ВАДАСХО́ВІШЧА,

штучны вадаём для збору і назапашвання вады. Звычайна вадасховішчы ствараюцца ў далінах рэк вышэй ад водападпорнага збудавання. Пад В. выкарыстоўваюцца таксама азёры, узровень якіх падымаюць плацінай на рацэ, якая пачынаецца з возера. Наліўныя вадасховішчы ў лагчынах, ярах і кар’ерах запаўняюцца вадой пры дапамозе падвадных каналаў і труб помпавымі станцыямі. Бываюць вадасховішчы ў марскіх залівах, адгароджаных дамбай. Аб’ём вады ў вадасховішчы звычайна больш за 1 млн. м³, пл. больш за 1 км² (меншыя вадасховішчы часцей наз. сажалкамі). Вадасховішчы выкарыстоўваюць для рэгулявання сцёку рэк, водазабеспячэння, рэкрэацыі, патрэб рыбаводства, лясной гаспадаркі, прам-сці, энергетыкі, воднага транспарту, у экалагічных мэтах. Адрозніваюць вадасховішчы шматгадовага, сезоннага (пераважаюць на Беларусі), тыднёвага і сутачнага рэгулявання сцёку. Вадасховішчы робяць уплыў на навакольнае асяроддзе, мяняюць гідралагічны рэжым вадацёкаў і вадаёмаў, узровень грунтавых водаў, расліннасць, мікраклімат і клімат у паласе ад некалькіх да дзесяткаў кіламетраў. У выніку буд-ва вадасховішчаў затапляюцца і падтапляюцца значныя плошчы зямель, існуе небяспека аварый і катастроф (нават антрапагенных землетрасенняў) пры прарыве вады праз плаціну ці дамбу. Патрабуецца пастаянны нагляд за берагамі і катлавінай вадасховішча, правядзенне работ супраць заглейвання, абмялення, зарастання воднай расліннасцю, замору рыбы і інш.

Першыя вадасховішчы ўзніклі да н.э. ў Стараж. Егіпце, на Б. Усходзе, у Кітаі, Японіі, Індыі і інш. краінах Усх. і Паўд. Азіі пераважна для арашэння. Самыя буйныя вадасховішчы створаны ў Афрыцы, Азіі і Амерыцы. Паводле аб’ёму вады найб. Брацкае вадасховішча ў Азіі (каля 169 км³), па плошчы — Вольта ў Афрыцы (8480 км²). На Беларусі ў пач. 19 ст. невялікія вадасховішчы ўваходзілі ў воднатрансп. шляхі, што злучалі Балтыйскае і Чорнае моры. Інтэнсіўнае буд-ва іх пачалося ў 1950-я г, пабудавана 145 вадасховішчаў агульным аб’ёмам вады 3,1 км³ і пл. воднага люстра 814 км² (1995). Найб. Вілейскае вадасховішча і Заслаўскае вадасховішча, якія ўваходзяць у Вілейска-Мінскую водную сістэму.

Літ.:

Авакян А.Б., Салтанкин В.П., Шарапов В.А. Водохранилища. М., 1987.

В.​В.​Дрозд.

Да арт. Вадасховішча. Возера-вадасховішча Люнерзе ў басейне р. Іль (Аўстрыя).
Да арт. Вадасховішча. Заслаўскае вадасховішча — адно з найбольшых у Беларусі.

т. 3, с. 435

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛОТАЗНА́ЎСТВА,

вучэнне пра балоты, іх паходжанне, развіццё, будову і гасп. выкарыстанне. Мае батаніка-геаграфічны (фітацэналагічны) і тарфазнаўчы кірункі.

Балотазнаўства ўзнікла ў канцы 17 — пач. 18 ст. ў Зах. Еўропе. Інтэнсіўна развівалася ў канцы 19 ст. ў сувязі з ростам меліярац. работ. Заснавальнік балотазнаўства ў Расіі — М.​В.​Ламаносаў, які даследаваў прыроду торфу. На Беларусі вывучэнне балотаў пачалося з Палесся (М.​Бутрымовіч, 1772). Пазней была арганізавана Заходняя экспедыцыя па асушэнні балотаў пад кіраўніцтвам І.І.Жылінскага (1873—98), у якой прынялі ўдзел глебазнавец В.​В.​Дакучаеў і батанік Г.​І.​Танфільеў, што апублікаваў першую ў Расіі класіфікацыю балотаў і апісаў расліннасць балотаў Палесся (1899). У 1911 адкрыта Мінская балотная доследная станцыя. Беларусь стала цэнтрам вывучэння і практычнага выкарыстання балотаў Расіі.

