ЛАНТАНО́ІДЫ (ад лантан + грэч. eidos выгляд, від),
сям’я з 14 хім. элементаў VI перыядуперыяд. сістэмы з ат. н. 58—71, размешчаных услед за лантанам: цэрый Ce, празеадым Pr, неадым Nd, праметый Pm, самарый Sm, еўропій Eu, гадаліній Gd, тэрбій Tb, дыспрозій Dy, гольмій Ho, эрбій Er, тулій Tm, ітэрбій Yb, лютэцый Lu. Адносяцца да рэдказямельных элементаў. Падзяляюць на цэрыевую (Ce—Eu; лёгкія Л.) і ітрыевую падгрупу (Gd—Lu; цяжкія Л.). Устарэлая назва — лантаніды.
Л. — серабрыста-белыя металы, некат. (Pr, Nd) з жоўтым адценнем. Пластычныя, электраправодныя, лёгка паддаюцца мех. апрацоўцы. Маюць блізкія хім. ўласцівасці, што абумоўлена падабенствам канфігурацый вонкавых электронных абалонак. У хім. злучэннях характэрная ступень акіслення +3. У паветры акісляюцца (лёгкія Л. пры пакаёвай т-ры, астатнія пры 180—200 °C). Узаемадзейнічаюць з вадой з вылучэннем вадароду і ўтварэннем нерастваральных гідраксідаў, з к-тамі (салянай, сернай, азотнай), пры награванні — з галагенамі, азотам, борам, серай. Аксіды, фтарыды, сульфіды Л. — тугаплаўкія рэчывы (напр., для аксідаў tпл 2200—2500 °C). Утвараюць шматлікія інтэрметал. і комплексныя злучэнні. Выкарыстоўваюцца як легіруючыя дабаўкі для чыгуну, сталі і сплаваў каляровых металаў, гетэры ў электронных прыборах, кампаненты магн. матэрыялаў, акумулятараў вадароду, міш-металу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРЫПАТЭТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА (ад грэч. peripatoi крытая галерэя — лекцыйная зала), лікей,
філасофская школа Арыстоцеля. Была буйным цэнтрам ант. ведаў, спалучала функцыі акадэміі навук (даследаванні на падставе метаду Арыстоцеля ў розных галінах ведаў, каардынацыя даследчай дзейнасці). Адрозніваюць некалькі перыядаў перыпатэтызму. 1-ы перыяд — 4—2 ст. да н.э. Лікей створаны ў 335 да н.э. ў Афінах Арыстоцелем, пасля яго школай кіраваў Тэафраст (паклаў пачатак батаніцы; на яго лекцыях прысутнічала каля 2 тыс. слухачоў). У школе выкладалі Эўдэм Радоскі, Арыстаксен з Тарэнта і інш. Вучнямі былі Дурыс, Хамелеон з Гераклеі Пантыйскай, Праксіфан з Лесбаса. Калі школу ўзначальваў філосаф і прыродазнавец Стратон з Лампсака, характэрнай яе рысай стала схільнасць да заняткаў асобнымі навукамі (гісторыя, геаграфія, гісторыя л-ры і інш.). У 2-і перыяд (1 ст. да н.э.) вучоныя Андронік Радоскі, Ксенарх, Стасей з Неапаля былі пераважна выдаўцамі, рэдактарамі і каментатарамі арыстоцелеўскіх твораў. Падобная дзейнасць характэрна і для 3-га перыяду (1—2 ст.н.э.). Сярод вучоных таго часу Аляксандр з Эгі, Адраст, Гермін, Арыстокл з Месены, Аляксандр Афрадысійскі. Большасць з іх займалася гіст. біяграфіямі, літ.-знаўствам, папулярнай этыкай. З 4 ст. ўласна перыпатэтычныя традыцыі знікаюць, творы Арыстоцеля пачалі каменціраваць неаплатонікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАРАДРУКАВА́НАЯ КНІ́ГА, старадрукі,
