НЯВЕ́РАЎ (сапр. Скобелеў) Аляксандр Сяргеевіч

(24.12.1886, с. Навікоўка Старамайнскага р-на Ульянаўскай вобл., Расія — 24.12.1923),

рускі пісьменнік. У 1906—16 настаўнічаў. Друкаваўся з 1906. Асн. тэмы творчасці — рас. сялянства, вострыя сац. і псіхал. канфлікты на вёсцы: апавяданні, аповесці «Ташкент — горад хлебны», «Гусі-лебедзі» (не завершаная), «Андрон Непуцёвы» (усе 1923) і інш. Прозе Н. ўласціва своеасаблівая, блізкая да сказа стылістыка. Аўтар п’ес «Бабы» (1920), «Грамадзянская вайна», «Захарава смерць» (абедзве 1922), вершаў у прозе і інш. Адзін з пачынальнікаў сав. дзіцячай л-ры (цыкл «Дзіцячыя апавяданні», 1923). На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Б.Дольскі, М.Сеўрук і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Куйбышев, 1957—58;

Избранное. Мн., 1985;

Бел. пер. — Бабы. Мн., 1927;

Як у нас вайна была. Мн., 1927;

Смех і гора. Мн., 1928;

Ташкент — горад хлебны. Мн., 1930;

Бальшавікі. Мн., 1930;

Сгрогі муж. Гора-горкае: Апавяданні. Мн., 1931.

Літ.:

Александр Неверов: Из архива писателя: Исслед. Воспоминания. Куйбышев, 1972;

Александр Неверов: Воспоминания, статьи, библиогр Куйбышев, 1986.

т. 11, с. 404

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯПОЎНАГАЛО́ССЕ,

спалучэнне плаўнага зычнага «р», «л» з галосным на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць паўд.-слав., а таксама чэш. і славацкай моў. Сутнасць Н. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў тыпу tort, tolt, tĕrt, tĕlt паводле закону адкрытага складу ў trat, tlat, trĕt, tlĕt: праслав. *borda (барада) — балг. «брада», праслав. *melko (малако) — чэш. «mléko». Адрозніваюць сапраўднае і несапраўднае Н. Пры сапраўдным Н. паўд.-слав. (або чэш. і славацкім) злучэнням тыпу trat, tlat, trĕt, tlĕt адпавядаюць адпаведныя ўсх.-слав. злучэнні torot, tolot, teret (гл. Поўнагалоссе); сербскае «град» — бел. «горад» (з адлюстраваннем акання). Пры несапраўдным Н. корань выглядае няпоўнагалосным, але не паходзіць з праслав. злучэнняў: балг. «брат» — бел. «брат». Словы з сапраўдным Н. распаўсюдзіліся ў інш. слав. мовы з паўд.-слав. моў (найперш са стараслав.): бел. «прах», рус. «гражданин» і інш.; у бел. мове іх значна менш, чым у рускай.

Літ.:

Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язых. 3 изд. Мн., 1985.

А.В.Зінкевіч.

т. 11, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯСВІ́ЖСКІЯ ПАЯСЫ́,

вырабы ручнога шаўкаткацтва на Беларусі ў сярэдзіне 18 ст. У пач. 1740-х г. уладальнік Нясвіжскай ардынацыі М.К.Радзівіл заснаваў у Альбе пад Нясвіжам мануфактуру па вырабе шаўковых паясоў (персіярню). Кіравалі вытв-сцю майстры Хаецкі і Гадоўскі, з 1757 — Я.Маджарскі, запрошаны з г. Станіслава (Івана-Франкоўск, Украіна). Паясы ткалі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак, мелі даўжыню 2—4,5 м, шыр. 20—40 см. Некат. паясы цалкам затыкаліся залатымі ніткамі і потым пракатваліся паміж цяжкімі валамі, набываючы выгляд металічных, што дало ім назву «літых». Дэкор складаўся з папярочных гладкіх ці ўзорыстых палос, якія ўключалі пераважна ўсх. матывы. Н.п. не мелі спец. метак, а падабенства да слуцкіх паясоў робіць цяжкім іх вызначэнне, таму звычайна іх адносяць да апошніх. У пач. 1760-х г. нясвіжская персіярня пераведзена ў Слуцк.

