КАЛІ́ГРАФІЯ (ад грэч. kalligraphia прыгожы почырк),
мастацтва прыгожага і дакладнага пісьма. Вылучаецца кампазіцыйнай дасканаласцю, стылявым адзінствам, вобразнасцю, спалучэннем традыц. і нац., высокім выканаўчым майстэрствам (віртуознасць росчыркаў, выразнасць аўтарскай індывідуальнасці, інструмента і інш.).
Вытокі К. ў глыбокай старажытнасці Яе развіццё звязана з гісторыяй пісьма, шрыфту, пісьмовых прылад, эвалюцыяй маст. стыляў. Асаблівасці К. ў розных краінах абумоўлены сац. запатрабаваннямі, нац культ. і маст. традыцыямі, рэлігіяй і інш.Вял. значэнне аддавалася К. ў краінах з іерагліфічным пісьмом (Японія, Кітай і інш.; гл.Іерогліф) і арабскім, дзе мусульм. веравызнанне абмяжоўвае выяўл. творчасць. У працэсе развіцця К. вылучыліся 2 тэндэнцыі: адна абумоўлена функцыян. патрабаваннямі (зручнасць пісьма, яснасць і макс. распазнавальнасць знакаў, магчымасць чытаць на адлегласці), другая — падпарадкаваннем формы літар, слоў, тэксту маст. або дэкар. мэтам (дэкар. ўзорыстасць, якая набліжае пісьмо да арнаменту).
На Беларусі К. вядома з 10—11 ст. у рукапісных богаслужэбных кнігах. Развівалася на аснове кірыліцы ад устава і паўустава да скорапісу. Вял. ўвага аддавалася афармленню пач. старонак (змяшчалі арнамент, застаўкі, ініцыялы). 15—16 ст. — росквіт бел. К. (курсіў, у якім адчувальны ўплыў зах.-еўрап. познагатычнага пісьма). Традыцыі К. паўплывалі на шрыфты кніг Ф.Скарыны, якія ўяўляюць сабой творчы сінтэз бел. і зах.-еўрап. К. З’яўленне кнігадрукавання абмежавала выкарыстанне К. З развіццём машынапісу яна захавалася ў афармленні кніг, плакаце, рэкламе і інш. галінах, дзе выкарыстоўваюцца маст. маляваныя шрыфты, часам выступае як твор станковай графікі (Ю.Тарэеў і інш.).
Юсеф Сеід, Рамзі Мустафа, Саад Кяміль, Абу Халіль Лютфа. Карціна на тэму арабскай каліграфіі.Да арт.Каліграфія. Ю.Тарэеў. З трыпціха «Галасы». 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБА́РДЫЯ (Lombardia),
гістарычная і адм. вобласць на Пн Італіі, самая вял. па плошчы і колькасці насельніцтва ў краіне. Уключае 9 правінцый: Бергама, Брэшыя, Варэсе, Крэмона, Кома, Мантуя, Мілан, Павія, Сондрыо. Пл. 23,8 тыс.км². Hac. каля 9 млн.чал. (1995). Адм. і прамысл. цэнтр — г.Мілан. На Пн Ламбардскія Альпы (выш. да 4049 м) і Перадальпы, астатняя ч. Паданская раўніна. Клімат пераходны ад міжземнаморскага да ўмеранага, у гарах умераны. Ападкаў каля 1000 мм за год. Найб. эканамічна развітая вобласць Італіі. Прам-сць сканцэнтравана ў асн. у Мілане і яго прыгарадах: маш.-буд. (радыёэлектронная, электратэхн., выпуск энергасілавога абсталявання, станкоў, прылад, аўтамабіляў, самалётаў і інш.), хім. (мінер. ўгнаенні, фарбавальнікі, сінт. каўчук, пластмасы і інш), тэкст., швейная, харчовая. Асноўны с.-г. раён краіны. Апрацоўваецца каля 1,5 млн.га, у т. л. каля 60% пад ворывам, каля 30% пад лугамі і пашай, 10% пад садамі і вінаграднікамі. Вырошчваюць кукурузу, пшаніцу, рыс, кармавыя культуры, агародніну. Жывёлагадоўля пераважна малочнага кірунку. Транспарт аўтамабільны і чыгуначны. Развіты турызм. Шматлікія курорты, цэнтры зімовых і водных відаў спорту.
