рассы́паць, ‑сы́плю, ‑сы́плеш, ‑сы́пле; зак., што.
1. Высылаць, рассеяць па паверхні (што‑н. сыпкае, дробнае). Рассыпаць пацеркі. □ Вярнуўся мужык у хату. Глядзіць, аж тут замест яго рабая свіння гаспадарыць: рассыпала муку, з’ела рошчыну і сагнала квактуху з рэшата. Якімовіч. // Даць магчымасць (валасам) свабодна легчы, упасці. Стася якраз скончыла пераабувацца, устрасянула галавой, рассыпала цёмна-русыя валасы, склала далоні ў прыгаршчы, правяла па валасах ад ілба да патыліцы з аднаго боку галавы, потым — з другога. Карпюк. // Раскідаць па якой‑н. паверхні, насыпаць на што‑н. з пэўнай мэтай. Калі б раскапаць Гімалаі і рассыпаць па ўсёй зямлі, то атрымаўся б суцэльны пласт таўшчынёй каля 20 метраў. Матрунёнак. Усё пры сяўбе падначалена строгаму, дакладнаму рытму.. Нават адчуваеш вагу зерняў, якія трымаеш у жмені і павінен раўнамерна рассыпаць за ўзмах. Навуменка. // перан. Размясціць уроскідку на якой‑н. прасторы. Пасёлак Медзякова шырока рассыпаў па стэпе свае малюсенькія, як белыя гарошынкі, саманныя домікі. Хведаровіч.
2. Насыпаючы, раздзяліць, размеркаваць што‑н. сыпкае. Рассыпаць цукар па шклянках. Рассыпаць мяшок мукі на тры часткі.
3. Абазвацца частымі перарывістымі гукамі. На мяне пазіраюць Маўкліва цымбалы, якія Не паспелі рассыпаць Напевы свае трапяткія. Макаль. А воддаль на лазе і ліпах Чачотку салавей рассыпаў. Астрэйка.
рассыпа́ць, ‑а́ю, ‑а́еш, ‑а́е.
Незак. да рассы́паць.
•••
Рассыпаць перлы — вельмі расхвальваць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
раўня́цца, ‑я́юся, ‑я́ешся, ‑я́ецца; незак.
1. Тое, што і раўнавацца (у 1 знач.). І праўда, Антон, зусім яшчэ юнак, не мог раўняцца з ім: Андрыян — сталы хлопец, прыгожы, статны. Марціновіч. Асіна лапатала нават у бязветраныя дні, пад восень яна рабілася прыгажэйшай ад усіх дрэў, раўняцца з ёй вогненнымі барвамі мог адзін толькі клён, не часты ў нашым лесе. Навуменка.
2. Набліжацца да каго‑, чаго‑н., апынацца нароўні, побач з кім‑н. Клава выйшла наперад, стала раўняцца з Верай. Дуброўскі. Дзяўчына раўняецца, суцішае крок. Кулакоўскі.
3. Станавіцца роўнай, прамой лініяй; выраўноўваць строй. Байцы палка ўдарнага, Раўняйцеся ў стра[і]! Крапіва. Хлеб прывозілі ў чырвонай скрыні на возе. Ён цёпла і свежа пах. Чарга тады раўнялася, расцягвалася яшчэ далей. Адамчык. // заг. раўня́йся! Ужываецца як ваенная, спартыўная і пад. каманда: выраўнаваць рад (рады).
4. перан.; па кім і на каго-што. Імкнуцца стаць такім жа, як той, хто прызнаецца ў якіх‑н. адносінах узорам. Тут цяпер поплеч з намі ідуць старэйшыя таварышы, камуністы, на якіх нам вельмі добра раўняцца, у якіх нам трэба вучыцца, як жыць. Брыль. А калі плакаты заклікалі раўняцца на перадавікоў, дык толькі на тых, аб якіх пісалася ў цэнтральных газетах. Гаўрылкін. На яго [Віктара] паказчыкі раўняліся таварышы. Данілевіч.
