ДРАНЕ́НКА (Мікалай Аляксеевіч) (н. 3.8.1946, в. Маргойцы Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мастак. Прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1969). У 1979—82 гал. мастак Віцебскіх маст.-вытв. майстэрняў. Працуе пераважна ў тэхніцы акварэлі, алейнага жывапісу. Пранікнёна перадае прыгажосць роднага краю ў карцінах «Над Дзвіной» (1980), «Касцёл у Камаях» (1981), «Адвечнае» (1986), «Камянецкі пейзаж» (1990), «Назіральная вежа» (1991), «Буслы» (1996). Сярод твораў: нацюрморты «Бярозавы сок» (1979), «Жоўтыя кветкі» (1984), «Вяргіні» (1986), тэматычная кампазіцыя «Брат вярнуўся» (1984), партрэты хірурга-траўматолага Ліцкалава (1978), Ф.Малахава (1981), механізатара М.Парэпкі (1981) і інш. Аўтар маст. вырашэння больш як 30 каталогаў, буклетаў пра віцебскіх мастакоў, серыі экслібрысаў. Маст. мова адметная лёгкімі лінейнымі рытмамі, дынамічнай пластыкай і экспрэсіяй колеру.
Літ.:
Цыбульскі М. Свавольны дух акварэлі // Беларусь. 1996. № 9;
Мікалай Драненка: Кат. / Скл. М.Цыбульскі. Віцебск, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧКО́Ў (Аляксандр Іванавіч) (26.10.1862, Масква — 14.2.1936),
расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, прадпрымальнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), працягваў адукацыю ў Берлінскім, Цюбінгенскім і Венскім ун-тах (1888—91). У 1885—87 і 1897—99 на вайск. службе, у 1893—97, 1901—07 у Маскоўскай гар. думе. Дырэктар Маскоўскага ўліковага банка (з 1901). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партыі акцябрыстаў. Дэп. (з 1907) і старшыня (1910—11) 3-й Дзярж. думы, выступаў за аднаўленне ваен. магутнасці Расіі, у падтрымку дзейнасці П.А.Сталыпіна, супраць правага крыла думы і інш. У 1915—17 старшыня Цэнтр.ваен.-прамысл.к-та, удзельнік апазіц.«Прагрэсіўнага блока». Ваен. і марскі міністр у 1-м складзе Часовага ўрада (15.3—12.5.1917). Пасля 1918 у эміграцыі, падтрымліваў белы рух.
Тв.:
«Корабль потерял свой курс»: [Полит. речи 1912—1913 гг.]. М., 1991.
Літ.:
Сенин А.С. А.И.Гучков // Вопр. истории. 1993. № 7.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАДА́НЫ СКАЗ,
прэдыкатыўная частка складаназалежнага сказа, якая сінтаксічна падпарадкавана гал. частцы. Фармальным паказчыкам сінтакс. падпарадкавання даданай часткі служаць злучнікі і злучальныя словы. Яны па-рознаму ўваходзяць у яе структуру і ў пэўнай меры кваліфікуюць яе значэнне.