У пач. 20 ст. вял. ўклад у развіццё балотазнаўства зрабілі бел. вучоныя У.​М.​Сукачоў, А.​Ф.​Флёраў, В.​Р.​Вільямс, У.​С.​Дактуроўскі і інш. У 1925—30 работы па акультурванні балотаў вялі А.​Т.​Кірсанаў, М.​Ф.​Лебядзевіч, І.​С.​Лупіновіч, С.​Г.​Скарапанаў, іх прадаўжалі А.​П.​Підоплічка, М.​М.​Бамбалаў, П.​І.​Бялькевіч, І.​І.​Ліштван, У.​Я.​Ракоўскі, А.​В.​Цішковіч і інш. Вывучаюць балоты ў НДІ меліярацыі і лугаводства, глебазнаўства і аграхіміі, Ін-це праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі АН Беларусі і інш. н.-д. установах. Распрацавана карта тарфяных радовішчаў, абгрунтаваны сыравінныя базы бітумінозных тарфоў і паказаны ўмовы іх залягання. Даследаваны геагр. і экалагічныя асаблівасці развіцця некаторых сфагнавых комплексаў на вярховых балотах. Дадзены асн. генет. схемы развіцця тарфянікаў на тэр. рэспублікі. Вывучаюцца генезіс, глебаўтваральныя працэсы і раслінныя асацыяцыі балотаў, метады рэгулявання воднага рэжыму, праблемы, звязаныя з с.-г. выкарыстаннем асушаных балотаў, прамысл. асваеннем тарфяных радовішчаў і інш. На аснове даследаванняў па балотазнаўстве складаюцца праекты меліярацыі, выкарыстання торфу ў нар. гаспадарцы.

Літ.:

Підоплічка А.П., Смаляк Л.П. Даследаванні балотнай расліннасці Беларусі // Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;

Юркевич И.Д., Голод Д.С., Адерихо В.С. Растительность Белоруссии, ее картографирование, охрана и использование. Мн., 1979.

т. 2, с. 258

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРШЧЭ́ЎСКІ (Ян) (1790, паводле інш. крыніц 1794, ці 1796, ці 16.12.1799, в. Мурагі Расонскага р-на Віцебскай вобласці — 12.3.1851),

бел. літаратар, выдавец. Пісаў на польск. і бел. мовах. Вучыўся ў Полацкай езуіцкай калегіі і акадэміі. З 1817 у Пецярбургу. Працаваў у дзярж. установах, выкладаў латынь і грэч. мову ў прыватных дамах. Сустракаўся з А.​Міцкевічам, Т.​Шаўчэнкам. З 1839 рэдактар-выдавец альманаха «Незабудка». У 1847 пераехаў у г. Чуднаў на Валыншчыне (Украіна). Літ. творчасць пачаў у студэнцкія гады (беларускамоўныя творы «Рабункі мужыкоў», «Дзеванька», «Гарэліца»; апубл. 1843—44). Пад уплывам пісьменнікаў-рамантыкаў і, магчыма, Шаўчэнкі пачаў апрацоўваць бел. легенды і паданні (балады «Русалка-зводніца», «Дзявочая крыніца», «Дзве бярозы», «Роспач», «Курганы», «Зарослае возера» і інш.). Баршчэўскі задумаў расказаць пра Беларусь, абудзіць у сэрцах землякоў пачуцці любові да роднага краю. Цыкл апавяданняў-прытчаў склаў зб. «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» (т. 1—4. Пб., 1844—46), дзе Баршчэўскі ўпершыню сцвярджаў думку пра самабытнасць Беларусі. Праз сістэму вобразных сродкаў пісьменнік выказаў бел. нац. ідэю. Сімвалічны вобраз Плачкі-Беларусі — цэнтральны ў кнізе. Апавяданні-прытчы, не выкарыстаныя ў «Шляхціцы Завальні», склалі аповесць «Драўляны дзядок і кабета Інсекта» (1844—47). Тэма роднага краю, нешчаслівага лёсу таленавітых людзей Беларусі — у драм. паэме «Жыццё сіраты». У аповесці «Душа не ў сваім целе» Баршчэўскі ў алегарычнай форме паказаў шляхі, якімі павінны ісці сумленныя людзі, каб служыць Бацькаўшчыне. Гэтыя творы разам з «Мелодыямі пілігрыма» склалі кн. «Проза і вершы» (ч. 1. Кіеў, 1849).

