крыву́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.

Разм.

1. Тое, што і крывуля (у 1 знач.). — Ну хай бы ты крывульку якую спіл[ава]ла, а то... ах ты... Такую бярозу зглуміла. Асіпенка.

2. Неакуратна, некаліграфічна напісаная літара. Дробным почыркам, наўскасяк крывулькамі пісаў Андрэй, унук Рыгора Яўхімавіча. Асіпенка.

3. Палка з загнутым верхнім канцом, на якую абапіраюцца пры хадзе. [Пан] не любіў дзіцячага крыку, страшыў дзяцей крывулькай, і тыя, як спуджаныя вераб’і, разбягаліся па сваіх надворках. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кула́к 1, ‑а, м.

1. Кісць рукі з прыгнутымі к далоні пальцамі. Булай скамечыў ліст ватмана, сціснуў кулакі, аж пабялелі пальцы. Шыцік.

2. перан. Сканцэнтраваныя ў адным месцы ваенныя ўзброеныя сілы для рашаючага ўдару. Спецгрупа збіралася ў адзін кулак. Новікаў.

3. Дэталь машыны, якая мае форму выступу і штурханнем прыводзіць у рух другія механізмы.

кула́к 2, ‑а, м.

Багаты селянін-уласнік, які эксплуатаваў беднякоў; вясковы буржуа. Гаспадар — кулак багаты, — Як заўсёды стаў круціць, Толькі б меней заплаціць. А. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ліхале́цце, ‑я, н.

Час вялікай нягоды; гора; ліха, няшчасце ў такія часы. Ваеннае ліхалецце. □ Разбураныя ліхалеццем, Зноў падняліся гарады. Гаўрук. Партызанам атрада Ларывончыка не ўпершыню даводзілася прымаць людзей, ратаваць іх ад ліхалецця. Сабаленка. [Беларускі] народ пранёс праз усе цяжкія выпрабаванні і ліхалецце чужаземнага ўціску кнігу — самы дарагі скарб свайго жыцця. С. Александровіч. [Купала:] Дзякуй, мае дарагія, .. і за першы дзень нашай сустрэчы, і за многа-многа дзён, якія мы [беларусы і узбекі] прайшлі разам — і ў цёмнае ліхалецце, і ў гэтыя ясныя дні. Вітка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

за́стаўка, ‑і, ДМ ‑стаўцы; Р мн. ‑ставак; ж.

Шчыт для затрымання вады, якая падае на кола вадзянога млына. Старое кола і застаўка, што пазелянелі ад часу і многа прапусцілі вады за свой век, стракацяць пасля рамонту новымі дошкамі. С. Александровіч.

•••

На ўсе застаўкі — на ўсю моц, з усёй сілы (хваліць, працаваць і пад.).

заста́ўка, ‑і, ДМ ‑ста́ўцы; Р мн. ‑ста́вак; ж.

Малюнак, звычайна на ўсю шырыню старонкі, перад пачаткам тэксту главы або разднела кнігі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ма́тухна, ‑ы, ж.

Разм.

1. (звычайна з адценнем павагі). Маці. — Добры вечар, матухна! — прывітаўся сын. Якімовіч.

2. Ласкава-фамільярны зварот да пажылой жанчыны.

3. (звычайна ў прыдатку). Нар.-паэт. Аб тым, што з’яўляецца самым родным і блізкім. Тут, на беразе Волгі-матухны, прайшлі дзяцінства і юнацтва беларускага песняра Максіма Багдановіча, у Горкім пачынаў ён сваю літаратурную працу. С. Александровіч. І няма ў такія хвіліны нічога даражэйшага за матухну-зямлю, адзіную надзею на жыццё, адзіную заступніцу. Новікаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кара́бкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Лезці ўгору, чапляючыся рукамі і нагамі, хапаючыся за што‑н.; караскацца. Косцік абхапіў рукамі камель і, перабіраючы нагамі, пачаў карабкацца на хвою. С. Александровіч. Учапіўшыся рукамі за пачарнелую траву на ўзбочыне, Соня карабкалася з канавы на дарогу. Курто. // Разм. Падымацца, узбірацца куды‑н. з вялікай цяжкасцю. Адразу, як толькі Марыя канчае свае справы з прарабам, карабкаемся ўдзвюх на трэці паверх. Васілевіч. З парасніку вытыркаецца фурманка і, нібы сонная, павольна карабкаецца на ўзгорак. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

кардо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Каробка з кардону для лёгкіх рэчаў. Кардонка з-пад чаравікаў. □ Калі Віктар Сяргеевіч замест звычайнай доктарскай трубкі дастаў з кардонкі нейкі невядомы ёй апарат, бабка пачала часцей міргаць вачамі і прыглядацца. Якімовіч. Ішлі мадысткі, хаваючы кардонкі пад плашчамі. Караткевіч.

2. Разм. Невялікі кавалак кардону. Кардонка пад насценны каляндар. □ Закончыўшы запаўняць картку, пісар кінуў мне за бар’ер вузенькую кардонку з нумарам: — Насіць у левай кішэні. Ідзі. С. Александровіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

недано́сак, ‑ска, м.

1. Дзіця, якое нарадзілася раней тэрміну. Ужо на сёмым месяцы нарадзілася дачка — неданосак, як сказала акушэрка. Асіпенка. // перан. Ужываецца як лаянка. Маладзіца хіхікнула ўслед, і да .. [Лабановіча] даляцелі словы: — Гэта мужчына: ад бабы ўцёк... Неданосак! Стоптаны лапаць. Колас.

2. часцей мн. (недано́скі, ‑аў). Старая, паношаная вопратка. Перад ад’ездам з Акінчыц пані Аксеня паклікала Ганну, аддала ёй сякія-такія неданоскі сваіх дзяцей. С. Александровіч. Косцік апрануў бацькаў неданосак-куртачку, шапку, узяў з пячуркі рукавіцы і пайшоў. Брыль.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павіва́цца, ‑аецца; незак.

1. Пралягаць, ісці павіляста. Ідзе Сцёпка, дзе чыгункаю па шпалах, а дзе вузенькаю сцежкаю, што павіваецца па хібах насыпу побач чыгункі. Колас. Наперадзе ў лагчыне луг, а далей між зялёных кустоў павіваецца рэчка. С. Александровіч.

2. Расці павіваючыся, віцца. Хмель зялёны каля тыпу павіваўся. Ставер. Раскідаў разлапістае галлё волат-дуб, павіваліся нейкія невядомыя казачныя расліны. Даніленка. // Быць пакручастым. [Чалавек] быў без шапкі, мяккія валасы павіваліся дробнымі кудзерамі, дзюбаты насок не псаваў аліўкавага аблічча. Лужанін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

павява́ць, ‑ае; незак.

1. Дзьмуць злёгку або час ад часу. З поля павяваў лёгкі ветрык. Броўка. Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Цёплым пахучым ветрыкам павявала з палёў. Чарнышэвіч. // звычайна безас. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, пары і пад.). Недзе ў кустах звінеў на каменьчыках ручай. Адтуль павявала халадком. Асіпенка.

2. безас.; перан. Адчувацца (пра набліжэнне чаго‑н.); мець адзнакі чаго‑н. Гэта была мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)