МАГДЭБУ́РГСКАЕ ПРА́ВА (майдэборскае права)

(лац. jus theutonicum magdeburgense),

феадальнае гарадское права. Склалася ў ням. горадзе Магдэбург у 12—13 ст. з розных крыніц, у т. л. з прывілеяў, выдадзеных архіепіскапам Віхманам гар. патрыцыяту (1188), Саксонскага зярцала, пастаноў суда шэфенаў Магдэбурга і інш. Мела універсальны характар, г.зн. трактавала розныя віды праваадносін: дзейнасць гар. улады, суда, яго кампетэнцыю і парадак судаводства, пытанні зямельнай уласнасці «ў межах горада», парушэнні ўладання, захопу нерухомасці, устанаўлівала пакаранні за розныя віды злачынстваў і г.д. Асобае месца займалі нормы, што рэгулявалі гандаль і рамесніцтва, дзейнасць цэхаў і купецкіх гільдый, парадак падаткаабкладання. М.п. з’явілася юрыд. замацаваннем поспехаў гараджан у барацьбе з феадаламі за самастойнасць. Яно давала гораду права на самакіраванне і ўласны суд, права зямельнай уласнасці і вызваленне ад большай часткі феад. павіннасцей. М.п. было перанята многімі гарадамі Усх. Германіі, Усх. Прусіі, Сілезіі, Чэхіі, Венгрыі, Польшчы.

З 14 ст. М.п. пашыралася на гарады ВКЛ. Жыхары гарадоў, якія атрымлівалі М.п., вызваляліся ад феад. павіннасцей, ад суда і ўлады ваяводаў, старостаў і інш. дзярж. службовых асоб. У прыватнаўладальніцкіх гарадах М.п. не вызваляла гараджан ад залежнасці і ўлады феадалаў, аднак залежнасць не мела рысаў прыгонніцтва. На аснове М.п. ў горадзе ствараўся выбарны орган самакіравання — магістрат. 3 увядзеннем М.п. адмянялася дзейнасць мясц. права, але не адмаўлялася правамернасць карыстання мясц. звычаямі, калі вырашэнне справы не прадугледжвалася М.п. У судовай практыцы магістратаў Беларусі разам з М.п. выкарыстоўваліся нормы агульнадзярж. права — Статутаў ВКЛ, судовых статутаў сталіцы — Вільні і ўласнай юрыд. практыкі. У ліку першых М.п. ў ВКЛ атрымалі Вільня (1387), Брэст (1390), Гродна (1391 няпоўнае, 1496 поўнае), Слуцк (1441), Высокае (1494), Полацк (1498), Мінск (1499), Браслаў (1500), Навагрудак (1511) і інш. М.п. мелі каля 60 гарадоў і мястэчак Беларусі. Граматы на М.п. дзярж. гарадам выдавалі вял. князі ВКЛ, прыватнаўладальніцкім гарадам — уладальнікі гарадоў або па іх хадайніцтве вял. князі. На Беларусі М.п. скасавана паводле ўказаў Кацярыны II у Магілёўскай губ. ў ліст. 1775, у Мінскай — у маі 1795, у зах. Беларусі — у снеж. 1795.

Літ.:

Копысский З.Ю. Социально-политическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в., Мн., 1975;

Грицкевич А.П. Частновладельческие города Белоруссии в XVI—XVIII вв.: (Соц. экон. исслед. истории городов). Мн., 1975.

Гарады і мястэчкі Беларусі, якія мелі магдэбургскае права
Гарады і мястэчкі Год выдачы граматы на магдэбургскае права Гарады і мястэчкі Год выдачы граматы на магдэбургскае права
Брэст 1390 Друя 1618
Гродна 1391 (няпоўнае, 1496 поўнае) Орша 1620
Слуцк 1441 Крычаў 1633
Высокае 1494 Бешанковічы 1634
Полацк 1498 Чавусы 1634
Мінск 1499 Мсціслаў 1636
Браслаў 1500, няпоўнае Ружаны 1637
Ваўкавыск 1503 Астрына 1641
Навагрудак 1511 Чэрыкаў 1641
Мілейчыцы 1516 Дзівін 1642
Камянец 1518 Лагішын 1643
Слонім 1531 Мальча 1645
Рэчыца 1561, няпоўнае Радунь 1649
Дзісна 1569 Жыровічы 1652
Радашковічы 1569 Капыль 1652
Сураж 1570 Стоўбцы 1729
Магілёў 1577 Ушачы 1758
Мазыр 1577 Бобр 1762
Уда 1577 Мядзел Стары 1762
Гарадная 1579 Шклоў 1762
Пінск 1581 Ашмяны 1792
Азярышча 1583, няпоўнае Воўпа 1792
Нясвіж 1586 Вугор 1792
Ліда 1587 Геранёны 1792
Гарадзец 1589 Пераброддзе 1792
Кобрын 1589 Прывалка 1792
Пружаны 1589 Цырын 1792
Любча 1590 Шарашова 1792
Віцебск 1597