5. Зал. да раўняць (у 1 знач.).
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
сэнс, ‑у, м.
1. Унутраны лагічны змест, які спасцігаецца розумам; значэнне. Сэнс артыкула. Ужыць слова ў пераносным сэнсе. □ Спахапіўшыся, паспрабавала [Марыя] змякчыць тон, перайначыць сэнс сказанага. Кулакоўскі. Як вучоны і разведчык, Андрэй прымушаў сябе разгадваць сэнс кожнай падзеі, нават самай звычайнай. Шамякін.
2. Разумная аснова, прызначэнне, мэта. Са мной маё жыццё, са мной ідзе, І так праз век ад самае калыскі. І ў гэтым руху — сэнс майго жыцця, Майго натхнення і майго быцця. Бялевіч. [Собіч:]. — А найбольш гэта патрэбна, каб вы [Валянціна Андрэеўна] самі ўявілі сэнс сва[ёй] работы: кожны ваш запіс абавязкова адгукнецца на вытворчасці. Скрыган. // Карысць, толк. Чакаць не было сэнсу: набліжалася ноч, а ісці аставалася яшчэ вельмі многа. Новікаў. [Алесь] разважаў коратка і пераканаўча: які сэнс ад гэтага адзіноцтва і каму яно патрэбна? Васілевіч. Людзі стаялі сабе і глядзелі або мітусіліся без сэнсу. Маўр.
•••
У поўным сэнсе слова — сапраўдны. Гэты [певень] быў маладзец у поўным сэнсе гэтага слова — плечы і крыл[ы] яго адлівалі золатам, .. на нагах красаваліся шпоры. Крапіва.
У сэнсе чаго або у якім сэнсе — у якіх‑н. адносінах. Шмат каму з чырвонаармейцаў, якія трапілі ў акружэнне .., пашанцавала ў тым сэнсе, што іх захавала, як родных, беларуская вёска. Брыль.
У сэнсе каго-чаго — разумеючы пэўным чынам. Ясна, што Скарына быў «садоўнікам» у сэнсе вучонага спецыяліста, садавода-батаніка і, магчыма, займаў пасаду кіраўніка або загадчыка каралеўскага батанічнага сада. Алексютовіч.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ува́рвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да уварыцца.
2. Зал. да ува́рваць.
уварва́цца, ‑рву́ся, ‑рве́шся, ‑рве́цца; ‑рвёмся, ‑рвяце́ся; зак.
1. Увайсці сілай, пераадольваючы перашкоды. Пад вечар рота прабіла абарону і ўварвалася ў сярэдзіну варожага апорнага пункта. Мележ. Дзверы, зашчэпленыя на кручок, з сілай былі расчынены, і ў магазін уварваўся мужчына. «Звязда». На станцыю мы ўварваліся з поўнага ходу і ўсім агнём абрушыліся на ворага. Ракітны. // Бесцырымонна пранікнуць куды‑н., вельмі хутка ўвайсці, убегчы, уехаць куды‑н. Мімаходзь кінула [Ліза] на стол папку і ветрам уварвалася ў бацькаў кабінет. Сачанка. // перан. Умяшацца ў што‑н. Якая яна, гэтая жанчына, што так нахабна ўварвалася ў .. асабістае жыццё [Люсі]? Шашкоў.
