ПРАСКУ́РЫН Пётр Лукіч (22.1.1928, пас. Косіцы Сеўскага р-на Бранскай вобл., Расія—26.10.2001),
рускі пісьменнік. Герой Сац. Працы (1988). Скончыў Вышэйшыя літ.курсы ў Маскве (1964). Друкаваўся з 1958. Першая кніга — зб.апавяд. «Таежная песня» (1960). У філас. трылогіі «Лёс» (1972, Дзярж. прэмія Расіі, 1974; паводле рамана кінадылогія «Каханне зямное», 1974, і «Лёс», 1977), «Імя тваё» (1977), «Адрачэнне» (кн. 1—2, 1989—90) лёс рус. народа на трагічных пераломах гісторыі, непадзельнасць лёсу асобнага чалавека з лёсам краіны. Раман «Камень сердалік» (1968) і аповесць «Чорныя птушкі» (1981) пра творчую інтэлігенцыю. Падзеі Вял.Айч. вайны ў раманах «Глыбокія раны» (1960), «Зыход» (1966). Раманы «Карані агаляюцца ў буру» (1961), «Горкія травы» (1964) пра пасляваен. жыццё. Аўтар рамана «Сёмая варта» (1995), зб-каў аповесцей і апавяд. «Цана хлеба» (1961), «Каханне чалавечае» (1965), «Шостая ноч» (1970), вершаў, кінасцэнарыяў і інш. Прозе П. ўласцівы псіхалагізм, драматызм сітуацый, маштабнасць ахопу падзей. Раманы «Горкія травы», «Імя тваё» інсцэніраваны. Дзярж. прэмія СССР 1979.
Тв.:
Собр. соч.Т. 1—5. М., 1981—83;
Порог любви: Повесть встреч и дорог. М., 1987;
Лики земли. М., 1990.
Літ.:
Шагалов А. Петр Проскурин. М., 1979;
Чалмаев В. Сотворение судьбы: Творческий путь П.Проскурина. М., 1983;
Майданюк П., Ольвовский П. Жанр романа в творчестве П.Проскурина и В.Шукшина. Ташкент, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМУШКЕ́ВІЧ Якаў Уладзіміравіч (14.4.1902, г. Рокішкіс, Літва —28.10.1941),
савецкі военачальнік. Двойчы Герой Сав. Саюза (1937, 1939). Ген.-лейт. авіяцыі (1940). Вучыўся ў БДУ (1923—25), скончыў Качынскую школу ваен. лётчыкаў (1932), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен. акадэміі імя Фрунзе (1937). З 1918 у Чырв. Арміі. З 1919 на Зах. фронце, удзельнік сав.-польскай вайны 1920, баёў пад Баранавічамі, узяцця Смаргонскага ўмацаванага раёна. З 1922 у авіяцыі: камісар эскадрыллі (Мінск), камісар, нач. палітаддзела, камандзір авіябрыгады ў Віцебску (1926—36). Удзельнік баёў у Іспаніі 1936—37 на баку рэспубліканцаў. З чэрв. 1937 нам.нач.ВПСРСЧА. У 1939 камандаваў авіягрупай у час баёў на р. Халхін-Гол. Удзельнік паходу Чырв. Арміі ў Зах. Беларусь у 1939, сав.-фінл. вайны 1939—40. З ліст. 1939 нач.ВПСРСЧА, са жн. 1940 ген. інспектар ВПСРСЧА, са снеж. 1940 пам.нач.Ген. штаба па авіяцыі. Канд. у чл.ЦКВКП(б) у 1939—41. чл.ЦККП(б)Б у 1932—34. Чл.ЦВКБССР у 1935—36. Дэп. Вярх. СаветаСССР з 1937. У чэрв. 1941 арыштаваны. 28.10.1941 пакараны смерцю. Рэабілітаваны ў 1954.
