АЛЬМАРАВІ́ДЫ,
дынастыя берберскіх эміраў, якая правіла ў Марока і арабскай Іспаніі ў 1050—1147.
Прыйшлі да ўлады ў выніку дзейнасці артадаксальнага рэліг. руху за першапачатковы іслам манахаў-воінаў на чале з Абдалахам ібн Ясінам (п. 1058). Найб. значны прадстаўнік Альмаравідаў Юсуф ібн Ташфін [1061—1107] у 1062 заснаваў г. Маракеш, да 1084 падначаліў берберскія княствы Марока і Зах. Алжыра. Паміж 1086 і 1090 ён заваяваў і аб’яднаў араб. Іспанію. Альмаравіды скінуты ў 1147 Альмахадамі.
т. 1, с. 279
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАНІБЕ́К (? — 1357),
хан Залатой Арды ў 1342—57, сын і пераемнік хана Узбека. Завалодаў прастолам, забіўшы двух сваіх братоў. У час яго праўлення Арда дасягнула найб. ваен. ўздыму. Актыўна ўмешваўся ва ўнутр. справы рус. княстваў. Для ўмацавання сваёй улады ў Ардзе насаджаў іслам. У 1356 здзейсніў паход у Азербайджан, захапіў Тэбрыз і пасадзіў там свайго намесніка. У выніку паўстання ў Тэбрызе да ўлады прыйшлі Джалаірыды, галіны Чынгісідаў, варожай да Дж. Загінуў, калі вяртаўся ў Арду.
т. 6, с. 87
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАБІ́ЗМ,
слова, запазычанае з дыялектаў арабскіх народаў і літаратурнай арабскай мовы. Невялікі пласт арабізму вядомы ў старабел. мове 16—17 ст., куды яны трапілі пераважна праз пасрэдніцтва цюркскіх моў у выніку ваен. і эканам. зносін славян з цюркамі: «атлас» (шаўковая тканіна), «мула» (у форме «молла»), «кайданы», «каран», «султан» і інш. Некаторыя арабізмы ўвайшлі ў мовы многіх народаў свету: «алкаголь», «іслам», «мумія», «халіф» і інш. У наш час арабізмы трапляюцца пераважна ў перакладах з арабскай мовы.
А.І.Жураўскі.
т. 1, с. 443
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АШАРЫ́, аль-Ашары Абу-ль-Хасан Алі Ібн Ісмаіл (873, Басра — 935), арабскі багаслоў, адзін з заснавальнікаў каламу—мусульм. артадаксальнай схаласт. тэалогіі. Яго вучэнне — спроба кансалідаваць суніцкае веравучэнне на аснове сінтэзу мутазілізму і ханбазілізму (гл. ў арт. Іслам). Асн. творы — «Вучэнне мусульман» і «Тлумачэнне асноў веры». Сцвярджаў абсалютны характар божай усёмагутнасці, рэальнае існаванне божых атрыбутаў, багатворнасць Карана. Адказнасць чалавека за свае дзеянні імкнуўся абгрунтаваць з дапамогай тэорыі, паводле якой чалавечыя ўчынкі робяцца непасрэдна Богам, а чалавек вольны быццам бы прыпісваць іх сабе.
т. 2, с. 166
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́КЕР ((Becker) Карл Генрых) (12.4.1876, Амстэрдам — 10.2.1933),
нямецкі гісторык ісламу, дзярж. дзеяч. Праф. Гейдэльбергскага, Гамбургскага, Бонскага і Берлінскага ун-таў, замежны чл.-кар. Рас. АН (1924). У 1910—33 выдаваў час. «Der Islam» («Іслам»). У 1921 і 1925—30 міністр па справах культаў у Прусіі. Заснаваў герм. Ісламскае т-ва, садзейнічаў рэформе вышэйшай школы, заснаваў першую Пед. акадэмію (1925), Германскую акадэмію паэзіі. Аўтар «Нарысаў па гісторыі Егіпта за ісламскім часам» (т. 1—2, 1902—03), «Даследаванняў ісламу» (т. 1—2, 1924—32) і інш.