У лінгвістычнай л-ры не існуе адзінай класіфікацыі даданых частак. Часцей за ўсё яны ў залежнасці ад спосабу сувязі і характару адносін з гал. часткай падзяляюцца на прыфразныя і прыслоўныя. Прыфразныя часткі прымацаваны слабай сувяззю да гал. часткі, бо адносяцца да ўсяго яе зместу і не прадвызначаюцца яе будовай. Сярод іх вылучаюцца даданыя часу, месца, прычыны, мэты, умовы, уступальныя, выніковыя, параўнальныя, далучальныя. Прыслоўныя часткі адрозніваюцца цеснай сувяззю з гал. часткай, бо адносяцца да асобных яе слоў і служаць для іх удакладнення і канкрэтызацыі. Сярод іх вылучаюцца даданыя азначальныя, дапаўняльныя, дзейнікавыя, выказнікавыя, спосабу дзеяння, меры і ступені.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМАВЫ́Я ГРЫБЫ́,
група базідыяльных дрэваразбуральных грыбоў, якія выклікаюць гнілі драўніны ў будынках. Пашыраны па ўсім зямным шары. Каля 70 відаў; на Беларусі каля 20. Найб. шкодныя Д.г.: сапраўдны, белы, плеўкавы, пласціністы, шпалавы, плотавы, дубовая губка, а таксама віды з роду фібрапорыя, глеяфіл, фамітопсіс і інш. Пры спрыяльных умовах яны здольны за 1—2 гады цалкам разбурыць пашкоджаныя канструкцыі будынкаў і выклікаць бурую дэструктыўную гніль. Больш устойлівая да пашкоджання Д.г. драўніна дубу, каштану, белай акацыі, чырвонага дрэва.
Міцэлій Д.г. разгалінаваны, утварае на паверхні драўніны павуціністыя або камякападобныя плеўкі, шнуры і ватападобныя або лямцавыя ўтварэнні. Пладовыя целы развіваюцца рэдка. Заражэнне драўніны адбываецца базідыяспорамі (жыццяздольныя некалькі гадоў), міцэліем, рэшткамі пашкоджанай драўніны. Унутры будынкаў Д.г. хутка распаўсюджваюцца пры дапамозе міцэліяльных шнуроў. Развіццю Д.г. спрыяе вільготнасць і застаялае паветра. Меры барацьбы: прафілактычныя і антысептычная апрацоўка.
Літ.:
Головко А.И. Домовые грибы и меры борьбы с ними. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМЕ́Н (франц. domaine ад лац. dominium уладанне),
поўная і спадчынная форма зямельнай уласнасці ў сярэдневяковых краінах Еўропы. Каралеўскі Д. узнік на аснове прысваення каралём вярх. уласнасці на зямлю племя, народа, уключаў вотчыну, крэпасці, гарады, угоддзі і інш.; павялічваўся за кошт канфіскаваных зямель феадалаў і царквы. На тэр. Беларусі ў 11—13 ст. існавалі даменіяльная зямельная ўласнасць і ўмоўнае землеўладанне князёў і баяр, якое ў пісьмовых крыніцах вядома як воласць (у краінах Зах. Еўропы наз. бенефіцыі). У ВКЛ у 14—18 ст. гаспадарскі Д. утвараўся з радавых уладанняў дынастыі вял. князёў, а таксама з прысвоеных маёнткаў інш.літ. і бел. князёў. У выніку аграрнай рэформы (гл.Устава на валокі 1557, Валочная памера) гаспадарскія двары былі ператвораны ў фальваркі, узніклі староствы і жаноміі. Сеньярыяльны Д. (баярскі, магнацкі) — частка вотчыны феадала, якая была яго непасрэднай уласнасцю і дзе ўладальнік, выкарыстоўваючы працу залежных сялян, вёў сваю даменіяльную гаспадарку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЖО́Н (франц. donjon),
галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл.Камянецкая вежа).
Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНІ́ЛА РАМА́НАВІЧ (1201—64),
князь галіцкі і валынскі. Сын Рамана Мсціславіча. З 1211 княжыў у Галічы (у 1212 выгнаны), з 1221 — на Валыні. У 1229 завяршыў аб’яднанне валынскіх зямель, у склад якіх былі ўключаны Бярэсце, Кобрын, Камянец, Бельск, Драгічын; яму падпарадкоўваліся таксама тураўскія і пінскія князі. У 1223 удзельнічаў у бітве супраць мангола-татар на р. Калка, разбіў ням. рыцараў у Драгічынскай бітве 1238. У 1238 канчаткова авалодаў Галічам, у 1239 — Кіевам. Заснаваў гарады Львоў, Холм (зрабіў яго сталіцай княства), Угровеск і інш. Ваяваў супраць Польшчы і Венгрыі (1245), літ. князёў, прымусіў яцвягаў плаціць даніну. Каб стварыць кааліцыю супраць мангола-татар, у 1254 прыняў ад рымскага папы карону караля галіцкага, каранаваўся ў Драгічыне. У 1259 вымушаны прызнаць залежнасць ад манголаў. У перыяд яго княжання Галіцка-Валынскае княства дасягнула эканам. і паліт. росквіту, пашырыўся яго ўплыў на бел. землі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ВО́СЬМЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 4—6.2.1976 у Мінску. Прысутнічала 789 дэлегатаў ад 506 220 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (П.М.Машэраў), Рэвіз. камісіі КПБ (І.М.Макараў); аб праекце ЦККПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» (Ц.Я.Кісялёў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд адобрыў дзейнасць ЦККПБ па выкананні рашэнняў XXIV з’езда КПСС, заданняў 9-га пяцігадовага плана развіцця нар. гаспадаркі БССР, праект ЦККПСС да XXV з’езда партыі «Асноўныя напрамкі развіцця народнай гаспадаркі СССР на 1976—1980 гады» і даручыў ЦККПБ і СМБССР на яго аснове распрацаваць 10-ы пяцігадовы план развіцця нар. гаспадаркі БССР. Выбраў ЦККПБ у складзе 139 чл. і 65 канд. у чл., Рэвіз. камісію КПБ з 45 чл.
Літ.:
Матэрыялы XXVIII з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1976.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВА́ЦЦАЦЬ ДЗЕВЯ́ТЫ З’ЕЗД КПБ.
Адбыўся 27—29.1.1981 у Мінску. Прысутнічала 796 дэлегатаў ад 595 311 чл. і канд. у чл. партыі. Парадак дня: справаздачы ЦККПБ (Ц.Я.Кісялёў), Рэвіз. камісіі КПБ (Дз.В.Цябут); аб праекце ЦККПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» (А.Н.Аксёнаў); выбары ЦККПБ, Рэвіз. камісіі КПБ. З’езд абмеркаваў і адобрыў праект ЦККПСС да XXVI з’езда партыі «Асноўныя напрамкі эканамічнага і сацыяльнага развіцця СССР на 1981—1985 гады і на перыяд да 1990 года» і даручыў СМБССР і інш.дзярж. органам на яго аснове распрацаваць 11-ы пяцігадовы план эканам. і сац. развіцця БССР. Выбраў ЦККПБ у складзе 157 чл. і 71 канд. ў чл., Рэвіз. камісію КПБ з 49 чл.
Літ.:
Матэрыялы XXIX з’езда Камуністычнай партыі Беларусі. Мн., 1981.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛАГО́ЛІЦА,
адна з дзвюх стараж. славянскіх азбук. Назва ад стараслав. «глаголь» — слова, маўленне. Глаголіца амаль супадае з кірыліцай алфавітным складам (40 літар), назвай, размяшчэннем і гукавым значэннем літар; адрознівалася формаю літар і складанасцю іх напісання. На думку некаторых вучоных, глаголіца створана ў 9 ст. асветнікам Кірылам (Канстанцінам) Філосафам. Бытавала на слав. землях паралельна з кірыліцай (у Харватыі, Далмацыі і Ілірыі да 18 ст.), зрэдку ўжывалася ў Кіеўскай Русі. Найстарэйшыя помнікі глагалічнага пісьма: надпіс 893 на надмагільнай пліце, знойдзенай у руінах Сімяонаўскай царквы ў Праславе (Балгарыя), Кіеўскія лісткі (10 ст.), Зографскае, Марыінскае, Асеманава евангеллі (10—11 ст.) і інш. Паступова глаголіца выцеснена на У і Пд кірыліцай, на З — лацінскім пісьмом.
Літ.:
Истрин В.А. Возникновение и развитие письма. М., 1965;
Сказания о начале славянской письменности. М., 1981;