МІЦЭ́ЛЫ (лац. micella памяншальнае ад mica крошка, крупінка),
сальваціраваныя часцінкі дысперсных фаз у калоідных сістэмах. Складаюцца з ядра — складанага комплексу з многіх тысяч атамаў, малекул ці іонаў дысперснай фазы, і процііонаў, якія абкружаюць ядро і ўтвараюць падвойны электрычны слой. Колькасць дадатных і адмоўных зарадаў у гэтым слоі аднолькавая, таму М. ў адрозненне ад часцінак — электранейтральныя. Сярэдні памер М. 10−3—10−7см.
Ліяфільныя мікрагетэрагенныя сістэмы, у якіх дысперснай фазай з’яўляюцца М. паверхнева-актыўных рэчываў, размеркаваныя ў вадкім дысперсійным асяроддзі наз.міцэлярнымі сістэмамі. Наяўнасцю М. абумоўлена мыйнае дзеянне такіх сістэм (напр., водных раствораў мылаў). Міцэлярныя сістэмы выкарыстоўваюць для рэгулявання змочвання, стабілізацыі пен, эмульсій, суспензій. Гл. таксама Залі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА), міяцэн (ад грэч. meion менш + kainos новы),
ніжні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду) у геахраналагічнай шкале; ранняя эпоха неагенавага перыяду геал.гіст. Зямлі. Пачаўся 23,8 млн. і доўжыўся да 5,32 млн. гадоў назад. М.а. (э.) падзяляецца на пададдзелы: ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні). На Беларусі на канец ранняга — пач. позняга міяцэну прыпадае кліматычны оптымум усяго неагену, калі прыродныя ўмовы нагадвалі сучасныя субтрапічныя. Намножыліся кантынентальныя адклады магутнасцю да 100—120 м (пяскі, алеўрыты, сапрапеліты, буры вугаль). Яны ўтвараюць брынёўскі і антопальскі надгарызонты, больш пашыраны на Пд. Да гэтай эпохі належаць большасць радовішчаў тугаплаўкіх і вогнетрывалых глін, Брынёўскае, Жыткавіцкае і Тонежскае радовішчы бурага вугалю (гл. адпаведныя арт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЫ́РНІК (Elytrigia),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 30 відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя тропікаў. На Беларусі 2 віды П.: паўзучы (E. repens) і сярэдні (E. intermedia). Трапляюцца на лугах, лясных палянах, узлесках, палях і агародах.
Шматгадовыя, пераважна карэнішчавыя травы выш. 30—150 см. Сцёблы ўзыходныя, унутры полыя. Лісце чаргаванае, пляскатае або ўздоўж згорнутае, вузкалінейнае, шурпатае, шыза-зялёнае ці шараватае. Кветкі дробныя, сабраныя ў агульнае суквецце рыхлы колас. Плод — зярняўка. Некат. віды культывуюцца як кармавыя расліны, выкарыстоўваюцца ў селекцыі мароза- і холадаўстойлівых пшанічна-пырнікавых гібрыдаў. Шкоднае пустазелле П. паўзучы мае лек. ўласцівасці, ужываецца ў ежу (свежыя і высушаныя карэнішчы), выкарыстоўваецца як пашавая і сенакосная культура.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́У-НЕ́ГРУ (Rio Negro),
рака пераважна ў Бразіліі, левы прыток р. Амазонка; у сярэднім цячэнні ўтварае мяжу паміж Калумбіяй і Венесуэлай. Даўж. 2,3 тыс.км, пл. басейна каля 691 тыс.км². Вытокі ў Калумбіі, у зах.ч. Гвіянскага пласкагор’я, пад назвай Гуайнія, да г. Кастаньейру рэчышча парожыстае, у межах Амазонскай нізіны разгалінаванае і вельмі шырокае (да 30—50 км) са шматлікімі астравамі. Буйны прыток — р. Рыу-Бранку (злева). Левы прыток Касік’ярэ злучае Р.-Н. з р. Арынока (класічны прыклад біфуркацыі рэк). Паводкі ад сак. да канца жн., малаводная ў кастр.—студзені. Сярэдні расход вады 29,3 тыс.м³/с. Суднаходная на 1 тыс.км ад вусця, дзе размешчаны буйны порт Манаўс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СА́ТЛЕДЖ, Сатладж (у ніжнім цячэнні наз.Панджнад),
рака ў Пакістане, Індыі і Кітаі, самы буйны (левы) прыток р.Інд.Даўж. 1450 км, пл. басейна 395 тыс.км². Вытокі на Тыбецкім нагор’і, на схілах хр. Кайлас. У вярхоўях цячэ па шырокай даліне ўздоўж паўн. падножжа Гімалаяў, перасякае іх у вузкай цясніне, потым выходзіць на раўніну Пенджаба і цячэ па ёй да вусця. Асн. прытокі: Біяс і Чынаб (справа). Сярэдні расход вады каля г. Рупар каля 500 м³/с, макс. летам (каля 20 тыс.м³/с). Гідратэхн. комплекс Бхакра-Нангал (Індыя). У межах Пенджаба ад С. адыходзяць буйныя арашальныя каналы. Суднаходная ў разводдзе на асобных участках. На С. — гарады Нангал, Лудхіяна (Індыя), Бахавалпур (Пакістан).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЕНЕГА́Л (Sénégal),
рака ў Зах. Афрыцы, у Гвінеі, Малі, Сенегале, Маўрытаніі. Пачынаецца ў горным масіве Фута-Джалон пад назвай Бафінг, пасля сутокаў з р. Бакой наз. С. Даўж. 1430 км (ад вытоку р. Бафінг), пл.бас. 441 тыс.км². У вярхоўях парожыстая, утварае вадаспады, ніжэй цячэ па раўніннай мясцовасці. Упадае ў Атл. акіян, утварае дэльту (пл. каля 1,5 тыс.км²), у вусці пясчаны бар. Асн. прыток Фалеме. Сярэдні расход вады каля 1500 м³/с. Выкарыстоўваецца для арашэння. ГЭС. Рыбалоўства. Суднаходная ў перыяд разводдзя ад г. Каес (785 км), пасля спаду вады — ад г. Падор (283 км). Гал. гарады: Каес (Малі), Каэды, Роса (Маўрытанія), Падор (Сенегал), у вусці марскі порт Сен-Луі (Сенегал).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІЦЗЯ́Н, Чжуцзян, Жамчужная, рака на ПдУ Кітая. Даўж. 2130 км, пл.бас. 437 тыс.км². Вытокі на Юньнаньскім нагор’і. Назва С. пасля сутокаў рэк Юцзян і Цзацзян вышэй г. Наньнін. Цячэ ў вузкай, глыбокай даліне ўздоўж паўд. ускраіны гор Наньлін, упадае ў Паўд.-Кітайскае м., утварае дэльту (пл. 16,9 тыс.км²), дзе зліваюцца воды рэк С., Бэйцзян і Дунцзян. Сярэдні расход вады каля 8 тыс.м³/с, макс. — 58 тыс.м³/с) (у час летніх мусонных дажджавых паводак). Ваганні ўзроўню вады да 15—20 м, Частыя паводкі (у бас. С. пабудавана каля 2 тыс.км ахоўных дамбаў). Выкарыстоўваецца для арашэння. Суднаходная ад г. Учжоў. У дэльце — марскі порт Гуанчжоў.