ФУШЭ́ (Fouché) Жазеф (21.5.1759, Ле-Пельрэн каля г. Нант, Францыя — 25 або 26.12.1820),

французскі паліт. і дзярж. дзеяч. Герцаг Атранцкі (1809). У Французскую рэвалюцыю 1789—99 дэп. Канвента (з 1792), дзе спачатку быў прыхільнікам жырандыстаў, потым — якабінцаў. Галасаваў за смяротнае пакаранне караля Людовіка XVI, як камісар Канвента ў шэрагу дэпартаментаў надзвычай жорстка падаўляў контррэв. мяцяжы. Прыхільнік Ж.Эбера, удзельнічаў у правядзенні палітыкі дэхрысціянізацыі. Адзін з арганізатараў і кіраўнікоў тэрмідарыянскага перавароту (ліп. 1794). У перыяд Дырэкторыі на дыпламат. пасадах, са жн. 1799 міністр паліцыі. У ліст. 1799 дапамог прыйсці да ўлады ген. Н.​Банапарту (з 1804 імператар Напалеон Г), у 1799—1802 і 1804—10 яго міністр паліцыі; стварыў сістэму паліт. разведкі, вышуку і татальнага шпіянажу (звольнены за несанкцыянаваныя перагаворы з Вялікабрытаніяй). У 1813—14 губернатар Ілірыйскіх правінцый. Пасля крушэння Напалеонаўскай імперыі (крас. 1814) заўзяты прыхільнік манархіі Бурбонаў, але ў час «Ста дзён» (сак.—чэрв. 1815) перайшоў на бок Напалеона I, які зноў прызначыў яго міністрам паліцыі. Пасля бітвы пры Ватэрлоо (18.6.1815) зноў здрадзіў Напалеону і як кіраўнік Выканаўчай камісіі Часовага ўрада падрыхтаваў 2-ю рэстаўрацыю Бурбонаў. З ліп. 1815 міністр паліцыі і саветнік Людовіка XVIII, але ў тым жа годзе па патрабаванні ультрараялістаў звольнены і прызначаны пасланнікам у Саксонію. У 1816 як «царазабойца» абвешчаны выгнаннікам. Апошнія гады правёў у Аўстрыі. Дзейнасць Ф. — узор беспрынцыпнага кар’ерызму ў палітыцы.

т. 16, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)