2. перан. Хутка пранікнуць куды‑н. (пра гукі, пахі і пад.). У зямлянку разам з марозным паветрам уварваўся напружаны і цяжкі гул матораў. Паслядовіч. Цёплае красавіцкае паветра ўварвалася ў пакой, напоўніла яго веснавой свежасцю. Васілевіч. Павольна наблізіўся вялікі, ярка асветлены будынак. Яго святло ўварвалася праз акно ў адзін кут купэ. Васілёнак. // Імкліва напоўніць сабою, пранікнуць (пра думкі, пачуцці, здарэнні і пад.). У галаве [Несцера] бліснула думка, што патрэбна хата новая і інакшая. Нават неяк спалохаўся стары такое думкі, але што зробіш, калі яна ўварвалася так неспадзявана. Пестрак. Гаравала бабка Наста. Гэткае ж ліха ўварвалася ў іх жыццё! Колас. Вайна ўварвалася ў лёс Акіліны, як урывалася яна ў тысячы другіх жаночых лёсаў. Шкраба.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
узарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Разбурыцца ад узрыву; разарвецца, разляцецца на часткі. І раптам пад ногі .. [фашыстам] паляцела з-за машыны граната. Але не ўзарвалася. Яўген не выцягнуў чаку. Новікаў. Снарад, відаць, прабіў браню, бо танк узарваўся. Шамякін. // Разбурыцца ад напору знутры. На таполях узарваліся клейкія набрынялыя пупышкі, і на налітых цяжкім сокам галінах успыхнулі зеленаватыя іскрынкі. Лукша. / у перан. ужыв. Хто можа паручыцца, што перамір’е не ўзарвецца?.. Васілевіч.
2. перан. Парушыцца (пра цішыню і пад.). У зале на момант стала ціха-ціха. І раптам цішыня ўзарвалася. Шыцік. / у перан. ужыв. Калі ж зал узарвецца громам, Я хвіліну стаю ўтрапёная, Схамянуся — бягу за кулісы, Забываючы зноў пра паклон... Арочка.
3. перан. Разм. Выйсці з сябе, абурыцца, вельмі раззлавацца. Андрэй цярпеў-цярпеў, нарэшце, узарваўся. — Ідзі ты к чорту! — зароў дзікім голасам, павярнуўшыся да Яна. Чарнышэвіч. — Ды ў тваёй жа брыгадзе людзей — як у добрым палку! — зноў узарваўся Баркевіч. Шашкоў.
4. Разм. Усхапіцца, ускочыць. Сурвільчык раптам узарваўся з месца, хапіў з-пад стала збан вады і лінуў на Адася. Чорны. Завішнюк .. будзе доўга так сядзець — як і ўчора. Сядзець і думаць... Пасля ўзарвецца са свайго пня, як утрапёны, і будзе крычаць аж да самага вечара. Пташнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
усё 1,
гл. увесь.
усё 2, прысл.
1. Увесь час, заўсёды, пастаянна. Ён усё ў раз’ездах. Ён усё заняты. Ява ўсё злуецца. □ Іду, іду Па маёвым лесе, І ўсё мне здаецца: Вось-вось распукнецца Сэрца Мільёнамі ландышаў. Кірэенка.
2. Да гэтага часу, яшчэ і цяпер. Ён усё яшчэ вучыцца. □ Андрэя ўсё не было, і маці яшчэ больш занепакоілася аб сыне. Дуброўскі.
3. Толькі, выключна. Усё ты вінаваты. Справа расстроілася, і ўсё з-за вас.
4. У спалучэнні са словамі, якія абазначаюць змену прыметы або нарастанне прыметы. Вецер усё мацнее. Тэмпература паветра, усё павялічваецца. Усё больш і больш змяркалася. □ Сурова слухала бажніца модлы, А шум банкету ліўся ўсё гучней. З. Астапенка.
5. У спалучэнні з вышэйшай ступенню і злучнікам «чым» служыць для ўзмацнення проціпастаўлення. Занятак не вельмі што, але ўсё лепш, чым сядзець склаўшы рукі.
6. Аднак, тым не менш. Як ён ні стараецца, а ўсё не атрымліваецца добра.
•••
Усё ж; і ўсё ж — усё-такі, тым не менш. [Маці:] — Прырасла ты, Наташа, да свайго гэтага агароду моцна, а парваць з ім усё ж давядзецца. Асіпенка. І ўсё ж цуда адбылося. Капсуль разарваўся тады, калі дасталі яго з міны. Гроднеў.