Стараж. назва Л. — Інсубрыя (ад назвы кельцкага племя інсубраў). У 2 ст. да н.э. заваявана Рымам. У 5—7 ст.н.э. на Л. нападалі остготы, Візантыя, лангабарды (адсюль назва Л.). З 8 ст. ў складзе імперыі Каралінгаў. З 10 ст. ў «Свяшчэннай Рымскай імперыі», у 11—13 ст. існавалі самакіравальныя гар. камуны, у 14—15 ст. усталяваліся тыранічныя рэжымы. Пазней належала ісп. і аўстр.Габсбургам, напалеонаўскай Францыі, з 1815 пад аўстр. панаваннем, уваходзіла ў склад Ламбарда-Венецыянскага каралеўства. З 1859 у складзе Італіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯ́МУС (ад ням. Lehmhaus),
старадаўні тып гасп. пабудовы для захоўвання харч. прадуктаў, збожжа, адзення, каштоўнай маёмасці, прылад працы, а таксама для жылля ўлетку. Быў пашыраны ў Літве, Польшчы, некаторых раёнах Украіны. На Беларусі вядомы ў 2-й пал. 16 — 1-й пал. 20 ст. Будавалі з дрэва, цэглы, каменю або ў тэхніцы «прускага муру». Пад Л. рабілі паграбы. Л. былі 1—3-павярховыя (у ніжнім паверсе гасп. памяшканні, у верхніх — жылыя), прамавугольныя або квадратныя ў плане, завершаныя 2-схільнымі вальмавымі, шатровымі ці ламанымі дахамі. Сцены часам звонку атынкоўвалі.
Паводле кампазіцыі Л. падзяляліся на цэнтрычныя і франтальныя. Цэнтрычныя мелі квадратны ці шматвугольны (звычайна 8-гранны) план. 2-і і 3-і паверхі з балюстраднымі галерэямі па перыметры, якія кансольна навісалі над ніжнім паверхам або апіраліся на мураваныя ці драўляныя слупы (в.Вял. Мажэйкава Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл., Нова-Ясневічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.). Л. франтальнай кампазіцыі былі звычайна 2-павярховыя, мелі ў плане форму выцягнутага прамавугольніка (радзей квадрата), з галерэямі на гал. фасадзе (Гродзенскі лямус) або па перыметры ўсяго будынка. У некаторых замках 18 ст. (г. Камянец Брэсцкай вобл.) Л. размяшчалі над брамамі. У канцы 18—19 ст. пад уплывам стыляў класіцызму і ампір Л. набылі манум. выгляд: цэнтр гал. фасада вылучаўся прамавугольным парталам з калонамі дарычнага ці тасканскага ордэра, ашаляваныя звонку сцены былі ўпрыгожаны фрызамі з трыгліфамі і метопамі, над будынкам узвышаўся бельведэр (в. Дунілавічы Пастаўскага р-на Віцебскай вобл.).
Ю.А.Якімовіч.
Лямус у вёсцы Вялікае Мажэйкава Шчучынскага раёна Гродзенскай вобл. 1970-я г.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РТУЦЬ (лац. Hydrargyrum),
меркур, Hg, хімічны элемент II групы перыяд. сістэмы, ат. н. 80, ат. м. 200,59. Прыродная Р. складаецца з 7 стабільных ізатопаў з масавымі лікамі: 196, 198—202, 204. У зямной кары 7∙10−6% па масе; трапляецца самародная Р., найважн. рудны мінерал — кінавар. Вядомая са стараж. часоў; лац. назва ад гідра... і грэч. argyros — серабро; сярэдневяковая лац. mercurius — назва Р. ў алхімікаў.