Тв.:

Бел. пер. — Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях. Мн., 1990;

Санет: Для В.П. Буйніцкай;

Рыбак: (балада);

Зарослае возера: Балада // Роднае слова. 1994. № 9;

Дзве бярозы: Балада // Беларусь. 1995. № 4;

Душа не ў сваім целе // Полымя. 1996. № 1. Аповесць.

Літ.:

Падбярэскі Р. Беларусь і Ян Баршчэўскі // Баршчэўскі Я. Шляхціц Завальня... Мн., 1990;

Кісялёў Г.В. Ад Чачота да Багушэвіча. Мн., 1993;

Хаустовіч М. Ля вытокаў беларускае ідэі // Полымя. 1994. № 11.

М.​В.​Хаустовіч.

Я.Баршчэўскі.

т. 2, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БЕЛАРУ́СКАЯ НАРО́ДНАЯ ТВО́РЧАСЦЬ»,

шматтомнае навук. выданне бел. фальклору. Выдаецца з 1970 Ін-там мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.​Крапівы АН Беларусі. Уключае матэрыялы з друкаваных крыніц і архіваў Беларусі, Расіі, Літвы, Польшчы. Апубл. шмат тэкстаў з палявых запісаў фалькларыстаў 1920—90-х г. Матэрыялы ў тамах падабраны паводле жанравага прынцыпу. Ва ўступных артыкулах раскрыта гісторыя збірання і публікацыі жанру, ідэйна-тэматычныя і маст. яго асаблівасці. У песенных тамах прыведзены самыя характэрныя ўзоры меласу дадзенага жанру. Выданне сведчыць пра багацце бел. вуснапаэт. творчасці, вял. ўклад бел. народа ў скарбніцу сусв. паэтычнай і муз. культуры.

Выдадзены: «Песні савецкага часу» (1970), «Казкі пра жывёл і чарадзейныя казкі» і «Радзінная паэзія» (1971), «Дзіцячы фальклор» і «Загадкі» (1972), «Чарадзейныя казкі» (ч. 1—2, 1973—78), «Жартоўныя песні» і «Жніўныя песні» (1974), «Зімовыя песні: Калядкі і шчадроўкі» (1975), «Сацыяльна-бытавыя казкі» (1976), «Прыказкі і прымаўкі» (кн. 1—2, 1976), «Балады» (кн. 1—2, 1977—78), «Песні пра каханне» і «Вяселле: Абрад» (1978), «Веснавыя песні» і «Выслоўі» (1979), «Валачобныя песні» (1980), «Вяселле: Песні» (кн. 1—6, 1980—88), «Восеньскія і талочныя песні» (1981), «Народны тэатр» і «Легенды і паданні» (1983), «Жарты, анекдоты, гумарэскі» і «Сямейна-бытавыя песні» (1984), «Купальскія і пятроўскія песні» (1985), «Пахаванні. Памінкі. Галашэнні» (1986), «Сацыяльна-бытавыя песні» (1987), «Казкі ў сучасных запісах», «Беларуская народная інструментальная музыка» і «Прыпеўкі» (усе 1989), «Земляробчы каляндар: (Абрады і звычаі)» і «Вяселле: Мелодыі» (1990), «Замовы» і «Паэзія беларускага земляробчага календара» (1992), «Жаніцьба Цярэшкі»(1993).