Літ.:
Люди бессмертного подвига. Кн. 2. 4 изд. М., 1975;
Зильманович Д.Я. На орбите большой жизни. Вильнюс, 1971;
Водопьянов М.В., Григорьев Г.К. Летать рожденный. М., 1969.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СПОК (Spock) Бенджамін Маклейн (2.5.1903, г. Нью-Хейвен, штат Канектыкут, ЗША — 15.3.1998),
амерыканскі педыятр, педагог і грамадскі дзеяч. Скончыў Іельскі ун-т (1925) і мед.курсы пры ім (1929). У 1933—44 займаўся прыватнай практыкай у Нью-Йорку. У 1944—46 на вайсковай службе, у 1947—50 ад’юнкт-праф. Мінесоцкага ун-та, у 1951—55 кіраваў аддзяленнем дзіцячай псіхіятрыі пры мед. курсах Пітсбургскага ун-та. У кн. «Дзіця і яго догляд» (1946) абагульніў свой вопыт педыятра, выклаў уяўленні пра ўзаемаадносіны бацькоў і дзяцей, развіццё здаровай і шчаслівай асобы. Гал. ідэя С. — прызнанне адметнасці, унікальнасці асобы дзіцяці; ён раіў бацькам пазбягаць крайнасцей у выхаванні, праяўляць чуласць і ўлічваць жаданні дзіцяці, дамагацца такіх адносін з дзецьмі, калі адпадае неабходнасць у пакаранні. Важнейшым у выхаванні лічыў «метад цярпення», адначасова падкрэсліваў асн. ролю бацькоўскага аўтарытэту, які не мае нічога агульнага з дыктатам, значэнне дысцыпліны для выхавання. У шматлікіх публікацыях выказаў свае ідэі па пед. праблемах: выхаванне прыёмных і «цяжкіх» дзяцей, выхаванне ў няпоўнай сям’і. уплыў на дзяцей сямейных канфліктаў і разводаў, роля бацькі ў выхаванні і інш. Сваю грамадскую дзейнасць разглядаў як працяг гуманістычнай педагогікі.
Літ.:
Азаров Ю. Диалог: Заметки о Бенджамине Споке и о современ. пробл. воспитания // Новый мир. 1979. № 9—10.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАДЫ́КА Уладзімір Марцінавіч (3.1.1905, в. Цітва Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 1.7.1940),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў агульнаадук.курсы ў Мінску (1923). Настаўнічаў, працаваў сакратаром выканкома сельсавета. З 1929 у Мінску. Быў чл.«Маладняка». У 1936 рэпрэсіраваны, у 1937 асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі і высланы з Беларусі. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1926. У першым зб. «Суніцы» (1926) — пафас новага жыцця, юнацкі запал, часта ў рытарычным выяўленні. У зб. «Выбраныя вершы» (1932) і «Радасны будзень» (1935) грамадз. тэматыка, імкнуўся найб. поўна раскрыць светаадчуванне сучасніка, паяднаць рамант. акрыленасць з глыбокім лірызмам. Лепшыя вершы, лірычныя цыклы «На ўзвеях дзён» і «Песні з поўдня» пазначаны арган. адзінствам грамадскіх матываў і інтымных перажыванняў, наватарскай смеласцю паэт. мыслення, унутр. засяроджанасцю, багаццем інтанацый. На бел. мову пераклаў раман М.Шолахава «Ціхі Дон» (кн. 1, 1936), аповесць К.Гарбунова «Ледалом» (1932), кнігу выбр. твораў У.Бахмецьева «Людзі і рэчы» (1934) і інш. На верш Х. «Расцём і дужэем» А.Туранкоў напісаў песню.
Тв.:
Выбр. вершы. Мн., 1956;
[Вершы] Мн., 1969.
Літ.:
Бярозкін Р. У.Хадыка // Бярозкін Р. Постаці. Мн., 1971;
Шушкевіч С. У.Хадыка // Шушкевіч С. Вяртанне ў маладосць. Мн., 1968;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЮ́ТНАЯ БІ́РЖА,
арганізацыйна аформлены пастаянна дзеючы цэнтр па куплі-продажу валюты розных краін. Пакупнікі і прадаўцы на валютнай біржы — пераважна банкі, якія ажыццяўляюць здзелкі за свой кошт ці па даручэнні кліентаў. Заснавальнікам валютнай біржы могуць быць цэнтр. (нац.) банк краіны і камерцыйныя банкі, якія маюць ліцэнзію на вядзенне аперацый з валютай.
