павява́ць, ‑ае; незак.

1. Дзьмуць злёгку або час ад часу. З поля павяваў лёгкі ветрык. Броўка. Ноч ціхая, ледзь-ледзь павявае вецер. С. Александровіч. / у безас. ужыв. Цёплым пахучым ветрыкам павявала з палёў. Чарнышэвіч. // звычайна безас. Абдаваць павевам чаго‑н. (цеплыні, пары і пад.). Недзе ў кустах звінеў на каменьчыках ручай. Адтуль павявала халадком. Асіпенка.

2. безас.; перан. Адчувацца (пра набліжэнне чаго‑н.); мець адзнакі чаго‑н. Гэта была мясцовасць, дзе павявала першымі адзнакамі Палесся. Чорны.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)