Усё ж такі — тое, што і усё ж. І ўсё ж такі па нечым другім, невядомым і не распазнаным, было відаць, што.. [К. Чорны] слухае. Скрыган.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ушы́цца 1, ушыецца; зак.
1. Звузіцца, укараціцца пасля шыцця.
2. Прышыцца, прымацавацца пры дапамозе шыцця. Нязграбна ўшыўся рукаў.
ушы́цца 2, ушыюся, ушыешся, ушыецца; зак.
Разм.
1. З цяжкасцю пранікнуць, уціснуцца куды‑н. Быў на гэтай вечарынцы і я. Ушыўся ў сенцах у натоўп большых, і мяне ледзь не на спінах перанеслі цераз парог. Кулакоўскі. Мы з Санькам таксама разам з усімі за сталом. Глыжка побач з бацькам ушыўся і вельмі гэтаму рады. Сяркоў. Мікодым не на жарт спалохаўся. Хацеў як ушыцца ў грамаду, каб ніхто яго не бачыў, каб не кідацца ў вочы пану каменданту. Сабаленка. // Залезці, схавацца ў чым‑н. [Міша] заўважыў у далёкім куце стадолы салому, ушыўся ў яе так, што яго зусім не відаць стала, і адразу спакойна заснуў. Чорны. Не раздумваючы больш ні секунды, .. [Крамнёў] зноў ухапіўся за стропы, напружыў апошнія сілы і мякка, нібы ў пярыну, ушыўся ў халодны вільготны мох. Шашкоў. // перан. Маскіруючы свае погляды, намеры, пралезці ў які‑н. калектыў, асяроддзе. [Галенчык:] — І Апенька паверыў кулацкаму сынку, паверыў! І памог ушыцца ў камуну! Мележ.
2. З’асяродзіцца, сканцэнтраваць увагу на чым‑н. [Камендант] зноў ушыўся ў свае паперы, да таго нецікавым яму быў гэты хлопец, якога і выклікаў ён проста так, на ўсякі выпадак. Лынькоў.
•••
Ушыцца (убрацца, пусціцца) у сабачую скуру — страціць сумленне.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ца́цка, ‑і, ДМ ‑ццы; Р мн. ‑цак; ж.
1. Прадмет, прызначаны для гульні дзецям. Ёсць цацкі добрыя ў яе: Машына-самакат, мядзведзь рахманы... Дачка бярэ яго, ён устае На плюшавыя лапы паслухмяна. Калачынскі. А дзецям зверх праграмы .. [Лапко] вылепліваў з гліны хвацкія цацкі: свісцёлкі,.. баранчыкаў, парасятак, сабак. Колас. // Невялікая рэч, якая служыць для аздобы, упрыгожання. [Жанчыны] ўзяліся мыць вокны, здымаць з мэблі чахлы, вешаць фіранкі,.. выцягваць з шафаў прыгожыя цацкі і расстаўляць на ранейшыя месцы. Карпаў. З гэтых арэхаў у Эквадоры пачалі вырабляць розныя цацкі і аздобы. «Маладосць». // Іран. Пра што‑н. небяспечнае, складанае (зброю, інструмент). — Бачыш гэтыя цацкі, — ён [бандыт] паказаў мне рэвальвер і фінку, — не адна, дык другая дагоніць. Якімовіч. — Ды вось нашы цацкі не хочуць падвезці на месца, — з нейкай жальбой у голасе гаварыў чырванашчокі, дужы механізатар, паказваючы на молат. Мыслівец.
2. перан. Той, кім (або тое, чым) распараджаюцца па ўласнаму жаданню дзеля пацехі. Быць цацкай у чыіх‑н. руках. □ Бывае, чалавек Усё жыццё сваё, увесь век Нікчэмнай цацкай пражывае. Корбан.
3. Разм. Пра рану або пашкоджаную, параненую частку цела. Зрабіць сабе цацку. □ Праз тыдзень [Вухавец] пачаў выходзіць, трымаючы сваю забінтаваную цацку на перавязі, у цёплай вязанай хустцы. Брыль. — Радыкуліт у вас, ці што? — Гэта во самае.. — Была і ў мяне гэтая цацка. Ермаловіч.