Зачаткі валютнай біржы з’явіліся ў 15—16 ст. у Італіі, дзе на аснове мануфактурнай вытв-сці ў Венецыі, Генуі і Фларэнцыі пашыраўся знешні гандаль. У бельгійскім г. Бруге вэксальны гандаль адбываўся на плошчы перад домам сям’і van der Burse, адкуль сходы купцоў на плошчы атрымалі назву Borsa (біржа). У 1608 створана Амстэрдамская біржа, якая і цяпер захавала характар універсальнай — фондавай, таварнай і валютнай. Сучасныя валютныя біржы — дзярж. ці акцыянерныя ўстановы, знаходзяцца пад кантролем дзяржавы. Мэты: рэгуляванне валютных курсаў (у т. л. і шляхам валютнай інтэрвенцыі), ажыццяўленне валютнай палітыкі цэнтр. (нац.) банкам краіны, дыверсіфікацыя валютных рэзерваў банкаў, прадпрыемстваў, дзяржавы, страхаванне валютнай і крэдытнай рызыкі, атрыманне прыбытку шляхам валютнай спекуляцыі. На валютнай біржы традыцыйна па некалькі разоў на працягу дзелавога дня фіксуюць валютныя курсы і публікуюць іх у афіцыйных біржавых бюлетэнях. Найб. вядомыя валютныя біржы — у ФРГ, Францыі, Японіі, краінах Бенілюкса. У Мінску з 1993 адкрыта Міжбанкаўская валютная біржа Беларусі. У цэлым значэнне валютнай біржы ў міжнар. гандлі валютай невялікае з-за пашырэння прамога міжбанкаўскага гандлю валютай праз валютныя рынкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАЧА́НІКАЎ Анатоль Сямёнавіч (8.9.1938, в. Шарпілаўка Гомельскага р-на — 7.3.1991),
бел.паэт. Скончыў Бел.ін-т інжынераў чыг. Транспарту (1960), Вышэйшыя літ.курсы ў Маскве (1969). З 1971 нам. старшыні праўлення СП Беларусі. Гал. рэдактар час. «Вясёлка» (з 1976), «Бярозка» (з 1978), «Маладосць» (з 1982). Друкаваўся з 1957. У зб-ках «Магістраль» (1964), «Круглая плошча» (1971), «Грыбная пара» (1973, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1974), «Начная змена» (1975), «Дрэва на выспе» (1977), «Верасень» (1984), «Жнівень — 45» (1990) — любоў да роднага краю, прыроды, шматграннасць духоўнага свету сучасніка, тонкі лірызм, драматызм перажыванняў, гарманічнае адзінства зместу і формы. Пісаў для дзяцей (кн. «Жывая вада», 1985, і «Зорны палёт», 1988). За кн. вершаў «Казка пра Івана-ганчара і пачвару цара» (1980), «Палессе», «Валерка і лятаючая талерка» (абедзве 1983) Дзярж. прэмія Беларусі 1984. Асобныя яго вершы пакладзены на музыку («Дударыкі», «Белая лілея», «Над Белай Руссю — белы снег...» і інш.). Выступаў як публіцыст, крытык, перакладчык (зб. паэзіі Зульфіі «Такое сэрца ў мяне», з Э.Агняцвет, 1985, і інш.). Аўтар кн. сатыры і гумару «Школа танцаў» (1988).
Тв.:
Калі далёка ты... Мн., 1979;
Я вас люблю... Мн., 1986;
Выбранае. Мн., 1988.
Літ.:
Бярозкін Р. Паэзія — лёс і адказнасць // Полымя. 1971. № 7;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ЛА́ГЕРЫ ДЛЯ ПЕРАМЕ́ШЧАНЫХ АСО́Бу Германіі і Аўстрыі.
