арганічныя злучэнні, у якіх атамы вугляроду звязаны паміж сабой у адкрытыя лінейныя ці разгалінаваныя ланцугі. Ацыклічныя злучэнні з простымі сувязямі паміж атамамі вугляроду адносяцца да насычаных злучэнняў, з адной ці некалькімі двайнымі або трайнымі вуглярод-вугляроднымі сувязямі — да ненасычаных злучэнняў. Пад уздзеяннем каталізатараў і высокіх т-р адбываюцца хім. ператварэнні паміж насычанымі і ненасычанымі ацыклічнымі злучэннямі, а таксама паміж ацыклічнымі злучэннямі і аліцыклічнымі злучэннямі. Практычнае значэнне мае ператварэнне ацыклічных злучэнняў у араматычныя (гл.Араматызацыя). Да ацыклічных злучэнняў належаць вуглевадароды і іх вытворныя (спірты, кіслоты, эфіры, аміны і інш.), тлушчы і вугляроды (цукры, крухмал, клятчатка і інш). Асн. крыніца ацыклічных злучэнняў — нафта, прыродны газ, прадукты расліннага паходжання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АНТЫ́ЛЬСКІЯ АСТРАВЫ́ (ісп. Antillas),
архіпелаг у Атлантычным ак. паміж Паўн. і Паўд. Амерыкай (Вест-Індыя). Падзяляецца на Вялікія Антыльскія астравы і Малыя Антыльскія астравы. Пл. 220 тыс.км². Антыльскія астравы мацерыковага і вулканічнага паходжання, паверхня б.ч. гарыстая (найвыш.г. Дуартэ, 3175 м, на в-ве Гаіці), характэрна моцная сейсмічнасць (акрамя раўніннай ч. Кубы). Клімат трапічны вільготны. Расліннасць — саванна, захаваліся ўчасткі лістападных і вечназялёных лясоў і хмызнякоў. Жывёльны свет: грызуны, лятучыя мышы, з паўзуноў кракадзілы, яшчаркі, змеі. На Антыльскіх астравах дзяржавы Антыгуа і Барбуда, Барбадос, Гаіці, Грэнада, Дамініка, Дамініканская Рэспубліка, Куба, Сент-Вінсент і Грэнадзіны, Сент-Кітс і Невіс, Сент-Люсія, Трынідат і Табага, Ямайка, а таксама ўладанні ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нідэрландаў, ч.тэр. Венесуэлы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСТРО́МЫ (ад бія... + грэч. stroma подсціл),
1) арганагенныя пабудовы, утвораныя арганізмамі жывёльнага і расліннага паходжання (сцелюцца па дне вадаёмаў). Бываюць слаістыя, радзей масіўныя пластападобныя. Марфалагічна біястромы як геал. целы — пласты, серыі пластоў або сплюшчаныя лінзы, палеагеаграфічна — падводныя зараснікі, лугі. Біястромы, якія развіваюцца адна над адной, могуць утвараць біястэпы. У асадкавых адкладах Беларусі вядомы выкапнёвыя, пераважна складзеныя з сіне-зялёных водарасцяў (страматаліты) бістромы ва ўтварэннях верхняга пратэразою і сярэдняга дэвону Аршанскай упадзіны, сілуру і ніжняга дэвону Брэсцкай упадзіны, верхняга дэвону і карбону Прыпяцкага прагіну. У Прыпяцкім прагіне бістромы цікавыя як пасткі нафты і газу.
2) Сучасныя каралавыя рыфы. Пры жыцці арганізмаў біястромы могуць уваходзіць у склад рыфа або яго лагуннай часткі.