умоўная назва кніг, выдадзеных у пэўнай краіне на працягу некат. перыяду пасля ўзнікнення ў ёй кнігадрукавання. Храналагічныя рамкі ўжывання тэрміна «С.к.» ў розных краінах не супадаюць. Зах.-еўрап. кнігі, выдадзеныя ў 15 ст., называюць інкунабуламі, кнігі І-й пал. 16 ст. — палеатыпамі. У Расіі старадрукамі называюць кнігі 16—17 ст. (зрэдку і 18 ст.). Кнігі першага ўсх.-слав. і бел. першадрукара Ф.Скарыны, С.к. кірыліцкага шрыфту, выдадзеныя на Беларусі ў 16—18 ст., улічаны ў паказальніках «Бібліяграфічны спіс беларускіх старадрукаваных выданняў XVI—XVIII стст.» (складальнік Г.Я.Галенчанка, 1961), «Каталог беларускіх выданняў кірыліцкага шрыфту XVI—XVII стст.» (складальнік В.І.Лук’яненка; вып. 1—2, 1973—75), «Кніга Беларусі» (1986). Апісанню ўсх.-слав. старадрукаў прысвечаны каталогі выданняў кірыліцкага шрыфту, складзеныя кнігазнаўцамі А.С.Зёрнавай, І.В.Паздзеевай, Я.Л.Неміроўскім, Ю.А.Лабынцавым, Я.Дз.Ісаевічам, Т.А.Быкавай і інш. С.к., выдадзеныя на Беларусі на замежных мовах, найб. шырока прадстаўлены ў «Польскай бібліяграфіі» К.Эстрэйхера. С.к. збіраюцца, зберагаюцца і навукова апрацоўваюцца ў многіх б-ках свету. На Беларусі самыя вял. калекцыі старадрукаў захоўваюцца ў Нац. б-цы Беларусі і Цэнтр.навук. б-цы імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭ́РНЕР, Цёрнер (Turner) Джозеф Мэлард Уільям (23.4.1775, Лондан — 19.12.1851), англійскі жывапісец, акварэліст, рысавальшчык і гравёр; найбуйнейшы майстар англ.рамантызму. Вучыўся ў АМ у Лондане (1789—93), з 1808 выкладаў у ёй. Працаваў пераважна ў Лондане, шмат падарожнічаў па Англіі і краінах Еўропы. Да 1800 пісаў пераважна акварэльныя пейзажы, у пач. 19 ст. — жывапісныя пейзажы ў традыцыях галандскіх майстроў 17 ст. («Мол у Кале», 1802—03), пазней часта звяртаўся да матываў К.Ларэна, трактуючы іх у фантастыка-рамантычным духу. Для работ сталага перыяду характэрны віртуознае ўвасабленне дынамікі і проціборства прыродных сіл, рэдкіх атмасферных эфектаў. Асаблівай свабодай і дынамічнасцю вылучаюцца яго марскія пейзажы, карціны на гіст. і міфалагічныя тэмы 1820—40-х г., выкананыя чыстымі, светлымі фарбамі, пабудаваныя на кантрастах паветраных мігатлівых тонаў, якія нібыта раствараюць абрысы прадметаў: «Уліс і Паліфем» (1828—29), «Апошні рэйс карабля «Адважны» (1838), «Пахаванне на моры» (1842), «Дождж, пара і хуткасць» (1844). Каларыстычныя пошукі Т. часткова вызначылі жывапіс франц.імпрэсіянізму, а містычныя тэндэнцыі і алегарычна-маляўнічыя фантасмагорыі, што найбольш праявіліся ў позні перыяд, паўплывалі на фарміраванне сімвалізму ў еўрап. мастацтве 2-й пал. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАЛЕ́НСТВА, вадабоязь, гідрафобія,
вострая інфекцыйная хвароба чалавека і жывёл з групы антрапазаанозаў. Выклікаецца вірусамі сям. рабдавірусаў, характарызуецца пашкоджаннем цэнтр.нерв. сістэмы.
Вядома са стараж. часоў. Вірусную этыялогію Ш. даказаў Л.Пастэр (1881), ён жа распрацаваў вакцыну для прафілактыкі хваробы. У прыродзе хварэюць млекакормячыя, найб. прадстаўнікі драпежных, сярод свойскай жывёлы — буйн. раг. жывёла, сабакі, каты і інш. Заражэнне адбываецца праз сліну хворай жывёлы, найперш пры ўкусе. Магчыма таксама перадача інфекцыі праз інфіцыраваныя прадметы, мясныя і малочныя прадукты. Ад аднаго чалавека другому Ш. не перадаецца.