Літ.:

Синявець О.І. Перші книги багатотомної серії «Білоруська народна творчість» // Народна творчість та етнографія. 1973. № 1;

Гусев В.Е. Многотомное издание белорусского фольклора // Сов. этнография. 1979. №1;

Тарасюк Л. Нам засталася спадчына // Мастацтва Беларусі. 1986. №8;

Конон В. Фольклор и современность // Нёман. 1988. №3;

Саламевіч Я. Беларускія казкі пра жывёл // Полымя. 1972. №1;

Яго ж. Поэзия белорусских хресьбин // Нёман. 1972. №2;

Яго ж. Помнік народнага мудраслоўя // Полымя. 1987. №1.

І.​У.​Саламевіч.

Тамы з серыі «Беларуская народная творчасць».

т. 2, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДАМО́ВІЧ (Алесь) (Аляксандр Міхайлавіч; 3.9.1927, в. Канюхі Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 26.1.1994),

бел. пісьменнік, крытык, літ.-знавец, грамадскі дзеяч. Чл.-кар. АН Беларусі (1980), д-р філал. н. (1962), праф. (1971). У Вял. Айч. вайну партызан. Скончыў БДУ (1950), у 1962—64 слухач Вышэйшых сцэнарных курсаў (Масква). З 1954 працаваў у Ін-це л-ры АН Беларусі, з 1987 дырэктар НДІ кінамастацтва (Масква). Літ. дзейнасць пачаў у 1953 як крытык. Найб. значныя літ.-знаўчыя манаграфіі «Беларускі раман» (1961), «Маштабнасць прозы» (1972), «Здалёк і зблізку» (1976), «Браму скарбаў сваіх адчыняю...» (1980), «Вайна і вёска ў сучаснай літаратуры» (1982), «Нічога важней» (1985). Як крытык змагаўся супраць дагматычных уяўленняў пра л-ру, дбаў пра эстэт. аналіз, спалучаў яго са сцвярджэннем гуманіст. каштоўнасцяў. Адраджаў і развіваў знішчаныя ў перыяд сталінізму метадалагічныя прынцыпы праўдзівасці і гістарызму. З 1959 выступаў як празаік. Пісаў на бел. і рус. мовах. У дылогіі «Партызаны» (раманы «Вайна пад стрэхамі», 1960, «Сыны ідуць у бой», 1963) раскрыў вытокі нар. супраціўлення акупантам у Вял. Айч. вайну (аднайм. кінадылогія на кінастудыі «Беларусьфільм», 1970, сцэнарый Адамовіча ў сааўт.). Змаганне з таталітарызмам у абліччы фашызму і камунізму складае асн. пафас «Хатынскай аповесці» (1972, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1976), рамана «Карнікі» (1980), аповесцяў «Венера» і «Нямко» (абедзве 1993). Па матывах «Хатынскай аповесці» кінафільм «Ідзі і глядзі» (сцэнарый Адамовіча і Э. Клімава, залаты медаль на Маскоўскім міжнар. кінафестывалі, 1985). У дакумент. кнізе «Я з вогненнай вёскі...» (1975, з Я.​Брылём і У.​Калеснікам) расказана пра трагедыю бел. Хатыняў. У апошнія гады жыцця выявіў сябе як паліт. дзеяч, змагаўся з пагрозай ядзернай вайны. Публіцыстыка Адамовіча ў кн. «Выберы — жыццё» (1986), «Дадумваць да канца» (1988), «Мы — шасцідзесятнікі» (1991), «Апакаліпсіс па графіку» (1992).

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—4. Мн., 1981—83.

Літ.:

Мележ І. Пра «Хатынскую аповесць» // Зб. тв. Мн., 1983. Т. 8;

Брыль Я. Алесь Адамовіч // Зб. тв. Мн., 1981. Т. 4;

Быкаў В. [Алесь Адамовіч] // Быкаў В. На крыжах. Мн., 1992;

Каваленка В. Святло вялікіх мэт // Полымя. 1977. № 9;

Дедков И. Во имя справедливости // Адамович А. Каратели. М., 1981.

М.​А.​Тычына.

Алесь Адамовіч.

