ЛЕЙКАЦЫТА́РНАЯ ФО́РМУЛА, лейкацытаграма, лейкаграма,

працэнтныя суадносіны розных відаў лейкацытаў у перыферычнай крыві пазваночных жывёл і чалавека. Мае ўзроставыя асаблівасці. У норме Л.ф. дарослага чалавека ўтрымлівае лейкацыты (базафільныя гранулацыты — 0—1%, эазінафільныя — 0,5—5%, нейтрафільныя — 65—75%), лімфацыты — 19—45%, манацыты — 3—11%. Л.ф. і колькасць лейкацытаў адрозніваюцца ў розных відаў жывёл і чалавека, залежаць ад фізіял. стану арганізма, зменьваюцца ў час хвароб. Л.ф. мае дыягнастычнае і прагнастычнае значэнне.

А.С.Леанцюк.

т. 9, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗЫ́РСКАЯ «РЭСПУ́БЛІКА»,

назва рэв. к-та, які дзейнічаў у Мазыры пад кіраўніцтвам Мазырскай арг-цыі РСДРП у час Кастр. Усерас. паліт. стачкі 1905. 30.10.1905 на агульнагарадскім мітынгу выбраны рэўком, які меў баявую дружыну і 9 дзён праводзіў рэв. мерапрыемствы. Была зроблена спроба захапіць склады зброі і казначэйства, вызваліць палітвязняў. У сутычцы з царскімі войскамі 4 чал. забіты, 6 паранена. Усе члены рэўкома сасланы ў Сібір на вечнае пасяленне.

т. 9, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЖНАРО́ДНЫЯ НЯЎРА́ДАВЫЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ,

міжнародныя аб’яднанні нац. груп, саюзаў і прыватных асоб няўрадавага характару, створаныя імі з мэтай спрыяння міжнар. супрацоўніцтву ў паліт., эканам., навук.-тэхн., культурнай, гуманітарнай і інш. галінах чалавечай дзейнасці. Такія аб’яднанні павінны адпавядаць наст. крытэрыям: ажыццяўляць сваю дзейнасць у больш чым 2 дзяржавах, быць міжнароднымі паводле сваіх мэт, складу членаў, структуры і фін. падтрымцы. У наш час у свеце існуе больш за 3 тыс. М.н.а.

т. 10, с. 346

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕА́ПАЛЬ скіфскі,

галоўны горад скіфскай дзяржавы (3 ст. да н. э. — 3 ст. н.э.). Гарадзішча захавалася на паўд.-ўсх. ускраіне г. Сімферопаль. Быў абнесены каменнай сцяной з вежамі. Насельніцтва — скіфы, грэкі, сарматы, таўры. Гандляваў з гарадамі Паўн. Прычарнамор’я. Дасягнуў росквіту пры царах Скілуры і Палаку. У 3—4 ст. заняпаў. У час археал. раскопак выяўлены маўзалей з пахаваннямі цара і знаці, высечаныя ў скале пахавальныя скляпы з насценнай размалёўкай і інш.

т. 11, с. 257

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІ́НДЗЯ,

катэгорыя спадчынных воінаў-наёмнікаў у сярэдневяковай Японіі. Практыкавалі адзін з відаў баявога майстэрства — «ніндзютсу» (яп. «нін» — нябачны, цярплівы і «дзютсу» — майстэрства). У час міжусобных войнаў (11—16 ст.) наймаліся яп. князямі для шпіянажу і забойства сапернікаў. Пасля аб’яднання Японіі ў пач. 17 ст. пад уладай сёгунаў з дома Такугава частка Н. выконвала паліцэйскія функцыі, частка далучылася да дэкласаваных элементаў.

Літ.:

Гвоздев С.А., Кривоносов И.В. Ниндзя: Тайны демонов ночи. Мн., 1997.

т. 11, с. 348

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДВО́ДНАЕ АРЫЕНТАВА́ННЕ,

від падводнага спорту. Уключае 3 асн. практыкаванні: «арыенціры», «зоны» і «зорку». Пры іх выкананні спартсмен праплывае з аквалангам пэўную дыстанцыю і мяняе напрамак у зададзеных пунктах. Спаборніцтвы праводзяцца ў адкрытых вадаёмах у асабістым і камандным заліках. Пры ацэнцы вынікаў улічваецца час пераадолення дыстанцыі і дакладнасць арыентавання. Бел. спартсмены ўдзельнічалі ў спаборніцтвах у 1960—88. Пераможцы і прызёры чэмпіянатаў СССР — Н.​Ясючэня (1970), І.​Хрысценка (1976), А.​Шымановіч (1977).

т. 11, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДДАВА́ШКІН (Аляксандр Васілевіч) (25.9.1919, ст. Карпава Адэскай вобл., Украіна — 23.1.1976),

Герой Сав. Саюза (1945). Беларус. Скончыў Палтаўскае танк. вучылішча (1943), Вышэйшую афіцэрскую бранятанк. школу (1947). У Чырв. Арміі з 1939. У Вял. Айч. вайну з 1941 на Паўд.-Зах., Паўд., Паўн.-Каўказскім, 1-м і 2-м Укр., 1-м Бел. франтах. Камандзір танк. роты лейтэнант П. вызначыўся 24.4.1945 у час Берлінскай аперацыі. Да 1967 у Сав. Арміі.

А.В.Паддавашкін.

т. 11, с. 493

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНЧУ́К (Рыгор Сяргеевіч) (24.1.1912, г.п. Лоеў Гомельскай вобл. — 14.5.1944),

Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў Варашылаўградскую ваен. авіяшколу пілотаў (1936), Ваен.-марскую акадэмію (1942). У Чырв. Арміі з 1934. Камандзір самалёта лейт. П. вызначыўся ў сав.-фінл. вайну 1939—40, калі ў час бамбардзіроўкі свой ахоплены полымем самалёт пасадзіў у тыле ворага і вывеў экіпаж за лінію фронту. У Вял. Айч. вайну на фронце з 1941. Загінуў пры выкананні баявога задання.

Р.С.Пінчук.

т. 12, с. 376

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРА́ВА ПРЫТУ́ЛКУ,

права на ўезд і пражыванне, якое даецца дзяржавай замежным грамадзянам і асобам без грамадзянства, якія на нявызначаны час застаюцца на тэрыторыі дадзенай дзяржавы, калі на радзіме яны церпяць праследаванне за паліт., рэліг. і інш. перакананні або нац. прыналежнасць. Дазвол на прытулак не цягне за сабой аўтаматычнага набыцця грамадзянства краіны. П.п. ў Рэспубліцы Беларусь замацавана ў арт. 12 Канстытуцыі. Асобам, абвінавачаным у крымінальных ці інш. злачынствах, П.п. не прадастаўляецца.

т. 12, с. 524

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРЭ́ЧЫШЧАВЫ ВАЛ,

спадзісты вал, які ўтвараецца ў выніку акумуляцыі рачных наносаў (пераважна пяску і гліны) у поймах рэк. Большая ч. матэрыялу адкладваецца ў час разводдзя, калі рака выходзіць з рэчышча на пойму і губляе на мелкаводдзі скорасць цячэння. Выш. П.в. 1—2 мвял. раўнінных рэк да 5—6 м і больш), часам яны ўтвараюць прыродныя дамбы шыр. да некалькіх дзесяткаў метраў. Найб. уласцівы сярэдняму і ніжняму цячэнню рэк.

т. 13, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)