РУД (Rude) Франсуа (4.7.1784, г. Дыжон, Францыя — 3.11.1855),

французскі скульптар, прадстаўнік рамантызму. Вучыўся ў жывапісца Ф.​Дэвожа ў Дыжоне (з 1798), у скульпт. Э.​Голя і П.​Картэлье ў Парыжы (з 1807). Зазнаў уплыў Ж.​Л.​Давіда. У 1815—27 працаваў у Бельгіі, у 1842 у Італіі. Аўтар манум. рэльефу «Марсельеза» («Выступленне добраахвотнікаў у 1792 годзе», 1833—36), трыумфальнай аркі на плошчы дэ Голя ў Парыжы, якія вызначаюцца абагульненасцю і адначасова глыбокай жыццёвасцю вобразаў, рытмічнай цэласнасцю і дынамікай кампазіцыі, багатай пластыкай фігур. Сярод. інш. твораў: «Меркурый завязвае сандалю», партрэтны бюст Давіда (абодва 1827), «Неапалітанскі рыбак з чарапахай» (1833), надмагіллі Г.​Кавеньяка на могілках Манмартр (1845—47), Напалеона (1846), помнік маршалу Нею на плошчы Абсерваторыі (1852—53) у Парыжы.

Ф.Руд. Надмагілле Напалеона. 1846.

т. 13, с. 425

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫША́Р (Richard) П’ер [сапр. Дэфей

(Defays) П’ер Рышар Марыс Шарль Леапольд; н. 16.8.1934, г. Валансьен, Францыя], французскі акцёр, рэжысёр. Выступаў у кабарэ, мюзік-холах. У кіно з 1968. Стварыў вобраз добрага, невязучага, дзівакаватага героя ў фільмах «Высокі бландзін у чорным чаравіку» (1972),

«Вяртанне высокага бландзіна» (1974), «Забаўка» (1977), «Укол парасонам» (1980), «Бацькі» (1984), «Уцекачы» (1986), «Налева ад ліфта» (1988), «Стары шэльма» (1992) і інш. Паставіў камедыі, у якіх іграў гал. ролі: «Рассеяны» (1970), «Я нічога не ведаю, але ўсё раскажу» (1973), «Я сарамлівы, але я лячуся» (1978), «Гэта не я, гэта ён» (1979) і інш. Зняўся ў Грузіі ў фільмах «Тысяча і адзін рэцэпт закаханага кулінара» (1996), «Лета, або 27 згубленых пацалункаў» (2000). У 2001 гастраліраваў на Беларусі.

т. 13, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭНА́Р (Renard) Жуль (22.2.1864, Шалон-сюр-Мен, Францыя — 22.5.1910),

французскі пісьменнік. Дэбютаваў як паэт-сімваліст (зб. вершаў «Ружы», 1886). Першы буйны празаічны твор — раман «Макрыцы» (1887) пра жыццё вясковых буржуа. У рамане «Паразіт» (1892) сатыр. вобраз пісьменніка-псеўдабунтаўшчыка і прычыны яго дэградацыі. Тэмы дзяцінства і вёскі распрацоўваў у рамане «Рыжык» (1894). Аўтар зб-каў нарысаў і апавяд. «Патайны ліхтар» (1893), «Вінаградар у сваім вінаградніку» (1894), «Буколікі» (1896), «Нашы суровыя браты» (1908) пра сял. побыт, п’ес, у т. л. «Ханжа» (1909) і інш. Найбуйнейшы яго твор — «Дзённік» (выд. 1927), у якім адлюстраваны светапогляд і прынцыпы Р., грамадскае і культ. жыццё Францыі канца 19 — пач. 20 ст.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1946;

Дневник. М., 1965.

А.​В.​Хадановіч.

