Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВАРО́ТНЫ ТЫФ,
вострая інфекцыйная хвароба з групы тыфаў, якая выклікаецца спірахетамі. Перадаецца насякомымі-крывасмокамі (вошамі і кляшчамі). Адрозніваюць вошавы і кляшчовы. Найчасцей бывае эпідэмічны (еўрапейскі вошавы). Узбуджальнік яго — спірахета, адкрытая ням. урачом О.Обермаерам у 1868. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Прыкметы: чаргуюцца прыступы дрыжыкаў, т-ры да 41 °C, болі ў крыжы, мышцах, суставах (4—7 дзён) з перыядамі (7—15 дзён) без ліхаманкі. Ускладненні: крывацёк, інфаркт або разрыў селязёнкі, калапс, міякардыядыстрафія. Лячэнне тэрапеўтычнае. Эпідэмічны З.т. на Беларусі і Расіі ліквідаваны ў 1940-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЭНАВІ́РУСНЫЯ ХВАРО́БЫ,
група інфекцыйных захворванняў чалавека і жывёлы, выкліканых адэнавірусамі. Здольнасць адэнавірусаў размнажацца ў эпітэліяльных клетках дыхальных шляхоў, кан’юнктывы, кішэчніка і лімфоіднай тканкі абумоўлівае разнастайнасць клінічных прыкмет хваробы: востры катар верхніх дыхальных шляхоў, кан’юнктывіт, энтэракаліт. Найб. успрымальныя да інфекцыі дзеці. Ліхаманка пры захворванні працягваецца 5—7 дзён, катаральны стан — да 10—12 дзён. Ускладненні (атыт, ангіна, пнеўманія) узнікаюць пры далучэнні бактэрыяльнай інфекцыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДЗЁР,
вострая вірусная хвароба чалавека, якая характарызуецца павышанай тэмпературай, інтаксікацыяй, катаральным запаленнем верхніх дыхальных шляхоў і вачэй, высыпкай на целе. Перадаецца паветрана-кропельным шляхам ад хворага. Інкубацыйны перыяд 8—10 (макс. 17) дзён. Хварэюць людзі любога ўзросту, але часцей дзеці ад 1 да 7 гадоў (да 3 месяцаў дзейнічае матчын імунітэт).
Адрозніваюць 3 перыяды хваробы: катаральны (3—4 дні), калі з’яўляюцца дробныя шаравата-белыя з чырвонай аблямоўкай плямкі на слізістай губ; перыяд высыпання (4—5 дзён) — высыпка з’яўляецца на твары, затым на ўсім целе; праз 3—4 дні яна знікае, застаецца пігментацыя і лушчэнне скуры; працягваецца 7—10 дзён. На ўсіх стадыях хваробы могуць узнікнуць ускладненні на органы дыхання (ларынгіт, фарынгіт, трахеіт, пнеўманія, абсцэс лёгкага), страўнікава-кішачны тракт (стаматыт, энтэракаліт), на скуру (піядэрмія), нервовую сістэму (менінгіт, менінгаэнцэфаліт, міэліт, энцэфаламіэліт), зрок (кератыт) і слых (атыт). Спецыфічных лек. сродкаў супраць адзёру адру* няма. Найб. дзейсны метад прафілактыкі — супрацьадзёрная вакцына. Прышчэпкі робяць дзецям у 12 месяцаў і ў 7 гадоў.
бяскрылае паразітычнае насякомае атр. двухкрылых; эктапаразіт авечак, зрэдку коз, коней, вярблюдаў, ласёў і інш. Пашыраны ўсюды. Узбуджальнік мелафагозу. У хворых авечак узнікаюць дэрматыты, аблысенні, парушэнні абмену рэчываў, ягняты часцей гінуць. Р.а. можа быць пераносчыкам трансмісіўных хвароб (трыпанасамоза і інш.).
Цела патоўшчанае, даўж. 4—7 мм, жоўта-бурае, густа ўкрытае валаскамі. Жыве 7—8 месяцаў, кожныя 7—9 дзён самка нараджае па лічынцы, якая праз 12 гадз. ператвараецца ў цёмна-карычневую кукалку. Праз 20—30 дзён з яе выходзіць дарослае насякомае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЗЫ́НКІ (польск. rodzynki),
сушаныя на сонцы або ў цені ягады вінаграду. Працягласць сушкі ад 4 да 9 дзён. Бываюць безнасенныя і з насеннем. Выкарыстоўваюць пераважна ў кандытарскіх і хлебабулачных вырабах.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДПУСК ПА ЦЯЖА́РНАСЦІ І РО́ДАХ,
водпуск, які даецца жанчынам — работніцам, служачым, калгасніцам, студэнткам — у сувязі з цяжарнасцю і родамі. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь водпуск па цяжарнасці і родах даецца на 70 каляндарных дзён да родаў і 56 (у выпадках ускладненых родаў або нараджэння двух і больш дзяцей — 70) каляндарных дзён пасля родаў, з выплатай за гэты перыяд дапамогі па дзярж.сац. страхаванні. Водпуск вылічваецца сумарна і даецца жанчыне поўнасцю, незалежна ад колькасці дзён, фактычна выкарыстаных да родаў. Перад водпускам па цяжарнасці і родах або пасля яго жанчыне, па яе заяве, даецца штогадовы водпуск незалежна ад стажу работы ў дадзенага наймальніка, а таксама водпуск па доглядзе дзіцяці да дасягнення ім 3-гадовага ўзросту з выплатай за гэты перыяд штомесячнай дзярж. дапамогі, памер і ўмовы выплаты якой устанаўліваюцца заканадаўствам. У выпадку неабходнасці наймальнік можа выдаваць цяжарным жанчынам пуцёўкі ў санаторыі і дамы адпачынку бясплатна або на льготных умовах, а таксама аказваць ім матэрыяльную дапамогу. Для жанчын названых катэгорый заканадаўствам прадугледжаны і іншыя перавагі і прававыя гарантыі.