Існавалі ў 1945 — пач. 1950-х г. Пасля 2-й сусв. вайны саюзніцкія акупац. ўлады стварылі лагеры для часовага ўтрымання грамадзян інш. дзяржаў, якія па розных прычынах апынуліся ў Германіі і атрымалі статус перамешчаных асоб. У 1945 створаны 3 бел. лагеры: у Рэгенсбургу (амер.акупац. зона), Ватэнштэце і Гослары (англ.акупац. зона), пазней яшчэ каля 20 бел. лагераў у Зах. Германіі і некалькі ў Аўстрыі. У іх налічвалася каля 2 тыс. беларусаў. Лагеры (на іх не распаўсюджвалася юрысдыкцыя герм. улад) мелі сваю адміністрацыю. Пад кіраўніцтвам нац. к-таў была створана адукац.-асв. сістэма: дашкольныя ўстановы, пач. школы, гімназіі, школы для дарослых, прафес.курсы. Бел. школы мелі нац. характар. Пры лагерах існавалі нац. арг-цыі — Ліга бел.паліт. вязняў у Нямеччыне, Задзіночанне бел. ветэранаў, Бел. студэнцкае згуртаванне, Аб’яднанне бел. лекараў на чужыне. Яны здолелі наладзіць на пач. 1947 выпуск амаль 20 газет і часопісаў — «Бацькаўшчына», «Шляхам жыцця», «Шыпшына», «Зважай», «Крывіцкі светач», «Беларуская думка» і інш. У сувязі з дазволам для перамешчаных асоб выбару месца сталага пражывання і ад’ездам іх у розныя краіны свету лагеры на пач. 1950-х г. былі ліквідаваны.
Літ.:
Вініцкі А. Матар’ялы да гісторыі беларускай эміграцыі ў Нямеччыне ў 1939—1951 гг. Лос Анжэлес; Мн., 1994;
Максімюк Ян. Беларуская гімназія імя Янкі Купалы ў Заходняй Нямеччыне 1945—1950. Нью Ёрк;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЕЗУІ́ТЫ (ад лац. формы імя Ісус Iesus),
члены каталіцкага манаскага ордэна Таварыства Ісуса, створанага ў 1534 ісп. дваранінам І.Лаёлам для барацьбы з Рэфармацыяй і ўмацавання каталіцызму. Ордэн пабудаваны на аснове строгай цэнтралізацыі, суровай дысцыпліны і абсалютнай волі яго кіраўніка — генерала («чорнага папы»), які выбіраецца пажыццёва і падначальваецца толькі папе рымскаму. З цягам часу ордэн ператварыўся ў моцную арг-цыю, якая пашырылася ў Еўропе, пранікла ў краіны Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі. У 1569 Е. пачалі дзейнасць у ВКЛ. У 1773 булай папы Клімента XIV ордэн скасаваны. Ва ўсх. Беларусі Кацярына II насуперак папскай буле захавала ордэн. Е. заснавалі ў Полацку навіцыят (курсы падрыхтоўкі для ўступлення ў ордэн). Свае школы Е. вызвалілі ад урадавага кантролю і падначалілі Полацкаму калегіуму (з 1812 Полацкая езуіцкая акадэмія). Іх калегіумы існавалі ў многіх гарадах Беларусі, у т. л. ў Віцебску, Магілёве, Оршы (гл.Калегіум, Езуіцкія навучальныя ўстановы). У 1820 Е. былі выгнаны з Рас. імперыі. У 1814 ордэн адноўлены папам Піем VII ва ўсім свеце. У 1920—30-я г. ў Зах. Беларусі была створана каталіцка-езуіцкая група ў Альбярціне. У наш час Е. — адзін з буйнейшых і ўплывовых каталіцкіх ордэнаў.