На Беларусі штогод ад Ш. памірае некалькі чалавек. Працягласць скрытага перыяду залежыць ад месца ўкусу, ад памеру і глыбіні пашкоджання тканак. Прыкметы ў чалавека: запаленне і прыпуханне на месцы ўкусу, праз 1—3 дні вадабоязь (хворы не можа піць ваду і ўжываць вадкую ежу ў выніку сутаргавага скарачэння мышцаў глоткі і гартані), аэрафобія (сутаргі выклікае подых паветра), фотафобія (узбуджальны ўплыў яркага святла) і інш. Смерць настае раптоўна ад паралічу сэрца або дыхання. Агульная працягласць хваробы 3—7 дзён. Спецыфічнага лячэння няма, прафілактыка ўключае выяўленне і знішчэнне хворых на Ш. жывёл і экстранныя антырабічныя прышчэпкі чалавеку пасля інфіцыравання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Мітусі́цца, мітузі́цца, мітушы́цца, мытушы́тысь, мытушя́тысь ’хутка і бесперапынку перамяшчацца ў розных напрамках’, ’бязладна рухацца, увіхацца’, ’мільгацець перад вачыма’, ’рабацець, каламуціцца, перамешвацца’, ’перашкаджацца’, ’свяціць няроўным бляскам’, ’салавець’, ’збівацца ў размове, губляцца, саромецца’ (ТСБМ, Нас., Грыг., Гарэц., Мядзв., Шат., Касп., Бяльк., Растарг., Клім., ТС; паст., пух., іўеў., Сл. ПЗБ; КЭС, лаг.; Крыў., Дзіс.). Рус.ми́туси́ть ’перамешваць, збіваць з панталыку’, ’глядзець адным вокам, жмурыцца’, митуси́ться ’мітусіцца’, ’хвалявацца’, ’рабацець’, ’здавацца’, смал.митуса́ ’няўрымслівы’. Параўн. таксама рус.мельтеши́ть ’мільгаць’. Да мі́тусь (гл.). Карскі (Труды, 393) супастаўляе бел.мітусі́ць ’муціць, мяшаць, трывожыць’ з літ.mita, mitas ’крыло мутніка (венцера)’. Мартынаў (Бел.-укр. ізал., 51) адносіць лексему мітусі́цца да балтызмаў перыяду існавання Велікага княства Літоўскага. Лаўчутэ (Балтизмы, 55–56) у якасці балт. крыніцы для бел.-рус. ізалексы падае лат.mits, mitus ’мена’.
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЧО́РНЫ Кузьма (сапр.Раманоўскі Мікалай Карлавіч; 24.6.1900, в. Жабчава Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 22.11.1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1916—19), БДУ (1923—25). У 1920—22 сакратар валаснога рэўкома, настаўнік у в. Цімкавічы (Капыльскі р-н), справавод Слуцкага пав. ваенкамата. У 1924—28 у газ. «Беларуская вёска». Чл.літ. аб’яднання «Маладняк» (1923—26), старшыня літ. аб’яднання «Узвышша» (1926—31), гал. рэдактар час. «Узвышша» (1927—31). У 1934—38 заг. кабінета маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў Беларусі. 14.10.1938 беспадстаўна арыштаваны, 8.6.1939 вызвалены з астрогу. З 1941 у эвакуацыі ў Маскве, удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Летам 1944 вярнуўся ў Мінск, працаваў у час. «Беларусь». Друкаваўся з 1920 як паэт (пад уласным прозвішчам і крыптанімам М.Р.). З 1921 выступаў як празаік. Першыя зб-кі апавяданняў «Апавяданні», «Срэбра жыцця» (абодва 1925). У «маладнякоўскі» перыяд творчасці пераважалі паэт. замалёўкі, эцюды, імпрэсіі, у якіх апяваецца хараство бел. прыроды, услаўляецца абуджэнне мужыка-беларуса. У апавяданнях «узвышаўскага» перыяду (зб-кі «Па дарозе», «Пачуцці», «Хвоі гавораць», усе 1926; «Вераснёвыя ночы», 1929) — паглыблены псіхал. аналіз, сцвярджэнне гуманіст. думкі пра вял. сіпу чалавека на зямлі, стварэнне каларытных вобразаў «палявых