ФІЗІЯЛО́ГІЯ (ад грэч. physis прырода + ...логія),

навука, што вывучае працэсы жыццядзейнасці (функцыі) асобных сістэм, органаў, тканак, клетак жывёльных і расл. арганізмаў.

Ф. жывёл і чалавека падзяляюць на некалькі дысцыплін. Агульная Ф. даследуе прыроду працэсаў, агульных для арганізмаў розных відаў (напр., дзейнасць узбуджальных тканак, іх раздражняльнасць, узбуджэнне), а таксама агульныя заканамернасці рэакцыі арганізма і яго структур на ўздзеянне знешняга асяроддзя. Прадмет даследавання прыватнай спец. Ф. — вывучэнне асобных класаў і груп (напр., с.-г. жывёл, птушак), органаў або сістэм, функцыян. асаблівасцей арганізма ў спецыфічных умовах жыццядзейнасці і інш. Паталагічная Ф. вывучае заканамернасці развіцця і ход паталаг. працэсаў у арганізме. Ф. звязана з анатоміяй, гісталогіяй, цыталогіяй, эмбрыялогіяй, агульнай біялогіяй, біяхіміяй, біяфізікай і біёнікай, эталогіяй, псіхалогіяй, педагогікай, ветэрынарыяй і інш.

Як навука Ф. жывёл і чалавека ўзнікла ў 17 ст. (працы У.Гарвея, 1628). Асн. этапы: 17—18 ст. — адкрыццё рэфлекторнага прынцыпу дзейнасці арганізма (Р.Дэкарт), вывучэнне механізма дыхальных рухаў і прынцыпаў руху крыві (Дж.​Барэлі), аналіз праменепраламлення вочных абалонак (К.​Шэйнер), уяўленне хім. сутнасці працэсаў дыхання (А.Л.Лавуазье) і стрававання (Р.А.Рэамюр, Л.​Спаланцані), адкрыццё біяэлектрычных з’яў (Д.Гальвані) У 19 ст. для развіцця Ф. вял. значэнне мелі адкрыцці ў арган. хіміі, клетачная і эвалюц. тэорыі, дасягненні ў фізіцы. Найб. дасягненні: устанаўленне нерв. механізма рэгуляцыі функцый унутр. органаў, стварэнне рэфлекторнай тэорыі нерв. дзейнасці (К.Бернар, І.​М.​Сечанаў, Ф.​Мажандзі і інш.); даследаванні механізмаў сакрэцыі, усмоктвання, выдзялення (Р.​Гейдэнгайн); распрацоўка асноў тэорыі зроку, слыху (Г.Л.Ф.Гельмольц) адкрыццё ўмоўных рэфлексаў і распрацоўка вучэння аб вышэйшай нерв. дзейнасці (І.П.Паўлаў). У 20 ст. створана вучэнне аб вегетатыўнай нерв. сістэме (Дж.​Ленглі), сфармулявана ўяўленне пра гамеастаз (У.​Кенан), даследавана адаптацыйна-трафічная функцыя сімпатычнай нерв. сістэмы (Л.А.Арбелі), створана вучэнне пра дамінанту (А.А.Ухтомскі), вызначаны асн. прынцыпы інтэгратыўнай функцыі мозга (Ч.С.Шэрынгтан).

На Беларусі даследаванні па Ф. жывёл і чалавека пачаліся ў 1922 у БДУ (Л.П.Розанаў). Асн. навук. цэнтры: Ін-т фізіялогіі Нац. АН Беларусі, БДУ, Мінскі і Віцебскі мед. ун-ты, Гродзенскі мед. ін-т, Гомельскі ун-т. Вял. ўклад у развіццё Ф. зрабілі М.І.Арынчын, А.Ю.Бранавіцкі, І.А.Булыгін, І.А.Вятохін, М.І.Грашчанкоў, В.М.Гурын, А.С.Дзмітрыеў, І.К.Жмакін, А.П.Кесарава, У.М.Калюноў, А.А.Логінаў, У.У.Салтанаў, Г.С.Юньеў і інш. Даследуюцца цэнтр. і перыферычныя механізмы тэрмарэгуляцыі, заканамернасці дзейнасці вегетатыўнай нерв. сістэмы ў норме і ва ўмовах экстрэмальных фактараў навакольнага асяроддзя і інш.

Літ.:

Шмидт-Ниельсен К. Физиология животных: Приспособление и среда: Пер. с англ. Кн. 1—2. М., 1982;

Очерки истории физиологических наук в СССР: Истоки и особенности развития. Л., 1984;

Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994.

У.​У.​Салтанаў.

