спя́чы, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. незал. цяпер. ад спаць.

2. у знач. наз. спя́чы, ‑ага, м.; спя́чая, ‑ай, ж. Той (тая), хто спіць, знаходзіцца ў стане сну. Ходзіць май па свеце, Сонцамі ірдзіцца, Закаваных, спячых Кліча ўстаць, збудзіцца. Купала.

спячы́, спяку́, спячэ́ш, спячэ́; спячо́м, спечаце́, спяку́ць; пр. спёк, спякла́, ‑ло́; зак., каго-што.

1. і чаго. Прыгатаваць вырабы з мукі выпяканнем; выпечы. Спячы хлеб. Спячы пірагоў. □ [Зоя:] — Ведаеце, што зробім? Адну маленькую булку спячом на гэтым лісціку. Няхай клёнам пахне. Даніленка. // Прыгатаваць яду смажаннем; сасмажыць. Спячы яечню. □ Наклалі .. [Іван і ваўчыха] агню, спяклі гуску. Якімовіч.

2. Пашкодзіць агнём або чым‑н. гарачым скуру чаго‑н. Спячы руку прасам. // Апячы (пра адчуванне, выкліканае чым‑н. пякучым). — Ліха матары тваёй! — падумаў Халуста. — Увесь рот спёк ды яшчэ грошы табе плаціць! Чарнышэвіч. // Спаліць скуру на сонцы, загараючы. Спячы спіну.

3. Разм. Спаліць, знішчыць агнём. Так усю вайну і была ў Лонве малатарня, аж пакуль, ужо ў блакаду, немцы з самалёта, калі агонь лілі на вёску, не спяклі Міхалаву пуньку з прыводам. Пташнікаў. [Сцяпан:] — Каўпак пайшоў далей, а тыя гітлераўцы, што ўчора спяклі нас, сягоння спалілі наша раённае мястэчка. Пестрак.

4. перан. Разм. Зрабіць што‑н. паспешліва, на скорую руку. [Тарас:] — Ты што там пішаш? Вершы, можа?.. [Лоўгач:] — Ат, вершы! Паэму пра зелянгас. Газета загадала артыкул. Пачытай вось. Спёк. Чаго дзівуешся? Праўду кажу! Пачытай... Савіцкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

страсць, ‑і, ж.

1. Нястрымнае пачуццё, моцнае захапленне. На першым плане [у творчасці К. Чорнага] чалавек, яго імкненні і страсці, радасці і няўдачы. Луфераў. Грозныя з’явы прыроды толькі ажыўляюць у яго [песняра] душы скрытыя агністыя страсці. Каваленка. // Натхненне, гарачнасць у адносінах да чаго‑н.; уздым, запал. [Жора] Любіў, калі ў вучоным доме Гарэлі страсці між людзей: «Глядзіш, што-небудзь і самому У зручны час перападзе». Бачыла. Каліноўскі з усёй страсцю рэвалюцыйнага дэмакрата абрушваецца на царскі ўрад, на ўвесь прыгонніцкі лад, знішчальна крытыкуе памешчыцкія парадкі і заклікае сялян да ўзброенага паўстання супраць самадзяржаўя. Ларчанка.

2. да чаго, з інф. і без дап. Пастаянная прыхільнасць да чаго‑н., моцная цяга да чаго‑н. Страсць да кніг. □ Ведаючы яго .. страсць — лячыць жывёлу, Мечыслаў уладзіў Сідара .. на ветэрынарныя курсы. Брыль. Ахоплены тым парывам творчай страсці, які як быццам у кулак сціскае ўсю тваю істоту, Сіўцоў не заўважыў нават, як прайшло за працай некалькі гадзін. Васілевіч. // Пра тое, што з’яўляецца прадметам пастаяннага захаплення, на што накіроўваюцца ўсе творчыя сілы. Тэатр — мая страсць. □ Пасля партрэта пейзаж — другая страсць Сергіевіча. Ліс.