людзей», якія ўвасабляюць лепшае ў бел. характары, вобразаў прадстаўнікоў маладога пакалення, схільных да філас. разваг і актыўных грамадскіх учынкаў. У апавяданнях 1930-х г. (зб. «Брыгадзіравы апавяданні», 1932) спроба авалодаць вытв. тэмай, паказаць працэс нараджэння калектывіста, ударніка сацыяліст. працы, выявіць у ім прыкметы класавай прыналежнасці, што вяло да схематызму і збедненасці вобразаў. У апавяданнях 1940-х г. (зб. «Вялікае сэрца», 1945) узнаўленне драм. эпізодаў перыядуВял.Айч. вайны, малюнкаў спусташэння бел. зямлі, воля беларусаў да супраціўлення. У рамане «Сястра» (1927—28) вострае драм. сутыкненне супрацьлеглых поглядаў на ролю асобы ў працэсе рэв. абнаўлення свету, адмаўленне непаважлівага стаўлення да чалавека, сцвярджэнне хрысц. каштоўнасцей. У рамане-паэме «Зямля» (1928) пераважае паказ «плыні свядомасці» герояў з простанароддзя, хараства простых людзей, бел.нар. звычаяў і прыроды. У аповесці «Лявон Бушмар» (1929) класічны тып чалавека-ўласніка, вобразам якога сцвярджаецца роля псіхал. і біял. спадчыннасці ў станаўленні асобы. У незавершаных раманах «Вецер і пыл» (1927—29), «Ідзі, ідзі» (1930) праз шэраг яркіх вобразаў і псіхал. тыпаў зроблена спроба ўзнавіць драм. атмасферу ідэалаг. спрэчак пра шляхі абнаўлення свету перыяду рэвалюцыі, грамадз. вайны, калектывізацыі і індустрыялізацыі краіны. У пач. 1930-х г. Ч. прыйшоў да задумы папісаць «у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён»: раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (няскончаны, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук’янская» (1936). Рукапісы раманаў «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень» згарэлі ў першыя дні Вял.Айч. вайны. У рамане «Бацькаўшчына» — праблема Радзімы, якая на працягу стагоддзяў хвалявала беларусаў. У «Трэцім пакаленні» Ч. цікавіць паняцце ўласнасці, яго ўплыў на характар і лёс чалавека. У аповесці «Люба Лук’янская» — паэтызацыя духоўнага хараства бел. жанчыны, драматызм яе жыцця ў «эпоху войнаў і рэвалюцый». Задуманы Ч. празаічны цыкл развіты ў раманах «Пошукі будучыні» (нап. 1943, апубл. 1950), «Вялікі дзень» (нап. 1941—44, няскончаны, апубл. 1947), «Млечны Шлях» (нап. 1944, апубл. 1954), незавершаных эпічных творах «Скіп’еўскі лес» (1944, апубл. 1946), «Сумліцкая хроніка» (нап. 1941—44, апубл. 1975), «Смага» (нап. 1944, апубл. 1975) і інш., у якіх паказаны лёс беларусаў у час вял. выпрабаванняў, адносіны герояў да зямлі, уласнасці, бацькаўшчыны, маралі, будучыні і інш. Аўтар п’ес «Бацькаўшчына» (на аснове аднайм. рамана, паст. 1932, БДТ-1; 1966, Бел.т-р імя Я.Коласа), «Ірынка» (паст. 1941, БДТ-1 і БДТ-2), аповесці для дзяцей «Насцечка» (1940) і інш. Пераклаў на бел. мову аповесці «Станцыйны даглядчык», «Трунар», «Дуброўскі», «Капітанская дачка» А.Пушкіна, п’есы «Рэвізор» М.Гогаля, «Гарачае сэрца» і «Позняе каханне» А.Астроўскага, «Апошнія» і «Варвары» М.Горкага і інш. Асобныя творы Ч. інсцэнізаваны і экранізаваны: інсцэніроўка «Уласнасць» А.Гутковіча і Ф.Казлоўскай паводле рамана «Трэцяе. пакаленне» (1959), спектакль «Вялікае сэрца» (паст. 1960, Бел. тэлебачанне; паводле аднайм. рамана), фільм «Ноч пры дарозе» (1992, паводле аднайм. апавядання).