т. 9, с. 443

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АШМЯ́НЫ,

горад у Беларусі, цэнтр Ашмянскага р-на Гродзенскай вобласці. За 220 км ад Гродна, 17 км ад чыг. ст. Ашмяны, на лініі Маладзечна—Вільнюс (Літва), на аўтадарозе Маладзечна—Вільнюс. 16 тыс. ж. (1995). Вядомыя з 1341 як замак вял. князёў ВКЛ. У 1384—85 вытрымалі аблогу крыжакоў. Статут горада Ашмяны атрымалі, верагодна, ад Вітаўта ў канцы 14 ст., магдэбургскае права — на пач. 16 ст. З 16 ст. цэнтр павета, уладанне Я.​Юндзіловіча, В.​Насілоўскай, Я.​Забярэзінскага і інш. Пабудаваны дамініканскі кляштар і Ашмянскі кляштар францысканцаў, кальвінскі збор. Пад час войнаў Ашмяны двойчы займалі рус. войскі (1519 і 1655), шведы ў Паўн. вайну 1700—21. У 1794 у Ашмянах размяшчаўся штаб паўстанцкай арміі Я.​Ясінскага. З 1795 у складзе Рас. імперыі, цэнтр павета. Пацярпелі ў час вайны 1812. Жыхары Ашмянаў прымалі ўдзел у паўстаннях 1830—31 і 1863—64. У 1897 — 7124 ж., 10 прадпрыемстваў, у т. л. Ашмянскія гарбарныя мануфактуры. У 1-ю сусв. вайну ў 1915 акупіраваны герм. войскам, у 1919—20 заняты польскім войскам, Чырв. Арміяй. З 1920 уваходзілі ў склад Сярэдняй Літвы, з 1922 у складзе Польшчы. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр раёна. З 25.6.1941 да 7.7.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ашмянах і раёне 1784 чал. У 1970 у Ашмянах 9621 ж. Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Ашмянскі краязнаўчы музей імя Ф.​Багушэвіча. Помнікі архітэктуры 19 ст. — царква і карчма. Брацкія магілы сав. воінаў і партызанаў.

Ашмяны. Вуліца Чырвонаармейская.

т. 2, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБКЛА́Д,

дэкаратыўная аздоба абраза ці кніжнага пераплёту. Найчасцей абклад рабілі з пазалочанай медзі або серабра, арнаментавалі чаканкай, філігранню, чарненнем, эмалямі, упрыгожвалі каштоўнымі камянямі. Існавалі абклады таксама з дрэва, маст. тканін, якія закрывалі адзенне, галаўныя ўборы (такія абклады наз. «шата»), радзей — фон на абразах. Узнікненне кніжных абкладаў са слановай косці адносяць да 7—8 ст., металічных — да 9—10 ст. На Беларусі вядомы сярэбраны абклад Лаўрышаўскага евангелля (14 ст.). Найб. пашырэнне тут атрымаў у 17—19 ст. У 17 ст. найчасцей абкладамі аздаблялі шанаваныя ці цудатворныя абразы (Брэст, Гродна, Мінск, Жыровічы, Лагішын і інш.). Значнымі маст. цэнтрамі, дзе ствараліся абклады, былі Вільня, Магілёў, Мінск, Пінск, Слуцк і інш. Іх рабілі бел. майстры Максім Сямёнаў (Куцень), Фёдар Мікулаеў і інш., якія працавалі ў Залатой і Сярэбранай палатах Маскоўскага Крамля (гл. ў арт. Аружэйная палата). Найб. вядомыя сярэбраныя пазалочаныя абклады да абразоў: «Маці Божая Бялыніцкая» (Нясвіжскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая з езуіцкімі святымі» (Ляхавіцкі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Адзігітрыя Смаленская» (Міёрскі р-н, 1774), медныя пасярэбраныя да абразоў «Пакланенне вешчуноў» (Браслаўскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Апека» (Пінскі р-н, 18 ст.), «Маці Божая Замілаванне» (Пінскі р-н, 1803), разны драўляны да абраза «Маці Божая Адзігітрыя» (Драгічынскі р-н, 2-я пал. 17 ст.) і інш.

