МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВІ́ЦЦЕЎСКАЯ ПРАЧЫ́СЦЕНСКАЯ ЦАРКВА́, царква Раства Багародзіцы,
помнік драўлянага дойлідства ў в. Павіцце Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1912 з брусоў (18 × 18 см) пад кіраўніцтвам чэш. майстра Гута. У плане традыц. 4-часткавая схема: званіца, трапезная, асн.аб’ём, апсіда. Да асн. аб’ёму з 4 бакоў прымыкаюць прыбудовы: з 3 два ўваходы, з У дзяканнік з асобным уваходам і ахвярнік, аб’яднаныя гал. алтаром. У інтэр’еры 2-ярусны разны іканастас пач. 20 ст. Ў арх.-стылявой структуры спалучаюцца рысы традыц.нар. драўлянага дойлідства (разьба на навесах ганкаў, барабанах і інш.), рэтраспектыўна-рус. (планіроўка, форма і канструкцыя званіцы, 5-купалле асн. аб’ёму, выкарыстанне 3-лопасцевых какошнікаў і інш.) і неарускага (ламаныя абрысы завяршэння гал. барабана, падзораў цвінтара) стыляў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАСТА́ЎСКІ КАСЦЁЛ, касцёл Антонія Падуанскага,
помнік архітэктуры неаготыкі ў г. Паставы Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1898—1904 з цэглы арх. А.Гойбелем у цэнтр. частцы горада на правым беразе р. Мядзелка, на тэр. былога францысканскага кляштара, заснаванага ў 1617 на сродкі С. і Г. Сянкевічаў-Бяганскіх. У гады 1-й сусв. вайны моцна пашкоджаны, знішчаны арган, гал. алтар, амбон (абодва готыка). У 1920-я г. адбудаваны. Касцёл — крыжападобны ў плане храм з 5-граннай апсідай. Асн.аб’ём накрыты 2-схільным чарапічным дахам. Шмат’ярусная вежа (выш. каля 100 м) завершана шатровым дахам. Бакавыя фасады прарэзаны высокімі стральчатымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны ступеньчатымі контрфорсамі. Уваходы аформлены 3 стральчатымі парталамі. У 1988 касцёл адрамантаваны, дзейнічае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЎЛЕ́ННЕ,
пераход рэчыва з цвёрдага агрэгатнага стану ў вадкі (гл.Агрэгатныя станы рэчыва); адзін з фазавых пераходаў 1-га роду. Працэс П. адыгрывае важную ролю ў прыродзе (напр., П. лёду і снегу на паверхні Зямлі, мінералаў у яе нетрах) і ў тэхніцы (гл.Плаўка).
П. крышталічных цел адбываецца пры нязменнай т-ры (гл.Тэмпература плаўлення) незалежна ад колькасці падведзенай цеплаты і характарызуецца цеплатой плаўлення. Залежнасць т-ры П. ад знешняга ціску выражаецца Клапейрона—Клаўзіуса ўраўненнем. Пры П. ўдзельны аб’ём цела звычайна павялічваецца і т-ра П. расце з ростам ціску (за выключэннем, напр., лёду, вісмуту, галію, шчыльнасць якіх пры П. памяншаецца). Аморфныя целы не маюць пэўнай т-ры П. і пераходзяць у вадкі стан паступова ў некат. дыяпазоне т-р.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКУРО́Р (франц. procureur ад лац. procurare клапаціцца),
службовая асоба органаў пракуратуры, надзеленая паўнамоцтвамі па ажыццяўленні пракурорскага нагляду. Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Закона «Аб Пракуратуры Рэспублікі Беларусь» ад 29.1.1993 П. у межах сваёй кампетэнцыі прымае ўдзел у суд. разглядзе цывільных і крымін. спраў, спраў аб адм. правапарушэннях у выпадках, калі гэта прадугледжана законам або прызнана неабходным самім П., апратэстоўвае супярэчныя закону або неабгрунтаваныя рашэнні, прыгаворы, вызначэнні і пастановы судоў. Аб’ём і межы паўнамоцтваў П., які ўдзельнічае ў суд. разглядзе спраў, вызначаюцца працэсуальным правам. П. незалежны ў ажыццяўленні сваіх паўнамоцтваў і кіруецца заканадаўствам; аднак ён не можа займацца паліт. дзейнасцю і ў сваёй службовай дзейнасці не павінен быць звязаны рашэннямі паліт. партый і грамадскіх аб’яднанняў, якія дамагаюцца паліт. мэт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКІ КАСЦЁЛ,