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—8. Мн., 1972—75;
Выбр. творы. Мн., 2000.
Літ.:
Кузьма Чорны: Зб. матэрыялаў аб жыцці і творчай дзейнасці пісьменніка. Мн., 1959;
Адамовіч А. Маштабнасць прозы: Урокі творчасці Кузьмы Чорнага. Мн., 1972;
Пяткевіч А. Сюжэт. Кампазіцыя. Характар: Аб прозе Кузьмы Чорнага. Мн., 1981;
Тычына М.А. Кузьма Чорны // Гісторыя беларускай літаратуры XX ст.Мн., 1999. Т. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРЭ́ЦКІ Максім Іванавіч (18.2.1893, в. Багацькаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.2.1938),
бел. пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, фалькларыст, грамадскі дзеяч. Адзін з пачынальнікаў нац.маст. прозы. Зрабіў вял. ўклад у развіццё бел. культуры, у фарміраванне нац. свядомасці. Брат Г.І.Гарэцкага. Скончыў Горацкае каморніцка-агранамічнае (1913), Паўлаўскае ваен. (Петраград, 1916) вучылішчы. У 1913—14 працаваў на Віленшчыне, у 1914—17 на фронце, быў цяжка паранены. З канца 1917 у Смаленску, супрацоўнічаў у «Известиях Смоленского Совета рабочих, солдатских и крестьянских депутатов», у газ. «Звезда» (1918), з рэдакцыяй якой пераехаў у Мінск, на пач. 1919 — у Вільню. У выніку захопу горада польскімі войскамі апынуўся на акупіраванай тэрыторыі. Выкладаў на бел. настаўніцкіх курсах і ў Віленскай беларускай гімназіі. Рэдактар газ.«Наша думка» (снеж. 1920 — ліп. 1921), з вер. 1921 выдавец і рэдактар газ.«Беларускія ведамасці». У студз. 1922 арыштаваны і зняволены ў Лукішскую турму. Яму было прад’яўлена абвінавачванне «ў прыналежнасці да партыі камуністаў, у арганізацыі тайных баявых дружын з мэтаю замаху на дзяржаўную ўладу, у друкаванай і вуснай прапагандзе». За гэта пагражала смяротная кара або катарга. Дзякуючы пратэсту грамадскасці суд не адбыўся. Паводле слоў пісьменніка, ён «без суда, са здзекам, быў выкінуты з Вільні ў нейтральны пас паміж польскім і літоўскім фронтам». У кастр. 1923 пераехаў у Мінск. Выкладаў беларусазнаўства на рабфаку БДУ, бел. мову і л-ру ў Камуністычным ун-це Беларусі. Працаваў у Інбелкульце (з 1925 правадз. член), у Горацкай с.-г. акадэміі (люты 1926 — жн. 1928), у АН Беларусі. 18.7.1930 арыштаваны на падставе сфабрыкаванага органамі АДПУ абвінавачання ў прыналежнасці да «Саюза вызвалення Беларусі». 10.4.1931 асуджаны да 5 гадоў высылкі ў Вятку. З 1935 выкладаў рус. мову і л-ру ў школе ў пас. Пясочня Смаленскай вобл. (цяпер г. Кіраў Калужскай вобл.). 4.11.1937 зноў арыштаваны, 5.1.1938 прыгавораны да расстрэлу (расстраляны ў Вязьме). Рэабілітаваны ў 1957.