Літ.:

Дэкаратыўна-прыкладное мастацтва Беларусі XII—XVIII стагоддзяў / Скл. Н.​Ф.​Высоцкая. Мн., 1984. А.​А.​Ярашэвіч.

Абклад абраза Антонія Падуанскага. Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. 18 ст.
Абклад Евангелля з г.Ляхавічы. 18 ст.

т. 1, с. 24

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЗІФІКА́ЦЫЯ,

працэс выкарыстання гаручых газаў у розных галінах тэхнікі і на быт. патрэбы. Садзейнічае росту эфектыўнасці вытв-сці, паляпшэнню сан.-гігіенічных умоў працы і побыту.

Зараджэнне газіфікацыі адносіцца да 18 — пач. 19 ст., калі сталі скарыстоўваць газ для асвятлення гарадоў у Вялікабрытаніі, Францыі, Бельгіі і інш. краінах. З развіццём газавай прамысловасці пачалося планамернае і мэтанакіраванае выкарыстанне прыроднага газу ў хім. прам-сці, металургіі, машынабудаванні, энергетыцы, буд-ве, жыллёва-камунальнай гаспадарцы і інш. Найб. развіта ў ЗША, Расійскай Федэрацыі, Канадзе, Італіі, Францыі, Вялікабрытаніі, ФРГ, Нідэрландах, Венгрыі, Польшчы, Румыніі, Алжыры, Лівіі і інш.

На Беларусі шырокая прамысл. і бытавая газіфікацыя пачалася з 1960, пасля буд-ва магістральнага газаправода Дашава—Мінск. Да 1964 прыродны газ атрымалі Брэст, Гродна, Баранавічы, Бярозаўская ДРЭС, Ваўкавыскі цэментны і Бярозаўскі вапнавы з-ды, на пач. 1971—52 гарады рэспублікі. Агульная працягласць газаправодаў на Беларусі каля 17 тыс. км (1995). Звадкаваны нафтавы газ пастаўляецца з Расійскай Федэрацыі. У 1995 прыродны газ выкарыстоўваўся ў 97 гарадах і пасёлках, амаль у 700 населеных пунктах. З агульнай колькасці рэалізаванага прыроднага газу выкарыстана: прамысл. прадпрыемствамі і электрастанцыямі 83%, камунальна-бытавымі прадпрыемствамі і насельніцтвам каля 8% (гл. табл.).

Развіццё газіфікацыі на Беларусі
1959 1960 1970 1995
Выкарыстоўвалі газ:
прамысловыя прадпрыемствы 44 678 1050 2000
камунальна-бытавыя прадпрыемствы 2 3695 6904 16 000
Газіфікавана кватэр, тыс. 15 390,7 808,2 3300
Рэалізавана прыроднага газу, млн. м³ 5,7 2514,6 2904,3 13 000 000
Рэалізавана звадкаванага газу, тыс. т 3,3 44 92 374