Серабрыстая вадкасць (адзіны валкі метал tпл -38,87 °C), шчыльн. 13545,7 кг/м³ (цяжэйшая за ўсе вядомыя вадкасці), tкіп 356,58 °C. Пара Р. бясколерная, пры высокай т-ры і эл. разрадзе выпрамяняе бачнае блакітнавата-зялёнае і ультрафіялетавае святло. Хімічна ўстойлівая. У сухім паветры не акісляецца; акісляецца азонам і пры t > 300 °C кіслародам (утвараецца аксід HgO). Непасрэдна не ўзаемадзейнічае з азотам. фосфарам, вугляродам, крэмніем. Раствараецца ў азотнай і гарачай канцэнтраванай сернай к-тах, царскай гарэлцы. Лёгка ўзаемадзейнічае з галагенамі (гл.Ртуці хларыды) і халькагенамі (гл.Ртуці сульфід). З металамі ўтварае амальгамы. Пашыраны ртуцьарганічныя злучэнні. Атрымліваюць пераважна акісляльным абпалам кінавары. Выкарыстоўваюць для вырабу катодаў пры электрахім. атрыманні едкіх шчолачаў і хлору, а таксама для палярографаў, у вытв-сці ртутных вентыляў, люмінесцэнтных і ртутных лямпаў (гл.Газаразрадныя крыніцы святла), дыфузійных вакуумных помпаў, кантрольна-вымяральных прылад (тэрмометраў, барометраў, манометраў) і інш. Р. высокатаксічная для ўсяго жывога, пара і злучэнні Р. вельмі атрутныя, назапашваюцца ў арганізме і парушаюць абмен рэчываў, пашкоджваюць нервовую сістэму. ГДК у атм. паветры 0,0003 мг/м³, у вадзе 0,0005 мг/л.
Літ.:
Трахтенберг И.М., Коршун М.Н. Ртуть и ее соединения в окружающей среде. Киев, 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́ЎКА,
апрацоўка металаў шматразовым перарывістым ударным уздзеяннем кавальскага інструменту на нагрэтую загатоўку. У выніку яна дэфармуецца і паступова набывае зададзеныя форму і памеры. Адрозніваюць К. ручную і машынную. Машынная К. робіцца на ковачных машынах і бывае свабодная — з выкарыстаннем плоскіх байкоў (адзінкавая і дробнасерыйная вытв-сць) або ў штампах (масавая і буйнасерыйная вытв-сць). Асн. аперацыі К.: асадка, высадка, працяжка, раскатка, прашыўка.
З стараж. часоў К. самародных медзі, бронзы, волава, серабра, золата, метэарытнага і вырабленага (сырадутнага) жалеза стала адным з асн. спосабаў апрацоўкі металаў, пашыраным рамяством — кавальствам. Халодная, а затым і гарачая К. вядома з 4—3-га тыс. да н.э. ў Іране, Месапатаміі, Егіпце і інш. Кавальства раней за інш. рамёствы вылучылася з земляробства, у сярэдневякоўі дасягнула росквіту ў краінах Зах. Еўропы. Да 15—16 ст. завяршылася спецыялізацыя кавальства па галінах (выраб халоднай і агнястрэльнай зброі, інструментаў, дэталей с.-г.прылад, дзвярэй і сундукоў куфраў*, каганцоў, замкоў, гадзіннікаў і інш.). Каваныя вырабы ўпрыгожваліся насечкай, узорамі, сусальным золатам, бронзавай паталлю і інш. (гл.Коўка мастацкая). У 16 ст. з’явіліся першыя мех. молаты, у пач. 19 ст. пачала выкарыстоўвацца машынная штампоўка, у сярэдзіне 19 ст. вынайдзены паравы молат (Дж.Несміт, Англія), у канцы гэтага ж стагоддзя з’явіўся гідраўлічны прэс. Кавальства ператварылася ў асобную галіну прамысл. вытв-сці — кавальска-прэсавую вытворчасць, у якой зліткі, сартавы і профільны пракат, лісты і інш. загатоўкі (пры неабходнасці нагрэтыя ў полымных і эл. печах) апрацоўваюць на ковачных машынах. У 19—20 ст. распрацаваны асновы тэорыі К. (П.П.Аносаў, Дз.К.Чарноў, М.С.Курнакоў, С.І.Губкін і інш.).