Літ.:
Мараш Я.Н. Очерки истории экспансии католической церкви в Белоруссии XVIII в. Мн., 1974;
Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;
Цярохін С.Ф. Многія прыйдуць пад імем маім (езуіты на Беларусі). Мн., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУРА́ШКА Рыгор Данілавіч (16.2.1902, в. Бязверхавічы Слуцкага р-на Мінскай вобл. — крас. 1944),
бел. пісьменнік. Вучыўся ў Нясвіжскай настаўніцкай семінарыі (1917—18). Скончыў інструктарскія курсы пры Наркамаце ўнутр. спраў Беларусі (1920). У 1921—24 на сав. і парт. рабоце. З 1926 адказны сакратар час. «Бальшавік Беларусі», у 1930—33 у Дзярж. выд-ве БССР. У Вял.
Айч. вайну ўдзельнік Мінскага падполля, з восені 1943 у партызанах. Загінуў у час прарыву ням.-фаш. блакады партызан на Лагойшчыне. Друкаваўся з 1924. Асн. тэматыка першага зб. апавяданняў «Стрэл начны ў лесе» (1926) — падзеі грамадз. вайны. Аўтар зб-каў апавяданняў «Прыгранічны манастыр» (1930), «Званкі» (1931), «Рузікі» (1932), «Мюдаўская ноч» (1934), напісаных на матэрыяле жыцця бел. вёскі, аповесці «У іхным доме» (1929). Раман «Сын» (1929, 3-е выд. 1957) пра жыццё бел. народа ў рэвалюцыю 1905—07, раман «Салаўі святога Палікара» (1940, асобнае выд. 1967) пра калектывізацыю, бел. вёску 1930-х г. Раман «Таварышы» (1942, пад псеўд. Максім Загорскі) пра драм. лёс мастака з рабочага асяроддзя, жыццё даваен. Мінска. Думкамі аб гіст. праве бел. народа на самаст. жыццё прасякнуты раман «Насуперак лёсу» (1942, пад псеўд. Мікалай Дуброўскі) пра сацыяліста-рэвалюцыянера А.Савіцкага.
Літ.:
Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы 3 выд.Мн., 1977;
Строева Т. Рыгор Мурашка // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гг.Мн., 1985;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДАШКО́ВІЦКАЯ БЕЛАРУ́СКАЯ ГІМНА́ЗІЯ імя Ф.Скарыны, навучальная ўстанова сярэдняга тыпу, гуманітарнага кірунку. Існавала ў мяст. Радашковічы ў 1922—28. Засн. Радашковіцкім таварыствам беларускай шкалы (ТБШ) па ініцыятыве А.Уласава і П.Крачкоўскага. У пач. 1922 атрымана канцэсія на ўтрыманне гімназіі. Дырэктарамі гімназіі былі Ф.Абрантовіч, А.Вернікоўскі, Ф.Стацкевіч. Выкладчыкамі ў розны час працавалі Я.Гаўрылік, В.Гаянкоў, С.Кароль, А.Крачкоўскі, М.Ласковіч, Л.Ліманоўская, Б.Тарашкевіч, І.Цішкевіч і інш. У гімназіі вучылася моладзь з навакольных вёсак і мястэчак. У 1925/26 навуч.г. ў 1—7-м і падрыхтоўчым класах займалася 150 вучняў. Быў інтэрнат для хлопцаў і дзяўчат. Настаўнікі і вучні сумесна з Радашковіцкім ТБШ праводзілі работу па прапагандзе бел. культуры. З ліст. 1923 вучні пастаянна ладзілі тэатр. прадстаўленні, выдавалі рукапісныя часопісы «Да сонца!» і «Гудок». На базе гімназіі ў час летніх канікул у 1926/27 і 1927/28 навуч.г. праводзіліся курсы для настаўнікаў бел.пач. школ. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. у Зах. Беларусі садзейнічаў радыкалізацыі поглядаў педагогаў і вучняў гімназіі, што стала падставай для закрыцця яе ў вер. 1928 па загадзе Маладзечанскага старасты з прычыны «небяспекі публічнага спакою». Большасць навучэнцаў гімназіі прадоўжылі вучобу за мяжой, у БССР; некат. скончылі вышэйшую школу ў Чэхаславакіі. Пэўны час у гэтай гімназіі вучыўся бел. паэт Максім Танк.