т. 4, с. 432

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРА́ДУСНЫЯ ВЫМЯРЭ́ННІ,

сукупнасць астранамічных геадэзічных і гравіметрычных вымярэнняў на зямной паверхні для вызначэння параметраў фігуры Зямлі і вырашэння навук. задач. Іх сутнасць — вылічэнне радыуса Зямлі заключаецца ў прамым ці ўскосным вызначэнні адлегласці SAB і адначасовым вымярэнні вуглоў Z1 і Z2 на вельмі аддаленую зорку, для якой AN∥BN. Пры гэтым ΔY = Y2−Y1 = Z2-Z1 і R = S:ΔY, дзе ΔY — у радыянах. З прычыны сплюшчанасці Зямлі велічыні S, што адпавядаюць аднолькавым ΔY, змяншаюцца ў напрамку ад экватара да полюсаў. На гэтым засн. вылічэнне змяненняў R ад a да b. Градусныя вымярэнні зроблены александрыйскім вучоным Эратасфенам у 3 ст. да н.э. паміж Александрыяй і Сіенай (Асуан). Адлегласць ён вылічыў па звестках пра рух караванаў, розніцу даўгот (7°22″) па памерах сонечнага ценю шаста. Паводле разлікаў R = 6844 км (цяпер 6371,11 км). Градусныя вымярэнні выконваліся з выкарыстаннем метаду трыянгуляцыі і паліганаметрыі пры ўскосным вымярэнні SAB. У Расіі градусныя вымярэнні выкананы ў 1816—52 пад кіраўніцтвам В.​Я.​Струвэ і К.​І.​Тэнера па т.зв. дузе Струвэ ад Фугленеса (Ледавіты ак.) да Стара-Някрасаўскі (вусце Дуная); яна прайшла праз зах. раёны Беларусі. У шыротным напрамку (дуга 52-й паралелі: Зах. Еўропа — Усх. Прусія — Варшава — Арол — Ліпецк — Саратаў — Арэнбург — Орск). Градусныя вымярэнні ў Беларусі прайшлі праз Гродна і Бабруйск. Па сукупнасці градусныя вымярэнні розных краін у 1940 у СССР завершаны разлікі, паводле якіх а = 6378245 м, b = 6356863 м, прынятыя і на Беларусі.

А.​А.​Саламонаў.

Градусныя вымярэнні на паверхні Зямлі.

т. 5, с. 387

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЛО́ЎШЧЫНА,

гарадскі пасёлак у Дзятлаўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Слонім—Дзятлава. За 20 км ад Дзятлава, 178 км ад Гродна, 30 км ад чыг. ст. Слонім на лініі Баранавічы—Ваўкавыск. 2,3 тыс. ж. (1998).

Вядома з 18 ст. як паселішча ў Слонімскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1795 у Рас. імперыі. У 19 ст. мястэчка, цэнтр воласці Слонімскага пав. Гродзенскай губ. У 1897 вёска, 325 ж., 42 двары, нар. вучылішча, фельчарскі ўчастак, 2 яўр. малітоўныя дамы, суконная ф-ка, млын, 11 крам, 2 шынкі. З 1921 у Польшчы, цэнтр гміны Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр Казлоўшчынскага раёна. У 1941—44 акупіравана ням. фашыстамі, якія загубілі ў К. і раёне 1582 чал. З 28.6.1958 гар. пасёлак. З 1960 у Дзятлаўскім р-не (у 1962—65 у Слонімскім р-не). У 1971—1,9 тыс. ж.

Прадпрыемствы дрэваапр., харч. прам-сці. Сярэдняя і муз. школы, Дом культуры, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, 3 б-кі, бальніца, аптэка, паліклініка, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму. Помнік архітэктуры — Успенская царква (пач. 20 ст.). Помнік садова-паркавага мастацтва — Казлоўшчынскі парк. КАЗЛО́ЎШЧЫНА, вёска ў Пастаўскім р-не Віцебскай вобл., на р. Ласіца, на аўтадарозе Паставы—Шаркаўшчына. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 43 км на ПнУ ад г. Паставы, 236 км ад Віцебска, 5 км ад чыг. ст. Навадруцк. 257 ж., 112 двароў (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі.

т. 7, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́ДУНЬ,

гарадскі пасёлак у Воранаўскім р-не Гродзенскай вобл. За 30 км ад Воранава, 93 км ад Гродна, 24 км ад чыг. ст. Бастуны на лініі Вільнюс — Ліда. Вузел аўтадарог на Вільнюс, Ліду, Іўе, Васілішкі, Астрыну. 3,1 тыс. ж. (2000).

