ЕЛЬЯШЭ́ВІЧ (Міхаіл Аляксандравіч) (21.8.1908, г. Мюнхен, Германія — 4.1.1996),
бел. фізік, адзін з заснавальнікаў спектраскапіі атамаў і малекул. Акад.АН Беларусі (1956), д-р фізіка-матэм. н. (1945), праф. (1948). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў Ленінградскі ун-т (1930). З 1956 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1968 у БДУ, з 1990 у Акад.навук. комплексе «Ін-т цепла- і масаабмену» АН Беларусі. Навук. працы па атамнай і малекулярнай спектраскапіі, фізіцы плазмы. Распрацаваў асновы тэорыі ваганняў і вагальных спектраў шмататамных малекул, правёў шэраг даследаванняў па спектраскапіі рэдказямельных злучэнняў і спектраскапіі нізкатэмпературнай плазмы. Аўтар работ па гісторыі квантавай фізікі. Ленінская прэмія 1966; Дзярж. прэміі СССР 1949, 1950; Дзярж. прэмія Беларусі 1992.
Тв.:
Атомная и молекулярная спектроскопия. М., 1962;
Колебания молекул. 2 изд. М., 1972 (у сааўт.);
От возникновения квантовых представлений до становления квантовой механики // Успехи физ. наук. 1977. Т. 122, вып 4.
Літ.:
М.А.Ельяшэвіч // Весці АНБССР. Сер. фіз.-матэм.навук. 1988. № 4.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕРМАЧЭ́НКА (Іван Абрамавіч) (13.5.1894, в. Капачоўка Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 25.2.1970),
бел.паліт. дзеяч. Скончыў Карлаў ун-т у Празе (1929). Удзельнік 1-й сусв. вайны. У грамадз. вайну афіцэр белай арміі. У 1920 эвакуіраваўся ў Турцыю, дзе далучыўся да бел.нац. руху. У 1921 дыпламат, прадстаўнік урада БНР у Канстанцінопалі і ген. консул на Балканах, у 1922 нам. міністра замежных спраў БНР у Коўне. Заснаваў консульскія аддзелы БНР у Югаславіі і Балгарыі. У 2-ю сусв. вайну з кастр. 1941 у Мінску ўзначальваў Беларускую народную самапомач (БНС), быў дарадчыкам ген. камісара Беларусі В.Кубэ. Вясной 1943 абвінавачаны ў парушэнні статутных задач БНС, змешчаны з усіх пасад, 27.4.1943 пераехаў у Прагу. У 1943 у Празе арыштаваны гестапа па справе забойства Кубэ. З 1948 у эміграцыі ў ЗША. Адзін з заснавальнікаў Злучанага бел.-амер. дапамогавага к-та ў Саўт-Рыверы (штат Нью-Джэрсі). Выступаў з артыкуламі ў акупац. і эмігранцкіх выданнях.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖА́ЎРЫД (Павел Якаўлевіч) (13.6.1899, в. Цецяроўка Слуцкага пав. Мінскай губ. — 14.5.1939),
дзеяч бел.нац. руху. Скончыў Слуцкую гімназію (1909), вучыўся ў Варшаўскім ун-це. З 1916 у арміі. Дэлегат Усебел. з’езда 1917. Летам 1919 арыштаваны Надзвычайнай камісіяй «па абвінавачанні ў дапамозе Дзянікіну». У ліст. вызвалены, абраны старшынёй Бел.нац.к-та ў Слуцку. З лета 1920 у Чырв. Арміі, пам. камандзіра Слуцкай кав. роты. У канцы 1920 Найвышэйшай радай БНР прызначаны камісарам Случчыны, уваходзіў у Бел. раду Случчыны. Адзін з кіраўнікоў Слуцкага паўстання 1920. З 1921 у Вільні ў Бел.нац. к-це, Бел. школьнай радзе. У 1923—30 працаваў у Белсельпрамсаюзе, Мар’інагорскім с.-г. тэхнікуме, Інбелкульце, газ. «Звязда». 18.7.1930 арыштаваны па справе «Саюза вызвалення Беларусі», 10.4.1931 асуджаны на 3 гады папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1933—37 жыў у ссылцы ў г. Сарапул Удмурцкай АССР. У 1937 асуджаны на 10 гадоў ППЛ, дзе і памёр. Рэабілітаваны ў 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУК-ГРЫШКЕ́ВІЧ (Вінцэнт Антонавіч) (23.2.1903, в. Будслаў Мядзельскага р-на Мінскай вобл. — 14.2.1989),