т. 1, с. 92

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́НДА ЗЯМЛІ́,

форма землекарыстання, пры якой уласнік зямлі перадае за плату на пэўны тэрмін зямельны ўчастак іншай асобе (арандатару) для вядзення гаспадаркі. Узнікла ў рабаўладальніцкім грамадстве і дала пачатак развіццю арэнды. У часы рабаўладальніцтва і феадалізму пераважала прадуктовая (дзеля атрымання прадуктаў), пры капіталізме набыла прадпрымальніцкі характар: арандатар укладвае ў зямлю ўласны капітал, вядзе гаспадарку з дапамогай наёмнай рабочай сілы і атрымлівае прыбытак. Пераходнымі формамі ад прадуктовай да прадпрымальніцкай арэнды зямлі былі здольшчына і адработкі. Капіталістычная арэнда зямлі найбольш пашырана ў развітых краінах (ЗША, Вялікабрытанія, Бельгія, Нідэрланды, Францыя). На развіццё арэндных адносін у аграрным сектары істотна ўплывае дзяржаўнае рэгуляванне — фінансавая дапамога для тэхнічнага аснашчэння сельскай гаспадаркі, падтрымка ў збыце прадукцыі і інш. З улікам гэтага асобныя землеўладальнікі самі становяцца і прадпрымальнікамі. Зямлю для прадпрымальніцкай дзейнасці і здачы ў арэнду набываюць таксама буйныя карпарацыі.

На Беларусі да 1861 пераважала дакапіталістычная арэнда зямлі. Пасля адмены прыгону сяляне атрымалі права заключаць арэндныя здзелкі, што спрыяла развіццю арэндных адносін. Патрэбу ў гэтым мелі не толькі беззямельныя сяляне, а і памешчыкі, якія не маглі ўласнымі сіламі апрацаваць сваю зямлю. Аграрны крызіс канца 19 стагоддзя паскорыў гэты працэс. У 1887 арэндны фонд складаў каля 2,5 млн. дзесяцін, а ў 2-й палове 1890-х гадоў каля 3,5 млн. дзесяцін. Пераважала сялянская арэнда зямлі. Але ў канцы 19 стагоддзя больш за 1,5 млн. дзесяцін зямлі арандавалі дваране, купцы, мяшчане, якія вялі буйныя прадпрымальніцкія гаспадаркі з выкарыстаннем вольнанаёмнай працы. Да 1917 арэндны фонд на Беларусі, паводле ацэнак спецыялістаў, дасягнуў прыкладна 5 млн. дзесяцін, у т. л. не менш як 3,3 млн. дзесяцін прыпадала на сялянскую арэнду. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 зямля была нацыяналізавана, а яе арэнда забаронена. З некаторымі абмежаваннямі адноўлена ў часы нэпа і існавала да калектывізацыі. Права на арэнду зямлі грамадзяне і арганізацыі зноў атрымалі на аснове прынятых Вярхоўным Саветам Беларусі «Кодэкса Беларускай ССР аб зямлі» і «Закона Беларускай ССР аб арэндзе» (1990). Здаваць у арэнду зямлю і іншыя прыродныя рэсурсы могуць толькі мясцовыя Саветы дэпутатаў.

У.​А.​Салановіч.