Упершыню ўпамінаецца ў 1387 у грамаце Ягайлы як горад Радыня, цэнтр воласці. У 14—17 ст. непадалёк ад Р. існаваў Радунскі замак. Паводле перапісу 1538, у мястэчку Р. 7 вуліц, рынак, 43 крамы, 210 дамоў хрысціян. Цэнтр староства, далучанага ў 1568 да Лідскага пав. У 1649 Р. атрымала магдэбургскае права і ўласны герб: у сярэбраным полі выява чырв. рака. У 2-й пал. 18 ст. прыватнае ўладанне. З 1795 у Рас. імперыі, у Лідскім пав. Слонімскага намесніцтва, з 1801 у Віленскай губ. У 1897 у Р. 1621 ж., 313 дамоў, гарбарны з-д, млын, нар. вучылішча. У 1921—39 у складзе Польшчы, цэнтр гміны Лідскага пав. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 вёска, цэнтр Радунскага раёна. З чэрв. 1941 да 13.7.1944 акупіравана ням. фашыстамі, якія вясной 1942 расстралялі тут 1137 чал. З 30.4.1958 гар. пасёлак. З 25.12.1962 у Воранаўскім р-не.

Працуюць малочны і гароднінасушыльны з-ды, каўбасны цэх, хлебапякарня, камбінат быт. паслуг, прадпрыемства электрасетак; 2 сярэднія і музычная школы, школа-інтэрнат, Дом культуры, 2 б-кі, бальніца, паліклініка, аптэка. Брацкая магіла сав. воінаў, партызан і супрацоўнікаў органаў дзярж. бяспекі, магіла ахвяр фашызму. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 13, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУ́РЫКАВІЧАЎ ЗНА́КІ,

асабіста-родавыя геральдычныя эмблемы князёў з роду Рурыкавічаў. Неслі функцыю гербаў, знакаў уласнасці. Вядомы з пач. 10 ст. У аснове мелі выяву двухзубца або трызубца, звычайна з дадатковымі элементамі, адгалінаваннямі, крыжыкамі і інш. Вял. князь кіеўскі Святаслаў Ігаравіч меў знак у выглядзе простага двухзубца, яго сын Уладзімір — трызубца, унук, тураўскі кн. Святаполк Яраполчыч — двухзубца з крыжам на левай мачце, Яраслаў Мудры — трызубца з кружком на сярэдняй мачце, полацкі кн. Ізяслаў Уладзіміравіч — трызубца з кружком на левай і крыжам на сярэдняй мачце. У далейшым Р.з. мелі шмат разнавіднасцей, большасць іх не атрыбутавана. Лічыцца, што знак сына меў у аснове знак бацькі з дадаткам або змяненнем пэўнага элемента. Р.з. змяшчаліся на стараж.-рус. манетах — златніках і срэбраніках, свінцовых пячатках, пярсцёнках-пячатках, зброі, злітках серабра, таварных пломбах. Р.з. мецілі сваю прадукцыю княжацкія рамеснікі. На Беларусі Р.з. вядомы ў 11—13 ст. на гаршках з многіх гарадоў, на рагавым кісцяні з Мінска, касцяной лыжачцы з гарадзішча Юравічы, на плінфе цэркваў Полацка, Гродна і інш. Мяркуецца, што ад Р.з. паходзіць герб «Калюмны» — адзін з дзярж. сімвалаў ВКЛ і некаторыя гербы княжацкіх і шляхецкіх родаў ВКЛ (Агінскіх, Пузынаў, Глінскіх і інш.).

Літ.:

Иоаннисян О.М. Родовые знаки древнерусских князей X—XIII вв.: (лит. и источники) // Геральдика. Л., 1983.

В.​С.​Пазднякоў.

Рурыкавічаў знакі. Генеалагічная табліца найбольш старажытных княжацкіх знакаў: 1 — Святаслава Ігаравіча, 2 — Уладзіміра Святаславіча, 3 — Святаполка Яраполчыча, 4 — Яраслава Уладзіміравіча, 5 — Ізяслава Уладзіміравіча.

