ЛОРДКІПАНІ́ДЗЕ (Канстанцін Аляксандравіч) (7.1.1905, с. Дыды Джыхаішы, Грузія — 30.7.1986),
грузінскі пісьменнік. Скончыў Кутаіскі гуманітарны тэхнікум (1924). Друкаваўся з 1924. Раннім вершам уласцівы сац. скіраванасць тэматыкі, грамадз. пафас (зб. «Выбраныя вершы», 1926; паэма «Сценька Разін», 1927, і інш.). Перамены ў жыцці груз. вёскі адлюстраваны ў раманах «Далоў кукурузную рэспубліку» (1931) і «Водаварот» (1940; перапрацаваныя ўвайшлі ў раман «Зара Калхіды», 1931—52). Гераізму народа ў Вял.Айч. вайне прысвечаны цыкл навел «Смерць яшчэ пачакае» (1968, Дзярж. прэмія Грузіі імя Ш.Руставелі 1971). Аўтар рамана «Чароўны камень» (ч. 1—2, 1955—65), сцэнарыяў фільмаў і інш. У 1935 наведаў Беларусь. Прысвяціў ёй цыкл апавяд. «Бяссмерце» (1938). На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі К.Чорны, М.Гіль і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯСКО́ЎСКІ (Юльян) (псеўд.БандурыстКарабіч, Ю. Карабіч, Марцін Мізэра; 1826, в. Новая Жосна Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — пасля 1888),
польскі і бел. пісьменнік, журналіст. Паходзіў са шляхты герба «Кораб», адсюль адзін з псеўданімаў Карабіч. Адукацыю атрымаў у бернардзінскай школе (відаць, у Будславе). Працаваў канцылярыстам у Вільні. Удзельнічаў у вызв. руху. У 1849 эмігрыраваў. Жыў у Лондане, дзе ў 1855 напісаў рамант. паэму «У чужой старане», у якой паэтызаваў родны край. З 1860 у Вільні. Выдаў зб. «Беларускі бандурыст» (1861), прасякнуты патрыят. пачуццямі, пратэстам супраць сац. прыгнёту (верш «Сірата»), напоўнены беларусізмамі. Аповесць «У Амерыку па золата» (1888) пра цяжкое жыццё эмігрантаў з Польшчы і Беларусі. У арт. «Слова пра песню» (1882) выявіў добрае веданне бел. мовы і фальклору, змясціў тэксты бел. вершаў «Зямелька мая» і «Пад дуду» (відаць, аўтарскія).
Літ.:
Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994. С. 148—161.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГАМА́ЕЎ (Абдул Муслім Магаметавіч) (18.9.1885, г. Грозны, Чэчня — 28.7.1937),
азербайджанскі кампазітар, дырыжор, муз. дзеяч; адзін са стваральнікаў нац.муз.т-ра. Засл. дз. маст. Азербайджана (1935). Скончыў Гарыйскую наст. семінарыю (1904). Першы азерб. дырыжор. З 1911 у опернай трупе У.Гаджыбекава. У 1920—30-я г.заг. аддзела мастацтваў Наркамасветы Азербайджана, кіраўнік муз. рэдакцыі Бакінскага радыё, дырэктар і гал. дырыжор Азерб.т-ра оперы і балета. У кампазітарскай творчасці ўвасабляў прынцып узаемадзеяння нар. і класічнага муз. мастацтва, выступаў за сінтэз нар.-песеннага матэрыялу і еўрап.муз. форм. Збіраў і запісваў нар. мелодыі, апублікаваў першы зборнік азерб.нар. песень (1927, з Гаджыбекавым). Сярод твораў: оперы «Шах Ісмаіл» (1916; паст. 1919, 1924, 1947), «Нэргіз» (паст. 1935); сімф. п’есы на сучасную тэматыку, у т. л. «Танец вызваленай азербайджанкі», «На палях Азербайджана»; фантазія «Дэрвіш»; масавыя песні; музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў.
