае новаўвядзенні 25 рым. пап (якіх часам блытае), пры гэтым за эталон бярэ стан сучаснай яму правасл. царквы ў Рэчы Паспалітай, адзначае, што толькі ўсх. царква засталася нязменнай на працягу многіх стагоддзяў. Выступаючы супраць «паганай лаціны», аўтар абараняе культуру і мову правасл. насельніцтва Рэчы Паспалітай. У якасці крыніц выкарыстаны творы рым. аўтараў Плаціна і Грацыяна.
Літ.:
Попов А.Н. Историко-литературный обзор древнерусских полемических сочинений против латинян. М., 1875;
Карский Е.Ф. Белорусы. Т. 3, вып. 2. Старая западнорусская письменность. Пг., 1921. С. 183.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБЛІ́ЖАНАЯ ФО́РМУЛА,
матэматычная формула для замены складанай функцыі больш простай. Мае выгляд 𝑓(x) ≈ 𝑓*(x); атрымліваецца з формулы 𝑓(x) = 𝑓*(x) + E(x), дзе E(x) разглядаецца як хібнасць і пасля ацэньвання адкідваецца.
Для атрымання канкрэтнай Н.ф. карыстаюцца раскладаннем зыходнай функцыі (напр., у Тэйлара шэраг) і абмяжоўваюцца некалькімі яго членамі, найменшых квадратаў метадам, метадам ітэрацый і інш. Колькасць членаў шэрагу ці ступень ітэрацыі вызначаецца зададзенай дакладнасцю вылічэнняў. Некаторыя Н.ф. і іх хібнасці гл. ў табл.
Табліца. Некаторыя набліжаныя формулы
Формула
Хібнасць формулы не перавышае δ, калі |х| не перавышае
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАБО́РНЫЯ ПРАЦЭСЫ,
працэсы вырабу тэкставых друкарскіх форм. Бываюць ручныя, машынныя (механізаваныя, з выкарыстаннем наборных машын) і аўтаматызаваныя (з дапамогай наборных аўтаматаў, настольных выдавецкіх сістэм і інш.). Да Н.п. адносяць таксама карэктуру і вёрстку набору.
Ручным спосабам набіралі пераважна загалоўкі, табліцы, формулы і інш. складаныя часткі выдання, для гэтага выкарыстоўвалі літары і прагальныя матэрыялы. Пры машынных Н.п. з дапамогай радковаадліўных лінатыпаў і літараадліўных манатыпаў атрымліваюць метал. формы, прыдатныя для непасрэднага друкавання або стэрэатыпавання (гл.Стэрэатыпія). Пры фотанаборы атрымліваюць дыяпазітывы (негатывы) палос, прыдатныя для вырабу друкарскіх форм кантактным капіраваннем; тэкст набіраюць на фотанаборных машынах. На наборна-друкавальных машынах тэкст набіраюць на плёнцы (тэкставыя дыяпазітывы), паперы (выдавецкія арыгінал-макеты) або непасрэдна на формным матэрыяле, пасля апрацоўкі якога атрымліваюць друкарскую форму. Пры ручным і машынным спосабах набору робяць вёрстку ці мантаж дыяпазітываў (негатываў) на плёнку па разметцы выдавецкага арыгінала або па макеце, з наступнай карэктурай і праўкай набору. Выкарыстанне фотаэлектронных аўтаматаў, персанальных ЭВМ, выдавецкіх камп’ютэрных сістэм, счытвальных прыстасаванняў і інш. дазваляе поўнасцю аўтаматызаваць Н.п.