дзеяч бел. эміграцыі, педагог, літаратуразнавец, гісторык. Д-р філасофіі (1952). Муж Р.М.Жук-Грышкевіч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1922), Пражскі ун-т (1927). У 1927—39 настаўнічаў у Вільні. Пасля заняцця горада Чырв. Арміяй (1939) арыштаваны органамі НКУС, засуджаны на 8 гадоў і зняволены ў Печлаг (Комі АССР). У 1942 вызвалены па амністыі, у складзе Андэрса арміі ваяваў супраць ням. фашыстаў. У 1945—49 выкладаў у вайск. школах у Італіі, потым у Англіі. Адзін з заснавальнікаў і першы старшыня Згуртавання беларусаў Вялікабрытаніі (1946), рэдактар час.«Беларус на чужыне», «На шляху». З 1950 у г. Таронта (Канада), з 1954 у Мюнхене (ФРГ), арганізаваў і вёў бел. секцыю радыё «Вызваленне». З 1956 у Канадзе: арганізаваў і ўзначаліў Каардынацыйны к-т беларусаў (1966) і Беларускі інстытут навукі і мастацтва (1967). З 1968 1-ы нам. старшыні, у 1970—82 старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі на эміграцыі. Аўтар кн. «25 сакавіка» (1978).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРА́ЎСКІ (Аркадзь Іосіфавіч) (н. 5.8.1924, в. Янава Талачынскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. мовазнавец. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1980). Д-рфілал.н. (1968), праф. (1970). Засл. дз. нав. Беларусі (1978). Скончыў БДУ (1950). З 1950 працуе ў Ін-це мовазнаўства Нац.АН Беларусі (у 1983—89 дырэктар). Даследуе гісторыю бел. мовы і бел. мовазнаўства. Аўтар прац «Гісторыя беларускай літаратурнай мовы» (т. 1, 1967), «Мова нашых продкаў» (1983). Сааўтар даследаванняў «Гістарычная лексікалогія беларускай мовы» (1970), «Гістарычная марфалогія беларускай мовы» (1979), «Мова беларускай пісьменнасці XIV—XVIII стст» (1988), «Мова выданняў Францыска Скарыны» (1990), дапаможнікаў для ВНУ «Нарысы па гісторыі беларускай мовы» (1957), «Хрэстаматыя па гісторыі беларускай мовы» (ч. 1—2, 1961—62) і інш.Адзін са стваральнікаў «Руска-беларускага слоўніка грамадска-палітычнай тэрміналогіі» (1970) і гал. рэдактар «Гістарычнага слоўніка беларускай мовы» (вып. 1—14, 1982—96). Дзярж. прэмія Беларусі 1994 (за комплекс прац ў галіне скарыназнаўства).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЯРЭ́ЗІНСКІЯ,
дзяржаўныя дзеячы, герба «Ляліва» ў ВКЛ. Паходзілі са стараж. літоўскага баярства, роднасныя Манівідавічам, Гедыгольдавічам, Аляхновічам, Дарагастайскім. У сярэдзіне 15 ст. баярын Юрый Рымавідавіч ад вял.кн.ВКЛ Казіміра атрымаў маёнтак Забярэззе ў Ашмянскім пав. (адсюль прозвішча роду). Найб. вядомыя: Ян (каля 1440—2.2.1508), сын Юрыя, маршалак дворны ў 1486—92, намеснік полацкі ў 1490—96 і новагародскі ў 1496—98, кашталян у 1492—99 і ваявода ў 1498—1505 трокскі, маршалак земскі з 1498. Адзін з найбуйнейшых магнатаў у Беларусі. Забіты ў час Глінскіх мяцяжу 1508. Ян (каля 1480—1538), сын Яна Юр’евіча, намеснік ваўкавыскі і крычаўскі, маршалак дворны ў 1503—16, ваявода новагародскі ў 1509—31, староста драгічынскі ў 1514—16, маркаўскі ў 1518 і мерацкі ў 1520, маршалак земскі ў 1522—37, ваявода трокскі з 1531. Ян (мянушка Малодшы; каля 1510 — каля 1545), сын Яна Янавіча, маршалак дворны з 1529. Апошні з роду З., іх маёнткі перайшлі да Заслаўскіх, Мсціслаўскіх, Збаражскіх.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛЕ́СКІ (Адам Іосіфавіч) (н. 4.4.1912, в. Кімейка Сенненскага р-на Віцебскай вобл.),
бел. гісторык, этнограф. Д-ргіст.н. (1963), праф. (1964). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1940). У 1937—40 нам. дырэктара Мінскага пед. вучылішча. З 1945 выкладчык, дэкан Курскага пед. ін-та. З 1953 заг. сектара этнаграфіі Ін-та гісторыі, з 1957 нам. дырэктара Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБССР. У 1970—81 навук. супрацоўнік, заг. сектара Ін-та гісторыі АНБССР. Аўтар прац па гісторыі Вял.Айч. вайны, нац. адносін. Адзін з аўтараў 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (т. 4, 1975), «Нарысаў ваеннай гісторыі Беларусі» (ч. 1—5, 1995).