т. 13, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫДЗ-СМІ́ГЛЫ ((Rydz-Śmigły) Эдвард) (11.3.1886, г. Беражаны, Цярнопальская вобл., Украіна — 2.12.1941),

польскі ваен. і дзярж. дзеяч, адзін з паплечнікаў Ю.Пілсудскага. Маршал Польшчы (1936). Скончыў Акадэмію выяўл. мастацтваў у Кракаве. З 1908 у Саюзе актыўнай барацьбы, з 1912 у Стралецкім саюзе (Галіцыя), рэдагаваў штомесячнік «Strzelec»(«Стралец»). У 1-ю сусв. вайну ў легіёнах польскіх Пілсудскага, з ліп. 1917 гал. камендант Польск. вайск. арг-цыі. З ліст. 1918 ваен. міністр адноўленай польск. дзяржавы. Удзельнічаў у заняцці польск. войскамі Вільні (крас. 1919). У польска-сав. вайну 1919—20 камандаваў дывізіяй, арміяй, Сярэднім фронтам; удзельнічаў у заняцці Кіева (ліп. 1920), Гродна і Ліды (вер. 1920), абароне Варшавы (жн. 1920). У 1922—35 інспектар арміі. У час майскага перавароту 1926 падтрымаў Пілсудскага і яго прыхільнікаў. Пасля смерці Пілсудскага з мая 1935 ген. інспектар узбр. сіл, працаваў над 6-гадовым планам рэфармавання ўзбр. сіл краіны. У час Польскай кампаніі 1939 вярх. галоўнакамандуючы (склаў паўнамоцтвы 7 ліст.), 17 вер. загадаў польскім узбр. сілам не ваяваць без крайняй неабходнасці супраць часцей Чырв. Арміі, якія ўступілі ў Зах. Беларусь і Зах. Украіну; разам з польск. урадам перайшоў у Румынію, інтэрніраваны. У кастр. 1941 тайна вярнуўся ў акупіраваную ням.-фаш. войскамі Польшчу, намагаўся разгарнуць антыфаш. дыверсійную дзейнасць. Аўтар шэрагу прац па ваен. гісторыі і пытаннях абароны дзяржавы.

Літ.:

Leżeński C. Kwatera 139: Opowieść o marszałku Rydzu-Śmigtym. T. 1—2. Lublin, 1989.

Ю.​В.​Грыбоўскі.

Э.Рыдз-Сміглы.