Літ.:

Карпачоў Я.М. Узнікненне і развіццё Слуцкай вотчыннай мануфактуры шаўковых паясоў // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1982. № 3.

Я.М.Сахута.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯХА́Й (Рыгор Восіпавіч) (5.12.1914, в. Сяліба Бярэзінскага р-на Мінскай вобл. — 25.7.1991),

бел. паэт і празаік. Скончыў Мінскі настаўніцкі ін-т (1939). Працаваў настаўнікам. З 1946 у газ. «Літаратура і мастацтва», час. «Полымя», у Дзярж. выд-ве БССР. Друкаваўся з 1935. Аўтар паэт. зб-каў «Па сонечных узгорках» (1939), «Маё пакаленне» (1950), «Вялікі мой і ціхі акіян» (1954), «Размова з восенню» (1961), «Асеннія пракосы» (1973), аповесцей «Сарочы лес» (1965), «Туман над стэпам» (1971), «Шлях на Эльбу» (1976), «Я з табою, гвардыя» (1983), дакумент. аповесці «Героі не адступаюць» (1965). Гераізм народа ў Вял. Айч. вайну, пафас стваральнай працы — асн. тэматыка твораў. Пісаў для дзяцей («Пра храбрага хлопчыка», 1962; «Алёшка-атаман», 1967). Аўтар гіст.-краязн. нарыса «Мінская вобласць» (1968, 2-е выд. 1974). Зрабіў літ. запісы кніг В.Лівенцава «Партызанскі край» (1950), І.Вятрова «Браты па зброі» (1962), І.Шубітыдзе «Палескія былі» (1969). На бел. мову пераклаў паасобныя творы А.Твардоўскага, А.Малышкі, Ю.Збанацкага, М.Рыльскага, М.Стэльмаха, П.Тычыны і інш.

Тв.:

Творы. Т. 1—2. Мн., 1984.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О’КЕ́ЙСІ ((O’Casey) Шон) (30.3.1880, Дублін — 18.9.1964),

ірландскі пісьменнік. З 1926 жыў у Англіі. Пісаў на англ. мове. Першыя п’есы «Цень стралка» (паст. 1923), «Юнона і паўлін» (паст. 1924), «Плуг і зоркі» (1926) прасякнуты ідэямі нац.-вызв. барацьбы ірл. народа. Аўтар гіст. драмы «Зорка становіцца чырвонай» і «мудрагелістай камедыі» «Пурпуровы прах» (абедзве 1940), паэтычна прыўзнятай трагедыі «Чырвоныя ружы для мяне» (1942), фантаст. камедыі «Певень-дэндзі» (1949), лірычнай п’есы «Касцёр епіскапа» (1955), «вясёлай камедыі» «Барабаны бацькі Неда» (1958) і інш. Яго драматургіі ўласціва спалучэнне рэалізму з сімволікай, прынцыпаў высокай трагедыі з камедыйнасцю, буфанадай і фарсам. У аўтабіягр. эпапеі з 6 раманаў «Люстра ў маім доме» (1939—54) паказаў шырокую карціну грамадскага жыцця Ірландыі і Англіі. На бел. мову асобныя яго творы пераклаў Э.Садоўнічы.

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1961;

Под цветной шапкой: Расскаэы. М., 1964;

За театральным занавесом: Сб. статей. М., 1971.

Літ.:

Друзина М. Шон О’Кейси — драматург. М., 1963;

Саруханян А. Творчество Шона О’Кейси. М., 1965;

Шон О’Кейси: Биобиблиогр. указ. М., 1964.

Г.М.Малей.