т. 2, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІБЛІЯТЭКАЗНА́ЎСТВА,

галіна навукі, якая распрацоўвае тэарэт. асновы грамадскага карыстання творамі друку. Асн. яго задачы: развіццё тэорыі бібліятэчнай справы, аналіз заканамернасцяў гэтага развіцця як сац. з’явы, стварэнне бібліятэк і аб’яднанне іх у адзіную сетку, камплектаванне і арганізацыя бібліятэчных фондаў, іх каталагізацыя і класіфікацыя, інфармацыйная і бібліягр. дзейнасць, абслугоўванне чытачоў. Раздзелы бібліятэказнаўства: агульнае бібліятэказнаўства даследуе агульныя прынцыпы і заканамернасці арганізацыі грамадскага выкарыстання кніжных багаццяў, метадалагічныя, агульнатэарэтычныя і інш. пытанні; бібліятэчныя каталогі і фонды вывучаюць тэорыю, гісторыю апрацоўкі твораў друку, тэорыю, гісторыю і методыку фарміравання і камплектавання фондаў, арганізацыі і кіравання; абслугоўванне чытачоў распрацоўвае тэорыю і методыку абслугоўвання чытачоў (вывучэнне попыту чытачоў, методыка прапаганды л-ры, арганізацыя работы на абанеменце, чытальнай зале і інш.); бібліятэчна-інфармацыйны маркетынг і менеджмент даследуе канцэпцыю паводзін стваральніка бібліятэчна-інфарм. твораў і паслуг ва ўмовах рыначнай эканомікі, распрацоўвае тэорыю і методыку арганізацыі, тэхналогіі і працы ў б-цы, эканоміку бібліятэчнай справы, структуру і прынцыпы арганізацыі адзінай сістэмы б-к і кіраванне бібліятэчнай справай; гісторыя бібліятэчнай справы вывучае заканамернасці ўзнікнення і развіцця б-к, бібліятэчных сістэм і сетак, эвалюцыю тэорыі і поглядаў грамадства на арганізацыю грамадскага карыстання кнігамі ў мінулым і на сучасным этапе; распрацоўваюць методыку выкарыстання вылічальнай, капіравальна-размнажальнай тэхнікі, аўдыёвізуальных і інш. тэхн. сродкаў у розных працэсах у б-цы. Метадалагічныя асновы і праблематыку бібліятэказнаўства на кожным гіст. этапе вызначаюць ідэалогія і сац.-эканам. ўмовы. На сучасным этапе развіцця ў цэнтры ўвагі бібліятэказнаўства праблемы: прырода, сутнасць, змест і сац. ўмовы фарміравання інтарэсаў чытачоў; месца і роля б-кі ў сістэме навук. і тэхн. інфармацыі; навук.-тэарэт. асновы адзінай сістэмы бібліятэчнага абслугоўвання і інш. Вядучыя цэнтры навук. даследаванняў у галіне бібліятэказнаўства на БеларусіБібліятэка нацыянальная Беларусі, кафедра бібліятэказнаўства Беларускага універсітэта культуры. Падрыхтоўка бібліятэчных кадраў вядзецца на ф-це бібліятэчна-інфарм. сістэм Бел. ун-та культуры. Пэўны ўклад у развіццё бібліятэказнаўства і бібліяграфіі на Беларусі зрабілі Ю.І.Бібіла, Н.Б.Ватацы, А.А.Сакольчык, І.Б.Сіманоўскі і інш.

Літ.:

Шира Д.Х. Введение в библиотековедение: Пер. с англ. М., 1983.

У.​А.​Акуліч.

т. 3, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНАЯ ДУ́МА,

1) прадстаўнічая заканад. ўстанова ў Расіі ў 1906—17. Створана паводле Маніфеста 17 кастрычніка 1905 ва ўмовах рэвалюцыі 1905—07 пасля таго, як большасць рас. насельніцтва байкатавала выбары ў «Булыгінскую думу». Складалася з дэпутатаў, якія выбіраліся шматступеньчата па 4 нераўнапраўных курыях (ад землеўладальнікаў, гар. насельніцтва, сялян і рабочых) на 5 гадоў. Разглядала законапраекты, якія потым абмяркоўваліся ў Дзяржаўным савеце і зацвярджаліся царом. 1-я (10.5—21.7.1906, адна сесія; старшыня С.​А.​Мурамцаў) і 2-я (5.3—15.6.1907, адна сесія; старшыня Ф.​А.​Галавін). Дз.д. распушчаны царом. Пасля змены выбарчага закона Мікалаем II (чэрв. 1907) у 3-й (14.11.1907—22.6.1912, пяць сесій; старшыня М.​А.​Хамякоў, з 1910 А.​І.​Гучкоў, з 1911 М.​У.​Радзянка) і 4-й (28.11.1912—19.10.1917, пяць сесій; старшыня Радзянка) Дз.д. крыху павялічыўся ўплыў правых манархічных партый (гл. Чарнасоценцы). У 1-ю сусв. вайну сесіі думы склікаліся нерэгулярна, узнік «Прагрэсіўны блок», а ў ходзе Лют. рэвалюцыі 1917 — Часовы к-т Дз.д., які сфарміраваў Часовы ўрад. Распушчана Часовым урадам 19.10.1917 у сувязі з пач. выбараў ва Устаноўчы сход. Канчаткова скасавана пасля Кастр. рэвалюцыі 1917. У гады дзейнасці думы дэпутаты ад бел. губерняў (сярод іх памешчык Р.​А.​Скірмунт, гісторык А.​П.​Сапуноў) у залежнасці ад іх паліт. поглядаў выступалі за культ.-нац. аўтаномію Беларусі (у т. л. ўвядзенне ў школах навучання на бел. мове) або супраць яе і інш. 2) Ніжняя палата Федэральнага сходу (парламента) Рас. Федэрацыі, утвораная паводле канстытуцыі 1993. Яе дэпутаты выбіраюцца на 4 гады (палова па спісах паліт. партый і грамадскіх рухаў, другая палова па аднамандатных акругах паводле мажарытарнай сістэмы), працуюць на прафес. пастаяннай аснове.

