зака́т м.
1. (солнца) за́хад со́нца;
они́ верну́лись домо́й на зака́те яны́ вярну́ліся дадо́му на за́хадзе со́нца;
2. перен. кане́ц, -нца́ м., скон, род. ско́ну м.; схіл, род. схі́лу м.; (гибель) пагі́бель, -лі ж.; (упадок) заняпа́д, -ду м.;
жизнь его́ бли́зится к зака́ту жыццё яго́ набліжа́ецца да канца́ (да ско́ну);
зака́т буржуа́зного стро́я скон буржуа́знага ла́ду;
◊
на зака́те дней на схі́ле дзён, на зыхо́дзе жыцця́.
Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)
атмасфе́ра, ‑ы, ж.
1. толькі адз. Газападобная абалонка Зямлі і некаторых іншых планет. Высокія слаі зямной атмасферы.
2. толькі адз. Паветра. [Пранук:] — Колькі дзён дажджы ішлі. Вільгаці багата ў атмасферы. Лынькоў.
3. Адзінка вымярэння ціску. Ціск больш за сто атмасфер.
4. Спец. Газ ці сумесь газаў, прызначаныя для правядзення ў іх асяроддзі якіх‑н. дзеянняў. Зварка ў атмасферы вадароду. Атмасфера кабіны касмічнага карабля.
5. перан. Навакольнае асяроддзе, абставіны. Атмасфера ідэйнай барацьбы. Атмасфера давер’я. Атмасфера павагі да чалавека працы. Атмасфера працоўнага ўздыму. □ Усе гэтыя клопаты і справы адганялі думкі ад хваробы, уносілі ў невялічкую леснічоўку.. дух змагання, атмасферу баявога напружанага жыцця. Лынькоў.
[Ад грэч. atmos — дыханне і sphaira — шар.]
•••
Атмасфера згушчаецца — пра ўзнікненне напружанага становішча, абставін.
Разрадзіць атмасферу — паслабіць напружанне ў якіх‑н. абставінах.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
вы́меркаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што.
1. Знайсці, сэканоміць шляхам дакладнага разліку; выгадаць, выкраіць. Вымеркаваць з бюджэту тысячу рублёў на рамонт. Вымеркаваць свабодную гадзіну. □ Ліпа са сваёй малою дачкою ехала з поўдня, дзе яны адпачывалі ля мора, і ўсё ж вымеркавала, колькі дзён, каб заехаць у Жыцькава. Сіпакоў.
2. Выбраць зручны момант. [Стафанковіч:] — Выбачайце, але калі я вас магу застаць дома? [Люба:] — Я сама не ведаю. — Калі так, то я ўжо як-небудзь вымеркую. Чорны.
3. У адпаведнасці з абставінамі ўлічыць усё неабходнае для ажыццяўлення якой‑н. мэты; правільна разлічыць. Як толькі сагнала з палёў снег, пан Зыгмусь сам зрабіў агляд зямлі, каб загадзя вымеркаваць, дзе што засеяць. Колас. [Павел Іванавіч:] — Вымеркуем так, што ў дні заняткаў у цябе будуць меншыя рэйсы. Кулакоўскі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
нагле́дзецца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца і наглядзе́цца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
1. Уволю паглядзець. Дзяўчынцы вельмі хацелася пастаяць, добра нагледзецца на дзівосную кветку. Сіняўскі. [Стэпа:] — Хоць пасядзі на расстанні з мацерай. Бо калі мы ўжо ўгледзімся — хто можа сказаць... — Яна разгорнілася і заплакала. — Дай мне наглядзецца на цябе... Гартны. / (з адмоўем «не» або дзеясл. «магчы»). [Маці] — Не пушчу раней, не пушчу... Я яшчэ на вас, дзеткі, добра не нагледзелася. Пальчэўскі. Некалькі дзён .. [Галя і Зоя] не адыходзілі адна ад другой і не маглі наглядзецца адна на адну. Сяргейчык.
