Гано́к ’плыт’ (Касп.). Параўн. рус. дыял. гоно́к ’тс’, але таксама га́нок. Дакладна аб этымалогіі слова, хоць яно і здаецца празрыстым, нічога пэўнага сказаць нельга. Яно можа паходзіць ад дзеяслова гнаць. Але бянтэжыць рус. дыял. форма га́нок ’тс’, якая можа ўказваць на фармальную сувязь са словам га́нак (гл.). Гэта апошняе ў дыялектах мае шмат значэнняў (параўн., напр., для рус. мовы агляд у СРНГ, 6, 135). Але ўсё ж такі здаецца, што зыходным трэба лічыць *гоно́к (: goniti ’гнаць’), якое пазней у гаворках у выніку дээтымалагізацыі асацыіравалася з іншым словам (га́нок, га́нки ’ганак’).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гарабе́й ’верабей’ (Сцяшк. МГ), гарабе́шак ’тс’ (Шатал.). Параўн. таксама формы арабей, верабей (гл.). Формы з пачатковым г‑ (замест в‑; гэтыя апошнія з’яўляюцца зыходнымі, прасл. тыпы можна звесці да *verb‑: *vorb‑ з рознай суфіксацыяй; гл. Трубачоў, Слав. языкозн., V, 177) другаснага паходжання. Яны адлюстроўваюць трактоўку зыходнага пачатковага гука *v‑ (адсюль мена г : в). Можна таксама меркаваць і аб дадатковым моманце: ва ўкр. мове побач з формамі воробе́ць, горобе́ць існуе і гворобе́ць. Гэта можа сведчыць і аб іншай фанетычнай з’яве — устаўцы перад пачатковым в‑ «паразітнага» гука г. Але першы варыянт тлумачэння больш верагодны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Ґе́ґа 1 ’крэмень’ (гродз., таксама ў бел. гаворках Польшчы; гл. Лекс. балтызмы, 40–41), ’камень’ (Сцяшк.). Мяркуюць, што гэта магчымае запазычанне (з варыянтам дзе́га) з літ. мовы. Параўн. літ. dẽgti, dẽginti ’паліць’, dẽgas, dẽgalas ’галавешка, кнот’ (гл. Смулкова, Лекс. балтызмы, 40–41; Смулкова, Z polsk. stud. slawist., ser. 2, 1963, 215–221). Параўн. яшчэ Сл. паўн.-зах., 439.

Ґе́ґа 2 ’парода гусей’ (Сл. паўн.-зах.). Паводле Сл. паўн.-зах., запазычанне з літ. gẽgalas ’нырок’, gẽgė ’зязюлька’. Але, магчыма, і самастойнае ўтварэнне (ад ге́гаць, ґе́ґаць, гл.). Параўн. польск. gęga ’гусь’ (< gęgać ’гегаць’). Гл. Слаўскі, 1, 272.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гліст ’гліст’ (БРС). Слова, вядомае ў слав. мовах у двух варыянтах: *glista, *glistъ. Параўн. рус. глиста́, глист, укр. глиста́, глист, чэш. hlísta, hlíst, польск. glista, балг. глист, глиста́, серб.-харв. гли́ста, гли̑ст і г. д. У слав. мовах гэта лексема, акрамя ’гліст’, азначае таксама ’чарвяк, дажджавы чарвяк і да т. п.’ Лічыцца роднасным з прасл. лексемамі *glěvъ, *glьjь (гл. глей). Першапачатковае значэнне ’штосьці слізкае’. Агляд форм і этымалагічных версій гл. у Трубачова, Эт. сл., 6, 128–129. Гл. яшчэ Фасмер, 1, 413; Слаўскі, 1, 284–285; Бернекер, 1, 304; далей БЕР, 4, 249.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гу́ля, гу́ла ’гуля’ (БРС). Рус. гуля, укр. гуля, польск. gula і г. д. Прасл. *gulʼa ’тс’ (агляд семантыкі гл. у Трубачова, Эт. сл., 7, 169–170). Лічыцца звязаным са ст.-інд. gōla‑ ’шар’, ст.-ісл. kúla ’шар, мяч, гуля’ і інш. Гл. Фасмер, 1, 473 (там агляд версій). Бернекер (1, 362) прапануе іншую версію; сувязь з серб.-харв. гу́лити ’здзіраць скуру, кару’. Гэта тлумачэнне, якое Слаўскі (1, 376) лічыць няпэўным, Трубачоў (там жа, 170) лічыць верагодным.