нідэрландскі драматург і паэт. Яго творчасць увабрала ў сябе традыцыі нар.т-ра і песні, злучыла ў адно цэлае элементы рэнесансавыя, барочныя і тэндэнцыі новага рэалізму. У драмах «Родэрык і Альфонс» (1611), «Грыяна» (1612), «Нямы рыцар» (не скончана) абараняў годнасць чалавека незалежна ад яго саслоўнага паходжання. Нар. гумар, сакавітыя фарбы і вобразная, наўмысна грубаватая мова вылучаюць «Клухт пра карову» (1612) і «Клухт пра мельніка» (1613), напісаныя ў традыцыі нар. сярэдневяковага фарса — клухта. Лепшыя творы — камедыі «Маўрытанка» (1615) і «Іспанец з Брабанта» (1617). Паэзія Брэдэра сабрана ў «Вялікай кнізе песень» (выд. 1622).
Літ.:
Ошис В.В. История нидерландской литературы. М., 1983. С. 81—86.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВІ́ЛЕНСКІЯ ЯКАБІ́НЦЫ»,
група арганізатараў і ўдзельнікаў шляхецка-бурж. блока на Беларусі і ў Літве ў час паўстання 1794, якая выступала за рэв.сац.-паліт. пераўтварэнні. Да «віленскіх якабінцаў» належалі ў асн. вайскоўцы — пераважна афіцэры шляхецкага паходжання, часткова выхадцы з інш. саслоўяў, сярод іх: Я.Ясінскі, П.Грасмані, А.Гушкоўскі, Ю.Гарноўскі, М.Шульц, К.Эльснер, М.Карповіч. «Віленскія якабінцы» адкрыта падтрымлівалі мэты франц. рэвалюцыі 1789—94 і выказвалі надзею на дапамогу з боку рэв. Францыі. Выступалі за паступовую ліквідацыю прыгонніцтва, адмену саслоўных абмежаванняў для мяшчан, за рэсп. лад у дзяржаве, братэрства народаў. Яны ўвайшлі ў Найвышэйшую літоўскую раду, далі пачатак радыкальна-дэмакр. плыні ў вызв. руху на Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІТАМІ́ННЫЯ КАРМЫ́,
раслінныя і жывёльныя кармы з павышанай колькасцю вітамінаў або правітамінаў. Асабліва багатая вітамінамі маладая зялёная трава. Асн. кармавыя крыніцы вітамінаў: вітаміну A — малодзіва, малако, маслёнка, сыроватка, тварог; вітаміну D — сена сонечнай сушкі, сянаж, сілас, закладзеныя ў сонечнае надвор’е, малодзіва, малако, мука рыбная; вітаміну E — зялёныя і травяністыя кармы, прарослае зерне, вотруб’е пшанічнае; вітаміну K — лісце зялёных раслін, травяністыя кармы, бацвінне караняплодаў, водарасці; вітамінаў групы B — зялёныя расліны, добрае сена, зерневыя кармы, вотруб’е, кармавыя дрожджы, травяная мука бабовых, мука рыбная, макуха і шроты, малочныя кармы, зерне бабовых і злакаў, кармы жывёльнага паходжання; вітаміну C — маладыя зялёныя расліны, коранеклубняплоды. Багатая крыніца вітамінных кармоў — абагачаныя вітамінамі камбікармы, бялкова-вітамінна-мінеральныя дабаўкі і прэміксы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́СКІ,
рэчывы, пераважна прыроднага паходжання, па ўласцівасцях блізкія да пчалінага воску. Аморфныя, тэрмапластычныя, воданепранікальныя, маюць нізкую эл. праводнасць, tпл 40—90 °C, гаручыя. Хім. ўласцівасцямі блізкія да тлушчаў.
Прыродныя воскі падзяляюць на жывёльныя (пчаліны воск, ланалін, спермацэт), раслінныя (карнаўбскі, пальмавы, японскі і інш.) і выкапнёвыя (тарфяны, буравугальны, азакерыт, цэразін). Жывёльныя і раслінныя складаюцца пераважна са складаных эфіраў, утвораных вышэйшымі тлустымі к-тамі і аднаатамнымі спіртамі з 12—46 атамамі вугляроду ў малекуле. Выкапнёвы воск (азакерыт, цэразін) — сумесь насычаных вуглевадародаў. Атрымліваюць сінт. воскі (напр., з нафтавых парафінаў, полімерызацыяй этылену).