На Беларусі К. вядома з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невял. паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі коп’яў, нажы, долаты, конскую збрую і інш. Кавальства набывае пашырэнне ў 11—13 ст., калі становіцца высокаразвітым гарадскім рамяством. У 16 ст. ўзнікаюць першыя кавальскія цэхі, якія аб’ядноўваліся з іншымі (пераважна слясарнымі) ці вылучаліся ў самаст. прадпрыемствы. Значнага развіцця кавальства дасягнула ў 17—18 ст., калі ў гарадах працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцей: нажоўшчыкі, мечнікі, замочнікі, кацельшчыкі і інш. Большасць гарадскіх майстроў працавалі ў сферы манументальнага буд-ва: выраблялі агароджы, балконы, лесвічныя поручні, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. У 19 ст. з развіццём прам-сці гарадское кавальства заняпала, адначасова расла яго роля ў вёсцы. Асн. работамі тут былі акоўка трансп. сродкаў, падкоўванне коней, выраб с.-г. інвентару (сярпоў, сашнікоў, матык, драпешак), слясарнага і сталярнага інструменту (сякер, свярдзёлкаў, стругаў, долатаў, скобляў), прылад хатняга ўжытку (секачоў, качэргаў, багроў, бязменаў і інш.), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завес, клямак, замкоў, крукоў, зашчапак, кратаў і інш.). Для занятку К. будавалі драўляную, часам глінабітную ці цагляную кузню, абсталёўвалі яе кавальскай печчу (горнам), калодай з кавадлам, карытам з вадой для ахаладжэння і загартоўкі вырабаў, варштатам. Як кавальскі інструмент выкарыстоўвалі абцугі, малаткі, ціскі, прабойнікі, зубілы, метчыкі, цвікарні, дрылі, тачыла і інш. Вугаль (драўняны) набывалі на смалакурнях ці выпальвалі самі. Асн. кавальскай аперацыяй было награванне дачырвана загатоўкі і наданне ёй ударамі малатка патрэбнай формы. Вырабы пры неабходнасці загартоўвалі, цэментавалі, адпускалі, злучалі кавальскай зваркай, клёпкай, хамутамі. У наш час К. ў традыцыйным выглядзе захоўваецца пры калгасных і саўгасных майстэрнях, дзе з’яўляецца дапаможнай аперацыяй пры рамонце с.-г. тэхнікі і інвентару, абслугоўванні бытавых патрэб насельніцтва і звычайна спалучаецца з газа- і электразваркай.
Літ.:
Ковка и объемная штамповка стали: Справ. Т. 1—2. 2 изд. М., 1967—68;
Семерак Г., Богман К. Художественная ковка и слесарное искусство: Пер. с чеш. М., 1982;
Беларусы: У 8 т.Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАШЫНАБУДАВА́ННЕ І МЕТАЛААПРАЦО́ЎКА,
комплекс галін цяжкай прам-сці па вытв-сці машын, механізмаў, агрэгатаў, прылад, металаканструкцый, металавырабаў, а таксама па рамонце машын і абсталявання. У адпаведнасці з класіфікацыяй Рэспублікі Беларусь уключае каля 30 галін, найважнейшыя з іх: станкабудаўнічая і інструментальная, прыладабудаванне, аўтамабільная, трактарнае і с.-г. машынабудаванне, дарожна-буд. і камунальнае машынабудаванне, машынабудаванне для лёгкай і харч. прам-сці і быт.прылад, эл.-тэхн., сродкаў выліч. тэхнікі, падшыпнікавая, авіяц., суднабуд., метал. канструкцый, метал. вырабаў, рамонту машын і абсталявання і інш. (гл. адпаведныя артыкулы).