•••
Як (нібы) цацка — пра што‑н. вельмі прыгожае, адмысловае.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
чу́цца, чуюся, чуешся, чуецца; незак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Быць чутным, устрымацца на слых. Ганна маўчала. А можа і гаварыла, ды вельмі ціха, не чуліся яе словы на адлегласці. Кулакоўскі. Госці азіралі вестыбюль, перагаварваліся, часам чуўся вясёлы малады смех. Арабей.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Успрымацца органамі пачуццяў; адчувацца. Снег быў мяккі і і зусім не чуўся пад нагамі. Паслядовіч. [Поплаў] быў такі забалочаны, што тут на дарозе чуўся адтуль пах гнілога карэння балотных раслін. Чорны. // перан. Праяўляцца, даваць сябе адчуць. Туга па радзіме, невыказны боль па яе лугах і рэках, барах і нябёсах выразна чуюцца ў такіх вершах [Броўкі], як «Маці», «Роднае». Бярозкін. [Голас] зусім не падобны быў на другі, мяккі і звонкі, хоць і ў ім таксама чулася засмучэнне. Васілевіч. // у знач. пабочн. Адчувацца, думацца. Быццам бы і слухала [Хадося] Міканораву гаворку, а сама — чулася — была далёкая ад гаворкі гэтай, абыякавая была. Мележ.
3. як або якім чынам. Адчуваць сябе, быць у пэўным стане. Затое ж, калі забярэцца Цімошка з кароўкамі ў лес, то ўжо там чуецца ён вольна. Колас. І з кожным годам.. [Ганна Макараўна] чулася ўсё больш і больш адзінокай. Марціновіч. / у безас. ужыв. Лёгка чулася нам, — ці мы ў лузе граблі, Ці калгасныя з ёй вартавалі палі. Куляшоў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
штат 1, ‑а, М штаце, м.
1. Адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў некаторых буржуазных і федэратыўных дзяржавах, якая карыстаецца пэўнай ступенню самакіравання. Аўстралійскія штаты. □ Працяглая барацьба рабочага класа за скарачэнне рабочага дня прывяла да таго, што ў ЗША ў многіх штатах былі выдадзены законы аб 8‑гадзінным рабочым дні. «Звязда».
2. толькі мн. (шта́ты, ‑аў). Назва саслоўна-прадстаўнічых устаноў, якія існавалі ў Нідэрландах і Францыі. Генеральныя штаты.
[Ад ням. Staat — дзяржава.]
штат 2, ‑у, М штаце, м.
1. звычайна мн. (шта́ты, ‑аў). Дакумент, які вызначае склад супрацоўнікаў якой‑н. установы і ўказвае іх пасаду і аклад. Зацвярджаць штаты. Рэгістраваць штаты. Пераглядаць штаты.
2. Пастаянны, зацверджаны, устаноўлены склад супрацоўнікаў якой‑н. установы. Штат гасцініцы невялікі. Адна дзяўчына — адміністратарка, яна ж і бухгалтар, і касір. В. Вольскі. [Зубараў:] — Вельмі рад мець у сваім штаце такую чароўную жанчыну. Новікаў. Намеснік старшыні Цяцера (Па штату ён — і аграном) Малюе табель — на фанеры Выводзіць лічбы за сталом. Калачынскі. // Разм. Колькасць, склад асоб, якія маюць дачыненне да каго‑н. — О, не, — прамовіў Лабановіч, — я лічу, што ў завітанскай чараўніцы і так вялікі штат кавалераў, і мая там прысутнасць ніколечкі не павялічыць яе вагі. Колас.
3. У ваенна-марскім флоце — нарукаўны знак адрознення матросаў па спецыяльнасці.
•••
Належыць па штату — пра тое, што адпавядае службоваму, грамадскаму становішчу, заслугам і пад. каго‑н.
[Ням. Staat.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)