Гу́ля ’голуб і галубка’ (Нас.). Відаць, ад гукапераймальнага гулю‑гулю (Нас.), якім прынаджваюць голуба.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гіжа́ць ’быць надта ўзбуджаным’ (Сцяшк.). Гэты дзеяслоў звязаны з назвай насякомага гіж (гл.). Такая сувязь зразумелая і звычайная. Параўн. у польск. мове giez ’авадзень’, gzić się ’скакаць, бегаць, сваволіць і да т. п.’ (гл. гэта слова ў Слаўскага, I, 387). Сюды ж і гіжува́ць ’бегаць ад укусаў сляпнёў, аваднёў і мух’ (Бяльк.).

Ґіжа́ць ’кішэць’ (Сцяц.), ґіжэ́ць ’кішэць, звінець, гудзець, гаманіць, крычаць’ (Сл. паўн.-зах.). Здаецца, гэтыя словы ўзніклі азванчэннем зычных з кішэць (гл.). Паводле Трубачова (Эт. сл., 7, 224), бел. дыял. гіжа́ць з’яўляцца ітэратывам-дуратывам на ‑jati ад дзеяслова *gъziti (з падаўжэннем ъ > у).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Гі́ліць ’біць мяч гілкай’, гілка ’палка, якой падкідваюць мяч у час гульні’ (Бяльк.). Трубачоў (Эт. сл., 7, 221) вельмі непераканаўча аб’яднаў пад праформай *gyliti далёкія па семантыцы словы: серб.-харв. ги̏лити ’шчыкатаць’, ги́льати ’хадзіць па гразі, вадзе, снегу’, рус. дыял. ги̏лить ’смяшыць, балакаць’ і рус. дыял. паўд. ги́лить, гыли́ть ’падкідваць мяч’, укр. гили́ти ’падбіваць мяч гилкою’. Лепш меркаваць, што ў бел. мове і паўд.-рус. гаворках гэта проста запазычанне з укр. Параўн. укр. ги́лка, гі́лка ’галінка; палка для падбівання мяча; гульня ў мяч’. Непераканаўча таксама (аб укр. словах) Рудніцкі, 1, 614.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Даве́дацца ’даведацца’ (БРС). Рус. дове́даться, укр. дові́датися, польск. dowiedzieć się, чэш. dověděti se і г. д. Прасл. *dověděti sę ’даведацца’. Звязана з *vědati ’знаць, ведаць’, *věděti ’тс’ (параўн. бел. ве́даць, рус. ве́дать, укр. ві́дати, ст.-рус., ст.-слав. вѣдѣти, чэш. věděti, польск. wjedzieć, славен. védeti, в.-луж. wjedźeć, н.-луж. wjeźeś і г. д.). Параўн. ве́даць (гл. ЭСБМ, 2, 80). Вельмі дзіўна, што гэта слова (*dověděti sę) адсутнічае ў Трубачова, Эт. сл., 5. Калі нават не лічыць яго агульнаславянскім, то прынамсі, у якасці праславянскага дыялектызма яно ўваходзіла ў праславянскі лексічны фонд.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кара́чкі ’кукішкі, карачкі’ (Шат., Нас., Гарэц., Др.-Падб.), карачы ’тс’ (Сцяц. Нар.), укр. карачки ’тс’, рус. корячка ’тс’ да korakъ (параўн. серб.-харв. ко̏рак, славен. korák ’крок’), якое ў сваю чаргу да korkъ ’нага’ (гл. крок, якое запазычана з польск. мовы) (Трубачоў, Эт. сл., 2, 50, 77–80). Прасл. korakъ паводле Трубачова адлюстроўвае фальшывае поўнагалоссе, якое спарадычна ўзнікала яшчэ ў праславянскі перыяд. Калі гэта так, то лексема карачкі з’яўляецца рэліктам усходнеславянскіх паралеляў да серб.-харв. ко̀рак і іншых паўднёва-славянскіх лексем: карачка < koračьka < korakъ. Форма карачы хутчэй за ўсё другаснае ўтварэнне па аналогіі.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Касці́ць ’смяціць на падлогу’ (Касп.), касьціць ’псаваць без патрэбы’ (З нар. сл., 125), касьціцца ’мучыцца, перабівацца’ (Нар. сл., 114). Парсун. ст.-рус. кастити ’вывяргаць’, рус. кашу ’спаражняюся’ (дыял.), кастить ’лаяць, пэцкаць, брудзіць’, ’лаяць, знеслаўляць, ганьбіць’, ’смяціць’. У Дабр. кастить ’псаваць’. Прасл. *kastiti (sę). Лічыцца дзеясловам, утвораным ад назоўніка *kastь. Апошні засведчаны толькі ў рус. гаворках і з’яўляецца прасл. дыялектызмам. Адносна яго паходжання можна выказаць толькі здагадку: магчыма, гэта вытворнае, з падаўжэннем каранёвага галоснага о → ō (> а), ад слова *kostь («касцявы»«тленны, нячысты»). Параўн. Фасмер, 2, 208; падрабязна Трубачоў, Эт. сл., 9, 156–157.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)