Машынабудаванне як галіна прам-сці ўзнікла ў 18 ст. Вынаходніцтва машын для вытв-сці пражы, ткацкага станка, паравой машыны як універсальнага рухавіка стымулявала стварэнне металаапр. станкоў. Як галіна вытв-сці станкабудаванне атрымала развіццё спачатку ў Вялікабрытаніі, потым у інш. краінах Зах. Еўропы, ЗША, а ў пасляваенныя гады ў Японіі, КНР, Бразіліі, Індыі і інш. Цяпер сярод краін свету М. і м. найбольш развіты ў ЗША (першае месца па колькасці і разнастайнасці выпускаемых відаў машын), Японіі (асабліва па выпуску легкавых машын і першае месца па выпуску прамысл. робатаў), Германіі, Вялікабрытаніі, Францыі, Італіі, Канады. У 1996 у свеце было выраблена 39,5 млн.шт. легкавых аўтамабіляў (Японія — 20,4%, ЗША — 16,8, Германія — 12,4, Францыя — 8,2, Вялікабрытанія — 4,4%) і 16,5 млн.шт. грузавых аўтамабіляў (ЗША — 43,7%, Японія — 16,9, Бразілія — 9,6, КНР — 5,0, Рэспубліка Карэя — 3,7%).
На Беларусі М. і м. як галіны вытв-сці пачалі развівацца ў канцы 19 — пач. 20 ст. Дзейнічалі: у Мінску — машынабуд. і чыгунаметалургічны з-д, як Кашырскі з 1881, металаапр.з-д «Гігант» з 1907; у Віцебску — чыгуналіцейны і машынабуд. з-д з 1877; у Магілёве — чыгуналіцейны з-д з 1915. У пач. 20 ст. было 26 невял. металаапр. прадпрыемстваў, якія выраблялі плугі, сярпы, косы, сякеры, цвікі, метал. посуд, нестандартнае абсталяванне для мукамольнай, крухмала-патачнай, дрэваапр. і спіртавой прам-сці, займаліся рамонтам рухомага саставу чыгунак і інш. У 1930-я г. значнымі цэнтрамі станкабудавання сталі Мінск, Віцебск, Гомель. Пачаўся выпуск складаных с.-г. і тарфяных машын, абсталявання для буд. прам-сці, электрарухавікоў. У пач. 1940-х г. асвоены выпуск радыёпрыёмнікаў. У Вял.Айч. вайну ч. машынабуд. з-даў была эвакуіравана ва ўсх. раёны СССР, астатнія разбураны. У пасляваенныя гады структура М. і м. значна змянілася. Пабудаваны аўтамабільны, трактарны, веласіпедны, інструментальны з-ды, радыёзавод у Мінску; асвоена вытв-сць падшыпнікаў, розных с.-г. машын, гадзіннікаў, электронна-выліч. машын, тэлевізараў і інш. Сучасныя М. і м. развіты ва ўсіх абласцях рэспублікі, найб. сканцэнтраваны ў Мінску (каля 45%); буйныя цэнтры М. і м. Гомель, Віцебск, Магілёў, Брэст, Гродна, Бабруйск, Баранавічы, Пінск, Орша, Барысаў, Жодзіна, Маладзечна. Дынаміку вытв-сці важнейшых відаў прадукцыі машынабудавання гл. ў табліцы. Паводле аб’ёму валавой прадукцыі, кошту асн.вытв. фондаў і колькасці рабочай сілы М. і м. займаюць 1-е месца ў рэспубліцы. У 1998 удзельная вага галіны ў агульным аб’ёме валавой прадукцыі склала 25,7%; у галіне 704 прадпрыемствы (з іх 24,7% — дзярж. уласнасці, якія далі 63% усяго аб’ёму прадукцыі), 37,2% усіх рабочых і служачых, 29,6% прамысл.-вытв. фондаў. Па колькасці відаў прадукцыі (больш за 600), сваёй разгалінаванасці, каап. сувязях машынабудаванне не мае сабе роўных сярод інш. галін прамысл. комплексу рэспублікі.
Літ.:
Сацыяльна-эканамічная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1997;
Рогач П.І., Сасноўскі В.М. Камерцыйная геаграфія Рэспублікі Беларусь. Мн., 1996.
П.І.Рогач.