3. Моцнае, нястрымнае каханне з перавагай пачуццёвай цягі. Яны ж [двое], ахопленыя вечнай страсцю, На нас ніякай не звярталі ўвагі, — Бо не маглі Ад вуснаў адарвацца, Што і вякі ніяк не разнялі... Сіпакоў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тулі́ць, тулю. туліш, туліць; незак., каго-што.

1. Прыхіляць, гарнуць да сябе з ласкай, пяшчотай. Нясе з яслей маці сына, Песціць яго, туліць... Колас. [Янка] гладзіў Аленіны валасы, праводзіў шурпатымі, прапахлымі лазою далонямі па яе твары, туліў да сябе, прыпадаў да вуснаў. Лупсякоў. // Беражліва трымаць, прыхінаць да сябе. Усё на скверах і ў парках адцвітала, а Марына туліла да грудзей свежыя, яркія кветкі. Грамовіч. // Шчыльна прыціскаць, прытульваць што‑н. Сіўка спачатку пырхала на яго і туліла вушы, а потым прызвычаілася ці можа таксама ўцяміла, што .. [козлік] яе «ветэрынар». Брыль. [Гняды] раз-поразу фыркае, туліць да галавы вушы і круціць хвастом. Чарнышэвіч. [Сашка] туліў да рукі мокрую ад крыві хустачку. Чорны. Вецер туліў плацце да .. ног [Веры]. Пестрак. // Хаваць што‑н. у што‑н. [Надзя] туліла ў шырокі плашчык сваю фігуру цяжарнай жанчыны, саромелася і адчувала сябе няёмка. Машара. Мы тулім у каўняры галовы, ляніва адмахваемся ад камароў і хмура маўчым, нібы толькі што пасварыліся. Шашкоў.

2. перан. Хаваць, укрываць каго‑н., служыць прытулкам для каго‑н. Лясы тулілі неспакойных людзей, на якіх падала панская няласка і паліцэйская помста. Колас. Нас тут гуляць і клён і сасна, Берагуць ад відна да відна. Астрэйка. Пушча і ночка яе [песню] гадавалі, Няньчылі казкамі ночы нямой; Дождж і расіца вясною купалі, Снежныя буры тулілі зімой. Купала.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

це́шыцца, ‑шуся, ‑шышся, ‑шыцца; незак.

1. кім-чым, з каго-чаго. Пацяшацца, забаўляцца. Доўга людзі цешыліся з цудаў, Што зрабіў быў Люцыян Таполя, Доўга з той батлейкі рагаталі. Танк. Чым бы дзіця ні цешылася, толькі б не плакала. Прымаўка.

2. кім-чым, з каго-чаго, без дап. і з дадан. сказам. Мець асалоду, задавальненне ад чаго‑н.; радавацца чаму‑н. Любіла Аксіння горача. Але нядоўга цешылася сваім шчасцем — няпоўных тры гады. Асіпенка. [Андрэй] цешыўся з Івана. Гэта быў не хлопец, а золата. Чарнышэвіч. Паміж альтанкай і сабачай будкай, пад разлапістым вязам, цешыўся ў лазовым крэсле-качалцы Радж, мой стрыечны брат. М. Ткачоў. [Гушка] цешыўся, што мае свайго каня. Чорны.

3. Мілавацца, радавацца. — Цалуюцца галубкі, цешацца, — усміхнулася Волька. Васілевіч. І цешыцца сэрца і цешацца вочы, Калі мы пабачым гурток дзе дзявочы. Броўка.

4. чым. Суцяшаць, абнадзейваць сябе. Праз некаторы час страляніна ад нас аддалілася, і мы пачалі цешыцца думкай, што цяпер выйдзем, напэўна выйдзем на свой маршрут. Няхай.