азербайджанскі спявак (барытон), дырыжор. Нар.арт. Азербайджана. Нар.арт.СССР (1973). Унук А.М.М.Магамаева. Скончыў Азерб. кансерваторыю (1968). З 1962 (з перапынкам) саліст Азерб.т-ра оперы і балета, адначасова ў 1975—79 маст. кіраўнік Дзярж.эстр.-сімф. аркестра Азербайджана. Валодае гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру вял. дыяпазону, сцэн. тэмпераментам. Сярод лепшых оперных партый: Фігара («Севільскі цырульнік» Дж.Расіні), Скарпія («Тоска» Дж.Пучыні), Алека («Алека» С.Рахманінава), Аслан-шах («Шах Ісмаіл» А.М.М.Магамаева), Гасан-хан («Кёр-аглы» У.Гаджыбекава). У канцэртах выконвае арыі з опер, аперэт, рамансы, эстр. і неапалітанскія песні. Аўтар твораў для эстр.-сімф. аркестра, песень, музыкі да драм. спектакляў і кінафільмаў. Зняўся ў кінафільмах «Нізамі», «Спявае Муслім Магамаеў». 1-я прэмія на Міжнар. фестывалі песні ў Сопаце (Польшча, 1969), «Залаты дыск» (1969, Францыя).
Літ.:
Тихвинская Л. Муслим Магомаев // Певцы советской эстрады. М., 1977.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́ГІЯ,
чарадзейства; абрады, дзеянні або слоўныя формулы-заклінанні, якімі чалавек імкнуўся ўздзейнічаць на сілы прыроды, лёс, істоты і прадметы. Узнікла ў першабытным грамадстве. Вядомая ўсім народам, захавалася ў рэліг. вераваннях да нашага часу. Адрозніваюць белую М., якая заклікала бога, і чорную М., што звярталася да «нячыстай» сілы. У аснове М. ўяўленне, што пэўнае дзеянне выклікае адпаведную жаданую з’яву. Найб. пашыраныя віды М.: лячэбна-засцерагальная (знахарства, замовы), гасп. (земляробчая, паляўнічая, бортніцкая, будаўнічая), быт. (засцярога ў дарозе, пры начлезе ў лесе і інш.), любоўная (прыварожванне, адварожванне), шкаданосная (насланнё, псаванне, заломы ў жыце). Часта была заняткам т.зв. чараўнікоў, ведзьмароў, шаманаў. Рэшткі магічных элементаў існуюць і ў наш час.
Літ.:
Никифоровский Н.Я. Простонародные приметы и поверья, суеверные обряды и обычаи, легендарные сказания о лицах и местах. Витебск, 1897;
Сержпутоўскі А.К. Прымхі і забабоны беларусаў-палешукоў. Мн., 1930;
Максимов С.В. Нечистая, неведомая и крестная сила. СПб., 1994.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГНІТАСТРЫ́КЦЫЯ (ад магніт + лац. strictio сцісканне, нацягванне),
змена памераў і формы цела пры намагнічванні. Выяўлена для жалеза Дж.П.Джоўлем у 1842. Адлюстроўвае ўзаемасувязь падсістэм атамных магнітных момантаў і крышталічнай рашоткі; уласціва ўсім рэчывам.
Тлумачыцца тым, што ўзаемадзеянні, якія вызначаюць магн. стан крышталя, залежаць ад адлегласці паміж атамамі (ці іонамі). Змены магн. стану пры зменах магн. поля, т-ры, пругкіх напружанняў і інш. вядуць да зрушэння атамаў і іонаў ад стану раўнавагі і тым самым да дэфармацыі цела. Характарызуецца адноснай зменай лінейных памераў цела λ = Δl/l (лінейная М.) або аб’ёму (аб’ёмная М.) і залежыць ад напрамку вымярэння адносна знешняга магн. поля. Пры вымярэннях уздоўж поля М. наз. падоўжнай, перпендыкулярна полю — папярочнай, напр., у фера- і ферымагнетыках λ дасягае 10−2, у антыфера-, пара- і дыямагнетыках — да 10−6. Гл. таксама Магнітастрыкцыйныя матэрыялы.