Кр.: Калинычев Ф.И. Государственная дума в России: Сб. док. и материалов. М., 1957.

Літ.:

Леонтович В.В. История либерализма в России, 1762—1914: Пер. с нем. [2 изд.]. М., 1995. С. 491—542;

Запруднік Я. Справа аўтаноміі Беларусі ў першай думе і «Наша ніва» // 3 гісторыяй на «Вы». Мн., 1994. Вып. 3;

Забаўскі М.М. Палітычная барацьба ў Беларусі ў перыяд выбараў у III Дзяржаўную думу // Весці АН БССР. Сер. грамад. навук. 1987. № 5.

т. 6, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУЛА́Г, Галоўнае ўпраўленне папраўча-працоўных лагераў, працоўных пасяленняў і месцаў зняволення,

у СССР у 1934—56 падраздзяленне НКУС (МУС), якое ажыццяўляла кіраўніцтва сістэмай папраўча-працоўных лагераў (ППЛ). У 1934 створаны саюзна-рэсп. Наркамат унутр. спраў (НКУС), у склад якога ўключана Аб’яднанае дзяржаўнае палітычнае ўпраўленне пры СНК СССР (АДПУ, пазней — Гал. ўпраўленне дзярж. бяспекі — ГУДБ). У канцы 1930 — пач. 40-х г. створана каля 15 спец. Гал. упраўленняў, якія мелі лагеры на месцах (Карагандзінскі — «Карлаг», Салавецкі — СЛОН, Беламорска-Балт., Варкуцінскі, Нарыльскі і інш.). Тэр. СССР умоўна была разбіта на 8 зон дыслакацыі тэр. упраўленняў з падначаленымі ім ППЛ, турмамі, этапамі, перасыльнымі пунктамі. Існавалі лагеры прымусовых работ, асобага прызначэння, катаржныя, спец., буд., лагерныя НДІ, а таксама папраўча-прац., выхаваўча-прац., дзіцячыя і інш. калоніі. Паводле афіц. статыстыкі на 1.3.1940 у ГУЛАГу было 53 лагеры, 425 папраўча-прац. калоній і 50 калоній для непаўналетніх дзяцей «ворагаў народа». У 1920—50-я г. праз ГУЛАГ прайшло каля 10 млн. чал., у т. л. каля 600 тыс. ураджэнцаў Беларусі. Паводле справаздачы НКУС СССР за 1934—37 у лагерах штогод у сярэднім памірала ад 20 да 28 тыс. чал., у 1938 памерла больш за 90 тыс., у 1941 — больш як 100 тыс. У 1942, паводле афіц. звестак, загінула 248 677 чал., у 1943 — 166 967 чал, у наступныя гады (да 1947 уключна) смяротнасць складала ад 18 да 60 тыс. чал. штогод. На Беларусі ў 1930-я г. было 15 турмаў і ізалятараў спец. прызначэння.

Пасля выхаду ў свет кн. А.​Салжаніцына «Архіпелаг ГУЛАГ» (1973), дзе ён паказаў сістэму масавых рэпрэсій у сав. дзяржаве, тэрмін «ГУЛАГ» стаў сінонімам лагераў і турмаў НКУС.