т. 2, с. 376
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕМ ((Bem) Юзаф) (17.3.1794, г. Тарнаў, Польшча — 10.12.1850),
польскі ваен. і паліт. дзеяч, ваен. тэарэтык. Генерал польск., венг. і тур. армій. Удзельнік кампаніі 1812 у складзе войскаў Напалеона. У 1815—25 афіцэр арміі Каралеўства Польскага, звольнены за ўдзел у тайнай патрыят. арг-цыі. У час паўстання 1830—31 адзін з кіраўнікоў абароны Варшавы. Удзельнічаў у абароне рэв. Вены (кастр. 1848), узначаліў венг. армію (1849). Пасля паражэння венг. рэвалюцыі ўцёк у Турцыю, прыняў іслам і пад імем Мурат-пашы служыў у тур. арміі. Аўтар прац па матэматыцы, ваен. справе, гісторыі.
т. 3, с. 94
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МО́ПЛА ПАЎСТА́ННЕ 1921,
выступленне мопла — мусульм. ч. народа малаялі акругі Малабар Мадраскай прав. Брыт. Індыі (цяпер штат Керала, Індыя) супраць брыт. улад. Узнікла як ч. Халіфацкага руху. Пачалося з сутыкнення мусульм. вернікаў і англ. войск у мяст. Тырурангадзі 20.8.1921. Паўстанцы захапілі раёны Эрнад і Валуванад і абвясцілі аб стварэнні «халіфацкага царства» на чале з А.Мусальярам (потым — Х.Кунахмедам). Паўстанцы жорстка распраўляліся з памешчыкамі-індусамі, але моцна пацярпелі і простыя індусы, якіх прымушалі прыняць іслам. Задушана англ. войскамі ў канцы 1921, асобныя атрады працягвалі супраціўленне да лют. 1922.
т. 10, с. 520
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МУА́ВІЯ I, Муавія ібн Абі Суф’ян (каля 605, г. Мекка, Саудаўская Аравія — 680),
першы правіцель [661—680] араб. Амеядаў халіфата. Спачатку змагаўся супраць Мухамеда, у 630 прыняў іслам і стаў сакратаром Мухамеда. З 640 намеснік Сірыі, заваяваў у 649 Кіпр. Адмовіўся прызнаць уладу халіфа Алі ібн Абі Таліба і пачаў з ім барацьбу. Пасля забойства Алі ібн Абі Таліба абвешчаны халіфам. Зрабіў халіфат спадчынным. Перанёс сталіцу ў Дамаск. Садзейнічаў стварэнню цэнтралізаванага апарата Арабскага халіфата і адраджэнню гаспадаркі ў заваяваных раней раёнах. Арганізаваў шэраг заваёўніцкіх паходаў у Магрыб, Індыю і Сярэднюю Азію.
т. 10, с. 542
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАКАНАВА́ННЕ,
рэлігійнае ўяўленне аб прадвызначанасці божай воляй з’яў сусв. гісторыі, дэтэрмінаванасці жыцця і паводзін чалавека (гл. Правідэнцыялізм, Фаталізм). Канцэпцыя Н. ўступае ў процідзеянне з вучэннем аб свабодзе волі і адказнасці чалавека за свае ўчынкі, без якой не можа існаваць нават рэліг. этыка. Гэта абумовіла ўзнікненне спрэчак аб Н. ў розных рэліг. кірунках. Праваслаўе і каталіцызм абгрунтоўваюць сумяшчэнне свабоды волі з божым Н. Іслам, захоўваючы арыентацыю на фаталізм, спалучае Н. з дапушчэннем свабоды волі. Сучасная тэалогія імкнецца змякчыць фаталістычны характар Н. з дапамогай мадэрнізацыі рэліг. футуралогіі і эсхаталогіі.
т. 11, с. 130
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́НЕМ-БО́РНУ,
дзяржава ў Цэнтр. Афрыцы ў 9 — канцы 19 ст. Першапачаткова ўключала вобл. Канем (на ПнУ ад воз. Чад), у 14 ст. цэнтр дзяржавы перамясціўся ў вобл. Борну (на З ад воз. Чад). Дзярж. лад — манархія, пануючая рэлігія — іслам, аснова эканомікі — сельская гаспадарка, заснаваная на працы залежных сялян і надзеленых зямлёй рабоў. Найб. росквіт у 13 і 16—17 ст. У канцы 19 ст. тэр. К.-Б. ўваходзіла ў склад Рабаха дзяржавы, у пач. 20 ст. — у калан. ўладанні Вялікабрытаніі (асн. частка), Германіі і Францыі; цяпер у складзе дзяржаў Нігерыя, Чад, Камерун.
т. 7, с. 583
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)