старэйшы род сухапутных войск, прызначаны для абароны сваёй тэрыторыі, нанясення паражэння праціўніку ў баі і авалодання яго тэрыторыяй. П. як род войск ёсць ва ўзбр. сілах многіх краін, у т. л. ЗША, Вялікабрытаніі, ФРГ. У арміях некат. дзяржаў існуюць матарызаваная, паветрана-дэсантная П. (гл.Паветрана-дэсантныя войскі) і марская пяхота. Ва Узбр. Сілах Рэспублікі Беларусь войскі, аналагічныя П., называюцца мотастралковымі войскамі.
П. вядома з часоў рабаўладальніцкага ладу; найб. развіццё атрымала ў арміях Стараж. Грэцыі і асабліва Рыма. Падзялялася на лёгкую, сярэднюю і цяжкую. Была ўзброена коп’ямі, мячамі, лукамі і інш. У Зах. Еўропе (6—7 ст.) П. складалася гал. чынам з пешага апалчэння. З утварэннем буйных феад. дзяржаў і з’яўленнем рыцарскай конніцы (гл.Рыцар, Рыцарства) роля П. паменшылася. У Кіеўскай і Полацкай Русі (9—11 ст.), ВКЛ (13—15 ст.) П. складала значную ч. войска. У 16 ст. значэнне П. павялічылася, але кавалерыя ў 2 разы пераўзыходзіла яе колькасна. У Еўропе, у т. л. ў ВКЛ, значную ролю адыгрывала наёмная П. (гл.Ландскнехты). У наёмныя пяхотныя фарміраванні ўваходзілі мушкецёры (да 2/3 асабовага складу) і пікінёры (капейшчыкі). Арганізац. адзінкай іх былі рэгіменты (палкі) і швадроны («сквадроны»). Падобную арганізац. структуру мелі драгуны (конная П., вядома ў ВКЛ з 1618); яны выкарыстоўвалі коней толькі для мабільнага перамяшчэння. З 16—17 ст., калі ў Зах. Еўропе з’явіліся пастаянныя арміі (гл.Наёмніцтва), роля П. павялічылася (складала асн. колькасную і ўдарную сілу войска). У 1-ю і 2-ю сусв. войны П. ва ўсіх арміях была самай шматлікай. Са з’яўленнем новых родаў і спец. войск (авіяцыя, танк., хім. войскі і інш.) удзельная вага П. зменшылася, аднак яна заставалася адным з гал. родаў войск.
Сучасная П. мае на ўзбраенні ракеты, танкі, артылерыю, браніраваныя машыны і ва ўзаемадзеянні з інш. родамі войск здольна выконваць пастаўленыя задачы ў пешых баявых парадках, на БМП, бронетранспарцёрах і інш.
Да арт.Пяхота. Пяхотнікі Вялікага княства Літоўскага 17 ст. Мал. С.Харэўскага.Савецкая пяхота ў наступленні ў час аперацыі «Баграціён». Чэрвень 1944.Да арт.Пяхота. Мотастралкі Узброеных Сіл Беларусі на вучэннях. 1999.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЧО́РЫ,
прыродныя поласці ў верхняй тоўшчы зямной кары, злучаныя з паверхняй адной або некалькімі ўваходнымі адтулінамі. Запоўнены паветрам або інш. газам, вадой, часткова цвёрдымі адкладамі. Паводле паходжання падзяляюцца на першасныя (сінгенетычныя з горнымі пародамі: газавыя пузыры і тунэлі ў лавах, поласці ў рыфах, вапняковых туфах, гіпсаангідрытах) і другасныя (узніклі ў сфарміраванай пародзе ці ледавіку: П. выветрывання, вышчалочвання, выдзімання, суфазійныя, абразійныя на берагах мораў, карставыя, гідратэрмальныя, гляцыяльныя ў ледавіках). Найб. пашыраны карставыя П. (гл.Карст).
