МАГНІ́ТНЫ ПАТО́К, паток магнітнай індукцыі,

паток вектара магнітнай індукцыі праз якую-н. паверхню.

М.п. праз малы элемент паверхні dS, у межах якога вектар магнітнай індукцыі B можна лічыць пастаянным, вызначаецца формулай: dΦ = B dS = BdScosα , дзе dS = dSn , n — адзінкавы вектар нармалі да элемента паверхні dS, α — вугал паміж вектарамі B і n. М.п. праз адвольную паверхню S вызначаецца інтэгралам Φ = (S) B dS . Для замкнёнай паверхні гэты інтэграл роўны нулю, што адлюстроўвае саленаідальны характар магнітнага поля. Поўны М.п., звязаны з некаторым эл. контурам (напр., саленоідам), наз. патокасчапленнем. Адзінка М.п. ў СІвебер.

Да арт. Магнітны момант.
Да арт. Магнітны паток.

т. 9, с. 483

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МОСТ колавых машын,

элемент хадавой часткі, які ўспрымае і перадае на раму (ці кузаў) намаганні, што дзейнічаюць на колы машыны. У залежнасці ад функцыі колаў адрозніваюць М вядучыя (перадаюць вярчальны момант колам), кіроўныя (забяспечваюць паварот машыны), камбінаваныя (вядучыя і кіроўныя адначасова; могуць уключацца ў работу, напр., пры павелічэнні нагрузкі) і апорныя напр., у прычэпах); у залежнасці ад тыпу падвескі бываюць разразныя (пры незалежнай падвесцы колаў) і неразразныя (пры залежнай падвесцы). Вядучы М. — пустацелая бэлька (найб. пашырана), па канцах якой устаноўлены вядучыя колы, а ўнутры — элементы трансмісіі (галоўная перадача, дыферэнцыял, паўвосі). Кіроўны М. складаецца з бэлькі, што злучае колы, і дэталяў паваротнага механізма. Гл. таксама Задні мост, Пярэдні мост.

т. 10, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕО́Н (лац. Neon),

Ne, хімічны элемент VIII групы перыяд. сістэмы, ат. н. 10, ат. м. 20,179, адносіцца да інертных газаў. Прыродны складаецца з 3 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі 20—22; найб. колькасць па аб’ёме ​20Ne (90,92%). У атмасферы 1,82∙10​−3% па аб’ёме. Адкрыты ў 1898 разам з крыптонам, назва ад грэч. neos — новы.

Аднаатамны газ без колеру і паху, tпл −248 52 °C, tкіп −245,93 °C, шчыльн. 0,89994 кг/м (пры нармальных умовах). Хімічна інертны; атрыманы толькі клатраты (напр., Ne∙6H2O). Вылучаюць пры рэктыфікацыі вадкага паветра. Выкарыстоўваюць у газаразрадных крыніцах святла (чырвонае свячэнне), вадкі — як холадагент у тэхніцы нізкіх тэмператур, неонава-геліевую сумесь — як рабочае асяроддзе ў газавых лазерах.

т. 11, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРВЮ́РА (франц. nervure ад лац. nervus жыла, сухажылле),

1) у архітэктуры — арка з абчасаных клінападобных камянёў або цаглін, якая ўмацоўвае рэбры крыжовага, сеткавага, зорчатага і інш. форм скляпення; тое, што гурт. Найб. пашыраны ў архітэктуры готыкі. Складалі аснову каркаснай канструкцыі перакрыцця, перадаючы нагрузку ад скляпенняў на слупы, патоўшчаныя часткі сцен, контрфорсы, аркбутаны, лапаткі і інш. У выніку выкарыстання Н. аблегчылася канструкцыя перакрыцця. У позняй готыцы Н. ўтваралі на скляпеннях (веерных, зорчатых, сотавых і інш.) разнастайныя складаныя ўзоры.

2) У лятальных апаратах — элемент папярочнага сілавога набору крыла, апярэння і інш. нясучых частак, што звязвае ў адно цэлае элементы падоўжнага набору (ланжэроны, стрынгеры) і абшыўку, вызначае аэрадынамічны профіль нясучых паверхняў.

т. 11, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДЗО́Р,

1) у драўляным дойлідстве — дошка з глухой, скразной або краявой разьбой, якая акаймоўвае навісь даху або страхі ці робіцца пад застрэшкам 2-схільнага даху; элемент дэкору. Выкарыстоўваецца пераважна ў жыллі, некат. гасп. пабудовах, брамах і варотах, культавых збудаваннях. Найб. простыя П. — дошкі з краявой разьбой у выглядзе зубцоў або хвалі. Ажурная скразная разьба П. з выкарыстаннем арнаментальных геам. ці расл. матываў характэрна для жыллёвага буд-ва У і ПдУ Беларусі (жылыя дамы ў Быхаве, Бабруйску, Ветцы, Гомелі і інш.).

2) У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве — карункі, якімі абшываецца край прасціны, пакрывала і інш.

Літ.:

Сахута Я.М. Народная разьба па дрэву. Мн., 1978.

С.​А.​Сергачоў.

Падзоры ў дойлідстве.

т. 11, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

хром, ‑у, м.

1. Хімічны элемент, цвёрды метал шэра-стальнога колеру, які выкарыстоўваецца для вырабу цвёрдых сплаваў, для пакрыцця металічных вырабаў.

2. Жоўтая, аранжавая, чырвоная ці зялёная мінеральная фарба (вокіс хрому або соль хромавай кіслаты).

3. Сорт мяккай тонкай скуры. Міхась сумеўся: было нязручна вось так адразу расчынаць гаворку пра хром, падэшвы, усцілкі. Асіпенка. Баўтрукоў не ішоў, а амаль бег да сцэны, суха шоргаючы рукавамі спартыўнага пінжака з карычневага хрому. Савіцкі.

[Ад грэч. chrōma — колер, фарба.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

гідразі́н

[ад гідр(аген) + аз(от)]

хімічнае злучэнне вадароду з азотам, бясколерная вадкасць, якая дыміцца на паветры; выкарыстоўваецца для вырабу пластмас, як элемент рэактыўнага паліва і інш.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

непту́ній

(н.-лац. neptunium, ад лац. Neptunus = назва планеты сонечнай сістэмы)

штучны радыеактыўны хімічны элемент, серабрыста-белы метал, які належыць да актыноідаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

но́белій

[н.-лац. nobelium, ад шв. ANobel = прозвішча шв. вынаходцы і прадпрымальніка (1833—1896)]

штучны радыеактыўны хімічны элемент, які належыць да актыноідаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

стэхіяме́трыя

(ад гр. stoicheion = аснова, элемент + -метрыя)

раздзел хіміі, які вывучае вагавыя і аб’ёмныя суадносіны паміж рэчывамі, што ўступаюць у хімічныя рэакцыі.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)