т. 13, с. 491

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАЎНО́ЧНАЯ ВАЙНА́ 1700—21,

вайна кааліцыі еўрап. дзяржаў у складзе Расіі, Даніі, Саксоніі (т.зв. «Паўночны саюз») з удзелам Рэчы Паспалітай (з 1704), Прусіі і курфюрства Гановер (з 1715) супраць Швецыі за панаванне на Балт. м. На працягу 17 ст. Швецыя фактычна ўстанавіла свой кантроль над Балт. рэгіёнам і землямі, што прылягалі да Фінскага заліва (Інгрыя і ч. Карэліі). У выніку войнаў з Рэччу Паспалітай (гл. Вайна Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29, Паўночная вайна 1655—60), Расіяй, Даніяй і германскімі краінамі яна авалодала Эстляндыяй, Ліфляндыяй (гл. Лівонія) і значнымі тэрыторыямі ў Паўн. Германіі (Брэмен, Вердэн, Памеранія, в-аў Руген). У 1699 рас. цар Пётр I заключыў саюз з Даніяй і курфюрстам Саксоніі Аўгустам II (з 1697 адначасова кароль польскі і вял. князь літоўскі) супраць Швецыі. У лют. 1700 саксонскія войскі ўвайшлі ў Ліфляндыю і аблажылі Рыгу. У сак. 1700 дацкія войскі ўведзены ў герцагства Гольштэйн (саюзнік Швецыі). У чэрв. 1700 шведскі кароль Карл XII (гл. ў арт. Карл, імя каралёў Швецыі) высадзіў дэсант каля Капенгагена і прымусіў Данію 18.8.1700 заключыць мір. 30.8.1700 Расія абвясціла вайну Швецыі. Рас. войскі (каля 35 тыс. чал.) пачалі аблогу Нарвы, але ў бітве 30.11.1700 пацярпелі паражэнне. Тады Карл XII выступіў супраць Аўгуста II і 20.7.1701 разбіў яго войскі каля Рыгі. У пач. 1702 шведы ўварваліся на тэр. Рэчы Паспалітай, у крас. занялі Вільню і Гродна, у маі — Варшаву. Спробы Аўгуста II спыніць прасоўванне шведаў у глыб Рэчы Паспалітай скончыліся паражэннем яго войск у бітвах каля Клішава (1702) і Пултуска (1703). Пётр I, скарыстаўшы перадышку, выкліканую знаходжаннем асн. сіл Карла XII у Рэчы Паспалітай, рэарганізаваў армію, і ў 1701—04 яго войскі атрымалі некалькі перамог над шведамі ў Прыбалтыцы і выйшлі да Балт. м. з мэтай замацавацца на яго ўзбярэжжы. З пачаткам вайны ў ВКЛ абвастрылася барацьба паміж групоўкай Сапегаў, якія хацелі стварыць незалежную ад Польшчы дзяржаву, і большасцю бел.-літ. шляхты, што групавалася вакол Р.​А.​Агінскага і Вішнявецкіх. У маі 1704 прыхільнікі Аўгуста II аб’ядналіся ў Сандамірскую канфедэрацыю, якая пад Нарвай заключыла саюз з Расіяй і абвясціла вайну Швецыі. У адказ Варшаўская канфедэрацыя (ліп. 1704), арганізаваная Карлам XII, выбрала каралём Рэчы Паспалітай Станіслава Ляшчынскага. У выніку на тэр. Беларусі ўвайшлі саюзныя Аўгусту II рас. войскі і з восені 1704 пачалі канцэнтравацца каля Полацка. У ліп. 1705 яны рушылі на Вільню (частка войск пад камандаваннем Б.​П.​Шарамецева накіравана ў Курляндыю). У вер. 1705 гал. рас. сілы (каля 35 тыс. чал.) занялі Гродна, дзе да іх далучылася некалькі палкоў саксонскай конніцы. Аб’яднаную групоўку ўзначаліў Аўгуст II. У студз. 1706 Карл XII пераправіўся цераз Нёман і блакіраваў гарнізон у Гродне, конніца А.Д.Меншыкава паспела адысці да Мінска. Аўгуст II накіраваўся ў Саксонію за дапамогай, але ў лют. 1706 у бітве пры Фраўштаце асн. сілы саксонскай арміі былі разбіты. Рас. войскам удалося выйсці з Гродна і праз Брэст і Ковель дайсці да Кіева. У лют.—маі 1706 шведы, ідучы праз Беларусь, спалілі Карэлічы, Мір, разрабавалі Навагрудак, Слонім, Клецк, Слуцк, Пінск, Кобрын, пасля аблог занялі Ляхавічы і Нясвіж (гл. Нясвіжа абарона 1706). Каля Клецка 30.4.1706 шведскія войскі разбілі 5-тысячны рас. атрад С.​П.