Тв.:
Быт беларускіх сялян у партызанскім краі. Мн., 1960;
В партизанских краях и зонах. М., 1962;
Героический подвиг миллионов в тылу врага. Мн., 1970;
Дарогамі партызанскай Беларусі. Мн., 1974;
О национальных отношениях в Советской Белоруссии: Ист. очерки. Гродно, 1992 (разам з П.М.Кобрынцам).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАЛУ́ЦКІ (Пётр Антонавіч) (люты 1887, в. Круча Круглянскага р-на Магілёўскай вобл. — 10.1.1937),
рэвалюцыянер, дзеяч РКП(б). З 1905 вёў рэв. работу ў Пецярбургу, Сібіры, на Д.Усходзе. Удзельнік рэвалюцыі 1905—07. З 1907 чл.РСДРП. Адзін з арганізатараў выдання бальшавіцкіх газ. «Звезда», «Правда». Дэлегат VI (Пражскай) Усерас. канферэнцыі РСДРП (1912). За рэв. дзейнасць некалькі разоў быў арыштаваны і сасланы. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 чл. выканкома Петраградскага Савета, дэлегат VII (Красавіцкай) Усерас. канферэнцыі і VI з’езда РСДРП(б). У час Кастр.ўзбр. паўстання чл. Петраградскага ВРК. У грамадз. вайну чл.Ваен. савета Усх. і Зах. франтоў. У 1920—22 канд. у чл.ЦК, у 1923—25 чл.ЦК РКП(б). Абвінавачаны ва ўдзеле ў «трацкісцка-зіноўеўскай апазіцыі», у 1927 выключаны з РКП(б) (у 1928 адноўлены). У 1928—32 на гасп. рабоце. У 1934 арыштаваны, у 1935 асуджаны на 5 гадоў зняволення, у 1937 — да расстрэлу. Рэабілітаваны ў 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАХА́РКА (Васіль Іванавіч) (1.4.1877, в. Дабрасельцы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл. — 14.3.1943),
бел.паліт. дзеяч. З 1895 настаўнік, пісар. У 1898—1902 і 1904—17 на вайск. службе. Чл.Бел.сацыяліст. грамады, чл.ЦКБел. партыі сацыялістаў-федэралістаў. Адзін з арганізатараў з’езда бел. вайскоўцаў Зах. фронту (22.10.1917), сакратар Цэнтр.бел. вайсковай рады. З 21.2.1918 у складзе Народнага сакратарыята Беларусі, казначэй. Займаў розныя міністэрскія пасады ва ўрадах БНР. Пасля расколу рады БНР (13.12.1919) нам. старшыні Прэзідыума Народнай рады БНР. На 1-й Усебел. канферэнцыі (вер. 1921, Прага) быў нам. старшыні. На 2-й Усебел. канферэнцыі (кастр. 1925, Берлін) не прызнаў Мінск адзіным цэнтрам нац.-дзярж. адраджэння Беларусі, застаўся ў эміграцыі ў Празе, быў нам. прэзідэнта Рады БНР. З 8.3.1928 да 6.3.1943 прэзідэнт эмігранцкай рады БНР. Збіраў архіў БНР, узначальваў т-ва «Беларуская рада». Аўтар працы «Галоўныя моманты беларускага руху» (1926, часткова апубл. ў кн. «Беларуская дзяржаўнасць: Хрэстаматыя і бібліяграфія», Нью-Йорк, 1988). Пахаваны ў Празе.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАГА́НЕСБУРГ, Іаханесбург (Johannesburg),
горад на ПнПаўд.-Афр. Рэспублікі, у цэнтры горнапрамысл. раёна Вітватэрсранд. 712,5 тыс.ж., з прыгарадамі каля 3 млн.ж. (1993). У цэнтр ч. горада пераважае белае насельніцтва (афрыканеры, англа-паўднёваафрыканцы), у прыгарадах — негрыцянскае. Вузел чыгунак і аўтадарог. Міжнар. аэрапорт. Гал.гандл. і прамысл. цэнтр краіны. У горадзе праўленні асн. горнапрамысл. і фін. канцэрнаў краіны. Прам-сць: маш.-буд. (горнае абсталяванне, эл.-тэхн., аўтазборка), хім., тэкст., харчасмакавая, гарбарна-абутковая, дрэваапр., пашыў адзення. У межах горада 7 буйных руднікоў па здабычы золата. Шліфоўка алмазаў. 2 ун-ты. Абсерваторыя. Муніцыпальная маст. галерэя (з 1911).
Засн. ў 1886 як шахцёрскі пасёлак пры рудніках Вітватэрсранда. У час англа-бурскай вайны 1899—1902 захоплены англічанамі (1900), у 1910 уключаны ў склад брыт. дамініёна Паўд.-Афр. Саюза (з 1961 ПАР). З 1928 горад. У пач. 20 ст. І. — адзін з цэнтраў масавых выступленняў афр. насельніцтва супраць расізму і апартэіду. Пасля 2-й сусв. вайны горад перажыў эканам. бум (развіццё хім. прам-сці, машынабудавання, апрацоўкі каштоўных камянёў).