П. складаюцца з расшыраных участкаў (галерэі, гроты, залы) і вузкіх (праходы, хады, адвержкі). Часта ўтвараюць складаныя шматпавярховыя сістэмы. Найб. працяглыя П. (карставыя); Флінт-Мамантава (гл.Мамантава пячора, ЗША) — каля 560 км, Хёлах (Швейцарыя) — 133 км, Аптымістычная пячора — 157 км і Азёрная пячора — 107,3 км (Украіна). Найб. глыбокія П. свету (карставыя); Вароння (Абхазія) — 1720 м, Жан-Бернар (Францыя) — 1494 м, В.Панцюхіна — 1465 м і Снежная (Абхазія) — 1370 м, Ільяміна (Іспанія) —1342 м, П’ер-Сен-Мартэн (Францыя, Іспанія) — 1342 м. Для мікраклімату П. характэрны адсутнасць сонечнага святла, пастаянства т-р, высокая вільготнасць, павышаная канцэнтрацыя вуглякіслага газу. У халодных П. намнажаецца шматгадовы лёд. Часта П. ўпрыгожаны рознымі нацечнымі ўтварэннямі, у т. л.сталагмітамі і сталактытамі. Фауна бедная, пераважна беспазваночныя жывёлы, таксама земнаводныя, рыбы. У некат. П. жывуць калоніі лятучых мышэй. Для пастаянных насельнікаў П. характэрны дэпігментацыя, слепата, часам гігантызм, запаволены абмен рэчываў. У П. назіраецца да 90 відаў новаўтвораных мінералаў са слабамінералізаваных пячорных вод, часам з рудаўтваральных і гідратэрмальных раствораў. Найб. пашыраны карбанаты (арганіт, кальцыт, даламіт, магнезіт і інш.) і сульфаты (барыт, цэлесцін, гіпс, мірабіліт і інш.). Муміё П. — прыродная мед. сыравіна. П. выкарыстоўваюцца чалавекам са стараж.часоў. У іх захаваліся касцявыя рэшткі, прылады працы, быту, скульптурныя і наскальныя выявы (напр., П.Альтаміра і Ласко, якія ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны, Капава пячора). Найб. выкарыстоўваюцца П. для падземнага турызму, у некат. з іх пабудаваны навук. лабараторыі, санаторыі, чыгункі, канцэртныя залы, кафэ і інш. П. вывучае спелеалогія.
Літ.:
Дублянский В.Н., Илюхин В.В. Крупнейшие карстовые пещеры и шахты СССР. М., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУЛЬПТУ́РА ПРЫДАРО́ЖНАЯ,
розныя паводле характару і прызначэння збудаванні ці інш. аб’екты. якія ставяцца ўздоўж дарог і спалучаюць рысы скульптуры і архітэктуры малых форм; жанр манументальнага мастацтва. С.п. рэліг. і мемар. характару вядома здаўна ў многіх краінах свету (слупы са скульптурамі ў Індыі, скульптуры багоў і герояў у Стараж. Грэцыі). У выніку хрысціянізацыі ў Еўропе, у т. л. на ўсх.-слав. землях, вял. пашырэнне атрымалі прыдарожныя крыжы і каплічкі. На Беларусі С.п. вядома ад язычніцкіх часоў, склалася як духоўная традыцыя бел. народа. Лаўрэнцьеўскі летапіс (14 ст.) упамінае пра звычай у радзімічаў і крывічоў пахавання каля дарог, які быў звязаны з міфалагічнымі вераваннямі ў апошні адыход і абароннае значэнне праху продкаў. Пасля хрысціянізацыі і асабліва ў перыяд сярэдневякоўя пашырылася буд-ва прыдарожных крыжоў і каплічак са скульпт. выявамі. Яны прызначаліся найперш для пакланення, а таксама мелі знакава-інфарм. значэнне. Ставілі іх звычайна на скрыжаваннях, раздарожжах ці на ўездах у населены пункт. У кампазіцыю ўключалі скульпт. выявы Хрыста, Дзевы Марыі, святых. Аздабленне адметнае высокім узроўнем разьбы па дрэве, коўкі металу. У ваен. часы ўздоўж дарог будавалі помнікі, якія нагадвалі пра гіст. падзеі і якім пакланяліся (Мілавідская мемарыяльнай капліца, Салтанаўская мемарыяльная капліца). Пасля Вял.Айч. вайны каля дарог пастаўлена вял. колькасць помнікаў, мемар. комплексаў, звязаных з брацкімі пахаваннямі і ваен. дзеяннямі, якія тут вяліся (Курган Славы Савецкай Арміі—вызваліцельніцы Беларусі, Рыленкі); яны ўключаюць у свае кампазіцыі элементы С.п. З 1960-х г. распаўсюдзіліся сімвалічныя манум.-дэкар. збудаванні на межах краіны, абласцей, раёнаў, гарадоў, у афармленні якіх выкарыстоўваюцца элементы старых гербаў, новая геральдыка. Архітэктура малых форм уздоўж аўтамаб. дарог прадстаўлена рознымі аб’ектамі добраўпарадкавання (аўтобусныя павільёны, навесы, альтанкі, кветнікі, паказальнікі і інш.). У іх аздабленні выкарыстоўваюцца фалькл. матывы дэкар. мастацтва і нар. дойлідства (прыдарожны знак каля павароту на ўрочышча Бервянец па дарозе Стоўбцы—Мікалаеўшчына, паказальнік у Купалаўскім мемар. запаведніку «Вязынка» і інш.).
