САФІ́СТЫ (грэч. sophistēs мудрэц, майстар),

умоўнае абазначэнне шэрагу стараж.-грэч. філосафаў сярэдзіны 5—1-й пал. 4 ст. да н.э. Першапачаткова С. называлі мудрых людзей, дасведчаных і аўтарытэтных у пытаннях прыватнага і грамадскага жыцця. З сярэдзіны 5 ст. да н.э. С. сталі называць платных выкладчыкаў красамоўства і разнастайных ведаў, якія актыўна ўдзельнічалі ў грамадскім жыцці. С. былі практыкамі і тэарэтыкамі рыторыкі. У цэнтры іх увагі было слова. Яны ўпершыню заўважылі, што мова — семантычна адкрытая сістэма, якая характарызуецца зараджэннем новых і стратай устарэлых сэнсаў слова. Адрозніваюць старэйшых (Пратагор, Горгій, Гіпій, Антыфонт, Крытый) і малодшых С. (Лікафрон, Алкідамант, Трасімах). С. не былі адзінай, цэласнай групай ні па сац.-паліт. арыентацыі, ні па філас. ідэях. Агульнае, што аб’ядноўвае іх, — перанос увагі з натурфіласофіі на праблемы чалавека, яго суб’ектыўных здольнасцей, этыкі, палітыкі і тэорыі пазнання. Характэрная рыса вучэнняў С. — рэлятывізм, які знайшоў класічнае выяўленне ў тэзісе Пратагора «Чалавек — мера ўсіх рэчаў». С. лічылі, што не існуе надзейных аб’ектыўных крытэрыяў для адрознення ісціны ад маны, дабра ад зла, справядлівасці ад несправядлівасці. Рэлятывізму С. садзейнічаў характар іх дзейнасці: гал. задачай яны лічылі навучыць чалавека пераканаўча абараняць любую ідэю, якая б магла спатрэбіцца для паспяховага ўладкавання спраў. Вучэнні С. супярэчылі традыц. рэліг. вераванням: напр., Пратагор сцвярджаў, што не ведае, ці існуюць багі; Крытый абвяшчаў рэлігію выдумкай, прызначанай для таго, каб прымушаць простых людзей падпарадкоўвацца законам. Шэраг С. прапаведавалі ідэі роўнасці людзей перад богам і прыродай і абвяргалі прывілеі знаці (Алкідамант, Антыфонт, Лікафрон).

А.​Б.​Савеня.

т. 14, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУБСТРА́Т (ад позналац. substratum аснова, літар. — падсцілка),

сукупнасць адносна простых, якасна элементарных утварэнняў, узаемадзеянне якіх абумоўлівае ўласцівасці пэўнай сістэмы ці працэсу; агульная аснова ўсіх з’яў і працэсаў. Паняцце «С.» блізкае да субстанцыі, таму першапачаткова ў філасофіі іх не адрознівалі, але кожнае з іх датычыцца розных аспектаў рэчаіснасці. У адрозненне ад субстанцыі як фундаментальнай сутнасці быцця, якая забяспечвае ўнутр. адзінства канкрэтных рэчаў, з’яў і працэсаў, пад С. разумеюць найб. элементарны (ніжні) слой рэальнасці. У некат. матэрыяліст. вучэннях С. прызнаваліся непадзельныя атамы, у ідэаліст. — нематэрыяльная энергія (энергетызм), «элементы свету» (эмпірыякрытыцызм) і інш. Адрозніваюць метафізічна-матэрыяліст. тлумачэнне С., дзе С. разглядаецца як элементарны нязменны першапачатак і зыходны носьбіт усіх уласцівасцей, стану і атрыбутаў аб’ектыўнай рэальнасці, і дыялектыка-матэрыяліст. разуменне С., дзе прызнаецца змяняльная прырода С. як вынік узаемадзеяння форм руху і субстратнага аспекту матэрыяльнага быцця. Ў гэтых межах паняцце С. выкарыстоўваецца для характарыстыкі якаснай неаднароднасці сістэмнай арганізацыі матэрыі і разнастайнасці структурных узроўняў розных форм руху. С. фіз. працэсаў лічацца элементарныя часціцы і палі, фундаментальныя ўздзеянні якіх (гравітацыйныя, электрамагнітныя, слабыя і моцныя) абумоўліваюць фізіка-хім. формы руху. С. хім. рэакцый выступаюць атамы, якія захоўваюць устойлівасць пры стварэнні і пераўтварэнні розных відаў рэчываў. С. у біялогіі — аснова, да якой прымацаваны нерухомыя арганізмы (для мікраарганізмаў і раслін адначасова з’яўляецца пажыўным асяроддзем); апорны элемент навакольнага асяроддзя, напр., грунт вадаёмаў для бентасу. У біяхіміі С. — рэчыва, на якое ўздзейнічае фермент. С. сац. форм руху з’яўляецца чалавек, мэтанакіраваная дзейнасць якога ляжыць у аснове ўсіх сац. змен.