Літ.:
Белов К.П. Магнитострикционные явления и их технические приложения. М., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЁЛЬ ((Maillol) Арыстыд Жазеф Банавенцюр) (8.12.1861, Баньюль-сюр-Мер, Францыя — 27.9.1944),
французскі скульптар. Вучыўся жывапісу ў Школе прыгожых мастацтваў у Парыжы (1882—86). Зазнаў уплыў П.Гагена. Быў блізкі да групы «Набі». З 1890-х г. займаўся скульптурай (невял. станковыя творы ў стылі мадэрн). У сталы перыяд творчасці імкнуўся да абагульненасці вобразаў і архітэктанічнай яснасці аб’ёмна-пластычных мас, дасягаў велічнай гармоніі магутных форм і плаўнасці ліній сілуэта. Увасабляў пераважна аголеныя жаночыя фігуры як сімвал чалавечай прыгажосці і дасканаласці: «Міжземнамор’е» (1902—05), «Ноч» (1902—09), «Флора» (1911), «Іль-дэ-Франс» (1920—25), «Венера з каралямі» (1930). Аўтар манументаў у гонар А.Бланкі (1906), П.Сезана (1912), К.Дэбюсі (1935) і інш. Майстар дробнай пластыкі, займаўся таксама гравюрай і літаграфіяй. Мастацтва М. паўплывала на многіх скульптараў 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЗАІ́ЧНЫЯ ХВАРО́БЫ РАСЛІ́Н,
група вірусных хвароб, якая характарызуецца мазаічнай (стракатай) афарбоўкай пашкоджаных органаў, пераважна лісця і пладоў. У залежнасці ад малюнка адрозніваюць кальцавую мазаіку, палосчатую, рабую і інш. Змяняецца форма ліставой пласцінкі, расліны адстаюць у росце. Моцнае пашкоджанне вірусам выклікае некроз (адміранне) лісця, парасткаў, расліны. Хваробы перадаюцца праз насенне, пры пасынкаванні, сутыкненні здаровых і хворых раслін з іх узаемным траўміраваннем і інш. Пераносчыкі — тлі, клапы, глебавыя нематоды. Вірусы захоўваюцца ў раслінных рэштках, насенні. Найб. шкодныя М.х.р. — мазаіка тытуню і памідораў, зялёная мазаіка агуркоў і звычайная агурочная мазаіка, рабая і маршчыністая мазаіка бульбы, мазаіка буракоў, гароху, капусты, фасолі і інш.
Літ.:
Власов Ю.И. Вирусные и микоплазменные болезни растений. М., 1992;
Блоцкая Ж.В. Вирусные болезни картофеля. Мн., 1993.
Ж.В.Блоцкая.
Мазаічныя хваробы раслін: 1 — маршчыністая мазаіка бульбы (а — пашкоджаны ліст, б — расліна, в — некроз жылак); 2 — жоўтая мазаіка фасолі; 3 — мазаіка азімай пшаніцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКА́РАЎ (Аскольд Анатолевіч) (н. 3.5.1925, в. Новамасальскае Зубцоўскага р-на Цвярской вобл., Расія),
расійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар.арт.СССР (1983). Канд. мастацтвазнаўства (1969). Праф. (1976). Скончыў Ленінградскае харэаграфічнае вучылішча (1943). З 1943 саліст Ленінградскага т-ра оперы і балета імя Кірава. З 1970 выкладае ў Санкт-Пецярбургскай кансерваторыі. З 1976 адначасова маст. кіраўнік трупы «Харэаграфічныя мініяцюры» ў С.-Пецярбургу. Для М.-танцоўшчыка характэрны эпічнае абагульненне нар. характару ў канкрэтным персанажы, скульптурнасць пластыкі, энергія, псіхалагізм. Сярод партый: Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль, Салор («Дон Кіхот», «Баядэрка» Л.Мінкуса), Вацлаў і Гірэй («Бахчысарайскі фантан» Б.Асаф’ева), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.Глазунова), Ма Лічэн («Чырвоны мак» Р.Гліэра), Прынц, Даніла («Папялушка», «Каменная кветка» С.Пракоф’ева), Алі Батыр («Шурале» Ф.Яруліна), Спартак («Спартак» А.Хачатурана). Аўтар прац па праблемах харэаграфіі. Дзярж. прэмія СССР 1951.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЁНАК (Данат Адамавіч) (15.5.1891, в. Тамбоўка Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл. — 18.6.1941),
адзін з першых расійскіх лётчыкаў-асаў. Кавалер Георгіеўскіх крыжоў 3 ступеней. Скончыў Севастопальскую шкалу авіяцыі (1914). У арміі з 1911, пасля авіяшколы накіраваны ў авіяатрад 3-га корпуса ў Ліду. У 1-ю сусв. вайну на Зах. фронце. Вёў паветр. разведку, з 1916 — у першым у Рас. арміі знішчальным авіяатрадзе І.А.Арлова. За баявыя заслугі ўзнагароджаны многімі ордэнамі, атрымаў чын афіцэра (1915). З 1918 у Войску Польскім, у складзе якога ўдзельнічаў у баях (1918—20). У 1919—25 камандзір авіяэскадрыллі. Пасля вайны служыў у Варшаве, Вільні. У 1925—29 камендант парку самалётаў авіяц. школы ў Быдгашчы. З 1929 у адстаўцы ў званні маёра. Загінуў у канцлагеры Асвенцім.
Літ.:
Соболев Д. Воздушные асы — кто они? // Крылья Родины. 1994. № 8;
Pawlak J. Polskie eskadry w latach 1918—1939. Warszawa, 1989.