​Няплюева. Летам 1706 Карл XII нанёс удар па Саксоніі і прымусіў Аўгуста II у вер. 1706 заключыць Альтранштацкі мір. Аўгуст II адмовіўся ад кароны Рэчы Паспалітай на карысць Станіслава Ляшчынскага. У 1707 рас. войскі зноў сканцэнтраваліся на Беларусі, у крас. пасля аблогі занялі Быхаў (гл. Быхава абарона 1707). У пач. 1708 Карл XII заняў Гродна і рушыў на Ліду, Смаргонь. Гал. сілы рас. арміі (каля 57 тыс. чал.) пад камандаваннем Шарамецева адышлі да Чашнікаў і Бешанковіч. З сак. да пачатку чэрв. 1708 шведская армія стаяла ў раёне Радашковіч, 25 чэрв. пераправілася цераз Бярэзіну. Каля мяст. Галоўчын (на Магілёўшчыне) 14.7.1708 адбылася бітва, у якой рас. армія пацярпела паражэнне і адышла за Дняпро. Шведы занялі Магілёў, а праз месяц рушылі далей на У. Аднак у бітвах каля вёсак Добрае 10.9.1708 і Раеўка 20.9.1708 на Мсціслаўшчыне авангард Карла XII панёс значныя страты; узніклі цяжкасці з забеспячэннем арміі харчам і фуражом. Таму Карл XII вырашыў скарыстаць дапамогу, якую яму абяцаў укр. гетман І.Мазепа, і ў сярэдзіне вер. 1708 павярнуў на Украіну. На злучэнне з гал. сіламі Карла XII з Рыгі выйшаў 16-тысячны корпус А.​Левенгаўпта. 9.10.1708 каля в. Лясная (на Магілёўшчыне) Левенгаўпт быў разбіты рас. войскамі, страціў абоз і прывёў да Карла XII толькі каля 7 тыс. чал. У канцы кастр. 1708 Мазепа з 2-тысячным атрадам перайшоў на бок шведаў, але Меншыкаву ўдалося захапіць запасы зброі, боепрыпасаў і харчу ў г. Батурын, якія гетман падрыхтаваў для саюзніка. 8 ліп. ў Палтаўскай бітве 1709 шведская армія была разгромлена (Карл XII і Мазепа ўцяклі ў Турцыю). Гэта перамога стала пераломнай у П.в. Быў адноўлены саюз Расіі з Даніяй і Саксоніяй. Станіслаў Ляшчынскі з’ехаў у Памеранію; у Варшаву вярнуўся Аўгуст II. Ваенныя дзеянні былі перанесены ў Прыбалтыку і Паўн. Германію. У 1710 рас. войскі занялі Ліфляндыю і Эстляндыю, авалодалі Рыгай, Пернавам (Пярну) і Рэвелем. Рас. флот атрымаў свабодны выхад з Фінскага заліва ў Балт. м. Дацка-саксонскія войскі ўвайшлі ў Памеранію і пачалі аблогу Штральзунда. Па прычыне шматлікіх супярэчнасцей з Расіяй, асабліва па пытанні кантролю над Ліфляндыяй, Рэч Паспалітая выйшла з вайны. У канцы 1710 Карлу XII удалося ўцягнуць у вайну з Расіяй Турцыю (гл. Пруцкі паход 1711). Руска-турэцкая вайна 1710—13 часова прыпыніла актыўныя дзеянні супраць Швецыі. У 1713 рас. войскі занялі Фінляндыю, разам з саюзнікамі авалодалі амаль усёй Памераніяй. У выніку перамогі над шведскім флотам каля мыса Гангут (1714) рас. флот пачаў кантраляваць Балт. м. У 1715 у вайну супраць Швецыі ўступілі Прусія і Гановер. У маі 1718 Швецыя пачала перагаворы аб міры з Расіяй (т.зв. Аландскі кангрэс), якія працягваліся да гібелі Карла XII у ліст. 1718. Яго сястра Ульрыка Элеанора, заняўшы трон, пад уплывам Англіі спыніла перагаворы і аднавіла ваен. дзеянні з Расіяй. У той жа час Швецыя заключыла мір з Гановерам (1719), Прусіяй і Даніяй (1720), прызнаўшы іх правы на частку сваіх уладанняў у Паўн. Германіі. У выніку пагаднення з Саксоніяй Швецыя ў 1719 адмовілася ад падтрымкі Станіслава Ляшчынскага і прызнала Аўгуста II каралём польскім і вял. князем літоўскім. У 1719—20 рас. дэсанты тройчы высаджваліся ў Швецыі, спусташалі прыбярэжныя гарады і вёскі, падыходзілі да Стакгольма; 7.8.1720 у Грэнгамскай бітве разбіты шведскі флот. 10.9.1721 падпісаны Ніштацкі мірны дагавор 1721, пазней адпаведныя дагаворы Швецыя падпісала з Саксоніяй (1729) і Рэччу Паспалітай (1733). У выніку П.в. Швецыя страціла статус вял. дзяржавы, аднак і для інш. краін Еўропы, асабліва для ВКЛ, наступствы вайны былі трагічныя: насельніцтва Беларусі скарацілася з 2,2 млн. да 1,5 млн. чал. (загінуў кожны трэці яе жыхар); найбольш пацярпелі Мсціслаўскае, Віцебскае і Полацкае ваяв.

Літ.:

Тарле Е.В. Северная война и шведское нашествие на Россию. М., 1958;

Шутой В.Е. Северная война (1700—1721 гг.). М., 1970;

Корх А.С. Петр I: Северная война 1700—1721: [Альбом]. [М.], 1990.

У.​І.​Пашкевіч.

Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Баталія паблізу мыса Гангут. Гравюра А.​Зубава. 1715.
Да арт. Паўночная вайна 1700—21. Бітва пры Лясной 28 верасня 1708. Гравюра Лармесена з арыгінала П.-Д.​Мартэна Малодшага. 1-я чвэрць 18 ст.

т. 12, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)