т. 11, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ОМ ((Ohm) Георг Сіман) (16.3.1787, г. Эрланген, Германія — 7.7.1854),

нямецкі фізік. Чл.-кар. Берлінскай АН (1839), чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1842). Вучыўся ў Эрлангенскім ун-це (1805—06), дзе атрымаў ступень д-ра (1811). Выкладаў у гімназіях. З 1833 дырэктар Політэхн. школы ў г. Нюрнберг, з 1849 праф. Мюнхенскага ун-та. Навук. працы па электрычнасці, оптыцы і акустыцы. Эксперыментальна ўстанавіў асн. закон эл. ланцуга (гл. Ома закон) і даў яго тэарэт. тлумачэнне (1827). Увёў паняцці электрарухальнай сілы (эрс), падзення напружання і эл. праводнасці, правёў першыя вымярэнні эрс крыніцы току. Паказаў, што найпрасцейшыя слыхавыя адчуванні выклікаюцца толькі гарманічнымі ваганнямі, на якія вуха раскладае складаныя гукі (акустычны закон О.). Яго імем названа адзінка эл. супраціўлення ом.

Літ.:

Голин Г.М.Филонович С.Р. Классики физической науки (с древнейших времен до начала XX в.). М., 1989. С. 339—347;

Льоцци М. История физики: Пер. с итал. М., 1970. С. 257—261.

А.І.Болсун.

Г.С.Ом.

т. 11, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«О́СТЛАНД», рэйхскамісарыят Остланд,

адм.-тэр. адзінка, устаноўленая ў 1941 ням. фашыстамі на акупіраванай імі тэр. СССР. Адм. цэнтр «О.» — Каўнас (да жн. 1941), Рыга (да восені 1944), Берлін (да мая 1945). Узначальваў «О.» да восені 1944 Г.Лозе, пазней Э.Кох. Складаўся з 4 ген. акруг: Беларусь, Латвія, Літва, Эстонія. Межы акруг не заўсёды супадалі з межамі сав. рэспублік: да акругі Літва акупанты далучылі паўн.-зах. раёны Вілейскай вобл., генеральная акруга Беларусь (узначальваў гаўляйтэр В.Кубэ, потым К. фон Готберг, з 1.4.1944 падпарадкавана міністру ўсх. зямель А.Розенбергу) складала толькі ​1тэр. БССР. Апарат кіравання «О.» будаваўся на ўзор Рэйхсміністэрства акупіраваных усх. тэрыторый з некалькіх гал. аддзелаў, у т. л. палітыкі, культуры. Гал. друкаваны орган — «Deutsche Zeitung im Ostland» («Нямецкая газета ў Остландзе»; выдавалася штодзень у Рызе, змяшчала матэрыялы пра Беларусь).

Літ.:

Handrack H.-D. Das Reichskommissariat Ostland: Die Kulturpolitik der deutschen Verwaltung zwischen Autonomie und Gleichschaltung 1941—1944. Hannover;

Münden, 1981.

У.Я.Калаткоў.

Карта рэйхскамісарыята «Остланд».

т. 11, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАБО́ЧНЫЯ СЛО́ВЫ,

словы і спалучэнні слоў, якія граматычна не звязаны з членамі сказа і выражаюць адносіны асобы, што гаворыць, да выказанай думкі. Выражаюцца мадальнымі словамі і інш. часцінамі мовы («сапраўды», «праўда», «галоўнае», «між іншым», «па-мойму», «аднак»). Могуць выкарыстоўвацца для выражэння верагоднасці выказанай думкі («вядома»), звычайнасці — незвычайнасці фактаў («бывае»), спосабу перадачы думкі («дакладней», «іншымі словамі»), эмацыянальнай ацэнкі («на шчасце»), звароту да субяседніка («бачыш»), крыніц паведамлення («па чутках», «на мой погляд»), адносін паміж часткамі выказвання («затым»), Не з’яўляюцца членамі сказа, не дапасуюцца, не кіруюцца і не прымыкаюць да членаў сказа, а ўводзяцца ў сказ суадноснай (пераважна бяззлучнікавай) сувяззю. Вызначаюцца спецыфічнай інтанацыяй (паўзамі, нізкім тонам, хуткім тэмпам маўлення), на пісьме выдзяляюцца коскамі або працяжнікамі.