А.С.Сардараў.
Да арт.Скульптура прыдарожная. Капліца на ўскраіне вёскі Квяткоўцы Іўеўскага раёна Гродзенскай вобл.Да арт.Скульптура прыдарожная. Крыж у Нясвіжскім раёне Мінскай вобл.Пач. 20 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
old
[oʊld]1.
adj.
1) стары́; старэ́нькі
old people — стары́я
old man — стары́ -о́га m.
old woman — стара́я f.
an old house — стары́ дом
old clothes — стара́я во́пратка, ла́хі pl.
to grow old — старэ́ць
2) (пры пыта́ньні пра век асо́бы)
How old is he? — Ко́лькі яму́ гадо́ў?
He is ten years old — Яму́ дзе́сяць гадо́ў
3) закаране́лы
to be old in wrongdoing — быць закаране́лым злачы́нцам
4) да́ўні; былы́
an old friend — да́ўні ся́бра
an old student — былы́ ву́чань
Old Belarusian — старабелару́ская мо́ва
good old fellow — (ласка́льны зваро́т) до́бры чалаве́ча
2.
n.
стары́я часы́
the heroes of old — геро́і стары́х часо́ў
Ангельска-беларускі слоўнік (В. Пашкевіч, 2006, класічны правапіс)
спа́дчына, ‑ы, ж.
1. Маёмасць, гаспадарка, якая пасля смерці ўладальніка пераходзіць у чыю‑н. уласнасць. Сын палічыў, што бацька загінуў на вайне, прадаў і прагуляў бацькоўскую спадчыну.Машара.Ён [дзед] памёр пад шум асенніх траў, Толькі стрэльбу ў спадчыну пакінуў.Танк.//перан.Разм. Пра тое, што пераемна пераходзіць ад папярэдняга да наступнага. У Ніны быў самавар — не свой, нечая спадчына па кватэры.Лобан./ Пра ўласцівасці, схільнасці, пачуцці і пад. У маіх руках не кол, а кулямёт, А ў спадчыну ад прадзеда — адвага.Панчанка.З песняй той да Радзімы любоў Назаўжды дасталася мне ў спадчыну.Нядзведскі.//Разм. Тое, што пакінута папярэднікам у якой‑н. галіне дзейнасці, майстэрстве, справе. Сваё будаўнічае майстэрства цесляры звычайна перадавалі ў спадчыну нашчадкам.«Помнікі».[М. Багдановіч] памёр сталым майстрам. Яго спадчына адразу ж стала нашай класікай.Гілевіч.
2. З’явы культурнага жыцця, быту, якія ўспрыняты ад папярэдніх дзеячаў, ад мінулых часоў. Культурная рэвалюцыя ўключае: усеагульнае пашырэнне пісьменнасці, а затым і навуковых ведаў сярод працоўных, крытычнае асваенне культурнай спадчыны, набытай чалавецтвам, і стварэнне больш высокай культуры — нацыянальнай па форме і сацыялістычнай па зместу.«Звязда».Пэўная лінгвістычная спадчына засталася, і ў гісторыі навукі аб мове беларускага народа яна займае прыкметнае месца.Суднік.Міцкевіч пакінуў багатую спадчыну.Лойка.