2. Паглядзець, убачыць многа чаго‑н.; убачыць не адзін раз што‑н. У хаце поўна кабет, яны пры ўваходзе Міці на хвіліну змоўклі, а потым зноў загаварылі пра сваё.. — чаго нагледзеліся яны, колькі набедаваліся... Навуменка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падо́бны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае падабенства з кім‑, чым‑н., нагадвае каго‑, што‑н. Падобныя з твару, браты шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго. Шамякін. На парозе з’явіліся дзве невялічкага росту бялявыя дзяўчынкі, настолькі падобныя адна да аднае, што іх можна было адрозніць толькі па прычосках. Грахоўскі. Перасыльная біржа была вельмі падобнай на лагер ваеннапалонных, толькі меншая намерам. Якімовіч.
2. Такі, як гэты (пра які ідзе гаворка). Другі падобны выпадак здарыўся ў курортным горадзе Дуброўніку, дзе мы жылі некалькі дзён. Брыль.
3. У геаметрыі — які мае падобнасць (у 2 знач.). Падобныя многавугольнікі. Падобныя конусы.
•••
І падобнае (скарочана: і пад.) — ужываецца ў канцы пералічэння, паказваючы на тое, што яно можа быць прадоўжана.
Нічога падобнага гл. нішто 1.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
падча́с, прысл. і прыназ.
1. прысл. Часам, калі-нікалі, іншы раз. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая падчас, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Балюча, што падчас жывеш не ў поўную меру, разменьваешся на дробязі, быццам гэтых цудоўных і беззваротных дзён у тваім запасе безліч. Кандрусевіч.
2. прыназ. з Р. Спалучэнне з прыназоўнікам «падчас» выражае часавыя адносіны: ужываецца пры ўказанні на тэрмін, з’яву, надзею, у час якіх адбываецца ці існуе што‑н. Ніхто на вайне не ведаў, калі і дзе стрэне сваю кулю.. У разведцы ці ў баі падчас блакады. Шамякін. — Толькі я паступіла [у медінстытут] — няшчасце на нашу сям’ю звалілася: бацька загінуў падчас аўтамабільнай аварыі. Марціновіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
спазні́цца, спазнюся, спознішся, спозніцца; зак.
1. Прыйсці, прыехаць, з’явіцца пазней, чым трэба. У інстытут Юрка прыйшоў у гуморы, хоць праспаў і спазніўся па першую лекцыю. Карпаў. — Хадзем! — папраўляючы сарафанчык, сказала Святланка. — А то яшчэ спознімся. Васілёнак. Цягнік спазніўся на некалькі гадзін. Барашка. // Паступіць, пачацца са спазненнем. Вясна крыху спазнілася, і народ гамоніць, што, мусіць, за грахі людскія кара гэта. Мурашка. Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Гартны.
2. з чым, з інф. і без дап. Не паспець зрабіць што‑н. своечасова. Спазніцца з сяўбой. □ Настрой створаны, глеба гатова, марудзіць нельга, трэба сеяць, каб не спазніцца, каб не ахаладзеў запал і рашучасць. Зарэцкі. Старая спазнілася разбудзіць Грыба, калі той збіраўся ў лес лавіць парубшчыкаў. Кучар.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узру́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; зак.
1. каго. Вельмі моцна ўсхваляваць; устрывожыць. Максіму шмат разоў пісалі пра гераічную смерць бацькі, але напамінак маці неяк асабліва ўзрушыў яго. Шамякін. Над .. балотам аж стогнуць канюхі. .. Узрушыў іх нехта, носяцца, выпрастаўшы крылы. Пташнікаў. Хто ж такі Мартын Рыль, чый арышт узрушыў новага войта? Колас. Песня з-за сцяны ўзрушыла мяне, давяла да нейкай унікальнай хваробы, якую ніякі доктар не адгадае і не вылечыць. Дуброўскі.