Літ.:
Колосов А.И. Наборные и стереотипные процессы. М., 1977;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАВІГАЦЫ́ЙНЫЯ А́КТЫ (Navigations Acts),
у 14—19 ст. пастановы англ. парламента, якія выдаваліся з мэтай абароны марскога гандлю Англіі ад замежнай канкурэнцыі. Першы Н.а. прыняты ў 1381. Выдадзены 9.10.1651 «Акт аб павелічэнні гандлёвага флоту і падтрымцы мараплавання англійскай нацыі», які ўстанавіў, што тавары з Азіі, Афрыкі і Амерыкі трэба ўвозіць у Англію і яе ўладанні толькі на англ. суднах, а еўрап. тавары — на англ. суднах або суднах краіны-экспарцёра, быў накіраваны супраць галанд. пасрэдніцкага гандлю і рыбалоўства і прывёў да англа-галанд. марской вайны 1652—54 (гл.Англа-галандскія войны 17 стагоддзя). Пасля паражэння ў вайне Нідэрланды вымушана прызналі акт 1651. Палажэнні гэтага акта захаваліся ў актах 1660, у т. л. «Акт аб падтрымцы і развіцці караблебудавання і мараплавання», і ў 1663, якія патрабавалі, каб у англ. калоніі тавары перавозіліся толькі на англ. суднах і забаранялі экспарт шэрагу тавараў з калоній за мяжу; яны далей развіты ў актах 1672 і 1696. Н.а. адыгралі вял. ролю ва ўмацаванні марскога гандлю Англіі, але сталі непатрэбнымі пры пераходзе да свабоднага гандлю — фрытрэдэрства і адменены ў 1849.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАДЗЕ́ЙНАСЦЬу тэхніцы,
уласцівасць тэхн. сістэм захоўваць ва ўстаноўленых межах значэнні параметраў, што характарызуюць здольнасць аб’екта (збудавання, канструкцыі, машыны, вырабу, матэрыялу) выконваць свае функцыі ў зададзеных рэжымах і ўмовах эксплуатацыі, тэхн. абслугоўвання, рамонтаў, захоўвання і транспартавання. Н. — складаная (комплексная) уласцівасць, спалучае шэраг больш простых: безадказнасць, даўгавечнасць, рамонтапрыдатнасць, захавальнасць (здольнасць вырабу захоўваць значэнне папярэдніх паказчыкаў у час і пасля захоўвання і транспартавання). Да гэтых уласцівасцей дадаюць таксама бяспечнасць (уласцівасць тэхн. аб’екта не ствараць на працягу зададзенага тэрміну сітуацый, небяспечных для жыцця і здароўя людзей, навакольнага асяроддзя, нармальнай гасп. дзейнасці).
Для ацэнкі Н. выкарыстоўваюць шэраг колькасных і якасных паказчыкаў, якія даюць усебаковую характарыстыку вырабаў, неабходную для параўнальнай ацэнкі іх якасці і канкурэнтаздольнасці. Найб. важныя паказчыкі: напрацоўка на адказ, каэф. гатоўнасці, каэф.тэхн. выкарыстання, імавернасць безадказнай работы, рэсурс пры розных імавернасцях неразбурэння. У цэлым Н. забяспечвае тэхн. магчымасць выкарыстання вырабу па прызначэнні і з патрэбнай эфектыўнасцю. Паказчыкі Н. адлюстроўваюцца ў тэхн. дакументацыі. Тэарэт. абгрунтаванне паказчыкаў Н. дае надзейнасці тэорыя.
Літ.:
Основные вопросы теории и практики надежности. М., 1971;
Ллойд Д., Липов М. Надежность: Пер. с англ.М., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАЙВЫШЭ́ЙШАЯ ЛІТО́ЎСКАЯ РА́ДА, Найвышэйшая рада Вялікага княства Літоўскага,
часовы ўрад у ВКЛ (Літва і Зах. Беларусь) у час паўстання 1794. Створаны пасля захопу паўстанцамі ўлады ў Вільні. Абвешчана 24.4.1794. У склад рады ўвайшлі пераважна прадстаўнікі левага крыла шляхецка-бурж. блока («якабінцы») — Я.Ясінскі, Т.Ваўжэцкі, І.Гелгуд і інш., а таксама прадстаўнікі з месц (усяго 29 асоб). У складзе рады былі ўтвораны дэпартаменты (пазней — дэпутацыі) адміністрацыі і парадку, публічнай бяспекі, бюджэту і таемны (кіраваў войскамі). Рада ўтварыла паўстанцкія органы кіравання на месцах — цывільна-вайсковыя парадкавыя камісіі. Рада ВКЛ выступіла з больш радыкальнымі лозунгамі, чым кіраўніцтва паўстання ў Польшчы, якому яна фармальна падпарадкоўвалася. 24.4.1794 яна звярнулася да жыхароў Беларусі і Літвы з заклікам узяць у рукі зброю «з мэтай адваяваць свабоду і грамадзянскае раўнапраўе». Памяркоўныя элементы рады выступалі супраць радыкальных рэформ. Начальнік паўстання Т.Касцюшка абвінавачваў раду ў дзеяннях супраць «уніі братніх народаў» і ў прыхільнасці да незалежніцкай палітыкі, 10.6.1794 ён распусціў раду і замяніў яе Цэнтральнай дэпутацыяй Вялікага княства Літоўскага, створанай з больш памяркоўных дзеячаў і падначаленай Найвышэйшай нацыянальнай радзе ў Варшаве. А.П.Грыцкевіч.