3.Спец. Пераход маёмасці памёршага да яго наследнікаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
АРНА́МЕНТ (ад лац. ornamentum упрыгожанне),
узор з рытмічна ўпарадкаваных элементаў для аздаблення твораў выяўл. і дэкар.-прыкладнога мастацтва, прадметаў побыту, арх. збудаванняў і інш. У залежнасці ад твора, яго формы, матэрыялаў, спосабу выканання можа быць маляваны, разьбяны, вышываны, тканы, плецены, інкруставаны, набіваны, гравіраваны і інш. Паводле характару бывае геаметрычны, раслінны (пальмета, акант), тэраталагічны (стылізаваныя малюнкі звяроў, птушак), камбінацыі геам. і раслінных матываў (арабескі). У якасці матываў арнаменту выкарыстоўваюць розныя знакі і эмблемы (гербы). Вядомы ўсім народам свету, вобразна адлюстроўвае іх нац. асаблівасці, характар пануючага маст. стылю. На Беларусі арнамент вядомы з часоў палеаліту, асабліва разнастайны ў эпоху неаліту. Тагачаснаму арнаменту на вырабах з косці, дрэва, гліны надавалася сэнсавае і магічнае значэнне. Спецыфічныя рысы набыў у працэсе фарміравання бел. народнасці ў 13—16 ст., развіваўся ва ўзаемадзеянні з культурай інш. народаў. Адметнасцю вызначаюцца разьбяныя па ляўкасе арнаментальныя фоны бел. абразоў 16—18 ст. Шырокую вядомасць набыла беларуская рэзь, арнамент на слуцкіх паясах, кафлі, вырабах урэцка-налібоцкага шкла і інш.Нац. рысы арнаменту найб. ярка ўвасобіліся ў нар.дэкар.-прыкладным мастацтве. У вышыўцы і ткацтве пераважае геам. (пераважна рамбічны) чырвона-чорны арнамент на белым фоне палатна; у разьбяным дэкоры на прадметах побыту — зубчыкі, крыжыкі, шматпраменныя разеткі; у аздабленні нар. жылля — геам. салярны, стылізаваны раслінны і зааморфны. У цяперашні час арнамент. страціў сваё сімвалічнае значэнне і выконвае чыста дэкар. ролю. Лепшыя ўзоры бел. арнаменту, узбагачаныя сучаснай рэчаіснасцю, выкарыстоўваюцца ў лёгкай і маст. прам-сці, архітэктуры, дэкар.-прыкладным мастацтве, маст. творчасці.
Літ.:
Соколова Т. Орнамент — почерк эпохи: [Альбом]. Л., (1972);
Беларускі народны арнамент: [Альбом]. Мн., 1955;
Peesch R. Ornamentik der Volkskunst in Europa. Leipzig, 1981.
Я.М.Сахута.
Ручнік з арнаментам. Мінская фабрыка мастацкіх вырабаў «Мастра». 1990-я г.Да арт.Арнамент. 1. Вязанне. 1920. Магілёўская вобл. 2. Вышыўка. 18 ст. 3. Тканіна. 1920. Гродзенская вобл. 4, Тканіна. 1950. Гомельская вобл. 5. Тканіна. Канец 19 ст. Мінская вобл. 6. Посцілка. 1900. Піншчына. 7. Фрагмент ручніка. 1934. Талачынскі р-н, Віцебская вобл. 8. Вышыўка. 1920. Брэсцкая вобл.Да арт.Арнамент. Франтыспіс Карана Аргун-шаха. Егіпет. 1368—88.Да арт.Арнамент. Ворсавы дыван «Мараза». Шырванская група. Пач. 19 ст.Да арт.Арнамент. Маёлікавая абліцоўка сцен у палацы Таш-Хаўлі ў Хіве. 1830-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСІ́РЫЯ,
старажытная рабаўладальніцкая дзяржава на тэр. сучаснага Ірака. Існавала з 2-га тыс. да нашай эры да 7 ст. да нашай эры. З даўніх часоў тут жылі субарэйцы, ці хурыты, якія каля 2-га тыс. да нашай эры змяшаліся з селіцкімі семіцкімі плямёнамі Паўд. Месапатаміі. Цэнтрам Асірыі ў сярэдзіне 2-га тыс. да нашай эры стаў г. Ашур (Асур) і яго калоніі. Асн. занятак насельніцтва — жывёлагадоўля, земляробства. Запасы лесу, каменю, метал. руды спрыялі развіццю рамёстваў. Выгаднае геагр. размяшчэнне зрабіла Ашур цэнтрам транзітнага гандлю паміж Паўд. Двухрэччам і М. Азіяй.