2. што. Разм. Узрыхліць, узварушыць паверхню чаго‑н. Узрушыць зямлю па градах. Вецер узрушыў гладзь возера. // перан. Пазбавіць устойлівасці, трываласці; пахіснуць. Хіба не магло так здарыцца, што сярод .. [бальшавікоў] убачылі б мы і Пуліхава, калі б толькі да дзён, што ўзрушылі свет, яму выпала дажыць!.. Мехаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
уці́хнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; пр. уціх, ‑ла; зак.
1. Спыніцца; перастаць гучаць (пра гукі шум і пад.). Шум уціх. Страляніна ўціхла. □ Успыхнулі і ўціхлі апладысменты, паўз Віцю прашмыгнулі танцоры, якія толькі што выступалі. Марціновіч.
2. Аслабець у сіле, дзеянні (пра стыхійныя з’явы). Уціхла навальніца. □ Вецер уціх, пацяплела, з лагчыны цераз пуці сунуліся шэрыя космы туману. Быкаў. Уціхла, прайшлі завіруха, Замоўклі басістыя громы. Колас. / Пра напружанасць дзеянняў, падзей. Спрэчкі ўціхлі ў хаце. / Пра боль, праяўленне хваробы. Доктар прыпісаў хлапчуку кампрэсы, парашкі і наказаў ляжаць нерухома да таго часу, пакуль уціхнуць болі. Кулакоўскі. Праз некалькі дзён боль уціх, успаміны пра страшнае — адышлі. Брыль.
3. Супакоіцца, перастаць плакаць, крычаць, злавацца і пад. Хлопчык плакаў доўга, змогся і ўціх.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
Перазоў ’трэці або адзін з наступных дзён вяселля, калі бацькі маладой едуць да яе і прывозяць пасаг і блаславёную ікону’ (Нас.); івац. пэрэзов, рас. перазыўкі, лаг. пярэзаўкі, мін. пярэзвіны, кам. пырызвэ́, лун. пэрэзовы, пін. пырызоў, віл. пярэ́заўкі ’заключны этап вяселля — прыезд бацькоў маладой у госці да сватоў праз тыдзень пасля вяселля’ (Сл. ПЗБ, Жыв. НС. Сл. Брэс., З нар. сл., лун., Шатал.); мін. пярэзвіны, віц. перазоўкі госці ў бацькоў маладых праз тыдзень пасля вяселля (Касп., Хрэст. дыял.), мазыр. перазоў ’узаемнае наведванне пасля вяселля’ (Нар. Гом., Шн. 3); лаг. перазовыя ’калі бацькі маладой запрашаюць у госці дачку, зяця і бацькоў маладога’ (Варл.), стол. пэрэзов ’пачастунак у бацькоў маладой’ (Сл. Брэс.), пярэзвы ’тс’ (Шат.), паст. перазыў, перазыўнікі ’паездка гасцей нявесты да жаніха’, красл. перазыўкі ’паездка гасцей да нявесты праз тыдзень’ (Сл. ПЗБ); пярэзвы ’запрашэнне’, перазвя́нка ’запрошаная зяцем маці маладой’ (Зянк.); пярэзвы ’ўзаемныя запрашэнні ў госці на запускі ўсёй вёскі да кожнага гаспадара’ (Стан.); перэзя́нка ’дружка маладой на вяселлі’ (ТС); укр. перезва́ ’ў панядзелак пасля першай шлюбнай ночы родныя маладой ідуць на пачастунак да бацькоў жаніха’ (П. Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 56; чарніг., Грынч.), пере́зивкп ’пачастункі ў чацвер і пятніцу ў хаце маладога, потым у дружка, затым у брата, дзядзькі, сястры’ (Чубінскі, Труды ЭЭ, 4, 580); рус. кур. перезва́ ’другі дзень вяселля’, пере́звы ’апошняе гулянне на вяселлі’, вілен. перезов ’пераезд нявесты (у суботу) у дом жаніха’. Прасл. паўн. рэгіяналізм *per‑zovъ. Да пера- і зваць (гл.). Сюды ж мсцісл. пірізваць ’запрасіць да сябе ў адказ’ (Юрч. СНЛ).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)