Выкарыстоўваюць для прыгатавання палітур, ахоўных кампазіцый для металаў, тканін, паперы, скуры, як ізаляцыйны матэрыял, кампанент мазяў у касметыцы і медыцыне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТУМЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
карысныя выкапні арган.паходжання з першаснай вуглевадароднай асновай. Залягаюць у нетрах у цвёрдым, вязкім і вязкапластычным станах. Падзяляюцца на нафтыды і нафтоіды. Нафтыды: нафта і яе натуральныя вытворныя (мальты, асфальты, асфальтыты, керыты, азакерыты і інш.), прыродныя газы. Нафтоіды — нафтападобныя прадукты натуральнай узгонкі арган. рэчыва пад уплывам цяпла магмы. Бітумы прыродныя — комплексная хім. і энергет. сыравіна, крыніцы серы, каштоўных металаў (ванадый, нікель, сурма, уран) і інш. Выкарыстоўваюць як буд. сыравіну (дарожныя пакрыцці, вытв-сць руберойду, асфальтавай масцікі і інш.), у электрапрамысловасці. Найб. запасы бітумаў прыродных у Канадзе, Венесуэле, ЗША. У Беларусі трапляюцца амаль ва ўсіх пародах платформавага чахла, найб. у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе сканцэнтраваны асн.прамысл. паклады нафты. Гл. таксама Бітумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛАГІ́ЧНАЯ АЧЫ́СТКАсцёкавых водаў,
метад ачысткі быт. і прамысл. сцёкавых водаў, заснаваны на выкарыстанні здольнасці арганізмаў (пераважна бактэрый) разбураць (мінералізаваць) забруджвальнікі арган.паходжання. Ажыццяўляецца на ачышчальных збудаваннях самастойна ці ў комплексе з мех., фіз.-хім. і інш. метадамі. Аэробная (з удзелам кіслароду паветра) мінералізацыя адбываецца на палях фільтрацыі, палях арашэння, у біялагічных сажалках, каналах, біяфільтрах, аэратэнках. Анаэробная (без прысутнасці кіслароду) — у двух’ярусных адстойніках і метантэнках. Ступень ачысткі сцёкавых водаў пры выкарыстанні метадаў біялагічнай ачысткі дасягае 98% (арган. рэчываў у вадзе практычна няма, вада не гніе, колькасць шкодных мікраарганізмаў зніжаецца). Для разбурэння і дэтаксікацыі «незгнівальных» сінт. рэчываў выкарыстоўваюць спец. штамы мікраарганізмаў, якія атрымліваюць у выніку штучнага мутагенезу.
Літ.:
Очистка производственных сточных вод. 2 изд. М., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАНА́ТЫ (ад лац. granatus зярністы),
група мінералаў падкласа астраўных сілікатаў з агульнай формулай R2+R3+ [Sio4]3, дзе R2+ — Ca, Fe, Mg, Mn, а R3+ — Al, Fe, Cr. Утвараюць ізаморфныя рады, канцавыя члены якіх — піроп (цёмна-ружавата-чырвоны, чорны), альмандзін (чырвоны, бура-шэры, чорны), спесарцін (аранжава-жоўты, буры, цёмна-чырвоны), грасуляр (мядова-жоўты, бледна-зялёны, буры), андрадыт (жоўты, зеленаваты, буравата-чырвоны), шарламіт (чорны), уваравіт (ізумрудна-зялёны). Крышталізуецца ў кубічнай сінганіі. Утварае асобныя крышталі, трапляецца і ў выглядзе зярністай масы. Бляск шкляны. Цв. 6—7,5. Шчыльн. 3,2—4,3 г/см³. Метамарфічнага, кантактава-метасаматычнага і магматычнага паходжання. Выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні (празрыстыя і прыгожа афарбаваныя), абразіўныя матэрыялы, у пошукавай геалогіі.