паказчык аб’ёму работы, выкананай грузавым транспартам. Вымяраецца ў тона-кіламетрах (ткм). Паказчыкі грузаабароту выкарыстоўваюць у планаванні і статыстыцы для вымярэння прадукцыйнасці працы на транспарце. Для вызначэння грузаабароту масу перавезенага грузу ў тонах памнажаюць на далёкасць перавозкі і падсумоўваюць атрыманыя здабыткі. Сабекошт перавозак таксама вызначаюць у разліку на 1 ткм, таму што выдаткі на перавозку залежаць ад далёкасці і масы грузу. Паказчыкі грузаабароту не выкарыстоўваюць для ацэнкі дзейнасці трансп. прадпрыемстваў, бо грамадства зацікаўлена ў найлепшым задавальненні патрэб у перавозках пры мінімальных трансп. выдатках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫ́ГЕРЫ (англ. diggers літар. капальнікі),
прадстаўнікі сялянскага руху ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Рух створаны ў 1649 беззямельнымі сялянамі, якія занялі пустэльныя землі ў графстве Сюрэй і заснавалі с.-г. абшчыну. Кіраўнік і гал. ідэолаг Дж.Уінстэнлі абвясціў праграму стварэння бяскласавага грамадства, ідэал калект. уласнасці і калект. працы. У 1650 камуну разагналі мясц. землеўладальнікі. Падобныя абшчыны ўзніклі таксама ў інш. графствах. Д. называлі сябе таксама сапр.левелерамі, але кіраўнікі левелераў не прымалі іх камуніст. ідэі. Рух. Д. канчаткова быў задушаны ў 1653 О.Кромвелем.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЗБАЎЛЕ́ННЕ ВО́ЛІ,
адзін з відаў крымінальнага пакарання, які заключаецца ў ізаляцыі асуджанага ад грамадства шляхам накіравання яго ў папраўчую калонію з адпаведным рэжымам утрымання. У праве Рэспублікі Беларусь П.в. ўстанаўліваецца на тэрмін ад 6 месяцаў да 25 гадоў. За злачынствы, звязаныя з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры абцяжваючых акалічнасцях, і за інш. асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца пажыццёвае зняволенне. Пры назначэнні пакарання асобе, якая не дасягнула 18 гадоў, тэрмін П.в. не павінен перавышаць 10 гадоў, а адбыванне пакарання назначаецца ў выхаваўчай калоніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ПО́ЛЬСКАЯ ПРА́ЎДА», Кніга Эльблонгская,
умоўная назва зборніка польскага права, складзенага на тэр.Тэўтонскага ордэна ў канцы 13 — пач. 14 ст. на ням. мове. Рукапіс «П.п.», выяўлены ў 1868 у г. Эльбланг (Польшча), уключае запісы звычаяў і суд. рашэнняў (усяго 29 арт.). Некат. звычаі на момант складання зборніка выйшлі з ужытку. У «П.п.» адлюстраваны агр. адносіны, адрозненні ў прававым становішчы розных пластоў грамадства, дадзены тлумачэнні па пытаннях абавязацельнага, сямейнага, спадчыннага права і працэсу. Арыгінал рукапісу загінуў у 2-ю сусв. вайну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ВЕ́ХІ», «Вехи: Сборник статей о русской интеллигенции». Выдадзены ў 1909 у Маскве групай рас.рэліг. філосафаў і публіцыстаў. Да крас. 1910 перавыдадзены 4 разы. Аўтары С.М.Булгакаў, М.А.Бярдзяеў, М.В.Гершэнзон, А.С.Ізгоеў, Б.А.Кісцякоўскі, П.Б.Струве, С.Л.Франк выступалі з крытыкай ідэалогіі і практ. установак рэвалюцыйна і сацыялістычна настроенай інтэлігенцыі — атэіст. матэрыялізму, паліт. радыкалізму і насілля. Зыходным пунктам «вехаўскай» крытыкі быў тэзіс, што ўнутр. духоўна-рэліг. жыццё асобы з’яўляецца «адзінай творчай сілай чалавечага быцця», «трывалым базісам», на якім можна ўзвесці будынак грамадскіх адносін. На думку аўтараў, класавая барацьба і сац. рэвалюцыя катастрафічныя і гібельныя для грамадства, а ідэалогія адмаўлення абсалютных каштоўнасцей, вера ў зямны рай і ідэалізацыя народа (у марксізме — пралетарыяту), грэбаванне інтарэсамі асобнага чалавека паказалі сваю нежыццяздольнасць, завялі рас.грамадства ў тупік. У процівагу рэв. ідэалогіі «Вехі» прапанавалі «пазітыўную праграму», асн. палажэннямі якой былі прызнанне дэмакр. інтэлігенцыяй асабістай адказнасці за тое, што адбываецца ў грамадстве, самаўдасканаленне асобы на аснове рэліг.-культ. каштоўнасцей, паступовая змена сац. і эканам. умоў жыцця людзей. «Вехі» сталі ключавым зборнікам у аб’яднанай аўтарствам Струве, Бярдзяева, Булгакава і Франка серыі («Праблемы ідэалізму», 1902, «Вехі», 1909, «З глыбіні», 1918).