А.​Б.​Савеня.

т. 15, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Брыта́н ’сабака англійскай пароды’, ’таўсцяк’ (Нас.), чалавек моцнага складу’ (Клім.). Параўн. укр. брита́н ’бульдог, парода вялікіх сабак’. Усё гэта запазычанне з польск. brytan ’сабака’ (першапачаткова ’брытанскі, англійскі сабака’, гл. Брукнер, 43). Адсюль пераносна ’таўсцяк, моцны чалавек’, гл. Кюнэ, Poln., 46. Параўн. брысь 2.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Васкаве́нь ’мяшок для сыроў’ (Мат. дыял. канф., 74). Першапачаткова, бясспрэчна, значэнне гэтага слова было ’мяшок для воску’ (вытворнае ад воскавы + суф. ‑ень). Параўн. дакладную семантычную паралель: во̂ско̂ві́к ’мяшочак для прасавання топленага воску’ (Анох.) — васкаві́к ’палатняны мяшочак для прыгатавання тварагу і сыру’ (Вешт., 393).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Го́ркі ’горкі’ (БРС, Шат., Касп.). Рус. го́рький, укр. гірки́й, польск. gorzki, чэш. hořký, балг. го́рък, серб.-харв. го́рак. Прасл. *gorьkъ ’тс’ звязана з *gorěti ’гарэць’ (першапачаткова *gorьkъ ’пякучы’). Гл. Фасмер, 1, 445; Слаўскі, 1, 323–324; Трубачоў, Эт. сл., 7, 55–56.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Капэ́лія, капэля ’гурт, вялікая кампанія (неадабральна)’ (Бяльк., Бір. Дзярж.). Першапачаткова ’група музыкантаў’ (параўн. капэля) з польск. kapela ў тым жа значэнні ад ранейшага ’група музыкантаў, якая выступала ў капліцы’ (Слаўскі, 2, 52–53). Польск. kapela, ням. Kapelle, с.-лац. caplela (гл. капэля).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Балдахі́н. Рус. балдахи́н, укр. балдахі́н. Запазычанне з польск. bałdachin, bałdachim (супраць Шанскі, 1, Б, 23, але без аргументацыі) або ням. Baldachin < франц. baldaquin < с.-лац. baldacinus, італ. baldacchino (першапачаткова ’дарагая тканіна з Багдада’: сярэдневяковая назва Багдада — Baldac). Локач, 15; Фасмер, 1, 114–115.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Кур’я́н 1 ’курыца з прыкметамі пеўня’ (ТС). Да кур 1 (гл.). Першапачаткова *куран (Сцяцко, Афікс. наз., 147).

Кур’я́н 2 ’дзіцячая гульня’ (ТС). Да курʼян 1 (гл.). Параўн. куры (гл.) — тая самая гульня. Ловяць з завязанымі вачыма. Каго зловяць, той «кур’ян» (ТС, 2, 254).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Правава́цца ’судзіцца, мець цяжбу’ (Нас.; віл., Сл. ПЗБ), ’спрачацца, сварыцца’ (Сл. ПЗБ, Сцяшк. Сл.), ’апраўдвацца’ (Шат.), правува́ты ’крыўдзіцца’ (Сл. Брэс.), ст.-бел. правоватися ’кіравацца прававымі нормамі, судзіць па закону’ (Ст.-бел. лексікон). Да пра́ва (гл.); першапачаткова ’дамагацца права’. Сюды ж прасова́ць ’кіраваць’ (ТС).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Про́падзь ’пагібель’ (Нас.), ц.-слав., ст.-слав. пропадь ’цясніна, пропасць’. Прасл. *propadь, дэрыват з суф. ‑ь ад *propadǫ, *propasti ’прапасці’ (Слаўскі, SP 2, 50) першапачаткова nomina abstracta. У Насовіча, відаць, з царкоўнаславянскай, паколькі ў гаворках слова не зафіксавана. Развіццё значэння аналагічна пропасць (гл.).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)