т. 14, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМО́ЙЛАВА Таццяна Яўгенаўна (н. 4.5.1934, С.-Пецярбург),

расійская актрыса. Дачка Я.​В.​Самойлава. Нар. арт. Расіі (1993). Вучылася ў Тэатр. вучылішчы імя Б.​Шчукіна (1953—56), скончыла Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва (1962). У 1958 у Маскоўскім т-ры імя У.​Маякоўскага, у 1967—92 у Т-ры-студыі кінаакцёра, з 1994 у Т-ры сучаснай п’есы. Ігра адметная глыбокім драматызмам, тонкім псіхалагізмам. З 1956 здымаецца ў кіно: «Мексіканец» (1956), «Ляцяць жураўлі» (1957, Гал. прыз кінафестывалю ў Канах, 1958), «Неадпраўлены ліст», «Леон Гарас шукае сябра» (СССР—Францыя, абодва 1960), «Альба Рэгія» (Венгрыя, 1961), «Яны ішлі на ўсход» (1964, Італія—СССР), «Ганна Карэніна» (1968), «Доўгая дарога ў кароткі дзень» (1972), «Акіян» (1974), «Брыльянты для дыктатуры пралетарыяту» (1976), «24 гадзіны» (2000) і інш.

Т.Я.Самойлава.

т. 14, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТАНД (Tende) Гаспар дэ (1618, г. Ман, Францыя — 1697),

французскі падарожнік і пісьменнік. Служыў пры двары польскага караля і вял. кн. ВКЛ Яна II Казіміра Вазы. Пасля адрачэння караля ад трона ў 1668 вярнуўся ў Францыю. У 1674 зноў ездзіў у Рэч Паспалітую ў якасці сакратара франц. пасла. У 1684 выдаў у Парыжы кн. «Гістарычныя рэляцыі пра Польшчу» (перавыдадзена некалькі разоў на розных мовах). Звесткі пра Беларусь у ёй пададзены з пункту гледжання падарожніка. Так, Т. раіў падарожнікам, якія будуць наведваць гэтую краіну, браць з сабой харчовыя прадукты, віно, міску, лыжку і нож, бо падарожнікам часта давядзецца начаваць пад павеццю, побач з коньмі, каровай і бочкамі з капустай.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФАРСЬЯ́ ДЭ ПІЛЬ (Fortia de Piles) Альфонс Пусэн Жазеф (1758, г. Марсель, Францыя — 1826),

французскі пісьменнік, граф. Служыў афіцэрам у франц. каралеўскай арміі, у 1789—94 губернатар Марселя. У час рэвалюцыі і якабінскага тэрору эмігрыраваў, падарожнічаў па Германіі, Даніі, Швецыі, Расіі і Рэчы Паспалітай. У 1792 ён з П.​М.​Буажэленам дэ Кердзю ехалі з Расіі ў Польшчу праз Беларусь: ад Смаленска праз Оршу, Талачын, Крупкі, Барысаў, Смалявічы, Мінск, Гродна. Яны адзначылі, што ўся дарога ад Смаленска да Талачына была добрая і абсаджаная дрэвамі. Талачын ім здаўся «вялікай вёскай, якую называюць горадам». У 1796 яны выдалі ў Парыжы 5 тамоў апісання свайго падарожжа па Еўропе.

Літ.:

Грыцкевіч В., Мальдзіс А. Шляхі вялі праз Беларусь. Мн., 1980.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 16, с. 327

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФЕЎР (Febvre) Люсьен (22.7.1878, г. Нансі, Францыя — 27.9.1956),

французскі гісторык. Скончыў Вышэйшую Нармальную школу ў Парыжы. Чл. Акадэміі маральных і паліт. навук (1951). Праф. ун-таў Дыжона (1912—14), Страсбура (1919—33), Калеж дэ Франс (з 1933). Разам з М.​Блокам заснаваў у 1929 час. «Annales d’histoire économique et sociale» («Аналы эканамічнай і сацыяльнай гісторыі») і -кірунак у гістарыяграфіі — «Аналаў» школу. З 1935 кіраваў выданнем «Французскай энцыклапедыі». З 1948 узначальваў у Практычнай школе вышэйшых ведаў секцыю эканамічных і сацыяльных навук. Лічыў, што шлях да пазнання гісторыі ляжыць праз усебаковае асэнсаванне пэўнага грамадства, у т. л. яго геаграфіі, агр. адносін, гандлю, рэлігіі, культуры, гіст. псіхалогіі і інш. Працы па метадалогіі гісторыі, праблемах эпохі Адраджэння і інш.