т. 16, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

царко́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да царквы (у 1 знач.), звязаны з рэлігіяй, царквой, набажэнствам. Царкоўны прыход. Царкоўнае вучэнне. Царкоўныя кнігі. Царкоўная музыка. // Які належыць царкве. Царкоўныя землі. // Які праводзіцца царквою, у царкве (у 2 знач.). Царкоўны шлюб.

2. Які мае адносіны да царквы (у 2 знач.). Царкоўная вежа. □ Гэта быў, трапіўшы сюды па непаразуменню, царкоўны стараста суседняга сяла. Лынькоў. Раненька, як толькі сонечныя пр[амя]ні пазалацілі царкоўныя крыжы, ударылі званы. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ідэало́гія

(ад гр. idea = паняцце + logos = вучэнне)

сістэма поглядаў, ідэй, якія характарызуюць якую-н. сацыяльную групу, клас, палітычную партыю, грамадства.

Слоўнік іншамоўных слоў. Актуальная лексіка (А. Булыка, 2005, правапіс да 2008 г.)

прасо́дыя

(гр. prosodia = націск, прыпеў)

1) лінгв. сістэма вымаўлення націскных і ненаціскных, доўгіх і кароткіх складоў у мове;

2) вучэнне аб суадносінах складоў у вершы.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

рэлятыві́зм

(ад лац. relativus = адносны)

1) прынцып адноснасці чалавечых ведаў;

2) філасофскае вучэнне, якое адмаўляе магчымасць аб’ектыўнага пазнання свету на падставе адноснасці ўсіх нашых ведаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

тэасо́фія

(гр. theosophia, ад theos = бог + sophia = мудрасць)

рэлігійна-містычнае вучэнне аб яднанні чалавечай душы з богам і аб магчымасці непасрэдных зносін з замагільным светам.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

АГНАСТЫЦЫ́ЗМ (ад грэч. agnōstos недаступны пазнанню),

філасофскае вучэнне, паводле якога немагчыма пазнанне аб’ектыўнага свету, яго сутнасці і заканамернасці развіцця, дасягненне абсалютнай ісціны; крайняя форма скептыцызму. Роля навукі абмяжоўваецца толькі пазнаннем з’яў. Тэрмін уведзены ў 1863 англ. прыродазнаўцам Т.​Гекслі. Ідэі агнастыцызі прасочваліся яшчэ ў ант. філасофіі (Пратагор, сафісты). Найб. паслядоўна агнастыцызм прадстаўлены ў вучэннях Д.Юма і К.Канта. Юм лічыў, што ўсё пазнанне звязана толькі з вопытам і прынцыпова не выходзіць за яго межы, а таму нельга меркаваць пра адносіны паміж вопытам і рэальнасцю. Кант абгрунтоўваў агнастыцызм увядзеннем і размежаваннем паняццяў «рэч у сабе» (недасягальная для пазнання) і «рэч для нас» (у працэсе пазнання якой утвараецца вобраз гэтай рэчы). Пазнаючы вобраз, розум імкнецца пазнаць і «рэч у сабе», але гэта яму не ўдаецца, паколькі ён валодае магчымасцямі толькі для пазнання вобраза рэчы, таму розум канчаткова заблытваецца ва ўзаемна супярэчлівых выказваннях аб прадмеце (антыноміях), якія дапускаюць пераканаўчае лагічнае абгрунтаванне. Агнастыцызм параджаецца абсалютызацыяй, празмерным адасабленнем і проціпастаўленнем тэорыі і практыкі, пазнання і рэчаіснасці, суб’екта і аб’екта пазнання. Разнавіднасцю агнастыцызму з’яўляецца іерогліфаў тэорыя, неапазітывізм, экзістэнцыялізм і інш.

М.​В.​Анцыповіч.

т. 1, с. 77

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТАЛІ́ЗМ (ад лац. vitalis жыццёвы),

кірунак у біялогіі, які сцвярджае наяўнасць у арганізмах асобнай нематэрыяльнай жыццёвай сілы, якая адсутнічае ў нежывых целах. Прыхільнікі віталізму адмаўляюць трактоўку жыцця як сукупнасці фіз., хім. і мех. з’яў і разглядаюць яго як якасна своеасаблівую, аўтаномную з’яву, невытлумачальную без прыцягнення нематэрыяльных фактараў.

