ГОЛАНАСЕ́ННЫЯ
(Pinophyta, або Gymnospermae),
найбольш старажытны аддзел вышэйшых насенных раслін. 10 парадкаў, 12 сям., больш за 70 родаў, каля 600 відаў. Падзяляюцца на 2 класы: вымерлы клас кардаітавых (Cordaitopsida) і сучасны — хвойных (Pinopsida). Пашыраны па ўсім зямным шары (акрамя Антарктыды), асабліва ва ўмераных шыротах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 3 парадкі (цісы, хвоі і кіпарысы). 5 родаў (елка, піхта, хвоя, ціс, ядловец), каля 100 відаў і формаў голанасенных інтрадукаваны ў сады і паркі. Многія з голанасенных — лесаўтваральнікі. Маюць вял. водаахоўнае і проціэразійнае значэнне, узбагачаюць атмасферу кіслародам, паветра фітанцыдамі і аэраіонамі, даюць каштоўную драўніну і сыравіну для цэлюлозна-папяровай і хім. вытв-сці. Голанасенныя выкарыстоўваюць як лек. і дэкар. расліны; насенне некат. ядомае.
Першыя голанасенныя з’явіліся ў канцы дэвонскага перыяду, іх продкі — стараж. папарацепадобныя. Былі пашыраны ў мезазойскую эру, у канцы якой большасць голанасенных выцеснена пакрытанасеннымі раслінамі. Характэрная прыкмета голанасенных — наяўнасць голых (адсюль назва) семязародкаў (семяпупышак). Усе голанасенныя — разнаспоравыя дрэвы і кусты з монападыяльным галінаваннем. Ствол складанай будовы, з другасным патаўшчэннем. Лісце пераважна шматгадовазялёнае, звычайна дробнае суцэльнае, лускападобнае, падоўжанае пляскатае або іголкападобнае (ігліца). Кветак няма. Амаль ва ўсіх сучасных голанасенных ёсць раздзельнаполыя стробілы — укарочаныя рэпрадуктыўныя парасткі (т.зв. мужч. і жан. шышкі).
Літ.:
Голосеменные (Pinophyta, или Gymnospermae) // Жизнь растений. Т. 4. Мхи. Плауны. Хвощи. Папоротники. Голосеменные растения. М., 1978.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 322
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)