Літ.:

Базыленка А.М. Пабочныя і ўстаўныя словы, словазлучэнні і сказы ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1964;

Аўласевіч М. Пабочныя кампаненты сказа ў беларускай літаратурнай мове. Мн., 1970;

Беларуская граматыка. Ч. 2. Сінтаксіс. Мн., 1986.

А.І.Наркевіч.

т. 11, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАВЕ́ЗЕ ((Pavese) Чэзарэ) (9.9.1908, Санта-Стэфана-Бельба, Італія —27.8.1950),

італьянскі пісьменнік. Скончыў Турынскі ун-т (1930). У 2-ю сусв. вайну ўдзельнік руху Супраціўлення. У ранніх творах (зб. вершаў «Рабочая стомленасць», 1936; аповесць «Твой родны край», 1941) матывы непрыняцця тагачаснай рэчаіснасці і трагічнага адчужэння. Спавядальны і драм. раман «Месяц і кастры» (1950) пра вяртанне ў свет дзяцінства, паэт. зб. «У смерці твае вочы» (апубл. 1951) — сведчанне душэўнага крызісу, які прывёў да самазабойства. Аўтар антыфаш. рамана «Таварыш» (1947), зб-каў аповесцей «Перш, чым заспявае певень» і «Цудоўнае лета» (абодва 1949), дзённіка «Рамяство жыць» (апубл. 1952), «Пісьмаў» (т. 1—2, выд. 1966), лірычна-філас. эсэ, навел. Творчасць П. блізкая да неарэалізму. На бел. мову асобныя яго апавяданні пераклаў А.Шаўня.

Тв.:

Бел. пер. — у кн.;

Золата Фарчэлы: Сучасныя італ. апавяданні. Мн., 1968;

Рус. пер. — Прекрасное лето. Дьявол на холмах. Луна и костры. Товарищ. М., 1982.

Літ.:

Чезаре Павезе: Биобиблиогр. указ. М. 1975.

С.В.Логіш.

т. 11, с. 463

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАГАРЭ́ЛАЎ (Аляксей Васілевіч) (н. 3.3.1919, г. Кароча Белгародскай вобл., Расія),

украінскі матэматык. Акад. Рас. АН (1976; чл.-кар. 1960) і АН Украіны (1961; чл.-кар. 1951). Скончыў Харкаўскі ун-т (1941) і Ваенна-паветр. інж. акадэмію імя М.Я.Жукоўскага (1945). У 1947—60 у Харкаўскім ун-це, у 1959—60 заг. аддзела Ін-та матэматыкі АН УССР, з 1960 заг. аддзела Фіз.-тэхн. ін-та нізкіх т-р АН УССР (Харкаў). Навук. працы па асновах геаметрыі, тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў, пабудове поўнай тэорыі выпуклых паверхняў, даследаваннях выгінанняў паверхняў, стварэнні і выкарыстанні геам. метадаў пры вывучэнні дэфармацый тонкіх абалонак. Поўнасцю рашыў чацвёртую праблему Гільберта. Ленінская прэмія 1962. Дзярж. прэміі СССР 1950 і УССР 1973. Міжнар. прэмія імя М.І.Лабачэўскага АН СССР 1959.

Тв.:

Основания геометрии. 3 изд. М., 1968;

Четвертая проблема Гильберта. М., 1974;

Многомерная проблема Минковского. М., 1975;

Многомерное уравнение Монжа-Ампера... М. 1988.

Літ.:

А.В.Погорелов // Успехи мат. наук. 1999. Т. 54, вып. 4.

А.В.Пагарэлаў.

т. 11, с. 476

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)