Тв.:

Рус. пер. — Бои за историю. М., 1991.

т. 16, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЛІ́П IV Прыгожы

(Philippe le Bel; 1268, г. Фантэнбло, Францыя — 29.11.1314),

кароль Францыі [1285—1314]. З дынастыі Капетынгаў. Унук Людовіка IX Святога. Кароль Навары з 1284. Далучыў да каралеўскага дамена Ангумуа (1308), Ліёнэ (1312). Ваяваў з Англіяй за Гіень (занята франц. войскамі ў 1294, вернута Англіі ў 1300). У 1300 захапіў Фландрыю, што выклікала паўстанне фландрыйскіх гарадоў (гл. «Бругская ютрань»). Для вядзення войнаў выкарыстоўваў экстраардынарныя падаткі: прымусовыя пазыкі, пераштампоўку манет (атрымаў мянушку «фальшываманетчык»); у 1306 выгнаў з каралеўства яўрэяў і канфіскаваў іх маёмасць; абклаў падаткамі духавенства, што выклікала канфлікт (1296—1303) з папам Баніфацыем VIII, у якім Ф. IV стаў пераможцам (гл. Авіньёнскае паланенне папаў). Ліквідаваў ордэн тампліераў, канфіскаваў іх маёмасць, дамогся скасавання ордэна папам (1312). Склікаў першыя Генеральныя штаты (1302).

т. 16, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФРАМАНТЭ́Н (Fromentin) Эжэн Самюэль Агюст (24.10.1820, г. Ла-Рашэль, Францыя — 27.8.1876),

французскі жывапісец і пісьменнік. У 1846, 1848 і 1852—53 падарожнічаў па Паўн. Афрыцы. Уражанні ад паездак у яго карцінах, у т. л. «Паміраючыя ад смагі ў пустыні» (1869), і ў кнігах дарожных нататак «Лета ў Сахары» (1856) і «Год у Сахелі» (1859). Поспех прынёс псіхал. раман «Даменік» (1862) пра лёс пісьменніка. Асн. праца Ф. — «Старыя майстры» (1876), у якой прафес. аналіз развіцця класічнага і сучаснага мастацтва, характарыстыка жывапісцаў 15—17 ст. і асаблівасцей іх мастацкай манеры.

Тв.:

Рус. пер. — Старые мастера. М., 1966.

Літ.:

Кантор А. «Старые мастера» Фромантена и французское искусство второй половины XIX в. // Западноевропейское искусство второй половины XIX в. М., 1975.

Э.Фрамантэн. Паміраючыя ад смагі ў пустыні. 1869.

т. 16, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ШАМПЛЕ́ЙН, Шамплен (Champlain) Самюэль (1567, Бруаж каля г. Рашфор, Францыя — 25.12.1635), французскі гідрограф, даследчык Канады і ПнУ ЗША. У 1603 здзейсніў падарожжа па рэках Св. Лаўрэнція і Сагеней. У 1604—06 правёў даследаванні ўздоўж Атлантычнага ўзбярэжжа Паўн. Амерыкі (п-авы Новая Шатландыя і Кейп-Код, зал. Фанды, Масачусетс), адкрыў в-аў Нантакет. У 1608 у вусці р. Св. Лаўрэнція заснаваў г. Квебек, у 1609 даследаваў р. Рышэльё — правы прыток р. Св. Лаўрэнція, адкрыў возера, пазней названае яго імем, горы Адырондак і Зялёныя горы (Грын-Маўнтынс). У 1609—15 займаўся пошукам водных шляхоў да Ціхага ак., у 1615—16 па рэках Св. Лаўрэнція, Атава, воз. Ніпісінг і інш. дасягнуў воз. Гурон.

Літ.:

Магидович И.П. История открытия и исследования Северной Америки. М., 1962.

т. 17, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)