У сярэдзіне 18 ст. да нашай эры Асірыя трапіла пад уладу Вавілоніі, у 16—15 ст. да нашай эры — Мітані. У канцы 15 — пач. 14 ст. да нашай эры Асірыя зноў стала незалежная і падпарадкавала Вавілонію. Асірыйскія законы 14 ст. да нашай эры сведчаць пра панаванне патрыярхальнай сям’і, пра маёмаснае расслаенне абшчыны. Заваёўніцкія войны, якія Асірыя вяла ў 14—13 ст. да нашай эры, павялічылі прыток рабоў-ваеннапалонных. Пасля часовага заняпаду (12 ст.) у канцы 12 — пач. 11 ст. да нашай эры Асірыя вяла паспяховыя войны ў Вавілоніі, Паўн. Сірыі, Фінікіі, рабіла набегі на Армянскае нагор’е. Аднак рух плямёнаў арамеяў аслабіў і расчляніў Асірыю. У 10—9 ст. да нашай эры асірыйскія цары зноў вялі заваёўніцкія войны з Вавілоніяй, Урарту, Мідыяй, Сірыяй. Разарэнне с.-г. раёнаў у выніку бясконцых войнаў выклікала сац.-паліт. крызіс. Пасля грамадз. вайны царом стаў Тыглатпаласар III (745—727 да нашай эры), які правёў дзярж. рэформы: умацаваў войска, увёў сістэму масавага перасялення заваяваных плямёнаў, надзяліў зямлёй вольных земляробаў і абавязаў іх выконваць вайск. павіннасць. Пры ім зноў пачаліся заваёўніцкія войны. За 100 гадоў Асірыя заваявала амаль усю Пярэднюю (Зах.) Азію і ператварылася ў магутную ваен. дзяржаву. Унутрыпаліт. барацьба, класавыя супярэчнасці, вызв. барацьба заваяваных народаў аслабілі Асірыю. Пры цару Ашурбаніпале (669 — каля 633 да нашай эры) войны супраць кааліцыі дзяржаў на чале з Вавілонам падарвалі сілы Асірыі, у 605 да н.э. яна была пераможана і перастала існаваць. Яе насельніцтва змяшалася з арамеямі Месапатаміі.
Пра выяўл. мастацтва Асірыі гл. ў арт.Вавілона-Асірыйская культура.
Да арт.Асірыя. Паляванне Ашурбаніпала. Рэльеф у палацы Ашурбаніпала.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАНІ́СТЫКА (франц. bonistique),
дапаможная гіст. дысцыпліна, якая вывучае папяровыя грашовыя знакі як крыніцу эканам. і паліт. гісторыі грамадства. Узнікла ў пач. 20 ст., цесна звязана з нумізматыкай.
Першыя папяровыя грошы вядомы ў Кітаі з пач. 9 ст.; з 1690 вядомы ў Паўн. Амерыцы, з 1769 — у Расіі, З 1794 — V Рэчы Паспалітай. На Беларусі вядомы з часоў далучэння да Рас. імперыі (на тэр. Віцебскай і Магілёўскай губ. пасля 1772, у зах. губернях Беларусі — з 1794). У 1843—1917 абарачаліся крэдытныя білеты наміналам ад 50 кап. да 500 руб. У 19 ст. заменнікі папяровых грошай («ярлык», «квітанцыя», боны, чэкі і да т.п.) абмежавана выпускалі ўладальнікі магазінаў, фірмаў, фабрык, рэліг. суполак у Брэсце, Ваўкавыску, Зэльве, Кобрыне, Нясвіжы, Пружанах, Слоніме, Слуцку і інш. У час 1-й сусв. вайны ўлады Расіі павялічылі выпуск папяровых грошай і іх заменнікаў (чэкаў, сертыфікатаў, купонаў і інш.). Пасля Лютаўскай і Кастр. рэвалюцыі 1917, у час грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі працягвалі абарачацца «раманаўскія» і «мікалаеўскія» банкноты, «керанкі», узаконена выкарыстанне аблігацый дзярж. пазыкі і іх купонаў. У часы