Літ.:

Росси Ж. Справочник по ГУЛАГу. Ч. 1—2. 2 изд. М., 1991;

Адамушко В.И., Иванова Н.В. «Помилуйте...»: Документы по репрессиям 1939—41 гг. в Вилейской обл. Мн., 1992;

Касцюк М., Міхнюк У. Рэпрэсіі — самае цяжкае злачынства таталітарнага рэжыму // Крыжовы шлях. Мн., 1993;

Адамушка У. Палітычныя рэпрэсіі 20—50-ых гг. на Беларусі. Мн., 1994;

Кузнецов И. Без грифа «секретно». Мн., 1997.

У.​І.​Адамушка, І.​М.​Кузняцоў.

т. 5, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАКУМЕНТА́ЛЬНАЕ КІНО́,

від кінамастацтва, заснаванага на здымках сапраўдных жыццёвых падзей, з’яў, фактаў. Складаецца з кінахронікі, якая ў рэпартажных і хранікальных паведамленнях аператыўна інфармуе гледачоў пра найважнейшыя падзеі, і вобразнай кінапубліцыстыкі (дакумент. фільм). З паяўленнем тэлебачання ўзнікла тэлевізійнае Д.к., якое, выкарыстоўваючы прыёмы, формы, прынцыпы кінамастацтва, зрабіла разнастайныя з’явы і падзеі рэальнага жыцця масавым відовішчам.

Узнікненне Д.к. звязана з зараджэннем кінематографа. Першыя здымкі (1895) вынаходнікаў кіно братоў Люм’ер былі зроблены з натуры. Развіццё сав. Д.к. звязана з пошукамі рэжысёраў Дз.​Вертава, У.Гардзіна, У.​Ерафеева, У.​Шнейдэрава, Р.Кармэна, аператараў Р.​Гібера, Э.Цісэ, А.​Лявіцкага і інш. У гады 2-й сусв. вайны вял. значэнне набыў рэпартаж. Дасягненні Д.к. ў пасляваен. час знайшлі канцэнтраванае выражэнне ў фільме «Звычайны фашызм» рэжысёра М.Рома.

На Беларусі развіццё кінематографа пачалося з хронікі. У 1925 выйшлі першыя кінавыпускі і дакумент. фільм «У здаровым целе — здаровы дух» (рэж. і аператар М.​Лявонцьеў). У 1925—27 аператары Лявонцьеў і М.​Люлякоў рэгулярна здымалі хранік. сюжэты пра важныя падзеі ў грамадска-паліт. жыцці рэспублікі. У 1931 створаны сектар кінахронікі ў Белдзяржкіно. пачаўся выпуск кіначасопісаў. У 1935 арганізавана Мінская студыя кінахронікі. У Вял. Айч. вайну бел. кінадакументалісты стварылі летапіс партыз. барацьбы ў рэспубліцы, рабілі франтавыя кінавыпускі; яны ўдзельнічалі ў здымках фільмаў «Дзень вайны» і «У тыле ворага» (абодва 1942), «Бой за Віцебск», «Мінск наш», «Бабруйскі кацёл» (усе 1944), поўнаметражнага «Вызваленне Савецкай Беларусі» (1944, рэж. У.​Корш-Саблін і М.​Садковіч); асобныя кінакадры бел. аператараў выкарыстаны ў кінаэпапеі «Вялікая Айчынная» (1979). З 1944 дакумент. фільмы здымалі на адноўленай кінастудыі «Беларусьфільм». У пасляваен. час у галіне Д.к. працавалі рэжысёры Л.​Голуб, Корш-Саблін, С.​Сплашноў, І.​Вейняровіч. У 1961 арганізавана Мінская студыя навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1968 існуе як аб’яднанне дакумент. фільмаў «Летапіс» на кінастудыі «Беларусьфільм». Сярод вядомых дзеячаў Д.к. Беларусі П.​Аліфярэнка, В.​Дашук, Ю.​Лысятаў, І.​Пікман, Б.​Сарахатунаў, У.​Стральцоў, У.​Сукманаў, С.​Фрыд, Ю.​Цвяткоў, Р.​Ясінскі.

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 6, с. 14

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)