Публ.:
Вехи: Сб. ст. о рус. интеллигенции. Репр. изд. М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АХУ́НДАЎ (Мірза Фаталі) (12.7.1812, г. Шэкі, Азербайджан — 10.3.1878),
азербайджанскі пісьменнік, філосаф, грамадскі дзеяч, заснавальнік азерб. драматургіі і маст. прозы. Атрымаў духоўную адукацыю ў г. Гянджа, вучыўся ў руска-азерб. вучылішчы ў г. Шэкі. Служыў перакладчыкам (1834—61), выкладаў перс. і цюрк. мовы ў Тыфліскім пав. вучылішчы. Літ. дзейнасць пачаў як паэт (паэма «На смерць Пушкіна», 1837). У камедыях «Мала Ібрагім Халіл, алхімік...», «Мусье Жардан, батанік...», «Прыгоды скнары», «Везір Ленкаранскага ханства», «Правазаступнікі ў горадзе Таўрызе», сатыр. аповесці «Падманутыя зоркі» (усе 1850-я г.) рэалістычна адлюстраваў сучаснае яму грамадства. У артыкулах адстойваў рэаліст. мастацтва. У 1873 на аснове лацінскага і рускага склаў алфавіт, прыстасаваны да гукавой сістэмы азерб. мовы. Яго светапогляд фарміраваўся пад уплывам філасофіі Б.Усходу, ідэй франц. матэрыялістаў 18 ст. Не падзяляючы ідэі пра Бога як першакрыніцу свету, выступаў за «прагрэс і цывілізацыю», супраць усх. дэспатызму і тыраніі. У 1860-я г. падтрымліваў ідэю абмежавання ўлады манарха прадстаўнічым органам, дапускаў магчымасць прымусовай ліквідацыі ўлады прыгнятальнікаў. Пазней наблізіўся да разумення ролі эканам. дамінанты ў развіцці грамадства. Аўтар філас.-паліт. трактата «Тры пісьмы...» (пераклаў яго на рус. і перс. мовы), філас.арт. «Крытыка «Ёк кельме», «Адказ філосафу Юму» і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДУКА́ЦЫЯ АГУ́ЛЬНАЯ,
працэс і вынік авалодання асновамі навук, неабходнымі чалавеку для разумення з’яў прыроды і грамадства. Аснова політэхн. і прафес. адукацыі. Адукацыю агульную атрымліваюць у навуч. установах і самаадукацыяй. Асн. структурнай адзінкай у сістэме адукацыі з’яўляецца агульнаадук. школа (дзярж., грамадскія і прыватныя). На аснове Статута сярэдняй агульнаадук. школы ў Рэспубліцы Беларусь дзейнічаюць пачатковыя (1—4-ы кл.), 9-гадовыя (базавыя; 1—9-ы кл.), сярэднія агульнаадукацыйныя школы (1—11, 12-ы кл.), з паглыбленым вывучэннем прадметаў, школы-інтэрнаты, спец. школы, ліцэі, гімназіі; для працоўнай моладзі створаны вячэрнія (пазменныя) сярэднія агульнаадукац. школы. Змест адукацыі агульнай вызначаецца агульнадзярж. (абавязковым стандартам для пэўнага ўзроўню адукацыі) і школьным (устанаўліваецца з улікам сац.-эканам. абставін, інтарэсаў вучняў) кампанентамі. Базісная частка вучэбных планаў і праграм адукацыі агульнай уяўляе сабой сукупнасць абавязковых і даступных для ўсіх вучняў ведаў і ўменняў, неабходных адукаванаму чалавеку незалежна ад яго прафесіі. Дыферэнцыяцыя навучання праводзіцца на розных узроўнях складанасці з улікам выяўленых здольнасцяў. На розных этапах развіцця грамадства існуе пэўны сац. неабходны і агульнадаступны ўзровень адукацыі. На Беларусі гэта 9-гадовая (базавая) адукацыя, якая гарантуецца дзяржавай. У 1994/95 навуч.г. на Беларусі 5062 агульнаадук. школы, у т. л. 4971 дзённая і 91 вячэрняя (пазменная), у якіх 1561,8 тыс. вучняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДААСІ́ЗМ,
1) адна з асн. плыней кіт. філасофіі. Заснавальнікам лічыцца стараж.-кіт. філосаф Лао-цзы (6—5 ст. да н.э.), асн. ідэі якога выкладзены ў кн. «Дао дэ цзін». Даасізм — разнавіднасць наіўнага матэрыялізму стараж. кітайцаў з элементамі прымітыўнай дыялектыкі. Пастуліруецца існаванне аб’ектыўнага, незалежнага ад волі нябеснага ўладыкі, прыроднага і адначасова сац.-маральнага пачатку — дао, які ўвасабляе законы неба, прыроды, грамадства і азначае вышэйшую дабрачыннасць і справядлівасць. Усе рэчы ўзнікаюць і развіваюцца па ўласным прыродным шляху. Чалавек павінен прытрымлівацца дао і не ствараць штучных перашкод. Усе грамадскія ўстановы, у т. л. дзяржава, недахопы грамадства (несправядлівасць, няроўнасць і інш.) лічацца адхіленнямі ад сапраўднага дао. Сац. ідэал даасізму — адмова ад цывілізацыі і культуры, вяртанне да першабытнай натуральнасці. Рэзка крытыкуюцца насілле і войны. Прыхільнікі даасізму і яго папулярызатары Чжуанцзы, Ян Чжу, Інь Вэнь (4—3 ст. да н.э.).
2) Адна з кіт. рэлігій. Узнікла ў 2 ст. да н.э. У пач. 5 ст. распрацавана тэалогія і рытуал, у эпоху дынастыі Тан (да 10 ст.) даасізм карыстаўся асаблівай апекай дзярж. улады. Захаваўся да сярэдзіны 20 ст. як сінкрэтычная нар. рэлігія, што спалучала элементы канфуцыянства і будызму. Асн. мэта паслядоўнікаў даасізму — дасягненне даўгалецця. Даоскія магі, лекары, якія шукалі эліксіры бяссмерця, садзейнічалі развіццю кіт. алхіміі.