герм. і польск. акупацыі Беларусі (1915—20) у абарачэнні былі боны, квітанцыі, талоны, аблігацыі з наддрукоўкамі. Іх выпускалі ў Бабруйску, Гомелі, Гродне, Ігумене (Чэрвень), мяст. Колышкі (Віцебская вобл), Лідзе, Лагойску, Мінску, Магілёве, Мазыры, Навагрудку, Пінску, Рагачове, Слуцку і інш. У абарачэнні былі рас. рублі, фінскія маркі, ням. пфенінгі, рэйхсмаркі, острублі, укр. карбованцы. У Зах. Беларусі абарачаліся польск. маркі, з 1924 — злотыя. На тэр.БССР у абарачэнні адначасова былі «саўзнакі» і чырвонцы, з 1922 — казначэйскія білеты (рублі) дробных наміналаў. У Вял.Айч. вайну на акупіраванай тэр. Беларусі абарачаліся часовыя заменнікі грошай (сав. рублі, акупац. маркі, рэйхсмаркі). Пасля вайны адноўлена сав. грашовае абарачэнне. У 1992 Нац. банк Рэспублікі Беларусь выпусціў у якасці самаст. плацежнага сродку разліковыя білеты вартасцю ў 50 кап., 1, 3, 5, 10, 25 (усе зняты з абарачэння ў 1995), 50 (зняты з абарачэння ў 1996), 100, 200, 1000, 5000, з 1994 — 20 000, з 1995 — 50 000 руб.
Да арт.Баністыка. Бона, выпушчаная ў час паўстання 1794.Да арт.Баністыка. Агульнагарадская бона, выпушчаная Гомельскім гарадскім самакіраваннем у 1918.Да арт.Баністыка. Разліковая квітанцыя, выпушчаная для абарачэння ў лагерах асобага прызначэння. 1929.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ААМЫ́НЬ (партуг. Макао),
тэрыторыя ва Усх. Азіі, на ўзбярэжжы Паўд.-Кітайскага м., у дэльце р. Сіцзян. Належыць Партугаліі. Уключае п-аў Аамынь і а-вы Тайпа і Калаане. Пл. 16 км². Адм. ц. — г. Аамынь. Нас. 497 тыс.чал. (1991); кітайцы (больш за 95%), партугальцы і інш.Афіц. мова партугальская. Вернікі пераважна католікі. Большая частка насельніцтва жыве ў г. Аамынь. Рэльеф узгорысты. Клімат мусонны; ападкаў 1800 мм за год, бываюць тайфуны.
Тэр. Аамыня са стараж.часоў належала Кітаю, мела розныя назвы. Тут знаходзіўся палац кіт. імператрыцы — Магэ (Палата Матухны, адсюль назва Макао). У 14—17 ст. Аамынь — гандл. гавань у пав. Сяншань (цяпер Чжуншань), прав. Гуандун. У 1553 у Аамыні з’явіліся партугальцы, з 1555 яны арандавалі Аамынь, у 1557 стварылі адміністрацыю пры захаванні суверэнных правоў Кітая. У 1849 партуг. ўрад абвясціў Аамынь незалежным ад Кітая. Паводле навязанага Кітаю ў 1887 Дагавора аб дружбе і гандлі Партугалія атрымала права на «вечнае кіраванне» Аамынем. У 1940 захоплены Японіяй. Пасля паражэння Японіі ў 2-й сусв. вайне — пад кантролем Партугаліі, якая ў 1951 абвясціла Аамынь сваёй «заморскай правінцыяй» на чале з губернатарам. Урад КНР неаднаразова заяўляў, што Аамынь — тэр. Кітая, і настойваў на вяртанні яго праз мірныя перагаворы. У 1987 прынята сумесная кіт.-партуг. заява, якой прадугледжана з 20.12.1999 аднаўленне суверэнных правоў КНР на Аамынь, а таксама дазволена стварыць асобны адм. раён у адпаведнасці з абвешчаным Пекінам прынцыпам «адна дзяржава — два лады». Паліт. партыі: Дэмакратычны цэнтр Аамыня, Асацыяцыя абароны Аамыня.