Да арт.Машынабудаванне і металаапрацоўка. Робат-зваршчык у цэху Мінскага аўтамабільнага завода.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЛАТЭ́ХНІКА,
галіна навукі і тэхнікі. якая займаецца даследаваннем прынцыпаў і распрацоўкай спосабаў генерыравання, прасторавага размеркавання, вымярэння і выкарыстання аптычнага (інфрачырвонага, бачнага, ультрафіялетавага) выпрамянення. Звязана таксама з пераўтварэннем святла ў інш. віды энергіі (напр., у оптаэлектроніцы).
Бывае: асвятляльная — выкарыстанне святла для асвятлення жылых, вытворчых і інш. памяшканняў, распрацоўка штучных крыніц святла, асвятляльных прылад, святлотэхнічных матэрыялаў, нарміраванне, праектаванне і эксплуатацыя святлотэхн. установак; святлосігнальная — аптычная сігналізацыя, распрацоўка святлосігнальных прыстасаванняў і сістэм кіравання імі (гл.Аптычная лакацыя, Аптычная сувязь, Маяк, Святлафор); святлопраекцыйная — атрыманне светлавых праекцый, святлокапіраванне, святламузыка (гл.Капіравальна-размнажальная тэхніка, Праекцыйны апарат); апрамяняльная — уздзеянне бачнага і нябачнага святла на чалавека, жывёл, расліны, вытв. працэсы (штучнае апрамяненне арганізма з лячэбнымі мэтамі, святлолячэнне, абеззаражванне вады і харч. прадуктаў, сушка пакрыццяў, вырошчванне пры штучным асвятленні агародніны, садавіны і інш.); вымяральная — вымярэнне характарыстык аптычнага выпрамянення (гл.Колераметрыя, Фотаметрыя); будаўнічая — выкарыстанне святла ў буд-ве і архітэктуры, яго размеркаванне ў будынках, на плошчах, гар. ансамблях; С. кінематаграфіі — распрацоўка і выкарыстанне спец. крыніц святла, асвятляльных прылад, экранаў для кіназдымкі, капіравання фільмаў і кінапраекцыі (гл.Кіназдымачны апарат). Для канцэнтрацыі светлавога патоку ў патрэбных кірунках выкарыстоўваюць свяцільні з люстранай і прызматычнай оптыкай; для памяншэння асляпляльнага дзеяння святла — розныя адбівальнікі і рассейвальнікі (дыфузныя і прызматычныя); для вял. канцэнтрацыі светлавога патоку — люстэркі рознай формы (напр., у пражэктарах). для атрымання звышмагутных накіраваных светлавых пучкоў — лазеры.
Стараж. крыніцы святла — вогнішчы, запаленыя трэскі і факелы (з наматаным на канцы палкі прасмоленым пакуллем), лучынныя святцы і лучнікі, неглыбокія каменныя міскі і гліняныя чашы на паддонах, у Стараж. Грэцыі і Рыме — гліняныя і бронзавыя свяцільні, лампады, у якія налівалі аліўкавы алей. Пазней з’явіліся свяцільні з 2 адтулінамі — для кнота і налівання тлушчу або алею (на Беларусі наз.каганцы), шмат’ярусныя гліняныя сподкі, свечачныя лампады. У пач. 19 ст. з’явіліся асвятляльныя лямпы, у якіх спальвалася газа (масла, спірт, ацэтылен); у 1855 Р.В.Бунзен вынайшаў газоўку, якая пачала выкарыстоўвацца ў газавых ліхтарах для асвятлення вуліц; у 1872 А.М.Ладыгін вынайшаў эл.лямпу напальвання, у 1876 П.М.Яблачкаў — дугавую лямпу; у 1850—1910-я г. створаны газасветныя трубкі, у СССР у 1928 — газасветныя, у 1935 — натрыевыя, у 1938 — люмінесцэнтныя лямпы, пазней інш.газаразрадныя крыніцы святла. З 1920-х г. набыў пашырэнне тэрмін «С.» ў яго сучасным значэнні (да гэтага часу яго разумелі як асвятленне). Развіццё С. паспрыяла станаўленню электронікі. Навук. даследаванні па С. пачаліся з 17 ст. (працы К.Гюйгенса, І.Ньютана, П.Бугера, М.В.Ламаносава, І.Г.Ламберта, Т.Юнга, В.У.Пятрова і інш.). Значны ўклад у развіццё С. зрабілі С.І.Вавілаў, М.А.Шатэлен (фотаметрыя, нарміраванне святлотэхн. установак), П.М.Ціхадзееў (светлавыя эталоны і вымярэнні), У.В.Мяшкоў (нарміраванне і праектаванне асвятляльных установак) і інш.