помнік архітэктуры позняга класіцызму ў г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Пабудаваны ў 1850 з цэглы. Касцёл — 3-нефавая 2-вежавая базіліка з паўцыркульнай апсідай і 2 сакрысціямі абапал яе. Асн. прамавугольны ў плане аб’ём накрыты 2-схільным дахам, апсіда — больш нізкім. Гал. фасад вылучаны ў цэнтры глыбокім рызалітам і завершаны 2-схільным шчытом. Квадратныя 4-ярусныя вежы прарэзаны скразнымі арачнымі праёмамі, круглымі люкарнамі і завершаны шлемападобнымі купаламі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны высокімі арачнымі аконнымі праёмамі і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Інтэр’ер перабудаваны. Часткова захавалася керамічная падлога з арнаментальным малюнкам. Перад касцёлам брама з 3 арачнымі праходамі, аздобленая на гал. фасадзе паўкалонамі і завершаная лучковым франтонам. У касцёле хрысцілі Я.Купалу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭА́ЛЬНЫЯ ДАХО́ДЫ НАСЕ́ЛЬНІЦТВА,
абагульняльны эканам, паказчык узроўню жыцця насельніцтва; састаўная частка нацыянальнага даходу. Вызначае аб’ём тавараў і паслуг, які можа набыць працоўны за кошт сваіх даходаў: заработнай платы, пенсіі, стыпендыі і інш. трансфертных плацяжоў, паступленняў ад продажу прадуктаў сельскай гаспадаркі, даходаў ад уласнасці ў выглядзе працэнтаў па ўкладах, каштоўных паперах, дывідэндаў, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, крэдытаў і інш. Велічыня Р.д.н. залежыць ад грашовых даходаў насельніцтва, бясплатных і льготных паслуг, ад цэн на тавары і паслугі, памеру падаткаў і інш. Вылічваюцца Р.д.н. як каэфіцыент ці ў працэнтах: вызначаюць суадносіны паміж сумай усіх грашовых і натуральных даходаў насельніцтва за вылікам падаткаў, збораў, інш. абавязковых плацяжоў у дзярж. бюджэт, узносаў у розныя арг-цыі і індэксам цэн на тавары і паслугі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«МІР»,
арбітальная станцыя для палёту вакол Зямлі; праграма яе распрацоўкі і запускаў да яе касм. апаратаў. Створана ў СССР на аснове арбітальнай станцыі (АС) «Салют». Прызначана для працяглай работы касманаўтаў, прыёму экспедыцый, правядзення навук. даследаванняў і эксперыментаў, у т. л. па міжнар. праграмах.
Базавы блок «М.» выведзены на арбіту 20.2.1986; яго даўж. 13 м, дыяметр 4,2 м, маса каля 20 т, аб’ём жылых адсекаў 100 м³. Мае 6 стыковачных вузлоў, што дало магчымасць прыстыкаваць да яго астрафіз. модуль «Квант» (1987), модуль дааснашчэння «Квант-2» (1989), тэхнал. модуль «Крышталь» (1990), даследчыцкі модуль «Спектр» (1995) і навук. модуль «Прырода» (1996). Стыковачны адсек на модулі «Крышталь» дае магчымасць стыкаваць «М.» з касмічным караблём (КК) «Спейс шатл» (ЗША). У арбітальны комплекс могуць уваходзіць 1 ці 2 пілатуемыя КК«Саюз», аўтам.трансп.КК«Прагрэс» і КК «Спейс шатл» (агульная маса каля 250 т; габарытныя памеры па восях 33 × 31 × 27,5 м; аб’ём герметычных памяшканняў больш за 400 м³; энергасілкаванне забяспечваецца сонечнымі батарэямі пл. больш за 100 м²). «М.» і ўсе модулі выводзіліся на арбіту ракетамі-носьбітамі «Пратон». Касманаўты і грузы дастаўляліся КК «Саюз Т-15», «Саюз ТМ-2» — «Саюз ТМ-28», трансп.КК «Прагрэс-М» (Расія) і КК «Аглантыс», «Індэвар», «Дыскаверы» (ЗША). Першы экіпаж «М.» — Л.Дз.Кізім і У.А.Салаўёў. На станцыі працавалі (да 29.8.1999) 103 касманаўты з 12 краін і Еўрап.касм. агенцтва, у т. л. 41 рас. (сав.) і 62 замежныя (з іх 44 з ЗША) касманаўты. Выканана (на 1.10.1999) 24 міжнар.касм. праграмы, 17 тыс. навукова-тэхн. эксперыментаў, дастаўлена 14 тнавук. абсталявання. З жн. 1999 «М.» знаходзіцца ў аўтам. палёце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫЛУ́ЦКІ ПАЛА́ЦАВА-ПА́РКАВЫ КО́МПЛЕКС,