Аснова эканомікі — турызм і галіны, якія яго абслугоўваюць. Развіта вытв-сцьтэкст., электронных вырабаў, феерверкаў, вырабаў са скуры, він, камфары. Аамынь — буйны пасрэдніцкі цэнтр міжнар.гандл. і валютна-фін. аперацый. Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2% тэрыторыі. Вырошчваюць агародніну, развіты птушкагадоўля і рыбалоўства. Асн.гандл. партнёры — Кітай, Сянган, ЗША і Канада. Экспартуе адзенне, тэкстыль, шоўк, прадукцыю саматужных промыслаў, тытунёвыя вырабы, чай, рыбу. Вял. ролю адыгрывае рээкспарт тавараў з Кітая. Імпартуе сыравіну, харч. прадукты, пітную ваду. Аамынь вядомы як перавалачны пункт кантрабанднага гандлю золатам і опіумам. Ігральны бізнес. Марскі курорт. Паромная сувязь Аамыня — Сянган. Штогод Аамынь наведваюць 5 млн. турыстаў. Грашовая адзінка — патака.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАСО́ВІЧ (Іван Іванавіч) (7.10.1788, в. Гразівец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 6.8.1877),
бел. мовазнавец-лексікограф, фалькларыст, этнограф. Скончыў магілёўскія гімназію і духоўную семінарыю (1812). З 1812 выкладчык, інспектар Аршанскага, рэктар Мсціслаўскага духоўных вучылішчаў, з 1822 заг., наглядчык, выкладчык Дынабургскай гімназіі, Маладзечанскага, Свянцянскага дваранскіх вучылішчаў. З 1843 у адстаўцы, жыў і займаўся навук. працай у г. Мсціслаў. Шмат падарожнічаў па Беларусі. Супрацоўнічаў з Аддзяленнем рус. мовы і славеснасці Пецярбургскай АН, Археаграфічнай камісіяй, Аддзяленнем этнаграфіі Рус.геагр.т-ва. Па іх прапанове склаў першы гіст. слоўнік бел. мовы «Алфавітны паказальнік старажытных беларускіх слоў, выбраных з Актаў, што адносяцца да гісторыі Заходняй Расіі», дзе растлумачыў каля 13 тыс. слоў і паняццяў (Увараўская прэмія 1865; рукапіс завершаны ў 1867, захоўваецца ў Нац. б-цы ў Пецярбургу). Асн. месца ў яго навук. спадчыне займае тлумачальна-перакладны «Слоўнік беларускай мовы» (1870, Дзямідаўская прэмія 1865), у які ўключана больш за 30 тыс. слоў запісаных у Магілёўскай, Віцебскай, Мінскай і Гродзенскай губ., выбраных з вуснай нар. творчасці, старабел. пісьмовых крыніц. У 1881 выдадзены «Дадатак да беларускага слоўніка І.І.Насовіча» (каля 1 тыс. новых слоў). Аўтар фалькл.-этнагр. прац: «Зборнік беларускіх прыказак» (1867, залаты медаль Рус.геагр.т-ва), у які ўключыў і растлумачыў эквівалентамі з інш. моў, пракаменціраваў каля 3500 прыказак, прымавак, прыгаворак і інш. блізкіх да іх паняццяў, «Беларускія прыказкі і прымаўкі» (1852), «Беларускія прыказкі і загадкі» (1868), «Беларускія песні» (1873, больш за 350 тэкстаў), зборнік «Легенды, паданні, быліны, байкі, анекдоты» (рукапіс не выяўлены) і інш. У гіст.-лінгвістычным даследаванні «Аб плямёнах да часоў Рурыка, што засялялі беларускую тэрыторыю» даводзіў, што назва плямён «дрыгавічы», «радзімічы», «крывічы» і інш. паходзяць ад бел.нар. слоў. Аўтар гісторыка-мемуарнай працы «Успаміны майго жыцця» (рукапіс у б-цы Рас.АН у Пецярбургу), артыкулаў, прысвечаных песеннай культуры беларусаў. Пераклаў з лац. мовы 3-томную працу А.Тэйнера «Старажытныя помнікі, што асвятляюць гісторыю Польшчы і Літвы», у якой адлюстраваны ўзаемадачыненні Польшчы і ВКЛ, асветлена гісторыя зямель Беларусі з 1217 да 1696.
Тв.:
Слоўнік беларускай мовы. Мн., 1983 (Факс. выд.).
Літ.:
Гуліцкі М.Ф. Нарысы гісторыі беларускай лексікаграфіі (XIX — пачатак XX ст.). Мн., 1978.