Літ.:
Мешков В.В. Основы светотехники. Ч. 1. 2 изд. М., 1979;
Тиходеев П.М. Световые измерения в светотехнике (фотометрия). 2 изд. М.; Л., 1962;
Мешков В.В., Епанешников М.М. Осветительные установки. М., 1972;
Гусев Н.М., Макаревич В.Г. Световая архитектура. М., 1973;
Карякин Н.А. Световые приборы. М., 1975;
Светотехника и инфракрасная техника. Т. 6. Физика, техника и перспективы развития источников света массового применения. М., 1989;
Гуторов М.М. Основы светотехники и источники света. 2 изд. М., 1983;
Степанцов В.П. Светотехническое оборудование в сельскохозяйственном производстве. Мн., 1987;
Трембач В.В. Световые приборы. 2 изд. Мн., 1990.
В.В.Валяўка, У.М.Сацута.
Некаторыя з асноўных крыніц святла ў гістарычным развіцці святлатэхнікі: 1 — факелы (з тлушчам і маслам); 2 — масляны свяцільнік у выглядзе лодкі (Стараж. Грэцыя, 5 ст. да н.э.); 3 — масляная бронзавая лямпа (Рым, 1 ст.н.э.); 4 — свяцільнік з гнуткай свечкай; 5 — люстра-падсвечнік (панікадзіла, 15 ст.); 6 — масляная лямпа з асобным рэзервуарам; 7 — газная лямпа (пач. 19 ст.); 8 — газавы ражок; 9 — ацэтыленавая лямпа; 10 — газанапальны ліхтар вулічнага асвятлення (канец 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
інструме́нт, ‑а і ‑у, М ‑нце, м.
1.‑а. Усякая прылада для выканання якой‑н. работы. Шыла — шавецкі інструмент. Медыцынскія інструменты. □ Пад паветкай стаялі канапка, варштат, ляжалі акуратна складзеныя габляваныя дошкі і на сцяне віселі розныя сталярскія інструменты: пілкі, гэблі, цыркулі, стамескі.Шамякін.
2.‑у; зб. Сукупнасць прылад для якой‑н. работы; начынне (у 1 знач.). Перш-наперш.. [Маня] вельмі ж актыўна перакапала шуфляду, дзе хаваўся бацькаў хатні інструмент.Якімовіч.— Не забывайся, што, апрача дваццаці пальцаў, у нас ніякага інструменту няма, — заўважыў Мірон.Маўр.
3.‑а; перан.; чаго. Сродак для дасягнення чаго‑н. Талент — гэта толькі інструмент, які дорыць чалавеку прырода.Адамовіч.Армія.. заставалася паслухмяным інструментам у руках рэакцыйнага генералітэту і Стаўкі.«Полымя».
4.‑а. Тое, што і музычны інструмент. Вочы.. [Чарноцкага] ўпалі на піяніна, ён падыходзіць да інструмента, адкрывае, задуменна стукае пальцамі па клавіятуры, бярэ акорд.Чорны.
•••
Музычны інструмент — апарат, які служыць для стварэння музычных гукаў пэўнага тэмбру.
Шанцавы інструмент (ваен.) — набор інструментаў для акопвання: лапата, кірка, тапор і пад.
[Лац. instrumentum.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
о́рган, ‑а, м.
1. Частка расліннага ці жывёльнага арганізма, якая выконвае пэўную функцыю. Органы пачуццяў. Сэрца — орган рэдкай працаздольнасці.