помнік архітэктуры і садова-паркавага мастацтва 2-й пал. 18—19 ст. у в. Прылукі Мінскага р-на. Закладзены на месцы б. манастыра 17 ст. Уключае палац і парк. Мураваны п а лац пабудаваны ў 1-й пал. 19 ст., рэканструяваны ў 1851, пасля пажару 1868 адноўлены ў 1872; значна пашкоджаны ў Вял.Айч. вайну, адбудаваны ў 1950-я г. Першапачаткова палац уяўляў сабой кампактнае прамавугольнае ў плане 2-павярховае збудаванне з нізкім цокальным паверхам у стылі несапраўднай готыкі. Цэнтр. 3-павярховы рызаліт з гранёным эркерам на паркавым фасадзе і 4 шматгранныя вуглавыя вежачкі, завершаныя зубцамі, стваралі дынамічную аб’ёмна-прасторавую кампазіцыю. Гал. фасад вылучаны лоджыяй на 2 узроўнях у рызаліце з праёмамі, завершанымі спічастымі і кілепадобнымі аркамі. Рызаліт, завершаны невысокім атыкам, аздоблены складанай па форме нішай у цэнтры. Пасля 1886 да паўд. тарцовага фасада прыбудаваны 1-павярховы аб’ём са сталовай і аранжарэяй; пазней да яго прыбудавалі 2-павярховы Г-падобны ў плане корпус; да паўд. тарцовага фасада далучылі 3-павярховы вежападобны аб’ём, завершаны нізкім шатровым дахам. У 1-й пал. 19 ст. перад гал. фасадам палаца пастаўлена 3-ярусная вежа з гадзіннікам, завершаная высокім шатром са шпілем і флюгерам (не захавалася). П а р к мяшанага рэгулярна-пейзажнага тыпу. Закладзены ў канцы 17 — пач. 18 ст. на ўзор італьян. тэраснага саду (захаваўся часткова). Пл. 4,5 га. Перад гал. фасадам палаца невял. партэр і пейзажная частка парку. У парку стаялі мураваная капліца, свіран, былі 2 сажалкі, вадзяны млын (не захаваліся). Сярод дрэў лістоўніцы Сукачова і еўрап., арэх маньчжурскі, піхта сібірская, таполя канадская і інш.
В.Р.Анціпаў, Ю.А.Якімовіч.
Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Галоўны фасад палаца.Прылуцкі палацава-паркавы комплекс. Малюнак Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫБАВО́ДСТВА,
тэорыя і практыка развядзення і гадоўлі рыбы, павелічэння і паляпшэння якасці рыбных запасаў у прыродных і штучных вадаёмах. Як галіна нар. гаспадаркі ўключае Р. сажалкавае, садковае, індустрыяльнае, у вадаёмах натуральных і комплекснага прызначэння. Кірункі сучаснага Р. — меліярацыя і ўгнаенне сажалак для стымулявання іх прыроднай базы, удасканаленне спосабаў кармлення рыб, селекцыя высокапрадукцыйных парод, вырошчванне полікультуры рыб і інш.
На Беларусі Р. развівалася з 18 ст. (пераважна ў памешчыцкіх гаспадарках), спецыялізавалася на гадоўлі карпа і стронгі. Найб. вядомы комплекс «Альба» князёў Радзівілаў каля Нясвіжа. Да 1917 на Беларусі мелася 856 га рыбаводных сажалак, сярэдняя прадукцыйнасць якіх не перавышала 0,6 ц/га. Прамысл. Р. пашыралася ў 1920—30-я г., пабудаваны сажалкавыя гаспадаркі: у 1924 «Белае» (пл. сажалак 1268 га) Жыткавіцкага, у 1932 «Волма» (1553 га) Чэрвеньскага і «Трэмля» (400 га) Петрыкаўскага р-наў. Найб. інтэнсіўна рыбныя гаспадаркі будаваліся ў 1960—80-я г. ў сувязі з асваеннем Палескай нізіны. Макс.аб’ём прадукцыі Р. атрыманы ў 1989 (20,6 тыс.т), выхад таварнай прадукцыі — 14,3 ц/га. У 2000 працавала 18 сажалкавых гаспадарак з агульнай пл. 21,86 тыс.га, садкоў 20 тыс.м²; адна халаднаводная гаспадарка вырошчвае стронгу. Займаюцца Р. таксама калгасы і саўгасы (пл. сажалак 4,59 тыс.га), дапаможныя гаспадаркі прамысл. прадпрыемстваў і інш.Асн. аб’ект Р. — карп, дадатковыя — карась, расліннаедныя рыбы, шчупак, стронга. Вытворчасць складае каля 9,3 тыс.т (2000). Навук.-тэхн. праблемы Р. распрацоўваюць БелНДІ рыбнай гаспадаркі, ін-т заалогіі Нац.АН Беларусі.
Найб. развіта Р. ў Японіі, Кітаі, ЗША, Расіі, Даніі, Канадзе, Швецыі, Нарвегіі, Вялікабрытаніі (сумарны гадавы аб’ём перавышае 10 млн.т), якія маюць выхад да мораў і акіянаў і буйныя ўнутр. вадаёмы або сажалкі.
Т.М.Шаўцова.
Да арт.Рыбаводства: 1 — атрыманне палавых прадуктаў ад вытворнікаў; 2 — інкубацыя ікры ў апаратах Вейса; 3 — адлоў малькоў.