ГУ́ТА (ад лац. gutta кропля),

старая назва шклозаводаў. Будаваліся пераважна на берагах рэк з якаснымі пяскамі, мелам, глінай, паліўнымі рэсурсамі. Выраб шкла на Беларусі вядомы з 12 ст. У 16—18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічала каля 70 гут. Яны сталі базай, на якой утвараліся шкляныя мануфактуры. У канцы 18 — пач. 19 ст. самымі буйнымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. З удасканаленнем шкларобнай тэхналогіі ў 19 ст. мануфактуры саступілі месца шклозаводам.

т. 5, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,

дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.

т. 5, с. 555

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМАДА́РСКІ ВУ́ГАЛЬНЫ БАСЕ́ЙН,

найбуйнейшы ў Індыі. Размешчаны ў даліне р. Дамодар (штаты Зах. Бенгалія, Біхар). Пл. каля 4500 км². Вугляносныя адклады пярмі. Агульныя запасы да глыб. 600 м — 54 млрд. т, з іх 5,3 млрд. т каксавальныя вуглі. Прамысл. распрацоўка з 1830. Цеплыня згарання 26,8—33,2 МДж/кг. Здабыча падземным спосабам і на кар’ерах. Вугаль выкарыстоўваецца на металург. прадпрыемствах, для вытв-сці электраэнергіі, у цэментнай прам-сці. Асн. цэнтры здабычы: гарады Джхарыя, Бакара, Ранігандж.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМА́НАЎСКАЕ ВАДАСХО́ВІШЧА,

у Івацэвіцкім р-не Гомельскай вобл., за 16 км на ПнУ ад г. Івацэвічы, каля в. Даманава. Створана ў 1954. Пл. 1,82 км², даўж. 2 км, найб. шыр. 1,5 км, найб. глыб. 3,5 м, аб’ём вады 1,82 млн. м³. Чаша вадасховішча — ч. поймаў Шчары і Грыўды, агароджана дамбай даўж. 6,75 км. Напаўняецца вадой р. Шчара, якая паступае праз шлюзы з Чамялынскага вадасх., размешчанага вышэй па цячэнні. Выкарыстоўваецца для энергет. мэт і рыбагадоўлі.

т. 6, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЎБЕ́ШКІН (Пётр Лукіч) (8.10.1912, в. Паўлавічы Віцебскага р-на — 3.10.1943),

Герой Сав. Саюза (1943). Скончыў Віцебскі фін.-эканам. тэхнікум (1934), Сумскае артыл. ваен. вучылішча (1937). У Чырв. Арміі з 1934. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Калінінскім, Бранскім, Цэнтр., 1-м Укр. франтах. Капітан Д. вызначыўся 22.9.1943 у баях каля г. Пераяслаў-Хмяльніцкі (Украіна): мінамётны дывізіён на чале з Д. фарсіраваў Дняпро, на захопленым плацдарме адбіў 8 контратак праціўніка. Загінуў у баі.

П.Л.Даўбешкін.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́ЖА,

радовішча пяску каля в. Гожа Гродзенскага р-на. Паклад звязаны са стараж.-алювіяльнымі адкладамі 2-й надпоймавай тэрасы р. Нёман. Пяскі шэрыя і жаўтавата-шэрыя, палевашпатава-кварцавыя, дробна- і сярэднезярністыя, з лінзамі тонка- і буйназярністага пяску. Разведаныя запасы 23,85 млн. м³, перспектыўныя 9,96 млн. м³. Магутнасць карыснай тоўшчы 3,6—12 м, ускрышы 0,2—3,3 м. Пяскі прыдатныя на вытв-сць сілікатна-бетонных вырабаў. Радовішча распрацоўваецца Гродзенскім камбінатам буд. матэрыялаў.

А.​П.​Шчураў.

т. 5, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ АМАРТО́Л (Geōrgios Amartōlos),

Георгій Манах, візантыйскі храніст. Манах. Аўтар «Хронікі» (каля 867). Складалася з 4 кніг, ахоплівала перыяд ад «стварэння свету» да 842. Асвятляла ў асн. пытанні багаслоўя і гісторыі царквы, мела звесткі пра паўстанне Фамы Славяніна. У 10—11 ст. «Хроніка» перакладзена на стараж.-рус. мову.

Літ.:

Афиногенов Д.Е. Композиция хроники Георгия Амартола // Византийский временник. 1991. Т. 52;

Яго ж. Представления Георгия Амартола об идеальном императоре // Византийские очерки. М., 1991.

т. 5, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖУЙКО́Ў (Мікалай Пятровіч) (снеж. 1922, пас. Ялоўскі Ярскага р-на Удмурцкай Рэспублікі — 1.3.1944),

удзельнік баёў на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Камандзір асобнага кулямётнага артыл. батальёна лейтэнант Ж. у баі за вышыню каля в. Мормаль Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. ў рашаючы момант закрыў сваім целам амбразуру варожага дзота. Калі праціўнік зноў адкрыў агонь, ст. сяржант П.​М.​Мазілін паўтарыў подзвіг Ж., і батальён авалодаў вышынёй. У в. Мормаль на месцы іх подзвігу пастаўлены помнік.

т. 6, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУЛІ́, Жэгулі,

горы на правым беразе р. Волга, у яе лукавіне (Самарская Лука), ч. Прыволжскага ўзвышша, у Самарскай вобл. Расіі. Даўж. каля 75 км, выш. да 375 м. Складзены пераважна з вапнякоў і даламітаў. Глыбокія яры і лагчыны. Вяршыні — Лысая гара, уцёс Шалудзяк, Бахілава гара, Вярблюд і інш. вельмі маляўнічыя. На паўн. схілах шыракалістыя і хваёвыя лясы, на паўд. — лесастэпы. У раёне Ж. Волжская (Куйбышаўская) ГЭС. Жыгулёўскі запаведнік. Прыродны нац. парк Самарская Лука. Турызм.

Жыгулі.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫГУ́ЧЫЯ, кнідарыі (Cnidaria),

тып кішачнаполасцевых. 4 кл.: гідроідныя, сцыфоідныя, каралавыя паліпы і выкапнёвыя кануляты (Conulata). Каля 9 тыс. сучасных і 20 тыс. вымерлых відаў.

Пашыраны ва ўсіх морах. Ёсць прэснаводныя віды (гідры), у т. л. на Беларусі.

Адзінкавыя або каланіяльныя арганізмы. 2 жыццёвыя формы: прымацоўваюцца да субстрату (паліпы) або плаваюць (медузы). Цела з 2 слаёў — эктадэрмы і энтадэрмы. Паміж імі студзяністападобная мезаглея. У эктадэрме ёсць жыгучыя клеткі. Большасць раздзельнаполыя. Размнажэнне палавое і бясполае. Кормяцца беспазваночнымі.

т. 6, с. 462

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)