Карані віталізму ў першабытным анімізме (адушаўленні ўсіх цел прыроды). Элементы яго прысутнічаюць ва ўяўленнях ант. філосафаў (Платона, Арыстоцеля). Як цэласнае вучэнне сфарміраваўся ў 17—18 ст. у форме канцэпцыі «душы», што кіруе жыццём арганізмаў (галанд. вучоны Я.Б. ван Гельмант, ням. ўрач Г.​Э.​Шталь). Новая хваля віталізму — неавіталізм, што ўзнікла ў 2-й пал. 19 ст. (ням. біёлаг Г.​Дрыш і інш.), адмаўляла тэорыю Ч.​Дарвіна і проціпастаўляла ёй сцверджанне аб непазнавальнай жыццёвай сутнасці («энтэлехіі»), якая кіруе жыццёвымі працэсамі і забяспечвае іх развіццё. У 20 ст. ідэі віталізму ўвасобіліся ў шэрагу антыдарвінісцкіх канцэпцый эвалюцыі (псіхаламаркізм Э.​Копа, «творчая эвалюцыя» К.Бергсона і інш.).

Літ.:

Кремянский В.И. Структурные уровни живой материи. М., 1969;

Яблоков А.В., Юсуфов А.Г. Эволюционное учение: (Дарвинизм). 3 изд. М., 1989.

В.​В.​Грычык.

т. 4, с. 199

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́РВЕЙ, Харві (Harvey) Уільям (1.4.1578, г. Фолкстан, Вялікабрытанія — 3.6.1657), англійскі ўрач, заснавальнік сучаснай фізіялогіі і эмбрыялогіі. Д-р медыцыны (1602), праф. (1616). Чл. Каралеўскай калегіі ўрачоў (1607). Скончыў Кембрыджскі ун-т (1597). Працаваў у Падуі (Італія). З 1609 гал. ўрач і хірург у Бальніцы св. Варфаламея, праф. анатоміі, фізіялогіі і хірургіі ў Каралеўскім ун-це ў Лондане. Навук. працы па эксперым. фізіялогіі, стварыў вучэнне пра кровазварот (1628), вызначыў функцыян. значэнне розных аддзелаў сэрца і буйных сасудаў, апісаў малы (лёгачны) і вял. кругі кровазвароту, выявіў памылковасць поглядаў Галена, што ў артэрыях знаходзіцца асаблівая «жыццёвая моц», якая забяспечвае пульсацыю сасудаў, за што трапіў пад жорсткія нападкі вучоных-схаластаў і царквы. Выявіў матэрыяльную аснову паходжання жывёльнага свету ў процівагу вучэнню Арыстоцеля аб самазараджэнні; сфармуляваў асновы тэорыі эпігенезу (аўтар формулы: «ўсё жывое — з яйца»), прадугадаў ідэю біягенетычнага закону.

Тв.:

Рус. пер. — Анатомическое исследование о движении сердца и крови у животных.

нац. Л., 1948.

Літ.:

Быков К.М. Уильям Гарвей и открытие кровообращения. М., 1957;

История биологии с древнейших времен до начала XX в. М., 1972.

т. 5, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАВІ́ЛАЎ Мікалай Іванавіч (25.11.1887, Масква — 26.1.1943),

савецкі біёлаг, генетык, заснавальнік вучэнняў пра біял. асновы селекцыі і цэнтры паходжання культурных раслін. Акад. АН СССР (1929; чл.-кар. 1923). Акад. УАСГНІЛ (1929). Акад. АН Украіны (1929). Брат С.І.Вавілава. Скончыў Маскоўскі с.-г. ін-т (1911). Працаваў пад кіраўніцтвам Дз.М.Пранішнікава. З 1929 прэзідэнт, у 1935—40 віцэ-прэзідэнт УАСГНІЛ. З 1930 адначасова дырэктар Ін-та генетыкі АН СССР. Абгрунтаваў вучэнне пра імунітэт раслін (1919), адкрыў закон гамалагічных радоў у спадчыннай зменлівасці арганізмаў (1920). Арганізатар і кіраўнік экспедыцый па вывучэнні сусв. раслінных рэсурсаў (1920—40). Вызначыў ачагі формаўтварэння культ. раслін. Сабраў найб. ў свеце калекцыю насення культ. раслін, заклаў асновы дзяржсортавыпрабавання палявых культур. Прэмія імя У.​І.​Леніна (1926), залаты медаль імя М.​М.​Пржавальскага АН СССР (1925). У 1968 АН СССР устаноўлены залаты медаль яго імя ў галіне сельскай гаспадаркі. У 1940 рэпрэсіраваны, памёр у турме (Саратаў), рэабілітаваны пасмяротна.

Тв.:

Избр. труды Т. 1—5. М.; Л., 1959—65.

Літ.:

Резник С. Николай Вавилов. М., 1968.

М.І.Вавілаў.

т. 3, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)