Літ. дзейнасць пачаў з газетных нататак і карэспандэнцый. Першае апавяданне «У лазні» апубл. ў 1913. Дамінуючая тэма яго творчасці — лёс бел. сялянства, працоўнай вёскі на гіст. зломе эпох, народ і інтэлігенцыя, пошукі ёю шляхоў сац. і нац. вызвалення. Зборнікам апавяданняў «Рунь» (1914), драматызаванай аповесцю «Антон» (1914, апубл. 1919) і інш. творамі пашырыў тэматычныя і жанрава-стылёвыя межы бел. прозы, увёў новага героя — вясковага інтэлігента («Роднае карэнне» і інш.) і форму лірыка-экспрэсіўнага спасціжэння рэчаіснасці («Патаёмнае», «Страхаццё»). Да гэтага перыяду адносіцца паспяховая спроба маст. асваення гіст. тэмы («Лірныя спевы») і жанру філас., інтэлектуальнай прозы (цыкл апавяданняў «За што?»). Гарэцкі прайшоў шлях складанага ідэйна-творчага і светапогляднага развіцця. Значныя карэктывы ў асветніцкае ўспрыманне рэчаіснасці, што ўласціва ранняму перыяду яго творчасці, унесла вайна і рэвалюцыя. Паглыбіўся гістарызм пісьменніцкага мыслення, узмацніўся аналітычны пачатак у творчасці, іншай стала філас. канцэпцыя чалавека як істоты складанай, супярэчлівай, падуладнай уздзеянню разнастайных фактараў і ўплываў («Маці», «Хадзяка»). Апавяданні ваеннай тэматыкі («Літоўскі хутарок», «Генерал», «Рускі») прасякнуты антымілітарысцкім пафасам, пратэстам супраць разбурэння маральных асноў быцця. У публіцыстыцы смаленскага перыяду (кастр. 1917 — люты 1919) выказваў спадзяванне на перамогу сацыяліст. рэвалюцыі (арт. «Новая буржуазія»), падтрымліваў асобныя палажэнні бальшавіцкай праграмы (арт. «Няхай жыве камуністычная Беларусь!»); творчая і грамадская дзейнасць віленскага перыяду (люты 1919 — кастр. 1923) прасякнута асуджэннем тэрору і непрыманнем новай улады (аповесць «Дзве душы», 1919, апавяданні «Апостал», «Усебеларускі з’езд 1917-га года»). Абноўленая нац.-адраджэнская праграма, скіраваная на выхаванне сац. і нац. свядомасці, духоўнае ўзвышэнне чалавека, пераадоленне ім прыгонніцкай спадчыны, выявілася ў апавяданнях «Панская сучка», «Смачны заяц» (зб. «Досвіткі», 1926). У творчасці 1930-х г. адзначаецца далейшае паглыбленне эпічных асноў, больш грунтоўная распрацоўка тэм інтэлігенцыя і народ, будучыня Беларусі. Своеасаблівыя этапы духоўнай біяграфіі вясковай моладзі адлюстраваны ў аповесцях «У чым яго крыўда?» (1926), «Меланхолія» (нап. ў 1920-я г.), дакументальна-маст. дзённіку «На імперыялістычнай вайне» (1926). Творы Гарэцкага засведчылі новы падыход у адлюстраванні падзей вайны і зараджэнне традыцыі «акопнай праўды» як літ.-эстэт. з’явы. У рамане-хроніцы «Віленскія камунары» (1931—32, апубл. 1963) паказаў герояў, якія лічылі рэв. барацьбу універсальным сродкам вырашэння сацыяльных праблем. Панарама жыцця бел. народа ад часоў прыгоннага права да 1930-х г. створана ў аповесці «Камароўская хроніка» (незаконч., апубл. ў 1966). Дакументальна-маст. сродкамі ў ёй адлюстраваны сац. супярэчнасці эпохі, побыт, праца, норавы, звычаі бел. вёскі і інш. пластоў грамадства, раскрыты рысы характару беларуса. У творах Гарэцкага арганічна спалучаюцца сац. аспекты з маст. даследаваннем духоўнай сферы, выяўляецца глыбіня і змястоўнасць філас. канцэпцыі жыцця як няспыннага працэсу выпрацоўкі і перадачы ад пакалення да пакалення сац. і маральна-этычнага вопыту, духоўных каштоўнасцей. Незакончаныя творы «Лявоніус Задумекус» (1931—32), «Скарбы жыцця» (1932—35, 1937?), «Кіпарысы» (апрацоўка запісаў 1928) разам з асобнымі раздзеламі «Камароўскай хронікі» раскрываюць трагізм становішча рэпрэсіраванага мастака, з’яўляюцца пачаткам эстэт. асваення бел.