2.перан. Сродак, зброя. Суд у нашай краіне — гэта не толькі орган прымусу.«Звязда».
3. Установа, арганізацыя, якая ўваходзіць у склад сістэмы ўпраўлення і выконвае пэўныя функцыі ў розных сферах грамадскага жыцця. Органы савецкай улады. Гаспадарчыя органы. □ Да вайны .. [Лёня] працаваў у Мінску ў органах бяспекі.Новікаў.У брыгадзе выбраны савет з найбольш актыўных і паважаных работнікаў. На кароткіх сваіх пасяджэннях пасля работы гэтыя аўтарытэтныя брыгадныя органы падводзяць вынікі работы за дзень.Кулакоўскі.
4. Перыядычнае выданне, якое выпускаецца якой‑н. партыяй, арганізацыяй і выражае іх погляды і дзейнасць.
5. Састаўная частка розных прылад, якая выконвае пэўную функцыю. Сепарыруючыя органы камбайна. Рабочыя органы бараны.
•••
Правізорныя органы — часовыя органы ў зародкаў і лічынак мнагаклетачных жывёлін, якія знікаюць у працэсе развіцця арганізма.
Рудыментарны орган — орган, які страціў сваё значэнне ў працэсе гістарычнага развіцця арганізмаў або які знаходзіцца на шляху да поўнага знікнення.
[Ад грэч. órganon — прылада, інструмент.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ВО́ТЧЫННАЯ ПРАМЫСЛО́ВАСЦЬ,
прадпрыемствы вотчыны, маёнтка, заснаваныя на працы прыгонных сялян на Беларусі, Украіне і ў Расіі ў 17—19 ст. Дробная вытв-сць — вотчыннае рамяство развівалася з 11—12 ст. На Украіне (пераважна Левабярэжнай) вотчынныя мануфактуры ўзніклі ў канцы 17 ст.; выраблялі жалеза, шкло, салетру, тытунь, сукно, шоўк, з 1830-х г. — цукар. У Расіі вотчынная прамысловасць існавала з 17 ст., вырабляла паташ, палатно, сукно, шоўк, гарэлку; найб. развіццё атрымала ў 2-й пал. 18 ст.
На Беларусі буйная вотчынная прамысловасць у форме мануфактуры ўзнікла ў пач. 18 ст. Гэта былі пераважна прадпрыемствы, заснаваныя на выкарыстанні ўласнай с.-г. і лясной сыравіны, паліва і прылад працы вотчыннікаў. Першыя прадпрыемствы такога тыпу — Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. У 2-й пал. 18 ст. вылучаліся суконныя мануфактуры ў Нясвіжы, Мінску, Брэсце, Слуцкая мануфактура шаўковых паясоў, гуты ў мяст. Ілья Вілейскага і мяст. Мыш Навагрудскага пав., а таксама жалезаапр. прадпрыемствы графа І.Храптовіча ў Ашмянскім пав. У канцы 18 ст. ўзніклі буйныя мануфактуры ва ўсх.ч. Беларусі, якая адышла да Рас. імперыі (у Шклове, Крычаве, Добрушы, Дуброўне, Горках, Беліцы і інш.). Большасць іх прадукцыі ішла па пастаўках у казну: палатно на парусы для флоту, сукно на абмундзіраванне для арміі, скуры, шкляны посуд, гарэлка і інш. У цэлым у вотчыннай прамысловасці пераважалі дробныя прадпрыемствы, асабліва ў мукамольнай, вінакурнай, дрэваапр., цагельнай і гарбарнай вытв-сці. У 1796 на Беларусі было 8649 вотчынных прадпрыемстваў, на якіх працавала 15 тыс.чал. З развіццём прам-сці прадпрыемствы ўзбуйняліся, а іх колькасць змяншалася: да 1861 іх засталося 2313. Адмена прыгоннага права ў 1861 прывяла да ліквідацыі вотчыннай прамысловасці. Прадпрыемствы вотчыннай прамысловасці былі зачынены, прададзены прадпрымальнікам або рэарганізаваны на капіталіст. лад.