5. Злараднічаць. — Добрая лазня нашаму старшыньку! — ці то спачуваў, ці то цешыўся Карпечак. Аношкін. Я і не заўважыў, як тыя самыя хлопцы, якія некалі так цешыліся, калі Рыжы біў мяне на рынгу, цяпер на трэніроўках глядзелі на мяне з надзеяй, нават з нейкім страхам. Карпюк.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Сха́дзка, сха́жка ’сходка; згода, стачка’ (Нас.), сха́цка ’сяброўства’ (Сцяшк. Сл.), схажа́цца ’схадзіцца, пагаджацца’ (там жа), ст.-бел. схадзка, схажка, схадка ’збор, сходка, сустрэча, спатканне’ (Ст.-бел. лексікон). З польск. schadzka ’тс’ (Карскі, Белорусы, 149; Булыка, Лекс. запазыч., 38), апошняе ад schadzać (< chadzać ’хадзіць, бываць’, Борысь, 540); пад польскім уплывам фанетычна адаптаваны формы, параўн. хаджаць, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Схамяну́цца ’раптам успомніць, заўважыць памылку’, ’падхапіцца, здрыгануцца’ (ТСБМ), ’спахапіцца, апамятацца’ (Нас., Касп., Растарг., Янк. 3., Сержп.), ’супакоіцца, сціхнуць’ (паст., Сл. ПЗБ), ’страпянуцца’ (Нар. Гом.), схамыну́тысь ’адумацца, апамятацца’ (Клім.). Параўн. укр. схаменутися ’тс’. Узыходзіць да *sъ‑xa‑menǫti sę (Мяркулава, Этимология–1983, 62), паводле ЕСУМ (5, 490), з с.-в.-ням. schamen, schëmen ’саромецца’. Гл. хамянуцца.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сціхамі́р ’супакой, заспакаенне’ (Нік. Старцы, Юрч. Вытв.), сціхамі́рые ’тс’ (Юрч. Вытв.), сюды ж сціхамі́рны ’смірны, рахманы’ (Нас.), сціхамі́рыцца ’супакоіцца, суцішыцца’ (Касп., Бяльк., Мат. Гом., Сл. ПЗБ, ТСБМ, Некр. і Байк.). Складаныя словы, гл. сціх1 і мір1; Карскі (2–3, 100) мяркуе пра азначальны характар сувязі паміж першай і другой часткамі. Гл. ціхамірʼе, ціхамірны.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сяда́к ’той, хто едзе, наняўшы вазака’ (Нас.), ’пасажыр’ (Ласт., Некр. і Байк., Мат. Гом., Сцяшк. Сл.; парыц., Янк. Мат.), таксама сядо́к ’тс’, ’коннік, вершнік’ (ТСБМ, Некр. і Байк.). Утворана ад сядаць (у павозку, сані і інш.), у пары з ваза́к ’фурман’ (гл.), форма з суф. ‑ок, магчыма, пад уплывам рус. седо́к ’тс’ або яздок, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Та́мацька, та́мацькі ’там’ (Нас., Бяльк., Сл. ПЗБ; бых., Яшк. Мясц.; Яўс.). Да там, тамака (гл.); Карскі (2–3, 69) дапускае паходжанне “ласкальнага” мяккага ц як з т, параўн. та́матка (рагач., Мат.), так і з ч, параўн. та́мачка (Мат. Гом.), пры гэтым геаграфія слоў схіляе да прыняцця апошняга (зона т. зв. цокання ў паўночна-ўсходняй Беларусі).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Трасавіна ‘багна; зыбкае, хісткае месца, парослае мохам’ (Нас., Байк. і Некр.), трасувэ́на ‘тс’ (кам., ЛА, 2), параўн. укр. трясо́вина ‘забалочаная нізіна’. Утворана ад прыметніка, які адпавядаў прасл. *tręsavъ, параўн. в.-луж. třasawy ‘які трасецца’, параўн. таксама польскі назоўнік з іншай суфіксацыяй trzęsawisko ‘дрыгва, багна’ (Борысь, 650; Куркіна, Этимология–1967, 139). Да трэсці, параўн. трасяніна (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)