літ. тэмы ГУЛАГа. Гарэцкі — аўтар «Гісторыі беларускае літаратуры» (1920, факс. выд. 1992), «Хрэстаматыі беларускае літаратуры: XI век — 1905 г.» (1922), слоўнікаў «Невялічкі беларуска-маскоўскі слоўнік» (1919), «Практычны расійска-беларускі слоўнік» (1924, разам з М.Байковым), зб. «Народныя песні з мелодыямі» (1928, з А.Ягоравым) і інш. Пераклаў на бел. мову раман А.Фадзеева «Разгром», аповесці Ю.Лібядзінскага «Тыдзень», «Камісары», асобныя апавяданні М.Горкага («Зброднік», «Канавалаў», «Чалкаш»), а таксама артыкулы і дадаткі да 3-га тома Зб.тв. У.І.Леніна (выд. 1929). Рукапісная спадчына Гарэцкага захоўваецца ў аддзеле рэдкай кнігі і рукапісаў Цэнтральнай навук. б-кі імя Я.Коласа Нац.АН Беларусі. Творы пісьменніка перакл. на рус., укр., балг., лат., літ., ням., польск. мовы. На радзіме пісьменніка створаны музей, пастаўлены помнікі ў Мінску, Вязьме, імем Гарэцкага названы вуліцы ў Мінску, Мсціславе, Горках. У 1997 створаны Міжнар. фонд братоў Гарэцкіх.
Тв.:
Выбр.тв.Т. 1—2. Мн., 1973;
Зб.тв.Т. 1—4. Мн., 1984—1986;
Творы. Мн., 1990.
Літ.:
Максім Гарэцкі: Успаміны, артыкулы, дакументы. Мн., 1984;
Адамовіч А. «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» Мн., 1980;
Бугаёў Дз. Максім Гарэцкі. Мн., 1968;
Дасаева Т.М. Летапіс жыцця і творчасці Максіма Гарэцкага. Мн., 1993;
Гарэцкі Р. Расстрэл Максіма Гарэцкага // ЛІМ. 1992. 9 і 16 кастр.;
Першыя Гарэцкія чытанні: (Тэз. дакл. і паведамл.). Горкі, 1992;
Гарэцкія чытанні: Тэз. дакл. і паведамл. Горкі, 1993;
Гарэцкія чытанні: Матэрыялы дакл. і паведамл. Горкі, 1994, 1996.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ (Pinophyta, або Gymnospermae),
найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.
Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).
Літ.:
Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРУШЭ́ЎСКІ Міхаіл Сяргеевіч (29.9.1866, г. Хэлм, Польшча — 25.11.1934),
дзеяч укр.нац.-вызв. руху, гісторык. Акад.АН Украіны (1924) і АНСССР (1929). Брат А.С.Грушэўскага. Скончыў Кіеўскі ун-т (1890). У 1894 — 1914 выкладаў гісторыю Украіны ў Лембергскім (Львоўскім) ун-це. Кіраваў дзейнасцю Навук.т-ва імя Шаўчэнкі ў Львове (1897) і Т-ваўкр. прагрэсістаў у Кіеве (з 1908). Адзін з арганізатараў Галіцка-ўкр. нац.-дэмакр. партыі (1899). У 1-ю сусв. вайну за арыентацыю на Германію арыштаваны і сасланы рас. ўладамі (1914—17). З сак. 1917 чл.Украінскай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, адначасова (да крас. 1918) старшыня Цэнтральнай рады. У 1919—24 у эміграцыі, заснаваў у 1919 у Вене Укр. сацыялагічны ін-т. З 1924 на навук. і інш. рабоце ў Кіеве. З пач. 1931 у Маскве. Аўтар «Нарыса гісторыі Кіеўскай зямлі ад смерці Яраслава да канца XIV ст.» (1891), «Гісторыі Украіны-Русі» (т. 1—10, 1898—1936) і інш. прац, у якіх адстойваў адметнасць укр. народа, лічыў Кіеўскую Русь укр. дзяржавай, адмаўляў нарманскую тэорыю, з аб’ектывісцкіх пазіцый аналізаваў дзейнасць гетманаў Б.М.Хмяльніцкага, І.Я.Выгоўскага і І.С.Мазепы, у параўнальным аспекце звяртаўся да гісторыі беларусаў (асабліва перыядуВКЛ).